Вы тут

Выстаўка дзіцячых архітэктурных праектаў праходзіць у цэнтры сучасных мастацтваў


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь гэтымі днямі праходзіць Шостая выстаўка архітэктурных праектаў Школы архітэктурнага мыслення для дзяцей. Экспазіцыя ўяўляе сабой характэрную паўгадавую справаздачу ўнікальнай адукацыйнай ініцыятывы і складаецца з архітэктурных праектаў і макетаў, створаных навучэнцамі школы за апошнія шэсць месяцаў. Прадстаўлены работы вучняў двух курсаў — «Сістэмнае мысленне» і «Развіццё».


Спазнаючы белы свет

Школа архітэктурнага мыслення заснавана архітэктарам Аляксандрам Новікавым і мастацтвазнаўцай, дызайнерам Аленай Карпілавай у 2016 годзе. Насуперак сваёй назве сталічная ўстанова дадатковай адукацыі прапануе навучэнцам не вузкаспецыяльныя веды ў галіне архітэктуры, а паўнавартасную праграму комплекснай, усебаковай адукацыі, заснаваную на ідэі аб міждысцыплінарным узаемадзеянні. Крэда каманды — данесці дзецям разуменне непарыўнай сувязі розных галін ведаў, разуменне іх узаемазалежнасці.

Структура ўстановы налічвае больш ад 16 студый: уласна архітэктуры, сучаснага мастацтва, скульптуры, журналістыкі, графічнага дызайну, псіхалогіі, біялогіі, сацыялогіі, эканомікі і многія іншыя. У педагагічны склад уваходзіць каля 50 спецыялістаў-практыкаў, кожны з якіх дасягнуў у той ці іншай дысцыпліне пэўных вышынь і напрацаваў сабе імя. У сваёй дзейнасці педагогі-куратары прытрымліваюцца інавацыйных падыходаў, пазычаных у найлепшых адукацыйных устаноў свету: ад скандынаўскіх школ да Гарварда, ад Архітэктурнай асацыяцыі ў Лондане да інстытута «Стрэлка» ў Маскве.

Ядром адукацыйнай праграмы, вакол якога пабудавана ўсё астатняе, з’яўляецца, натуральна, архітэктура. Думаецца, ніхто не стане аспрэчваць думку, што дойлідства — з’ява комплексная і складаная. Адпаведна, і тыя, хто ўзяўся гэтую ніву апрацоўваць, могуць лічыцца спецыялістамі ўніверсальнымі. Паспяховы архітэктар павінен добра разбірацца ў розных сферах чалавечай дзейнасці і быць максімальна дасведчаным ва ўсіх асноўных дысцыплінах на так званай лесвіцы навук (ды і ў многіх больш дробных таксама).

Архітэктура як акумулятар ведаў, пункт судакранання розных сфер чалавечай дзейнасці, што знаходзіцца на сумежжы паміж мастацтвам і тэхналогіямі, творчасцю і дакладнымі навукамі, уключае поўную гаму актуальных (для таго ці іншага перыяду гісторыі) уяўленняў аб навакольным свеце. Уласна кажучы, таму пад «архітэктурным мысленнем» у дадзеным выпадку трэба разумець менавіта згаданыя сістэмнасць і міждысцыплінарнасць.

Які ён, мой будучы дом?

На Шостай выстаўцы архітэктурных праектаў экспануюцца малюнкі «ідэальных дамоў», выкананыя, як належыць, у трох плоскасцях (фасад, план і разрэз). Амаль для ўсіх праектаў дзецьмі з падручных матэрыялаў зроблена аб’ёмная мадэль — макет «Майго ідэальнага жытла». Кожная з работ суправаджаецца тлумачальнай запіскай, подпісам і дадатковай інфармацыяй, пакінутай аўтарам на паперы (гэта могуць быць легенда з умоўнымі знакамі, надпісы на самім малюнку альбо часам гісторыі, звязаныя з задумай).

Навучэнцы курса «Сістэмнае мысленне» з дапамогай сваіх праектаў спрабуюць адказаць на сур’ёзныя пытанні, якія тычацца архітэктуры: што такое дом? якія ў яго вобраз і форма? як на яго выгляд уплываюць кліматычныя асаблівасці? ды навошта ён увогуле патрэбны? Працу над уласна архітэктурнымі праектамі дзеці, назапасіўшы веды, пачыналі толькі пасля праходжання курсаў 14 студый (ад паліталогіі да сторытэлінгу). Іншымі словамі, выстаўленыя работы ёсць вынік паўгадавога разумовага напружання.

Тэматычна дзяцей ніяк не абмяжоўвалі. Усе іх ідэі, як запэўніваюць стваральнікі выстаўкі, педагогамі-куратарамі толькі падтрымліваліся і развіваліся. Само сабой, ход работы абмяркоўваўся на групавых занятках. Падчас такіх сеансаў дзеці спрабавалі абараняць і прэзентаваць свае праекты. Падобныя практыкі, як сцвярджаецца, спрыяюць лепшаму разуменню творчых задач і нюансаў мастацкага замыслу. І, паверце, тут няма ніякіх хітрыкаў, бо за знешняй прастатой малюнкаў нярэдка хаваюцца па-сапраўднаму глыбокія ідэі.

Напрыклад, якім чынам наладзіць электразабеспячэнне, калі дом перасовачны і не мае пастаяннага геаграфічнага адраса (а такіх у экспазіцыі шмат)? З якога матэрыялу трэба будаваць дом на вадзе (таксама папулярная сярод дзяцей ідэя), каб ён не патануў, захаваў цэласнасць на доўгія гады і пры гэтым заставаўся камфортным для пражывання? Кожны з юных архітэктараў знаходзіць адказы на такія пытанні самастойна. Часта гэта, як вы можаце здагадацца, вельмі нетрывіяльныя рашэнні з непрадказальным фіналам.

