Вы тут

Як не дазволіць ляніваму арганізму камандаваць сабой, калі на вуліцы холадна?


Напэўна, не так проста знайсці тых, хто не абяцае сабе пачаць з новага года новае жыццё — больш усвядомленае, поўнае карысных заняткаў, без ляноты і пракрастынацыі. І заняцца нарэшце сваёй фізічнай формай! Але дні ўсё яшчэ карацейшыя за ночы, сонейка прачынаецца пазней за нас і па-ранейшаму няпроста падняць сябе з канапы: зімовая спячка — яна такая! Але вясна ўсё ж прыйдзе, і сустрэць яе лепш спартыўнымі і падцягнутымі.


Мы спыталі ў розных трэнераў, што трэба зрабіць, каб першая трэніроўка не стала апошняй... Не, гаворка не пра траўмы, а пра той выдатны сцэнарый, па якім развіваюцца адносіны з фізічнай актыўнасцю ў вельмі многіх дарослых людзей, якія не здолелі пасябраваць са спортам з дзяцінства. Звычайна ён такі: цвёрдае рашэнне; першы тыдзень, у некаторых выпадках месяц — рэзкі старт, актыўныя трэніроўкі, рашучы настрой стаць найлепшай версіяй сябе; наступны тыдзень (месяц, калі вы ўпартыя і быццам бы заматываваныя) — боль у мышцах, апатыя, пытанні накшталт «Мне гэта трэба?», першыя пропускі трэніровак; фінальны этап — «Я б з радасцю, але няма часу», «неяк не склалася», «фізуха — гэта не маё», «лепш на дыеце пасяджу». І самае любімае: «Пачакаю лета і пачну бегаць па раніцах» (так-так, вядома, верым!).

Рэгулярнасць — аснова любых дасягненняў, кажуць трэнеры, яна дапамагае дамагчыся выніку. А дасягнуць рэгулярнасці можна, толькі маючы правільную матывацыю да заняткаў. Бо ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці, у першую чаргу адбываецца ў нас у галаве.

Фітнес

— Калі чую пытанне, як прыйсці ў форму да вясны, заўсёды адчуваю здзіўленне: не разумею, навошта запускаць сваю фізічную форму з прыходам зімы, каб потым трэба было тэрмінова «ў яе прыходзіць». І наогул, пры чым зіма або любая іншая пара года да ляноты? — кажа фітнес-трэнер Павел Фархадаў. — Улетку пэўныя віды нагрузак больш арганічныя, але ёсць тыя віды фізічнай актыўнасці, якім значна лепш падыходзіць зіма. Напрыклад, сілавыя трэніроўкі ў зале. Не падабаюцца сілавыя трэніроўкі? Цяпер практычна ў любым горадзе ёсць мінімум адзін басейн і можна знайсці вельмі недарагія абанементы. У Беларусі маюцца выдатныя гарналыжныя комплексы — зімовыя віды спорту зараз да таго ж у модзе. Таксама закрытыя каткі, каб катацца на каньках. Да вашых паслуг дасведчаныя трэнеры практычна па любых відах спорту, прычым ствараюцца групы не толькі для дзяцей і юнацтва ў разліку на спартыўныя дасягненні, але і для дарослых, хто жадае атрымаць новыя веды і навыкі, разнастаіць сваё жыццё. І зімой, і летам ёсць магчымасць фізічнай актыўнасці на любы густ — галоўнае, каб было жаданне.

— Ці ёсць у фітнесе сезоннасць?

— Так, і якраз цяпер пік: пасля Новага года людзі звычайна вырашаюць, што пара пачаць новае жыццё і пасябраваць з фізічнай актыўнасцю. Галоўнае, каб гэтая рашучасць не скончылася праз два тыдні... Наплыў у фітнес-цэнтры таксама бывае ў верасні («новае жыццё з новага вучэбнага года ў ВНУ або вучэбнага года дзяцей»), потым бліжэй да Новага года аматараў ЗЛЖ менш. Студзень — наступны пік. І потым у сакавіку — красавіку падцягваюцца «спрынтары», якім трэба тэрмінова скінуць лішнія кілаграмы да цёплага сезона. Калі мы здымаем пухавікі і — «ой, а я, аказваецца, за зіму дадаў(ла) у вазе!».

— А якая матывацыя прыводзіць сучаснага чалавека ў фітнес-цэнтр?

