Вы тут

Якія навінкі чакаюць слухачоў радыёканала «Культура» у 2022?


Ужо 20 гадоў радыёканал «Культура» распавядае аўдыторыі пра ўвесь спектр жанраў, відаў і ўзораў духоўнай спадчыны, сучаснага нацыянальнага і сусветнага мастацтва. І дэвіз яго застаецца нязменным — «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». Бягучы год для спецыялізаванай радыёхвалі Белтэлерадыёкампаніі будзе багаты на падзеі, новыя праекты і сустрэчы. Пра гэта мы больш падрабязна распыталі ў яе дырэктара Уладзіміра Трапянка.


Аматараў эфіру канала «Культура» прыцягваюць душэўнасць, цеплыня, адметная падача вядучых, а таксама пазнавальнае музычнае афармленне. У калектыве працуюць спецыялісты ў розных галінах мастацтва — кампазітары, паэты, акцёры, рэжысёры, музыка- і мастацтвазнаўцы, а таксама вопытныя і маладыя журналісты, чые імёны палюбіліся слухачам.

— Усім, хто стваре эфір радыё «Культура», камфортна жывецца пад дэвізам «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці», таму што на канале працуюць людзі, якія па-сапраўднаму гэта робяць ды трымаюцца іх і ў сваім жыцці, і ў сваёй радыё- і пазаэфірнай дзейнасці. Адпаведна, умовы, што стварыліся на «Культуры» за два дзесяцігоддзі, тая глеба, якая дае магчымасць гэтым творцам і падсілкоўвацца для самастойнай творчасці, і даваць натхненне тым, хто калісьці абраў нашую хвалю і застаецца на ёй. Разам з тым «Культура» мае патрэбу і ў маладой сіле і энергіі. І тым, хто пажадае прыйсці да нас, трэба цікавіцца культурай, мастацтвам, добра валодаць беларускай мовай і быць гатовымі ўкладвацца ў агульную справу, любіць тое, што робіш, — кажа Уладзімір Анатолевіч. — Нават сёння, нягледзячы на тое, што сацыяльныя сеткі адцягваюць увагу аўдыторыі, наш радыёканал застаецца запатрабаваным. Мы імкнёмся быць актуальнымі і адпавядаць сучасным трэндам. Праз сацыяльныя сеткі мы наблізіліся і да нашых патэнцыяльных слухачоў. Таму што мы пішам відэа нашых праектаў, у прыватнасці, «Дыялогі пра культуру». Выкладваем гэта на «Ютуб»-канале, у нашых сацыяльных сетках, дзе таксама змяшчаем і анонсы таго, што гучыць у нашым эфіры, каб дапамагчы слухачам сарыентавацца. І разам з тым мы маем магчымасць павялічваць нашу аўдыторыю. Напрыклад, наш унікальны праект «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» разлічаны на дзіцячую аўдыторыю — і дзякуючы сацыяльным сеткам, электроннай пошце юныя слухачы дасылаюць свае матэрыялы, што гучаць у эфіры. 

Радыё цяпер адыходзіць ад стандартнага спосабу перадачы інфармацыі і выходзіць на зусім іншую прастору, калі спрабуе адваяваць сваю аўдыторыю. Аднак канал «Культура» — гэта першая ў Беларусі спецыялізаваная радыёхваля, дзе разлічваюць на падрыхтаваную аўдыторыю, якая будзе спажываць унікальны кантэнт. Адпаведна, яна заўсёды вылучаецца і ў эфірнай прасторы, і ў інтэрнэце. Можа, у нейкім сэнсе канкурэнцыю для канала ствараюць падкасты, але варта ўлічыць такую акалічнасць, што беларускамоўнага кантэнту не так і шмат, таму аўдыторыя «Культуры» ўсё роўна застаецца на любімай хвалі.

Трэба адзначыць, што за два дзесяцігоддзі аўдыторыя радыёканала значна пашырылася. Сёння яго выбіраюць усе, хто цікавіцца багаццем свету мастацкай культуры. Для самых маленькіх штовечар канал прапаноўвае «Вячэрнюю казку», якая палюбілася многім пакаленням беларускіх слухачоў. Сапраўдным брэндам канала сталі перадачы «Дыялогі пра культуру», «Духоўная спадчына», літаратурна-мастацкія праграмы «Радыёбібліятэка», «Радыётэатр плюс», «Літаратурная анталогія», музычныя праекты «Канцэртная зала», «Рэтра-хіт», «Вечары на канапе» ды іншыя.

З новага сезона мы аднавілі музычнае міжпраграмнае афармленне, а сетка вяшчання папоўнілася шэрагам новых праграм і праектаў. Так, сярод навінак — «Развагі пра літаратуру», дзе ёсць магчымасць даведацца пра малавядомыя факты пра беларускіх пісьменнікаў, што паўплывалі на літаратурныя працэсы; літаратурна-мастацкі праект «Адным штрыхом» (пазнаёміць з літаратурнай спадчынай беларускіх класікаў і сучасных аўтараў; хто любіць прыгодніцкую літаратуру, таму варта звярнуць увагу на «Ранішні серыял»; музычны праект-прэзентацыя «Наша музыка» стане добрай знаходкай для прыхільнікаў беларускай музычнай культуры. Акрамя таго, пачаў рэалізоўвацца ў эфіры радыё «Культура» і сумесны праект Экзархата Беларускай праваслаўнай царквы і расійскага радыё «Вера», дзе распавядаецца пра веру, жыццё Царквы, яе гісторыю і сучаснасць, а таксама знаходзяць адлюстраванне духоўныя пошукі чалавека ў сучасным грамадстве.

— Гэта невялікі праект, які выходзіць у нас у фармаце 10-хвіліннай рубрыкі выхаднога дня (гучыць яна па суботах і нядзелях у ранішнім і вячэрнім эфірах), якая прапаноўвае выбраныя рубрыкі маскоўскага радыё «Вера». Акцэнт у іх робіцца на духоўна-рэлігійных здабытках і далучэнні сучаснага чалавека да спрадвечных каштоўнасцяў, жаданні паказаць яму духоўную аснову. І каналу «Культура» тое сугучна, — дзеліцца Уладзімір Трапянок.

У планах на бягучы год таксама пашырыць і пазаэфірнае супрацоўніцтва з творчым аб’яднаннем музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі. Не абмінуць увагай і сёлетнія юбілейныя даты: напрыклад, пад знакам 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы будзе рэалізоўвацца сумесны праект, мяркуецца правядзенне ў лютым круглага стала, прысвечанага юбілею радыё «Культура». А яшчэ тут зладзяць трэці конкурс радыёп’ес (з акцэнтам на монавыкананне твора). Сачыце за навінамі «Культуры» на сайце канала www.radіokultura.by і ў сацыяльных сетках.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Уладзіміра Трапянка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».