Вы тут

Прыцягальнасць «Пунсовых пагонаў»


Пачаць лаканічна, па-спартанску, не атрымаецца — ужо вельмі зачапіла мяне гэтая ваенная тэма. Наша прэс-каманда выправілася ў Гомель. Мы прыехалі ў кадэцкае вучылішча, каб пагутарыць з навучэнцамі, даведацца больш пра ўмовы іх жыцця і вучобы. Дарэчы, апынуліся мы там дзякуючы цёпламу запрашэнню ад Варатынскай школы Калінкавіцкага раёна. Яе вучні наладзілі кантакт з кадэтамі адносна нядаўна, калі ў вёсцы Савічы прайшло пахаванне байцоў, знойдзеных пошукавым клубам «Пунсовыя пагоны» (пра яго мы раскажам крыху пазней).


...У школьным музейным пакоі нас сустрэў і рады быў бачыць настаўнік гісторыі Павел Уладзіміравіч ДЗЯНІСЕНКА. Як аказалася, ён практычна наш зямляк.

— Я родам з Калінкавіч, таму, калі даведаўся пра ваш прыезд, стала вельмі прыемна. На жаль, сам дома бываю рэдка. Вы знаходзіцеся ў кадэцкім вучылішчы. Установа вельмі цікавая, у вобласці падобных больш няма. Усяго такіх у краіне восем, знешне яны вельмі падобныя адна да адной. Але Гомельскае кадэцкае вучылішча самае маладое, мы «з'явіліся на свет» толькі ў 2013 годзе, — расказаў наш суразмоўнік.

У незнаёмага з тэмай чалавека адразу ўзнікае пытанне: «І чым жа вы не падобныя на іншых?» Адказ —
у асаблівым стаўленні да гісторыі нашай краіны. У вучылішчы дзейнічае пошукавы клуб «Пунсовыя пагоны», пра які хочацца распавесці падрабязней.

З'явіўся ён у выніку настойлівасці і зацятасці педагогаў. Кіраўнік — Павел Уладзіміравіч. Клуб мае права непасрэдна ўдзельнічаць у палявых работах пошукавага батальёна. Асноўнай мэтай яго стварэння было аднаўленне імёнаў і пошук салдат, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму і нашу светлую будучыню. Дзейнасць «Пунсовых пагонаў» заключаецца ў рабоце з архіўнымі звесткамі, супрацоўніцтве з пошукавымі арганізацыямі і, вядома ж, палявых работах. Часцей за ўсё аб'ектамі раскопак з'яўляюцца лясы, лугі і палі. Нягледзячы на гарачае лета (асноўны час працы), хлопцы выкладваюцца «на ўсе сто», бо разумеюць важнасць сваёй місіі. Страшна падумаць аб тым, колькі яшчэ невядомых салдат, на жаль, ляжаць у халоднай зямлі, у безназоўных балотах, удалечыні ад дома і сям'і. Кадэты ж паважліва ставяцца да памяці загінулых, праводзяць жалобныя мерапрыемствы па перапахаванні герояў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, адна з такіх цырымоній праходзіла ў аграгарадку Пірэвічы, дзе знойдзеныя астанкі былі перанесены ў храм для правядзення паніхіды.

Вынік дзейнасці клуба — 213 перапахаваных чырвонаармейцаў і 873 устаноўленыя імёны. Кожны з іх — чыйсьці сын, муж ці бацька. Атрыманая інфармацыя неверагодна важная для сем'яў, якія паважаюць свае карані. Амаль усе рэчы, якія знаходзяцца ў музеі, — гэта знаходкі ўдзельнікаў клуба.

— А куды ідуць навучэнцы пасля 11 класа? — пацікавіліся мы.

— Перш за ўсё, на ваенныя спецыяльнасці любых ВНУ краіны (за рэдкім выключэннем). Нашы выпускнікі вучацца ў БДУ, БНТУ, БДУІР, ГрДУ і іншых навучальных установах. Некаторыя — у Расіі: у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Разані, Чарапаўцы.

У вучылішчы пануе асаблівая атмасфера. Пражываюць і вучацца тут дзеці і падлеткі з розных куткоў вобласці, з раённых цэнтраў і Гомеля. Знаходзячыся тут, мы паспелі паразмаўляць і з кадэтамі. Было вельмі цікава даведацца падрабязней пра іх побыт і вучобу.

— Ці ёсць у вас вольны час?

— Вядома, ёсць. На выхадных ходзім у басейн, займаемся гаспадарчымі справамі, самападрыхтоўкай, нават скачам з парашутам. Прагулкі за тэрыторыю (звальняльныя) трэба заслужыць вучобай і паводзінамі.

— Як справы са смартфонамі і інтэрнэтам?

— З гэтым усё строга. Смартфоны забаронены, мець можна толькі кнопкавы тэлефон без камеры. Яны выдаюцца на 30—45 хвілін увечары, каб патэлефанаваць бацькам. З часам да гэтага прызвычайваешся. Што датычыцца інтэрнэту, доступ да яго дазволены з камп'ютараў у інтэрнаце ці самім вучылішчы. Ён выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі рэфератаў і розных дадатковых матэрыялаў.

— Колькі часу вы аддаяце вучобе?

— Шмат. У дзень звычайна па шэсць урокаў, а да паўсёмай вечара займаемся «дамашкай». Ёсць факультатывы і заняткі на платнай аснове.

— Пра што думае падлетак перад тым, як паступіць сюды?

— Ён павінен выбраць свой жыццёвы шлях. Калі хоча служыць, быць афіцэрам або займаць кіраўнічую пасаду, то, вядома, паступіць у кадэцкае вучылішча.

— Што больш за ўсё падабаецца?

— Хоць навучанне тут і адрозніваецца ад астатніх устаноў адукацыі, аднак, калі мы выпускаемся, то па ўзроўні ведаў знаходзімся на галаву вышэй за іншых. Тут асаблівы ўпор робіцца менавіта на вучобу, на вайсковую службу.

На працягу размовы мы пераканаліся, што кадэт — гэта не толькі ўзорны вучань, але і цікавы суразмоўца. Заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, і наша паездка паказала менавіта гэта.

Аляксандр ВЕСЯЛОЎ
вучань 10 класа СШ № 11 г. Мазыра, член клуба «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.