— «Падставы» звычайна тры. Першая самая распаўсюджаная: «Хачу падцягнуць фігуру да вясны» або «...да водпуску, каб добра выглядаць на пляжы». Гэта самы звычайны матыў, і, на жаль, такая матывацыя прагназуе чалавеку правал. Больш доўгачасовы матыў — калі чалавек бачыць хоць нейкую перспектыву. Гэта «Хачу, каб мне прыемна было глядзець на сябе ў люстэрка». Працуе толькі трэці від матывацыі — трэніроўкі дзеля ўласнага здароўя. Менавіта гэтая матывацыя забяспечвае поспех: прыгожую постаць, правільныя прапорцыі цела і задавальненне ад адлюстравання ў люстэрку. Таму што толькі здароўе дае знешнюю прыгажосць.

— Ці бывае, што няправільная матывацыя з часам мяняецца на правільную?

— Бывае, і даволі часта. І тады заняткі будуць эфектыўныя. Калі першаснае «хачу скінуць шэсць — восем кілаграм» або «хачу вось тут падкачаць» зменіцца на правільны матыў «хачу быць здаровым і адчуваць сябе поўным сіл « — усё атрымаецца. І гаворка не толькі аб знешнасці. Ведаеце, у інтэрв'ю спартсменаў часта можна сустрэць такія словы: «Спорт змяніў маё жыццё». Дык вось, гэта не вобразны выраз. Любы спорт, і фітнес у тым ліку, вучыць ставіць мэты і працаваць для іх дасягнення, робіць чалавека спакойным і ўпэўненым у сваіх сілах. І часта — я сам бачыў такія прыклады — змяняе да лепшага не толькі знешнасць, але і псіхалогію і ў цэлым жыццё чалавека.

Трэнажорная зала

— Цяпер аб матывацыі модна разважаць. Ёсць мноства матывацыйных відэа, нават матывацыйныя трэнеры. Але вось якое пытанне ў мяне ўзнікае: навошта наогул патрэбна нейкая адмысловая матывацыя, каб паступаць правільна? — кажа інструктар адной з сетак трэнажорных залаў Мікіта Сушчэня. — Навошта нейкая асаблівая матывацыя, каб, напрыклад, клапаціцца пра сваё здароўе? Проста ўстаньце перад люстэркам — вам падабаецца? Калі так — не ідзіце ў трэнажорку. А калі не — якая яшчэ вам патрэбна матывацыя?

— Кажуць, трэнажорная зала падыходзіць далёка не ўсім...

— Не пагаджуся. Але, сапраўды, многія прыходзяць да такой высновы — у выпадку, калі займаліся без трэнера. Прафесійны інструктар важны ў трэнажорнай зале — хаця б на пачатковым этапе. Бо, каб дамагчыся выніку, трэба рухацца паэтапна, дакладна вызначыўшы план. Спачатку важна прыйсці ў агульную фізічную форму, павысіць цягавітасць, падрыхтаваць да нагрузак мышцы і звязкі і толькі потым прыступаць да прапрацоўкі асобных груп мышцаў. Калі гэтага не зрабіць — вось тады і ўзнікае нелюбоў да трэнажоркі як вынік траўмаў і назапашанай стомленасці.

— Але ж жанчыны і мужчыны імкнуцца да рознага выніку, калі прыходзяць у трэнажорную залу...

— Ёсць стэрэатып, што трэнажорка больш падыходзіць мужчынам, а жанчыны могуць ад сілавых трэніровак стаць менш жаноцкімі. Гэта вельмі распаўсюджанае меркаванне, але яно далёка ад ісціны. Дзяўчаты-бодзібілдаршы, якіх можна ўбачыць у інтэрнэце, трэніруюцца па спецыяльных праграмах і прыкладаюць шмат намаганняў, каб накачаць пэўныя групы мышцаў. А наогул жаночы арганізм, у адрозненне ад мужчынскага, не выпрацоўвае неабходныя для набору мышачнай масы гармоны, і без спецыяльных трэніровачных праграм фігуру бодзібілдаршы жанчыне не атрымаць. Таму эфект ад заняткаў на трэнажорах у мужчын і жанчын будзе розны. Дзяўчатам яны дапамагаюць зрабіць постаць больш жаноцкай, а мужчынам — больш мужнай.

— Дылетанцкае пытанне: праз які час рэгулярных трэніровак (дапусцім, двойчы ў тыдзень) можна будзе ўбачыць у люстэрку нейкі станоўчы вынік?

