Вы тут

Ісачанка: Нельга заставацца ўбаку, калі вырашаецца такое сур’ёзнае пытанне


Сёння кожны можа ўнесці прапановы ў праект Канстытуцыі перад тым, як яе канчатковы варыянт будзе вынесены на рэферэндум. У Магілёўскай вобласці створана некалькі дзясяткаў інфармацыйных груп, у абавязкі якіх уваходзіць неабходнасць растлумачыць насельніцтву сутнасць і змест навацый. На прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі, на іншых пляцоўках праходзяць сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, дэпутатаў.


Нядаўна ў Магілёве адбыўся семінар па актуальных пытаннях падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму, своеасаблівая вучоба для ідэалагічнага актыву рэгіёна. У прысутных была магчымасць задаць пытанні намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Луцкаму, непасрэдным удзельнікам распрацоўкі праекта — старшыням пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі Сяргею Сіўцу і Міхаілу Русаму.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адразу ж абазначыў важнасць і неабходнасць шырокай інфармацыйна-тлумачальнай работы.

— Змяненні, якія ўносяцца ў Асноўны Закон, маюць стратэгічнае рашэнне для нашай краіны ў цэлым і рэгіёна ў прыватнасці, — рэзюмаваў ён. — Пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта створана незалежная дэмакратычная прававая сацыяльная дзяржава. За чвэрць стагоддзя яна стала адным з лідараў у ІT-галіне, мы пачалі развіваць атамную энергетыку, аўтамабілебудаванне і многае іншае. Вырасла новае пакаленне беларусаў. Усё гэта абумоўлівае прыняцце новай Канстытуцыі.

Ігар Луцкі ў сваёй прамове падкрэсліў, што перамен перадусім патрабуе складаная знешнепалітычная абстаноўка.

— Існуючая Канстытуцыя ў 90-я гады стварыла аптымальныя ўмовы для развіцця грамадства, забяспечыла пераемнасць гістарычнага працэсу без узрушэнняў і шоку. Але ва ўмовах знешніх выклікаў і пагроз трэба забяспечыць сябе дадатковымі страховачнымі механізмамі, а гэта канстытуцыйныя нормы. Новая Канстытуцыя павінна з аднаго боку закласці прававыя асновы развіцця Беларусі на дзесяцігоддзі наперад, з другога — стварыць умовы, каб забяспечыць гэтае развіццё.

Захаванне ідэнтычнасці беларускага народа — адзін з прыярытэтаў новай Канстытуцыі. Нездарма 2022-ы год абвешчаны Годам гістарычнай памяці.

— Мінулы год дазволіў вызначыць шляхі абароны дзяржаўнага суверэнітэту, адзін з якіх — шырокамаштабная работа па замацаванні дакладных гістарычных фактаў у масавай свядомасці беларусаў, — паведаміў Ігар Луцкі. — Мы ўстанавілі дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, прынялі шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных на абарону нашага гістарычнага мінулага і выключэнне любых форм не толькі прапаганды, але і апраўдання дзеянняў нацыстаў і іх саўдзельнікаў. У новай Канстытуцыі замацавана норма, што патрыятызм, грамадзянская актыўнасць, захаванне гістарычнай памяці — доўг кожнага грамадзяніна.

Выступоўцы звярнулі ўвагу на тое, што ў аснову праекта Асноўнага Закона пакладзены выключна тыя прапановы, якія гучалі падчас сустрэч у розных калектывах, на дыялогавых пляцоўках.

— Члены Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы паспрабавалі сфармуляваць іх у выглядзе пэўнай канстытуцыйнай прававой нормы, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ. — Трэба, каб кожны разумеў, што стаіць за гэтай нормай. Бо менавіта на яе аснове потым будзе фарміравацца ў цэлым прававая сістэма нашай дзяржавы. Толькі маштабнае ўсенароднае абмеркаванне дазволіць скарэкціраваць канчатковы тэкст змяненняў і дапаўненняў перад тым, як ён будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум.

На погляд Сяргея Сіўца, у фокусе ўвагі беларусаў знаходзяцца пытанні рэалізацыі гарантый суб’ектыўных канстытуцыйных правоў, трансфармацыі палітычнай сістэмы краіны.

