Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Бедная куцця

...Не тыя зімы цяпер, ой не тыя — не такія, як некалі: у маленстве, помню, з маразамі былі, з глыбокімі снягамі, з мяцеліцамі-вятрамі. У коміне як пачнуць завываць, — на печы не ўседзець. Страшна...


Фота: pixabay.com

Цяпер тыя страхі смешна ўспамінаць — і балюча. «Няма таго, што раньш было». А галоўнае — няма бацькоў, з якімі звязана ўсё...

Тут і цяпер — толькі адзін эпізод, што здарыўся акурат на куццю.

Як сёння помніцца вечар: мы, малыя, расчырванелыя, мокрыя ад снегу, з вуліцы, з горкі разбягаемся па дамах. У чаканні вячэры сядзім з сястрою на печы і назіраем за тым, што робіцца ў кухні. Прысмакі нам рэдка перападалі, аднак на куццю мама заўсёды гатавала нештачка — страву, якую мы елі б хоць кожны дзень! Толькі давайце! І як найхутчэй!

Але ж сёння не к спеху. Тата прыходзіць з вуліцы, кіруе да стала, выцягвае з-за пазухі некалькі пасмаў духмянага сена — акуратна раскладвае яго па стальніцы. Кухня напаўняецца водарам скошаных траў.

Тут жа з'яўляецца мама — кладзе на сена, на стол прыгожы саматканы абрус, уносіць посныя стравы. Сярод іх поліўка з сушаных грыбоў, каша з ячменю, які таўклі ў вялікай ступе... А нарэшце ў цэнтры з'яўляецца міска з любімымі пампушкамі. Іх, маленькія, кругленькія, мама напякала з самага ранку, каб вечарам «утапіць» у місцы з цёртым макам, разбаўленым падсалоджанай вадой. Смаката — проста невыказная!

Убачыўшы яе на стале, мы з сястрой тут жа злазілі з печы. Бацькі садзіліся ад акна, бо адтуль цягнула холадам, мы, дзеці, на ўслончыку насупраць (я — звычка такая — падкурчыўшы ногі).

Елі ўсе з адной міскі. Я старалася роўна трымаць сваю лыжку, але з яе ўсё роўна нешта цякло ці капала — на абрус пралівалася дарожка. Аднак у гэты вечар бацькі нам заўваг не рабілі. Тата хіба жартам казаў, што дзяўчына, якая шмат разлівае, замуж выйдзе за п'яніцу...

Ён наогул мастак быў расказваць — пра ўсё. У тыя імгненні — у паўзмроку пакоя — пра чароўную калядную зорку. Я, вядома ж, хацела ўбачыць яе (фіранкамі на вокнах спецыяльна не завешваліся, каб зазірала яна і ў нашу хацінку), а там...

Словамі не перадаць: нешта лупатае, калматае, з пляскатым носам, з вялізнымі вушамі...

Ад страху, я, мусіць, хацела сігануць, схавацца пад стол — прыгнулася, ілбом зачапіла міску з пампушкамі... Па стале тут жа расцяклася вялізная лужына, што азначала толькі адно: прапала любімая страва! Амаль уся... Мне было так шкада — і яе, і саму сябе, і ўсіх нас (мы ж амаль не паелі!), што я горка заплакала.

...Не ў памяці, чым тады суцяшалі. Помню, што вінаватай ва ўсім аказалася суседка. Не прычакаўшы на вячэру свайго чалавека, яна пайшла яго шукаць. У хаты да людзей не заходзіла, каб час не марнаваць (ды і не прынята было — на куццю). Таму яна проста «прыліпала» тварам да шыбы — зазірала ў вокны. Адтуль... Вось мне, малой, і здалося...

Цяпер тое «зданне» ўспамінаецца са светлай усмешкай. Ды і як іначай, калі дзякуючы яму да драбніц помніцца той вечар: наш дом, твары маладых прыгожых бацькоў, стол пад белым даматканым абрусам, святло ад лампадкі з покуці... Бедная — без любімай стравы — куцця.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

в. Магільна, Уздзенскі раён


Дзень добры! І бывайце!

У канцы мінулага 2021-га сышла са сваёй нялёгкай пасады першая жанчына-канцлер Федэрацыйнай Рэспублікі Германія Ангела Меркель і тым самым напомніла...

Верасень 2009-га. З курортнага мястэчка Дагебюль я вяртаюся ва ўзгорысты Вуперталь і ўжо там бачу абвестку: 23 верасня ў 17 гадзін адбудзецца перадвыбарны мітынг Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, на якім выступіць...

Ажно вочы на лоб: Меркель? Тут, у Вуперталі? Няўжо?..

Услед за гэтымі пытаннямі ў галаву прыходзіць цалкам лагічнае: «Дык чаму б не схадзіць, не ўбачыць?!»

...Да 17-ці гадзін час яшчэ заставаўся, таму на сустрэчу я сапраўды пайшоў пехатой — паўз лялечны тэатр, батанічны сад, кірмаш, лютэранскія кірхі з чырвонай цэглы, невялічкія крамы. І вось нарэшце, непадалёк ад былой сядзібы Энгельса, патрэбная плошча, застаўленая драўлянымі лаўкамі. Перад імі, на ганку ратушы, тры чалавекі наладжваюць мікрафоны. Справа, пад аркай, з тэлекамерамі і «кодакамі» мітусяцца спрытныя журналісты. Злева — стракаты гурт моладзі прыладжвае досыць едкія па змесце плакаты. Плошча запаўняецца людзьмі, іх гоманам, смехам, прывітаннямі-абдымкамі... І раптам гэты натоўп літаральна ўзвывае — з'яўляецца спадарыня Меркель!