У адрозненне ад вучняў секцыі «Сістэмнага мыслення» навучэнцы курса «Развіццё» даследавалі свет і спрабавалі зразумець, якім чынам пабудавана наша планета з пунктаў гледжання геаграфіі, біялогіі і экалогіі. Вынікам іх працы сталі вялікія макеты Зямлі з нанесенымі акіянамі, кантынентамі, краінамі, а таксама прадстаўнікамі эндэмічных форм фаўны. Да макетаў далучаюцца архітэктурныя фантазіі вучняў на тэму жылля ў розных пунктах свету. Дзеці прыдумвалі жылыя пабудовы, арыентуючыся на клімат і нават эканоміку асобных краін.

Хадзячыя замкі і робаты-кракадзілы

Узрост удзельнікаў выстаўкі — ад 5 да 10 гадоў. Цікава, што яго часта можна ўгадаць па самой рабоце. Напрыклад, аўтараў ва ўзросце 5-7 гадоў звычайна нічога, акрамя, так бы мовіць, чыстага мастацтва, не цікавіць. Галоўнае, каб у доме маглі змясціцца асноўныя члены сям’і, тыя, хто заўсёды побач: мама, тата і пры наяўнасці браты і сёстры. Сталеючы, дзеці ўдакладняюць межы «сям’і». Цяпер мамы з татай недастаткова, не абысціся і без бабулі з дзядулем і нават без любімых хатніх гадаванцаў. Зразумела, для ўсіх насельнікаў ідэальнага дома прадугледжаны асабістыя пакоі (нават для жывёл).

Акрамя таго, з павышэннем узросту ў «архітэктараў» з’яўляюцца і новыя патрабаванні. Скажам, у «Бамбукавым доме» дзесяцігадовай Дамінікі Шашок побач з асабістай «спальняй» галоўнага дойліда размясціўся і ложак для яе сяброўкі: «Тут спальня — і я. Тут спіць мая сяброўка». У сваю чаргу праект «Дома для людзей і жывёл» дзевяцігадовай Эмы Шахловіч змяшчае вялізную гардэробную і разлічаны на пастаяннае пражыванне ў ім менавіта пяці чалавек ды дзвюх жывёлін. Такіх вось цікавых дэталей у экспазіцыі вялізная колькасць!

Апошні трэнд «дзіцячай архітэктуры», мяркуючы па прадстаўленых на выстаўцы работах, рухомыя пабудовы. Тут можна знайсці вандроўныя дамы на любы густ: хадзячыя, лятучыя, плавальныя, дамы-ўсюдыходы... Адно толькі — звычайных «дамоў на колах» тут няма. Найбліжэй да гэтага паняцця падбіраецца хіба што «Шар, які ездзіць па дарозе» з загадкавай назвай «Мобуль» (аўтар праекта — Ілья Мамчыц, 7 гадоў). Дарэчы, усе забаўныя арфаграфічныя недакладнасці старанна захаваны. З пацешных прыкладаў згадваюцца «куфня» альбо «Кацредом», дзе стрэлачкамі перастаўлены месцамі «е» і «р».

З іншых трэндаў, заўважных у экспазіцыі, можна выдзеліць памкненне архітэктараў выбраць экзатычнае месца для будаўніцтва. Дамы пад вадой, дамы ў скалах, дамы ў ільдах запаланілі выставачную прастору. Звычайна такія праекты вырашаюцца ў двух кірунках: альбо будынак уступае ў прамое супрацьстаянне з навакольным асяроддзем, альбо, наадварот, існуе ў гармоніі з ім. Напрыклад, «Дом Мядзведзь» (Міша Хвацік, 7 гадоў), які «знаходзіцца ў лесе ў Расіі», пабудаваны вакол ручая і напоўніцу выкарыстоўвае рэсурсы праточнай вады. Чымсьці нават нагадвае вядомы «эскіз дома наглядчыка ракі Лу» французскага мегаламана, архітэктара неакласіцызму Клода-Нікаля Леду.

Ёсць у экспазіцыі і надзвычай экстравагантныя праекты. З найбольш уражальных успамінаецца, напрыклад, «Свінка-скарбонка» сямігадовай Леі Дабаровіч. Велічэзная свіння ружовага колеру з панарамным дахам і басейнам унутры, зробленая з гумы і шкла ды пузам пакладзеная на ваду. У легендзе праекта, апроч іншага, пазначаны трохвугольнік — там, дзе трохвугольнік, там «пахне спакоем». Іншы шэдэўр сярод прадстаўленых на выстаўцы — «Усіх-відзімка!!!» васьмігадовай Эвеліны Кісялёвай. Усе сцены ў ім празрыстыя, акрамя ваннай: «Я люблю, калі ўсё бачна».

Атмасфера ў выставачнай зале прасякнута светлымі, вельмі цёплымі адчуваннямі. Экспазіцыя нібыта прызвана нагадаць наведвальнікам аб нястрымным крэатыве і той жыватворнай энергіі, якія хаваюцца ў кожным без выключэння чалавеку, пачынаючы з самага дзяцінства. Буянства колераў і форм, ігнараванне «здаровага сэнсу», фантазія і казка — тое, з чаго складаецца новая выстаўка, тое, што сустракае яе наведвальнікаў з парога. І будзьце ўпэўнены: нават самы закарузлы мозг адшукае для сябе тут нешта ўражальнае.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота аўтара і з сайта aschool.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».