Вы тут

Залаты запас «Муравы»


З адкрытым акцыянерным таварыствам «Мурава» Пружанскага раёна «Звязда» сябруе даўно. Мы неаднойчы расказвалі на старонках газеты, як гэтая невялікая па сённяшніх мерках гаспадарка трывала стаіць на нагах, жыве па сродках і разам з тым устойліва развіваецца. Тут у любой сітуацыі ўмеюць знаходзіць баланс, дбаюць пра якасць работы, яе прыбытковасць.


Ды­рэк­тар ААТ «Му­ра­ва» Пётр Бі­лец­кі.

Кніга пашаны і славы

Разважаючы пра змены, якія адбываліся на працягу чатырох дзесяцігоддзяў яго працоўнай дзейнасці, дырэктар «Муравы» Пётр Білецкі сказаў так:

— З той пары вытворчасць змянілася кардынальна. На службу чалавеку прыйшлі новая тэхніка і тэхналогіі. Асобныя нашы ветэраны яшчэ памятаюць, як убіралі і апрацоўвалі лён, для цяперашніх маладых тая праца падалася б ледзь не катаржнай, ды і нарыхтоўка кармоў была не нашмат лягчэйшай. Менш за паўстагоддзя таму вытворчы працэс патрабаваў шмат чалавечай сілы, а цяпер усё робяць машыны і трактары. На ферме работа стала зусім іншай, вытворчыя працэсы амаль цалкам механізаваныя. На машынным двары стаіць высокапрадукцыйная тэхніка, у асноўным камп'ютарызаваная. Але нязменным застаецца адно — сумленнасць працаўніка, шчырасць у адносінах да зямлі. Апошняе — у традыцыі гаспадаркі. Мы заўсёды памятаем, што сённяшняя трывалая эканамічная база акцыянернага таварыства — у многім заслуга ветэранаў вытворчасці, таго пакалення, якое сёння на заслужаным адпачынку.

Менавіта ім, ветэранам, вырашана прысвяціць гэты выпуск. З намеснікам дырэктара «Муравы» Аляксандрам МАРКЕЧКАМ разглядаем кнігу народнай славы і пашаны. Гэты асаблівы фаліянт у цвёрдым пераплёце зроблены з аддрукаваных на машынцы аркушаў. Кнігу пачалі складаць некалькі дзясяткаў гадоў таму. Тут занатавана гісторыя не толькі калгаса, але і вёсак, што ўваходзяць у тэрыторыю гаспадаркі. А галоўнае, сюды занесены дасягненні як усяго сельгаспрадпрыемства, так і асобных яго работнікаў. Трапіць на старонкі кнігі пашаны было вялікім гонарам, прозвішча сюды заносілі рашэннем праўлення калгаса. Звычайна такое рашэнне суправаджалася грашовым заахвочваннем.

Гісторыя калгаса і вёсак

Гартаем кнігу і чытаем, што калгас імя Калініна Сухопальскага сельсавета пачынаўся з калгаса «Чырвоная Мурава», які быў утвораны ў красавіку 1941 года. У калгас тады ўступіла 36 аднаасобных гаспадарак. Першым старшынёй стаў Аляксандр Радзівончык. У 1948 годзе калгас быў адноўлены. З часам калектыўная гаспадарка перажыла ўзбуйненне. Далучыліся калгасы суседніх вёсак, яна атрымала імя Молатава. А ў 1957 годзе калгасу прысвоілі імя Калініна. Дваццаць гадоў таму гаспадарка атрымала цяперашнюю назву.

Шмат старонак у гэтай кнізе прысвечана ваеннаму перыяду вёскі Мурава. На трэці дзень вайны акупанты расстралялі 11 мірных жыхароў вёскі ў адказ на абстрэл нямецкага абозу, да якога тыя калгаснікі не мелі дачынення. Шмат сваіх жыхароў страцілі Мурава і навакольныя вёскі за гады ваеннага ліхалецця. Намаганнямі гаспадаркі ў іх гонар пастаўлены помнік у цэнтры вёскі, а імёны ўвекавечаны ў тым ліку і ў гэтай кнізе. Сельгаспрадпрыемства даглядае і брацкую магілу тых загінулых 11 вяскоўцаў.

