Вы тут

Віртуальнае сэрца шчыра шчыміць


«Мы захоўваем памяць... Каб зразумець сэрцам! Дзеля Міру! У імя Чалавечасці!» — такую, ні больш, ні менш, грамадзянскую місію абрала для сябе каманда маладых гісторыкаў з Гомельшчыны. Яны «ажыўляюць» герояў без зброі — мірных людзей, што перанеслі нягоды Вялікай Айчыннай вайны. У Год гістарычнай памяці падобныя ініцыятывы, якія ў прывабным для моладзі фармаце дапамагаюць фарміраваць аб'ектыўныя адносіны да гістарычнага мінулага, — матывуюць далучацца да даследчыцкай дзейнасці, спрабаваць ствараць свае цікавыя патрыятычныя праекты.


Два гады таму маладая мама ў дэкрэце — намеснік старшыні Камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама, дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, юрыст, гісторык Кацярына Воўчак захапілася ідэяй анлайн-рэсурсу па ўвекавечанні памяці мірных жыхароў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ў гады вайны. За справу Кацярына ўзялася разам з гомельскім гісторыкам Уладзімірам Александронцам. У актыўных маладых людзей ужо быў вопыт сумеснай работы — патрыятычны праект у сетцы «Інстаграм» «Беларускі сямейны альбом», створаны на аснове фатаграфій нулявых — 60-х гадоў ХХ стагоддзя.

— Падалося, што такая работа можа хутка пачаць успрымацца толькі як звычайны архіў старых фатаграфій, — расказвае малады дэпутат Кацярына Воўчак. — Пры гэтым нам як гісторыкам не давала спакою ўсведамленне, што ўвогуле праблема грамадзянскага насельніцтва ў ваеннай гістарыяграфіі — гэта не проста праблема погляду, але адсутнасці інфармацыі, «неперажытасці» лёсаў страчанага пакалення.

Аўтары імкнуліся стварыць даступны, цікавы, а галоўнае — дакументальна пацверджаны інфармацыйны прадукт, які дапаможа сфарміраваць культуру памяці, здольнасць да асэнсавання, вывучэння і ўсведамлення праз чалавечыя лёсы падзей ваеннага часу.

— Цяпер стагоддзе візуалізацыі і інтэрнэту. Анлайн-рэсурсы дапамагаюць захаваць важную інфармацыю і азнаёміць з ёй шырокае кола карыстальнікаў. Існуе нямала платформаў, прысвечаных тым, хто ваяваў у гады вайны: «Памяць народа», «Партызаны Беларусі», АБД «Мемарыял» і іншыя праекты, якія дазваляюць устанавіць лёс і шлях герояў вайны. Але вось звестак аб жыцці мірнага насельніцтва ў час акупацыі, эвакуіраваных земляках, жыхарах спаленых вёсак у інтэрнэце пакуль недастаткова, — звяртае ўвагу Кацярына Воўчак.

DOC-цэнтр «Тапаграфія памяці» — анлайн-платформа, дзе сабраныя матэрыялы аб лёсах мірных жыхароў 17 раённых цэнтраў былой Палескай вобласці. У аснове платформы — матэрыялы занальнага архіва ў Мазыры, але большасць даных — гэта так званая вусная гісторыя, успаміны і сведчанні відавочцаў. Частка матэрыялаў — алічбаваныя матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, многія з якіх нідзе і ніколі не публікаваліся.

— Падчас работы ў Мазыры мы знайшлі масіў інфармацыі, у тым ліку акты расследаванняў злачынстваў нацыстаў і спісы жыхароў па ўсіх вёсках і раёнах былой Палескай вобласці. Мы вырашылі, што проста абавязаныя заняцца гэтай справай, дзеля гістарычнай справядлівасці, каб аднавіць памяць аб пацярпелым грамадзянскім насельніцтве. Бо за вельмі скупымі звесткамі «загінуў кожны трэці» крыюцца рэальныя чалавечыя лёсы, — дзеліцца Кацярына.

Для даследавання былая Палеская вобласць абрана невыпадкова. Як нагадваюць гісторыкі, тут дастаткова доўга знаходзілася самая буйная і добра падрыхтаваная нямецкая група армій «Цэнтр», пры гэтым у рэгіёне разгарнуўся вялізны партызанскі рух. Менавіта на Палессі некаторыя вёскі былі спаленыя па тры-чатыры разы — разам з людзьмі і культурнай спадчынай. Многія ратаваліся разам з партызанамі ў лясах і балотах.

Дарэчы, патрыятычны праект гісторыкаў захапіў цікавасцю да даследчыцкай дзейнасці і школьнікаў, маладых педагогаў Гомельшчыны. Дзякуючы падтрымцы Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама ў раёнах вобласці правялі завочныя пошукавыя экспедыцыі. Частка матэрыялаў, сабраных школьнікамі і настаўнікамі, звесткі, перададзеныя з краязнаўчых музеяў, таксама ляглі ў аснову платформы.

