Вы тут

Як стаць упэўненай і задаволенай? 8 важных правілаў, якія павінна ведаць кожная жанчына


Першарадная задача жанчыны – навучыцца жыць у гарманічных адносінах з сабой. І самую галоўную ролю ў гэтым адыгрывае напоўнены ўнутраны стан. Калі жанчына не разумее сваёй прыроды і не адчувае сябе каштоўнай, то з часам становіцца знясіленай, напружанай і агрэсіўнай. Таму так важна клапаціцца пра сябе і пра свой унутраны стан. Бо калі мы задаволены сабой і сваім жыццём, мы энергічныя, пазітыўныя ды ўдзячныя. Чым больш у жанчыны энергіі, тым лепш складаюцца яе адносіны з навакольнымі. Акрамя таго, жыццярадасныя дзяўчыны жывуць у згодзе з сабой, лягчэй пераадольваюць цяжкасці, у іх больш устойлівы імунітэт. Быць побач з радаснай жанчынай не толькі вялікая адказнасць, але і вялікае задавальненне. Дык як жа дасягнуць гэтага стану?


Сапраўдная і глыбокая любоў да сябе — гэта радаснае прыняцце сябе, сапраўдная самапавага, якая дае адчуванне свята ў душы: «Як добра быць такой, як я! Я шчасліва быць такой жанчынай!»

Любіце сябе. Любоў да сябе – гэта поўнае прыняцце сябе такой, якая ёсць. І гэта не эгаізм. Ваша самаацэнка – гэта падмурак, на якім будуюцца вашы поспехі і дасягненні. Палюбіце ўсе свае недахопы і пачніце ганарыцца добрымі якасцямі. Ідэальных людзей не існуе. Не здраджвайце сабе і сваім жаданням. Менавіта з-за недахопу любові да сябе псуюцца адносіны. Часцей нагадвайце сабе, што вы жанчына, якая вартая ўсяго самага лепшага. Гэта вельмі выгадна, таму што, калі мы любім сябе, то заўсёды выглядаем маладой і прывабнай, бо нішто так не ўпрыгожвае, як пазітыўны настрой. Як ні круці, сябе трэба шанаваць і шкадаваць.

Паўнавартасна жывіце сучаснасцю. Будзьце ўважлівыя да сябе – сваіх пачуццяў, жаданняў і патрэбаў. Бо людзі, якія жывуць мінулым, схільныя да дэпрэсіі, а людзі, якія жывуць будучыняй – вельмі трывожныя. Перастаньце турбавацца з-за дробязяў. Вы не зможаце ў поўнай меры шанаваць тое, што адбываецца з вамі сёння, калі вы занадта клапоціцеся аб тым, што здарыцца заўтра. Зразумейце простую рэч: заўтра ўсё роўна наступіць – незалежна ад таго, як моцна вы хвалюецеся. Адным толькі хваляваннем вы не зменіце сітуацыю, а толькі выдаткуеце энергію дарма. Старайцеся пазбягаць спрэчак і ўдзельнічаць у плётках. Гэта забірае ваш каштоўны час і зніжае прадуктыўнасць.

Важна: часцей адключайце інтэрнэт, выходзьце з сацыяльных сетак і адпачывайце ад сваіх смартфонаў. Замест гаджэтаў надасце ўвагу сям'і, сябрам, хобі і здароўю.

Пазбаўцеся ад згрызот сумлення. Для таго каб навучыцца казаць "НЕ", трэба быць упэўненай у сабе на 100 %. Менавіта высокая самаацэнка дазволіць адмаўляць і не адчуваць пры гэтым згрызот сумлення. Рашуча ігнаруйце патрэбы іншых, асабліва калі яны не адпавядаюць вашым магчымасцям. Не ахвяруйце сабой дзеля навакольных. Гэта будзе толькі вас знясільваць. Вызначыце, што для вас лепш, – адабрэнне асяроддзя ці ўласныя інтарэсы. Бо часцей за ўсё вы згаджаецеся на нязручныя для вас умовы, каб пазбегнуць пачуцця віны. Навучыцеся стрымліваць у сабе згрызоты сумлення ды не спрабуйце ўсім дагадзіць. Як бы вы ні імкнуліся, заўсёды знойдуцца незадаволеныя.

Майце зносіны з клапатлівымі мужчынамі. Жанчыне важна адчуваць сябе каханай і жаданай. Гэтыя адчуванні змогуць даць толькі тыя мужчыны, якія вераць у вас, побач з якімі ў вас вырастае любоў да сябе. Любіце толькі тых, хто любіць вас. Майце зносіны з тымі, хто адорвае вас пазітывам, і хто шчыра вам рады. Для такіх мужчын інтарэсы жанчыны будуць прыярытэтнымі. Яны з задавальненнем будуць вырашаць вашы праблемы і клапаціцца пра вас, пры гэтым нічога не патрабаваць ўзамен. Па-сапраўднаму каханы чалавек дасць гэта сам. Памятайце, нам, жанчынам, патрэбныя адносіны, якія прыносяць радасць, а не расчараванні.

