Вы тут

Генпракуратура ўнесла прапановы па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду ў гады ВАВ


Адпаведны дакумент, асноўнай мэтай якога з'яўляецца захаванне гістарычнай памяці, генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Савет Міністраў. У працэсе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны» на 2021 — 2025 гады ўраду прапанавана стварыць спецыяльную міжведамасную камісію, у кампетэнцыі якой будзе вызначэнне памятных месцаў пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду беларускага народа, а таксама арганізацыя работы па захаванасці месцаў выяўленых астанкаў, іх пахаванне і перапахаванне з выкананнем рытуалаў і неабходных ушанаванняў.


Фота: БелТА

Нагадаем, вясной Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Падчас расследавання ўстанаўліваюцца раней невядомыя месцы масавых забойстваў мірных жыхароў, якія патрабуюць абазначэння.

Невыпадкова Генеральная пракуратура прапаноўвае разгледзець пытанне аб стварэнні адзінага мемарыяльнага комплексу ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама адпаведнага памятнага знака адзінага ўзору. Акрамя таго, на думку прадстаўнікоў ведамства, звесткі аб ахвярах генацыду трэба ўнесці ў «Кнігу памяці» Беларусі. Па прапанове Генпракуратуры міністэрствам адукацыі і інфармацыі будзе даручана абнавіць і сістэматызаваць інфармацыйную, асветніцкую, вучэбна-выхаваўчую работу для фарміравання ў падрастаючага пакалення маральнай і грамадска-палітычнай пазіцыі ў адносінах да падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, а таксама фундаментальных каштоўнасцяў, захавання гістарычнай памяці, у тым ліку праз уключэнне адпаведных заняткаў у навучальную праграму.

У музейных установах краіны плануецца стварыць экспазіцыі, прысвечаныя ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Генпракуратуры лічаць, што гэта дазволіць данесці да грамадзян, асабліва да моладзі, асновы фундаментальных ідэй міру і непахіснасці правоў чалавека. Усё гэта будзе садзейнічаць фарміраванню аб'ектыўнага ўяўлення аб каштоўнасных арыенцірах цывілізаванага грамадства, стане ідэалагічным інструментам барацьбы з праяўленнем нацызму ў сучасных умовах.

Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запланавана стварыць перасоўную часовую экспазіцыю «Генацыд беларускага народа», якая будзе экспанавацца ў гарадах і іншых населеных пунктах нашай краіны. Многія экспанаты, прадастаўленыя ў тым ліку Генеральнай пракуратурай, будуць прадэманстраваны ўпершыню. Акрамя таго, матэрыяламі па генацыдзе дапоўніцца экспазіцыя музейнай залы «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. 1941-1944 гг.».

— Тэма генацыду беларускага народа з'яўляецца адной з вядучых тэм нашага музея, — адзначыла намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па навуковай рабоце Ганна ГАЛІНСКАЯ. — Гэтай праблематыцы заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага. На базе фондавых матэрыялаў музея, архіўных дакументаў, а таксама матэрыялаў, перададзеных Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, будзе створана перасоўная выстаўка «Генацыд беларускага народа». У ёй будуць адлюстраваны розныя напрамкі, якія пакажуць усю трагедыю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: і спаленыя разам з жыхарамі вёскі, і расстрэлы, і масавыя публічныя пакаранні... Прычым тэма генацыду будзе паказана не толькі на прыкладзе сталіцы і Мінскай вобласці, а і ўсіх абласцей Беларусі. У музейную залу «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі» плануецца ўключыць новыя матэрыялы, знойдзеныя Генеральнай пракуратурай падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе і работы на месцах злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дарэчы, днямі ў межах заведзенай крымінальнай справы Генпракуратура накіравала даручэнні аб прававой дапамозе па справе аб генацыдзе беларускага народа ў 17 краін. «Мы разумеем, што хтосьці дасць адказы і дапаможа ў расследаванні крымінальнай справы, а хтосьці — не, — паведаміў у эфіры тэлеканала СТБ кіраўнік следчай групы па крымінальнай справе аб генацыдзе Генеральнай пракуратуры Валерый ТАЎКАЧОЎ. — У якасці прыкладу, на жаль, прывяду Літву і Латвію, які адмовілі нам у прававой дапамозе па крымінальнай справе аб генацыдзе, матывуючы тым, што гэта можа адбіцца на пытаннях іх нацыянальнай бяспекі. Фактычна мы бачым, што яны не хочуць аказваць нам дапамогу ў расследаванні крымінальнай справы супраць чалавецтва, масавага забойства мірнага насельніцтва і дапамагчы аднавіць гістарычную справядлівасць, паказаць маштабы трагедыі беларускага народа».

У той жа час актыўнае садзейнічанне ў расследаванні аказвае Расійская Федэрацыя, якая стварыла ўсе ўмовы для работы беларускіх спецыялістаў з іх архіўнымі дакументамі. Спасылаючыся на канкрэтныя факты, эксперты аднагалосна заяўляюць: маштабы трагедыі значна большыя, чым мы дагэтуль уяўлялі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?