«Тапаграфія памяці» складаецца з некалькіх кампанентаў. Сярод іх — месцы памяці. Раздзел «База памяці» сфарміраваны са спісаў мірных людзей, знішчаных на тэрыторыі рэгіёна, і людзей, якіх вывезлі на прымусовыя работы.

— Праз лёс чалавека, асобнай сям'і мы імкнёмся паказаць агульначалавечую трагедыю, — кажа Кацярына. — Кожная расказаная гісторыя — бясконца кранальная і трагічная. Напрыклад, у невялікім населеным пункце Млынок цяперашняга Петрыкаўскага раёна (былы Капаткевіцкі) стаіць да гэтага часу склеп, у якім падчас вайны знайшлі прыстанішча 12 дзяцей і 3 жанчыны. Вёска вымірае, і аб гэтым месцы жыцця і смерці ведаюць толькі старажылы.

Кранае гісторыя, якую перажыла Вольга Антанішына з Капаткевіч. Перад вайной яе бацьку, былога старшыню калгаса, рэпрэсіравалі і расстралялі. У 1943-м немцы спалілі родны пасёлак, а дзяўчынка разам з роднымі пайшла жыць у лес. Падчас адной з аблаў Вольгу злавілі і разам з землякамі адправілі на прымусовыя работы ва Усходнюю Прусію.

— Мяне ўразіла гісторыя Надзеі Гануш, жыхаркі вёскі Верхнія Жары Камарынскага раёна, якую сагналі на работы ў Нямеччыну ў дзіцячым узросце, — дзеліцца дэпутат. — Гераіня расказвала, як нямецкая сям'я, у якую яна трапіла, ставілася да яе па-чалавечы, бачыла ў ёй дзіця. Пасля вызвалення ў 1945 годзе Надзея доўгія дзесяцігоддзі ўспамінала пра іх з любоўю і падзякай. Гэта адзін з прыкладаў, калі чалавек застаецца чалавекам і на вайне. Увогуле, лічу, тэма “остарбайтэраў” застаецца недастаткова вывучанай у ваеннай гісторыі нашага народа.

Праект — DOC-цэнтр «Тапаграфія памяці», упэўненыя стваральнікі, будзе цікавы сваім сучасным фарматам і падыходам у падачы матэрыялаў для работы педагогаў, правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў. Настаўнікі могуць не толькі карыстацца змешчаным там матэрыялам, але і дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі. Дарэчы, для тых, хто жадае далучыцца да даследчай работай, дадзены адпаведныя рэкамендацыі. Спецыяльнае месца на платформе адведзена для падраздзела «Даследчыку». Энтузіясты і гісторыкі, у тым ліку выкладчыкі з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, ужо пачалі публікаваць там свае работы.

— Перад кожнай публікацыяй мы старанна вывучаем усе матэрыялы, а разам з імі пранікаемся гісторыяй чалавека, натхняемся лёсам таго самага героя без зброі — мірнага жыхара, які на сваёй малой радзіме ці на чужыне твар у твар сутыкнуўся з вайной, — кажа Кацярына. — Акрамя таго, мы звяртаем увагу таксама на даваенны перыяд. Такім чынам хочам перадаць шырокую карціну жыцця людзей, не зацыклівацца на архівах, гісторыі перыяду акупацыі і перыяду вайны.

Сёння любы жадаючы, у каго ёсць архіўныя матэрыялы, успаміны, можа іх размясціць на платформе. Пры гэтым на рэсурсе не вітаюцца ацэначныя меркаванні і каментарыі. Чытач павінен зрабіць высновы сам, паразважаць, перажыць гэтыя гісторыі. Строга на платформе захоўваецца і аўтарскае права, не дапускаецца капіраванне матэрыялаў архіўнага характару.

— Хацелася б запрасіць да супрацоўніцтва і музейныя ўстановы, — заклікае малады дэпутат. — Пытанне лічбавага размяшчэння сёння асабліва актуальнае. Калі чалавек убачыць матэрыялы ў такім выглядзе, потым ён захоча азнаёміцца з імі ўжывую і наведае музей. Запрашаем дапамагчы нам у алічбоўцы фатаграфій, успамінаў, пошуку месцаў масавага знішчэння. Усе, хто выкажа жаданне супрацоўнічаць, будуць уключаны ў спіс сяброў платформы, і разам мы маглі б зрабіць лічбавую базу для Гомельскай вобласці. Таксама запрашаем да супрацоўніцтва ўстановы адукацыі.

Разам з тым, як звяртае ўвагу гісторык, анлайн-прастору лічбавага DOC-цэнтра можна пашыраць іншымі тэрыторыямі даследавання, нарошчваць патэнцыял.

— Гэта важна, бо непасрэдныя ўдзельнікі ваенных дзеянняў з кожным днём ад нас сыходзяць, і нельга марнаваць час, пакуль яшчэ жывыя дзеці, якія знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі, вязні канцлагераў, людзі, якіх зганялі на работу, — рэзюмуе Кацярына. — Дадзеная анлайн-прастора для сучаснага маладога і будучых пакаленняў — напамін пра тое, што вайна — страшная трагедыя, паўтарэння якой нельга дапусціць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».