— Канстытуцыя — унутраны закон, пры гэтым вектар развіцця інтэграцыйных утварэнняў, удзельнікам якіх з’яўляецца Беларусь, застаецца нязменны, — рэзюмаваў Сяргей Сівец. — Мы настроены на тое, каб паглыбляць супрацоўніцтва ў рамках дагавора стварэння Саюзнай дзяржавы з Расіяй і тых 28 саюзных праграм, якія нядаўна былі прыняты. Пашыраць, гарманізаваць, а ў некаторых выпадках уніфікаваць лінейку сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян абедзвюх дзяржаў. На парадку дня стаяць пытанні, звязаныя з нацыянальнай бяспекай, зыходзячы з тых новых выклікаў і пагроз, з якімі сутыкнуліся і Беларусь, і Расія. Таму частка навацый, што прапануецца ў 4-м раздзеле Канстытуцыі, ускосна мае гэтыя мэты.

Прынцыпова новы раздзел — Усебеларускі народны сход (УНС). Шмат каго цікавіць яго роля і месца ў палітычным жыцці краіны. Сенатар паведаміў, што, калі змяненні і дапаўненні па Канстытуцыі будуць ухвалены, пачнецца распрацоўка спецыяльнага дакумента аб УНС, які рэгламентуе ўсе моманты, звязаныя з парадкам фарміравання і рэалізацыі кампетэнцый і паўнамоцтваў гэтай нормы.

Міхаіл Русы звярнуў увагу на работу, якая была зроблена па змяненні Канстытуцыі. Навацыі ўнесены ў 80 артыкулаў Асноўнага Закона, два выключаны, а 11 новых унесена. Яны датычацца ў асноўным УНС і прэзідэнцкага тэрміну.

— Пашыраецца народаўладдзе. Усебеларускі сход — свайго роду баланс, — падкрэсліў ён. — Прэзідэнт, як палітык і чалавек, які перажывае за будучыню нашай краіны, даручыў адаптаваць праект, вывучыць вузкія пытанні і практыку іх прымянення. Мы гатовы выслухаць кожнага ахвотнага, растлумачыць пэўныя моманты, падыскутаваць. Законапраект апрацоўваецца вельмі ўважліва і педантычна — калі выкінуць адно-два словы, атрымаецца зусім іншы сэнс. Я думаю, што ў выніку дапрацоўкі мы выйдзем на дакумент, у якім добра чытаецца ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Новая Канстытуцыя стане дакументам развіцця, стабільнасці і перспектыў.

У адрас выступоўцаў прагучаў шэраг пытанняў і прапаноў. Напрыклад, намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Валерый Яленски падзяліўся занепакоенасцю тым, што некаторыя дзяржавы непаважліва ставяцца да гістарычнай памяці беларускага народа. Ён лічыць, што ў Канстытуцыі абавязкова трэба больш канкрэтызаваць гэта паняцце.

— Ветэраны аднадушна падтрымліваюць артыкул, дзе гаворыцца, што дзяржава гарантуе захаванне гістарычнай памяці пра подзвіг беларускага народа. Але было б правільна дапісаць «і праўды пра Вялікую Айчынную вайну». Ці можна ігнараваць заявы ЗША і Вялікабрытаніі ў тым, што яны адыгралі вырашальную ролю ў Перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі? У адной краіны загінула 300 тысяч чалавек і ў другой — 340 тысяч. Для параўнання: толькі пры вызваленні Польшчы склала галоў каля 600 тысяч чырвонаармейцаў. Там знаходзіцца шмат нашых воінскіх пахаванняў. Зараз спрабуюць сказіць, сфальсіфікаваць гісторыю, прынізіць ролю Савецкага Саюза ў Перамозе над ворагам. Але ж саюзнікі нашы ўступілі ў вайну толькі ў 1944 годзе, калі зыход яе быў ужо прадказальны, — звярнуў ён увагу.

Важнымі ветэран лічыць таксама прапісаныя ў праекце палажэнні аб канстытуцыйным абавязку быць патрыётам і праводзіць адпаведную работу, а таксама аб шлюбе і сям’і, дзе канкрэтызавана, хто можа брацца шлюбам.

Кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама спадзяецца, што жыхары Магілёўскай вобласці не застануцца абыякавымі і прымуць актыўны ўдзел як у абмеркаванні праекта Асноўнага Закона, так і ў рэферэндуме, які зацвердзіць яго.

— Нельга заставацца ўбаку, калі вырашаецца такое сур’ёзнае пытанне, — заклікаў Анатоль Ісачанка. — Канстытуцыя адказвае на самыя важныя для кожнага з нас пытанні: як будзем жыць і працаваць далей, якім будзе ўзровень нашай сацыяльнай абароны і падтрымкі, што трэба для захавання самаідэнтычнасці. І сёння ёсць магчымасць нешта яшчэ ўдакладніць і ўдасканаліць. Каб потым з чыстым сэрцам прыйсці на рэферэндум і выканаць свой грамадзянскі доўг.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара, mogіlevnews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».