У кнізе год за годам, пяцігодка за пяцігодкай апісаны дасягненні па ўраджайнасці збожжавых, надоях малака на кожнай ферме, прывагах жывёлы, фінансавых выніках гаспадарання, а таксама поспехі асобных працаўнікоў. Многія ў тыя гады атрымлівалі высокія ўрадавыя ўзнагароды. Імі, ардэнаносцамі, і цяпер ганарыцца «Мурава», такімі як:

Міхаіл Аляксандравіч Шука,

Надзея Рыгораўна Дулько,

Міхаіл Паўлавіч Пстыга.

Уручэнне ордэна альбо медаля заўсёды станавілася падзеяй для калгаса. Пра падзеі засталіся не толькі запісы ў кнізе. Недзе на рубяжы 1970—1980 гадоў кіраўніцтва тагачаснага калгаса імя Калініна запрасіла маскоўскіх мастакоў на адмысловы пленэр у гаспадарку. Яны напісалі карціны з калгаснага жыцця, у якіх увасобілі сваё бачанне вясковай рэчаіснасці. І гаспадарка выкупіла работы вельмі нятанна па тых часах. Цяпер большасць з іх знаходзіцца ў падсобным памяшканні майстэрні.
Самае каштоўнае, што на палотнах адлюстраваны тутэйшыя людзі, на іх пазнаюць былых паляводаў і трактарыстаў, былых кіраўнікоў калгаса і раё‑
на. Некалі яны зоймуць сваё месца ў музеі, які пакуль што ў планах. Там жа будзе захоўвацца і кніга пашаны.

А пакуль што на бачным месцы ў Мураве ўсталявалі мемарыяльную шыльду, дзе адзначаны ўсе вехі слаўнай гісторыі гаспадаркі.

Пашана да гісторыі тут шчыльна звязана з пашанай да ветэранаў працы. На справаздачна-выбарныя сходы, на святы іх заўсёды запрашаюць разам з дзеючымі працаўнікамі, ушаноўваюць падарункамі, грашовымі прэміямі. Пра гэта нам з удзячнасцю расказвалі самі ветэраны калгаснай вытворчасці.

Ударнік жывёлагадоўлі

Надзея Андрэеўна Абакумава вельмі ганарыцца знакам «Ударнік камуністычнай працы», які яна атрымала ў 1970-х гадах. Родам яна з іншай вёскі, у Мураву пераехала да мужа. Спачатку выхоўвала маленькіх дзяцей, займалася ўласнай гаспадаркай. На работу выйшла ў 1970 годзе, калі меншаму споўнілася тры гады. І першым яе рабочым месцам была свінаферма.

На­дзея Аба­ку­ма­ва пра­ца­ва­ла да­яр­кай.

— Сказаць, што работа была цяжкая, амаль нічога не сказаць, — згадвае жанчына. — Спачатку ніякай механізацыі, з інструментаў толькі рукі, вілы, мяцёлкі ды непад'ёмныя вёдры. Мы, тры жанчыны, даглядалі амаль 900 галоў свіней. Рабочыя з брыгады вязалі з бярэзніку венікі, якіх хапала ненадоўга. Некалькі разоў на дзень даводзілася вымесці з-пад жывёлін гной і выкінуць з хлява. Праз нейкі, можа, год з'явіўся транспарцёр, і стала лягчэй, даводзілася выграбаць са стойлаў у канаўку, адкуль змесціва механічным спосабам выдалялася. Акрамя таго, накарміць пагалоўе азначала ўручную нацягаць корм вёдрамі і раздаць. Але ж мы маладымі былі, не адчувалі цяжкасці, вечарам яшчэ і ў клуб на рэпетыцыі бегалі. Весела жылі — згадвае жанчына.