Прыціснуты да нейкай стойкі, я не заўважыў, адкуль яна выйшла, але ішла ўпэўнена і рашуча. Наперадзе чамусьці ні сустракаючых, ні папарацы — хіба некалькі мужчын амаль поруч. Світа ці ахова, шчыра кажучы, не разабраў...

Не ў памяці і тое, як была адзета спадарыня Меркель, што трымала ў руках...

Помню, што ўсміхалася, што прыпынілася каля агароджы, дзе гарлапаніла чародка падлеткаў у аднолькавых кепках, і нешта сказала ім, паціснула рукі...

А натоўп у гэты ж час недзе свістаў, недзе апладзіраваў, досыць зладжана скандзіраваў «Ан-ге-ла! Ан-ге-ла!».

Перакрычаць яго я, вядома ж, не мог, але таксама стараўся, з усяе сілы басіў сваё: «Мер-кель!», «Мер-кель!».

Яна тым часам падыходзіла бліжэй і на сотні працягнутых рук адказвала поціскам сваёй — цёплай (мая чарга!), мяккай, складзенай чаўначком (мабыць, каб нельга было ўхапіцца?).

І вось яна ўжо на ганку ратушы, пачынаецца мітынг...

Трохі пабыўшы там, паглядзеўшы ды паслухаўшы, я пакіраваў да дома, у якім спыніўся, потым — да аэрапорта, да свайго месца ў «Боінгу», што павінен быў прызямліцца ў Барыспалі — бліжэй да роднага мне Палесся.

Анатоль ЖОГЛА

г. п. Лельчыцы


«Замуж павыходзілі ўсе. Асобныя — нават двойчы»

Калядная варажба... Не пры нас яна пачалася, не пры нас, дасць бог, і скончыцца. Дзяўчаты, маладзіцы, якім вельмі хочацца замуж, мусіць, заўсёды будуць насіць у хату дровы і потым лічыць, ці парная колькасць паленцаў, з той жа мэтай пойдуць абдымаць штыкеціны ў плоце ды пячы адмысловыя аладкі для сабак: чыю першай ухопяць, тая і замуж пойдзе раней...

Каб жа ведаць, калі гэта будзе? Ну хоць прыблізна... Каб жа ведаць, за каго?

Што можа быць прасцей, — дачакайся вялікіх свят ды паваражы.

...У нашым інтэрнаце (я вучылася ў педвучылішчы ў Магілёве) спосаб быў асаблівы. Кожнай з цікаўных дзяўчат (хлопцаў — вобмаль) мы прапаноўвалі зайсці ў пакой са шклянкай вады, сесці перад люстэркам, завязаць вочы. А далей — абмакнуўшы палец у вадкасць (у шклянку з вадой крадком дадаваліся акварэльныя фарбы), вадзіць ім па адкрытых участках твару ды ўзірацца-чакаць — перад вачыма павінен з'явіцца нарачоны.

Што цікава — хто-ніхто бачыў! Спачатку яго, потым сябе — у люстэрку...

У той год такі спосаб варажбы я прывезла ў нашу вёску, у нашу хату, і ўсе дзяўчаты, якія там сабраліся, ужо «даведаліся» пра свой будучы лёс, паглядзеліся ў люстэрка, ужо нарагаталіся і нават адмыліся (для гэтага ў сенцах на керагазе грэлася вада, стаяў тазік, ляжала мыла і вісеў ручнік)... І тут дзверы адчыніліся, у хату зайшла цётачка Ганна. Мая сяброўка Валя тут жа да яе:

— Мама, ты таксама паваражы. Табе ж цыганка сказала, што з маім татам (маці ў Валі была не родная) ты свой век дажываць не будзеш. Дык цікава ж, з кім?

Жанчыну, як выглядала, тое зусім не цікавіла, але нас, дзяўчат, было многа, мы стараліся і... угаварылі. Цётачка села перад люстэркам, дала завязаць сабе вочы, падсіненым пальцам стала добрасумленна вадзіць па шчоках, падбароддзі і носе.

Тата мой таксама быў дома, таксама назіраў: адклаў у бок чытаную кніжку, спытаў:

— Ну што ты маўчыш? Кажы, каго там бачыш? Юрку? Ці не?

— Ды нікога не бачу! — абурылася Ганна.

...Калі «жывога месца» на твары больш не засталося, павязку з цётачкі знялі.

Рогату было на ўсю хату! А потым і гутаркі на ўсю вёску! Аднак цётка не крыўдавала. Добрая была жанчына, любіла і дзяцей наогул, і Валю (хоць не сваю)... Вяселле ёй справіла...

Што датычыцца іншых дзяўчат, то яны таксама замуж павыходзілі. Асобныя — нават двойчы.

Алена ПАНЦЯЛЕЕВА

Нясвіжскі раён

Рубрыку вядзе

Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж.

Як вы зразумелі, гэта была першая падборка «вясёлых і праўдзівых гісторый», дасланых чытачамі на даўно традыцыйны «звяздоўскі» конкурс.

Вынікі леташняга — на найлепшую — пакуль падводзяцца і будуць абвешчаны ў хуткім часе. А пакуль заўсёднае: чытайце адзіную са штодзённых беларускамоўную газету і пішыце. Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.