— Гэта заўсёды індывідуальна. І першы вынік вы не ўбачыце ў люстэрку. Вы спачатку яго адчуеце. Гэта яскравае паляпшэнне самаадчування. Знікне санлівасць, сыдзе дрэнны настрой, млявасць і апатыя — звычайныя спадарожнікі зімы ў нашых шыротах. А пазней прыйдуць і першыя знешнія перамены. Крыўдна, калі кідаюць хадзіць у залу, не дайшоўшы да гэтага моманту. Так бывае, калі чалавек першапачаткова прыходзіць трэніравацца, як мы кажам, «дзеля сэлфі». І пакідае заняткі на тым этапе, калі закладваюцца вынікі, якія парадуюць праз месяц-паўтара. Калі гэты этап пройдзены, вы ўжо не кінеце, таму што трэнажорка зацягвае. Тут усё пабудавана на руху ад выніку да выніку, на добразычлівасці, узаемадапамозе і пачуцці агульнасці — як і ў любым спорце.

Ёга

— Тое, што фізічная актыўнасць павінна быць у жыцці любога чалавека, сёння — аксіёма. Але вельмі часта людзі шукаюць падставу не прыйсці ў ёга-цэнтр або трэнажорную залу, а падставу гэтага не рабіць. Між тым часцяком у нас няма праблем з тым, каб знайсці час нанесці свайму здароўю шкоду, — кажа трэнер па ёзе Мілана Гаравец. — На сядзенне ў сацсетках, на вячоркі з сяброўкамі ў піцэрыі, на каву з каларыйнымі прысмакамі і гэтак далей. Мне здаецца, часта мы недаацэньваем свае сілы. Калі, гледзячы ў люстэрка, уяўляць, колькі трэба працы, каб зрабіць сваю постаць больш падцягнутай — хутчэй за ўсё, у вас апусцяцца рукі. На самай справе чалавек па прыродзе хутчэй схільны да песімізму, чым да аптымізму. Ды многае ў жыцці сапраўды залежыць толькі ад нас — у тым ліку знешнасць і самаадчуванне.

— Ці ёсць нейкія прыёмы і хітрасці, якія дапамогуць «уцягнуцца» і не кінуць заняткі спортам на тых этапах, пакуль вынікі яшчэ не прыкметныя?

— Я б назвала некалькі прынцыпаў, якія садзейнічаюць эфектыўнасці трэніровак. Але самае галоўнае ўсё роўна — уласнае рашэнне не плыць па цячэнні, а стаць гаспадаром свайго жыцця. Такім чынам, прынцыпы наступныя:

  • Прывядзіце сябра. Разам лягчэй пераадольваць ляноту і стомленасць: калі некаму аднаму будзе «не ахвота», другі падбадзёрыць і падтрымае. Па статыстыцы, калі людзі прыходзяць займацца ўдваіх, яны значна даўжэй наведваюць трэніроўкі, займаюцца больш інтэнсіўна і хутчэй дасягаюць вынікаў.
  • Знайдзіце сімвал. Набудзьце прыгожую форму для трэніровак. Форма стане сімвалам вашага рашэння пасябраваць са спортам і дадасць сіл і жадання выглядаць прывабна. Яшчэ адным сімвалам можа стаць, напрыклад, дыван для ёгі. Так, можна скарыстацца агульным (яны заўсёды ёсць у залах), але свой уласны сімвалізуе, што ёга цяпер — частка вашай жыцця.
  • Стварыць куміра. Магчыма, гэта здасца вам смешным, але гэта працуе. Нават калі ў дзяцінстве ў вас не было куміра, вырашыўшы заняцца спортам (няхай гэта будзе ёга, трэнажорка або любы іншы від актыўнасці), самы час яго стварыць. Вы хацелі б выглядаць, як... хто? Павесьце постар з абраным ідэалам на сценку, усталюйце «абоі» на рабочым стале або проста трымаеце вобраз перад мысленным зрокам — ён дапаможа вам не страціць матывацыю.
  • Уставайце са світаннем. Калі раніцай вы валяецеся ў ложку да апошняга, а потым стрымгалоў несяцеся на работу, то ўвечары, хутчэй за ўсё, будзеце адчуваць сябе «выціснутым лімонам», здольным толькі на прагляд серыяла. Раняе абуджэнне валодае магіяй: яно зараджае бадзёрасцю. Асабліва калі пачаць свой дзень з зарадкі, абсалютна любой, а не па нейкай адмысловай методыцы.
  • Шукайце — і знойдзеце. Відаў фізічнай актыўнасці цяпер мноства — можна знайсці тое, што падыдзе менавіта вам. Наведвайце трэніроўкі розных трэнераў, тым больш многія запрашаюць на пробныя заняткі бясплатна. Не бойцеся, здавалася б, зусім «не падыходзячых вам» варыянтаў. І абавязкова знойдзеце той кірунак, які з'яднае вас са спортам на доўгія гады.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.