Там Надзея Андрэеўна адпрацавала шэсць гадоў, потым перайшла ў кароўнік, дзе ёй даручылі самы адказны ўчастак — работу з першацёлкамі, маладымі каровамі, якія яшчэ не прывучаныя да механічнай дойкі. Любы жывёлавод ведае, што нават цяпер з першацёлкамі самая складаная работа на ферме.

— Мне часам здавалася, што гэтыя маладыя наравістыя каровы б'юцца мацней, чым коні. З імі варта ўвесь час быць напагатове, — згадвае пенсіянерка. — Але і падыход да іх заўсёды знаходзіла, раздойвала кожную кароўку ўручную, паступова прывучала да даільнага апарата. Калі якая з даярак спрабавала ўпікнуць большай зарплатай, я прапаноўвала памяняцца месцамі работы, — усміхаецца суразмоўніца. — Ніводная не згадзілася. А я прывыкла, уцягнулася і адпрацавала там дваццаць гадоў, пяць з іх пасля наступлення пенсіённага ўзросту. Яшчэ прасілі, але больш не згадзілася.

Цяпер заслужаны ветэран калгаснай вытворчасці займаецца толькі хатняй гаспадаркай. Старэйшыя дзеці жывуць у Кобрыне і Брэсце, малодшы — у Маскве. Летам у вясковай матчынай хаце бывае шумна і шматлюдна, гарадскія ўнукі не забываюць бабулю. «Вось якая прыгажуня», — паказвае бабуля здымак маскоўскай унучкі — дзяўчыны мадэльнай знешнасці. Па чысціні і парадку ў доме можна меркаваць, што нашчадкі клапоцяцца пра маму не толькі ўлетку. «Ну і гаспадарка не забывае, — адзначае пенсіянерка. — Гэтай восенню ўжо сто кілаграмаў збожжа прывезлі і матэрыяльную дапамогу да свята. У 83 гады толькі Богу дзякую, што яшчэ жыву, што дзяцей сустракаю на сваім парозе».

Сям'я фінансістаў

Сяргей Пятровіч Мадыліца шмат гадоў адпрацаваў старшым эканамістам у гаспадарцы. А трапіў на работу, можна сказаць, выпадкова, хоць родам ён з гэтых мясцін. Па маладосці шукаў рамантыкі, бачыў сябе мараком. Нават крыху папрацаваў на параходзе ў Ленінградскай вобласці. Пасля арміі хацеў вярнуцца туды. Спачатку прыехаў дадому на пабыўку, і тут папрасілі часова падмяніць падлікоўца. Падмяніў, ды так арганізаваў улік матэрыяльных каштоўнасцяў, што ранейшага не ўзялі назад, а Сяргея вельмі настойліва папрасілі прадоўжыць работу. Неўзабаве і сваю Аляксандру сустрэў. Яна на той час працавала бухгалтарам на цагельным заводзе. Стварылі сям'ю, многія гады працавалі разам у фінансавай сферы гаспадаркі.

— Крыху больш за 40 гадоў адпрацаваў эканамістам — з гонарам за мужа гаворыць Аляксандра Мікалаеўна. — Станаўленне гаспадаркі, яе росквіт, купля тэхнікі, укараненне новых тэхналогій — усё пры нас было. Разам радаваліся поспехам, кожны год калгас прыбаўляў у надоях, прывагах, не раз на ўрачыстых сходах гаспадарка атрымлівала пераходныя сцягі, нярэдка ўручалі ўзнагароды работнікам.

Сям'я Ма­ды­лі­ца. Сяр­гей пра­ца­ваў стар­шым эка­на­міс­там па пра­цы і зар­пла­це, а Аляк­санд­ра — бух­гал­та­рам.

