Вы тут

Якое яно на смак – сонца?


Спагада да жывёл і чароўны свет дзяцінства – у творах пісьменнікаў


Ваўчыца з Чортавай Ямы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

Зборнік прозы прысвечаны ўзаемаадносінам чалавека і жывёл. Гэтая тэма прыцягвала ўвагу Вячаслава Адамчыка, Янкі Брыля, Алены Васілевіч, Міколы Гіля, Уладзіміра Дамашэвіча, Алега Ждана, Алеся Кажадуба, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Кудраўца, Янкі Маўра і многіх іншых пісьменнікаў.

З твораў паўстае гісторыя ўзаемаадносін з братамі нашымі меншымі. У апавяданні Вячаслава Адамчыка «Сонечны зайчык» пераканаўча паказаны адчуванні кошкі, якую ні за што крыўдзіць гаспадар. Філасофскі твор Янкі Брыля «Яшчэ раз першы снег» абуджае пытанне: як ставіцца да палявання? Маленькі хлопчык, якому бацька-паляўнічы прыносіць у дар забітага ім зайца, горка плача над бацькавым «трафеем».

Вясковы дзівак Язэпка з аднайменнага апавядання Міколы Гіля быў на ўсё жыццё траўмаваны, пабачыўшы, як яго бацька жорстка збівае каня. «Сівы конік» Уладзіміра Дамашэвіча расказвае пра ўзаемаадносіны вяскоўца і наравістага каня, які ў рэшце рэшт выратаваў гаспадару жыццё. Даўняя легенда ажывае ў «Ваўкалаках» Алеся Кажадуба, а «Лясная гісторыя» Уладзіміра Караткевіча – пра сяброў, якія пакаралі цынічнага паляўнічага за бяссэнсавую жорсткасць да ляснога звяр’я.

Герой Анатоля Кудраўца здольны на міласэрнасць да хворага сабакі Жуліка, а героі Янкі Маўра – да вулічнай кошкі і яе патомства. Апавяданне «Львы» Івана Пташнікава ўваскрашае эпізод адсялення з Чарнобыльскай зоны, калі пакутавалі не толькі людзі, але і жывёлы.

Усе творы пра тое, як важна са спагадай ставіцца да істот, што жывуць побач з чалавекам і служаць яму з цеплынёй і любоўю.

Рэй Брэдберы. Віно з дзьмухаўцоў. Масква, «Эксмо», 2021.

Адна з найлепшых кніг пра дзяцінства. Дванаццатае лета Дугласа поўнае разнастайных цудаў: дзікі вінаград і суніцы, пчолы і светлякі, смарагдавы лес, у якім тоіцца загадкавае «яно». Дзядуля хлопчыка ведае рэцэпт віна з дзьмухаўцоў – «сонца на языку». Але чарга «закаркаванага ў бутэлькі лета» прыйдзе зімой, а пакуль Дуг п’е залатую радасць гэтых чароўных месяцаў нагбом, спрабуе на смак адкрыццё: «Я – жывы!»

Хлопчык з цікаўнасцю даследуе, як ўладкаваны свет дарослых: назірае за пажылымі сёстрамі, што раз’язджаюць па мястэчку на Зялёнай машыне, слухае апавяданні палкоўніка Фрылея, які памятае зусім ужо сівую даўніну. З нецярпеннем чакае, калі гарадскі ювелір Леа вынайдзе «Машыну шчасця», але механічная радасць аказваецца пустой і непатрэбнай: шчасце – у простых рэчах, трэба толькі ўмець заўважаць іх.

Ёсць свае драмы нават у шчаслівым дзяцінстве. Быць жывым – гэта значыць і зведаць страх: ноччу хадзіць праз яр, дзе хаваецца Душагуб, які забівае дзяўчат. Гэта аднойчы зразумець, што твае родныя калі-небудзь памруць, як палкоўнік Фрылей, як прабабуля… і ты сам таксама памрэш. Што можна супрацьпаставіць гэтаму веданню? Хіба што выкрасці ў страшнага містэра Змрока васковую ляльку-прадказальніцу, паспрабаваць ажывіць яе магічнымі заклінаннямі, і тады яна, магчыма, адкрые табе рэцэпт вечнага жыцця...

А потым прыходзіць дзень, калі з яблынь пачынаюць падаць долу яблыкі, выносяцца ў гараж арэлі, заканчваюцца апошнія абрады лета, але ты заўсёды адчуеш яго смак, спусціўшыся ў склеп па сок дзьмухаўцоў. Можна ўбачыць у гэтым цудоўным напоі метафару лета, а можна – творчасці, бо пісьменніку ўдалося захаваць і заключыць у кнігу дзіцячы наіўны погляд на свет – погляд, які большасць з нас, пасталеўшы, губляе.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».