Факт: калі ў вас будзе шмат энергіі, то вас заўсёды будуць атачаць рэсурсныя і высакародныя мужчыны!

Цешце і развівайце сябе. Пачніце свой дзень з думак аб тым, як зрабіць шчаслівай сябе ці кагосьці іншага, што добрага вы можаце зрабіць сёння? Стаўце мэты для духоўнага росту. Будзьце цікавай і незалежнай, перш за ўсё, для самой сябе. Будзьце актыўнымі, праганяйце ляноту і апатыю. Усвядомце, што толькі вы ў адказе за ўласныя рашэнні і захапленні. Сам-насам з сабой вам не павінна быць сумна і самотна, вы павінны быць захопленыя сваім жыццём. Шукайце заняткі, якія будуць развіваць вашы магчымасці, паўнавартасна раскрываць унутраны патэнцыял. І тады менавіта ваш яркі ўнутраны свет пачне з неверагоднай сілай прыцягваць навакольных.

Будзьце ўдзячныя за тое, што ў вас ужо ёсць. Заўсёды ёсць рэчы, якія мы жадаем мець, аднак пакуль не маем. Важна ісці да сваіх мэт, але няма сэнсу перажываць з-за таго, што вы іх пакуль не дасягнулі. Памятайце: ёсць хтосьці, хто шчаслівы, маючы менш, чым вы. Калі вы будзеце кожны дзень удзячныя за тое, што маеце, гэта дапаможа вам шанаваць сваё жыццё і свой выбар. У канцы дня запішыце тое з таго, што адбылося, за што вы ўдзячныя. Засяродзьцеся на станоўчых момантах у вашым жыцці, і вы будзеце расці духоўна.

Будзьце адкрытымі ў стасунках. Адкрытасць заўсёды заснавана на даверы, у тым ліку і да жыцця. Адкрыты чалавек – гэта той, хто можа дзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі, надзеямі ды марамі. Бо без шчырасці немагчыма развіваць блізкія і даверлівыя адносіны. Усміхайцеся часцей! Усмешка – гэта самы эфектыўны спосаб пазітыўнага ўздзеяння на сябе і навакольных! Калі вы ўсміхаецеся, вы атрымліваеце мноства пераваг. Напрыклад, вызваляеце эндарфіны, якія робяць вас больш шчаслівым. Нават калі вы ўсміхняцеся праз сілу, вы пачняце адчуваць сябе лепш. З усмешлівымі людзьмі хочацца знаходзіцца побач, каб убіраць іх пазітыў ды энергетыку. Гэты стан абяззбройвае, расслабляе, паднімае настрой, адцягвае ад праблемаў і клопатаў. Да таго ж гэта зробіць мужчын значна смялейшымі і рашучымі. Імкніцеся добра ставіцца да людзей, адзначайце іх дадатныя якасці, рабіце кампліменты.

Развітвайцеся з тымі, хто вас не шануе. Падумайце, што вы адчуваеце, маючы адносіны з людзьмі, якія ўвесь час атачаюць вас? Бо заўсёды ёсць людзі, у стасунках з якімі адчуваеш толькі маральнае спусташэнне і заняпад сіл. Ігнаруйце мужчын, якія нічога для вас не робяць. У такім выпадку вы губляеце сваю жыццёвую энергію. Памятайце, мужчыны не ўмеюць генерыраваць энергію, яны падсілкоўваюцца толькі ад жанчын: праз стасункі і фізічную блізкасць. Абсалютна кожны мужчына, знаходзячыся ў прасторы жанчыны, убірае яе настрой. Не дазваляйце вашаму асяроддзю паніжаць вашу самаацэнку. Заўсёды будуць людзі-крытыкі, якія з вялікім задавальненнем знойдуць у вас заганы, нават, калі іх і няма. Абмяжуйце кантакт з такімі людзьмі, а калі няма такой магчымасці, выкарыстоўвайце псіхалагічныя прыёмы абароны.

Важна: як толькі вы перастанеце растрачваць сябе на людзей, якія вас не шануюць, то імгненна будзеце напаўняцца энергіяй.

Калі казаць пра жыццёвыя сітуацыі, то вашу энергію крадзе любая незавершанасць, – няскончаныя справы, нястрыманыя абяцанні, пасіўнасць, сядзячы лад жыцця, адсутнасць новых уражанняў і аднастайнае жыццё.

Задаволеная жанчына – гэта тая, якая адчувае ў сабе жаночую сілу і ўмее жыць у сваё задавальненне. Гэта ўнутранае пачуццё дае магчымасць атрымліваць асалоду ад сябе. А для гэтага важна правільна харчавацца, паўнавартасна адпачываць, ўмець аднаўляцца ад стрэсу. Паколькі толькі душэўная гармонія і любоў да сябе дапаможа заставацца шчаслівай, жаданай і неабходнай. І шчодра дзяліцца гэтым станам з навакольнымі людзьмі.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?