— Адна з самых высокіх сярэдніх зарплат у раёне была, — дапаўняе жонку муж. — Ды і цяпер яны не здаюць пазіцый, па ўсім відаць, працуе добрая каманда спецыялістаў... А мы былі здаровымі, маладымі, працавалі. Аднымі з першых у гаспадарцы купілі машыну «Жыгулі», заўсёды быў заўзяты аўтааматар. Толькі нядаўна перастаў вадзіць.

Па слядах бацькоў пайшлі і дзеці. Абедзве дачкі іх атрымалі эканамічную адукацыю, фінансістамі сталі і некаторыя з унукаў. Бабуля і дзядуля ўжо маюць чацвёра праўнукаў. Цэлая сцяна ў пакоі занятая фотаздымкамі нашчадкаў розных пакаленняў.

Пасля сямігодкі — у калгас

Лідзія Паўлаўна Пілюцік заўсёды была пявунняй, весялухай. Ехалі ў кузаве грузавіка лён ірваць, яна запявала, усе падхоплівалі, дадому ехалі таксама з песняй. «Цяпер песню не пачуеш на вуліцы, — са шкадаваннем гаворыць Лідзія Паўлаўна, — песні і музыка толькі ў навушніках цяперашняга палення. А ў нас песня звінела. Мы і на раённыя, абласныя святы ездзілі са сваім самадзейным калектывам, адным словам, весела жылі».

Па гэтай жанчыне і не скажаш, што дзяцінства ў яе было гаротным. Ёй было паўгода, як бацьку забілі немцы, маці не змагла змірыцца са стратай, захварэла і памерла, калі Лідачцы было ўсяго восем. Яна засталася са старэйшымі сёстрамі і бабуляй. Расказвае, што колькі сябе памятае, працавала: «Тады ўсе працавалі, як тыя мурашкі». Сёстры пайшлі замуж, а яна, малодшая, засталася ў бацькоўскай хаце. Тут і выгадавала сваіх дзяцей. Калгасную работу пачала адразу пасля заканчэння сямігодкі. Спачатку на паляводстве: буракі, лён, бульба. Тады была цяжкая праца ў полі. Потым яе, як старанную, адказную працаўніцу, паставілі загадваць калгасным складам, там і адпрацавала дваццаць гадоў да пенсіі.

Лі­дзія Пі­лю­цік працавала загадчыкам калгаснага склада.

Пяць гадоў, як аўдавела. Цяпер 81-гадовая жанчына даглядае ўласную невялікую гаспадарку. Праўда, зусім нядаўна ў куратнік панадзіўся тхор і за адну ноч знішчыў яе невялічкі курыны статак. Кажа, што навесну будзе зноў купляць курачак. А то ж сумна без жыўнасці. Агарод таксама садзіць: памідоры, агуркі любіць са сваіх градак, а не з крамы.

Цяпер, акрамя хатняй работы, у якасці трэніроўкі для розуму Лідзія Паўлаўна актыўна разгадвае сканворды, часам паўтарае вершы, якія добра памятае са школьных гадоў. Калі дзеці-ўнукі клічуць у госці, то выбіраецца, любіць наведваць розныя мясціны. Апошнім разам яшчэ да пандэміі ездзіла ў Кіеў, калі ўнучка першынца нарадзіла. Дачка ў Мінску жыве.

Былы аграном — стараста вёскі

Анатоль Васілевіч Ліневіч прыйшоў у калгас імя Калініна ў 1986 годзе галоўным аграномам, яго перавялі сюды з іншай гаспадаркі.

— Калі прыйшоў, тут старшынёй быў яшчэ Валерый Падгурскі, а праз пару гадоў стаў цяперашні кіраўнік. Вось з Пятром Мікалаевічам мы адпрацавалі разам шмат гадоў. У агранома работа якая: як пачынаецца сяўба, з шасці раніцы — у полі, а дадому, бывае, каля апоўначы дабярэшся. Жонка, Антаніна Мікалаеўна, заўсёды разумела і падтрымлівала. Сама яна працавала дырэктарам школы.

