Вы тут

Качанава: Больш за пяць тысяч прапаноў паступілі ў Канстытуцыйную камісію


Аб гэтым расказала журналістам Старшыня Савета Рэспублікі, намеснік старшыні Канстытуцыйнай камісіі Наталля Качанава падчас работы грамадскай прыёмнай пры Савеце Рэспублікі, у якой яна сёння брала ўдзел. 


Грамадская прыёмная пры Савеце Рэспублікі працягвае сваю работу. Сёння з грамадзянамі, якія маюць канструктыўныя прапановы па ўнясенні ў Асноўны закон краіны, сустрэлася спікер верхняй палаты парламента. Ахвотных трапіць на прыём да яе менш не становіцца. Дарэчы, прыходзяць людзі не толькі з прапановамі па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю, але і за садзейнічаннем у вырашэнні грамадскіх і асабістых пытанняў.

Адзначым, што гэта ўжо другі прыём на гэтым тыдні, які праводзіць Старшыня Савета Рэспублікі. Сама ж грамадская прыёмная дзейнічае кожны панядзелак, сераду і пятніцу, у якой прыём вядуць члены Савета Рэспублікі.

Як патлумачылі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, прыёмы будуць працягвацца і надалей.

Першым на прыём да Наталлі Качанавай завітаў старэйшы выкладчык інстытута бізнесу і права Аляксандр Папоў, які выказаў некалькі заўваг адносна прапанаванага праекта Канстытуцыі. У прыватнасці, артыкул 5 заяўнік прапануе дапоўніць тым, каб палітычныя партыі мелі магчымасць выяўляць палітычныя настроі і інтарэсы ў грамадстве. У артыкул аб складзе УНС лічыць неабходным дадаць прадстаўнікоў працоўных калектываў, а не толькі прадстаўнікоў грамадскасці. Працягваючы тэму Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Аляксандравіч лічыць, што паўнамоцтвы УНС аб прыняцці рашэння аб накіравананні вайсковога кантынгента за межы Рэспублікі Беларусь неабходна дадаць фармуліроўкай «за межамі адказнасці краін-удзельніц АДКБ».

Прапановы слушныя, пагадзілася Наталля Качанава і паабяцала падключыць кампетэнтных спецыялістаў да больш глыбокага іх вывучэння.

Выкладчык Беларуска-расійскага ўніверсітэта Дзмітрый Сцепаненка лічыць мэтазгодным дадаць у прэамбулу і артыкулы ў развіццё ідэі прыхільнасці дзяржавы навукова-тэхнічнаму прагрэсу і інавацыйнаму развіццю.

— Разам з сацыяльна-прававой дзяржавай дапоўніць і паняццем «інавацыйна-арыентаванай», — перакананы Дзмітрый Міхайлавіч.

Наталля Качанава не выключае такой магчымасці, але тлумачыць, што ў большай ступені гэтыя прапановы лепш адлюстроўваць у законах, чым прапісваць у Асноўным Законе.

— Прапісаць усё ў Канстытуцыі немагчыма. Яна павінна быць яснай, дакладнай і зразумелай для нашых грамадзян. Кожнае слова — на вагу золата, — падкрэслівае спікер і звяртае ўвагу, што ў любым выпадку, Канстытуцыйная камісія абмяркуе агучаныя заяўнікам прапановы і вызначыцца з іх далейшым лёсам. 

Яшчэ адзін заяўнік — намеснік старшыні Беларускага саюза афіцэраў Васіль Скрыннікаў — упэўнены ў мэтазгоднасці вылучэння ў асобны артыкул структуры Прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу: яго колькаснага складу, парадку фарміравання і паўнамоцтваў.

— Мы плануем, што гэта будзе прапісана ў профільным законе, — тлумачыць Наталля Качанава і запэўніла Васіля Савельевіча, што на пасяджэнні рабочай групы яшчэ раз нададуць увагу ўзнятаму ім пытанню.

Прадстаўнікі «Круглага стала дэмакратычных сіл» прыйшлі на прыём за садзейнічаннем у вырашэнні грамадскага пытання. Юрысконсульт арганізацыі Павел Гардзеюк агучыў тэму сацыялізацыі амніставаных і іх працаўладкавання. Спікер верхняй палаты парламента паабяцала далучыцца да вырашэння ўзнятай праблемы.