У пасяўную аграном павінен быць на полі. Сяўба — аснова ўраджаю, дакладнае захаванне тэхналогій у многім залежыць ад чалавечага фактару, таму кантроль тут — абавязковая ўмова. Мы займаліся жытам, азімай пшаніцай, асвойвалі на сваіх палях новыя сарты, сачылі за навуковымі распрацоўкамі, — адным словам, працаваць было цікава, — згадвае былы аграном. — Трыцікале, напрыклад, мы толькі спрабавалі, насенне тады было не беларускай селекцыі, а замежнае. І ў нас не вельмі добра прыжывалася. Зразумелі потым, што трэба насенне адаптаваць да сваіх умоў. Так пазней і сталася. Цяпер гэтая культура, наколькі ведаю, дае добрыя ўраджаі як у нашай гаспадарцы, так і ў іншых.

Ана­толь Лі­не­віч (са сва­ёй унуч­кай) пра­ца­ваў га­лоў­ным аг­ра­но­мам. Да­гэ­туль бя­рэ ак­тыў­ны ўдзел у жыц­ці прад­пры­ем­ства.

Ужо дзесяць гадоў Анатоль Васілевіч на пенсіі. Але за аграрнымі справамі ў гаспадарцы, раёне, вобласці ўважліва сочыць. Ужо ў якасці пенсіянера адзначае вялікі клопат пра ветэранаў. Пра тое,
як пасадзіць, выкапаць бульбу, унесці арганіку на ўласныя «соткі», людзі не хвалююцца. Анатоль Ліневіч, дарэчы, не пакідае грамадскую работу, некалькі гадоў таму яго абралі старастам вёскі Мурава.

Механізатар і свінарка

Канстанцін Фёдаравіч Жэдзь сорак гадоў быў калгасным трактарыстам, а пачынаў работу на гусенічным трактары. «Прыйдзе дадому — адны вочы свецяцца, увесь твар шэры ад пылу, — успамінае жонка Ніна Пракопаўна. — Тады была такая тэхніка. Цяперашнім механізатарам і ўявіць тое цяжка».

Канстанцін Фёдаравіч апошнім часам недачувае, за яго інтэрв'ю ахвотна дае жонка. Яна расказвае, што муж гадаваўся сіратою, малодшы з вялікай сям'і, у тры гады застаўся без бацькі. Скончыў курсы трактарыстаў, і ўсё жыццё адпрацаваў калгасным механізатарам. Работнікам быў, якіх пашукаць. Не раз адзначаўся ганаровымі граматамі, каштоўнымі падарункамі.

Ды і Ніна Пракопаўна не адставала, была ў ліку найлепшых жывёлаводаў, працавала свінаркай на ферме у Чапялях.
Да гэтай пары памятае першую сваю ўзнагароду. Тады іх вазілі ў Пружаны на нейкую святочную нараду, ёй жа падарылі вялікую кашэміравую хустку.

Сям'я Жэдзь. Кан­стан­цін пра­ца­ваў трак­та­рыс­там,  а Ні­на бы­ла сві­нар­кай на фер­ме.

Сваю гаспадарку Жэдзі трымалі заўсёды, раней дзве каровы было, шмат сена трэба было нарыхтаваць. Ды і іншай жывёлы хапала ў хляве. Свіней, дарэчы, трымалі да мінулага года. Усіх дзяцей-унукаў збіралі на свежыну. Дзеці пайшлі ў бацькоў — усе працаўнікі. Старэйшы сын ужо сорак гадоў шчыруе шафёрам. Дачка, акрамя асноўнай работы, рукадзеллем займаецца, падарыла маці квяцістыя дываны ўласнага вырабу.

— Пенсія ў нас добрая, усё ёсць, аўтакрама прадукты прывозіць. Гаспадарка нас таксама не забывае, радуемся, што калгас наш квітнее. Вясной назіраем, як усе палі акуратна ўзараныя, своечасова засеяныя, рунеюць дружнымі ўсходамі, — гаворыць на развітанне Ніна Жэдзь.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».