Падводзячы вынікі правядзення прыёму Наталля Качанава адзначыла, што ў краіне разгорнута шырокамаштабная работа па тлумачэнні навел, якія прадугледжваюцца ў Асноўны Закон. 

— І людзі ўдзячныя за гэта. Я праводзіла сустрэчы ў працоўных калектывах, людзі кажуць аб тым, што гэта вельмі важна, — звярнула яна ўвагу.

Спікер адзначае той факт, што насельніцтва ўцягнута ў абмеркаванне праекта абноўленай Канстытуцыі.

— І тыя прапановы, якія абмяркоўваюцца на дыялогавых пляцоўках, у грамадскіх прыёмных і працоўных калектывах, цікавяць людзей і яны разумеюць ступень сваёй адказнасці за будучае дзяржавы, — падкрэслівае Старшыня Савета Рэспублікі. — Таму што гэта той закон, па якім давядзецца жыць не аднаму пакаленню, бо не так часта даводзіцца змяняць Канстытуцыю.

Аналізуючы аб’ём прапаноў, спікер звяртае ўвагу на тое, што іх дастаткова шмат. Паводле яе слоў, усе яны абагульняюцца ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, а затым разглядаюцца на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групе па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.

— Учора мы ў чарговы раз разглядалі звароты, што паступілі — усяго ужо паступіла больш за пяць тысяч прапаноў ад нашых грамадзян, — паведаміла Наталля Качанава. — Канешне, яны структуруюцца, таму што ёсць аднолькавыя.

Што датычыцца тэматыкі прапаноў, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ў рознай катэгорыі людзей розныя і прапановы.

— Усе падтрымліваюць тое, што краіна павінна быць прэзідэнцкай. Абавязкова — сацыяльна-арыентаваная дзяржава, у гэтым няма ніякага сумневу, пра гэта кажуць усе, — акцэнтуе яна.

Наталля Качанава падкрэслівае: людзі ў большай ступені звяртаюць увагу на сацыяльныя гарантыі.

— Гэта і падтрымка сем’яў, што выхоўваюць дзяцей, і людзей, якія маюць інваліднасць, пенсіянераў, — пералічвае яна. — То-бок кожны бачыць для сябе, што дзяржава як і прадугледжвала раней, так і будзе надалей падтрымліваць сваю сацыяльную накіраванасць.

Расказала яна і аб больш профільных прапановах.

— Ёсць людзі, якія глыбока пагружаныя ў палітычныя працэсы і юрыдычныя пытанні. Яны прыходзяць на прыёмы па пытаннях прыярытэтнасці законаў, — кажа яна і ў якасці прыкладу прыводзіць пытанне: «Чаму не будзе дэкрэтаў?» — Гучаць пытанні па раздзеле «Парламент», дзе людзі кажуць, можа не трэба пісаць: «Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь», а толькі «Парламент», бо з’яўляецца Усебеларускі народны сход.

Звяртае яна ўвагу і на тое, што практычна на кожнай сустрэчы ўзнікае спрэчнае ўспрыманне артыкула, паводле якога грамадзяне павінны апекавацца ўласным здароўем.

— Узніклі пытанні па артыкуле 54, дзе праяўленне патрыятызму і захаванне гістарычнай памяці — абавязак кожнага. Праяўленне патрыятызму — таксама пытанне, якое абмяркоўвалася ўчора дастаткова сур’ёзна, — падкрэсліла спікер.

Паводле яе слоў, артыкул, якім замацоўваецца тое, што шлюб магчымы паміж мужчынам і жанчынай таксама вызывае досыць сур’ёзныя размовы.

— На прыёмы прыходзяць людзі, якія вярнуліся ў Беларусь з іншых краін і кажуць аб тым, што зрабілі гэта, каб выратаваць сваіх дзяцей, — тлумачыць спікер. — Не так усё проста і добра ў еўрапейскіх краінах і каштоўнасці, якія насоўваюцца там, сёння непрымальныя для Беларусі. Таму людзі просяць прапісаць у Канстытуцыі пытанні, якія звязаны з выхаваннем падрастаючага пакалення ў плане традыцыйных каштоўнасцяў.

Напрыканцы Наталля Качанава падкрэсліла: пытанняў дастаткова шмат.

— Хачу адказна заявіць, што людзі, сапраўды, глыбока пагружаныя ў працэс абмеркавання галоўнага закона нашай краіны. І гэта не можа не радаваць, таму што кожны, напэўна, успрымае гэта як сваё асабістае і будучае нашай краіны, — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА       

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.