Вы тут

Навошта бяліць комін, калі яго чысціць і чым сілкаваць «сэрца» хаты?


 Запаліла аднойчы мая матуля печ, а дым раптам не ў комін, а на хату пайшоў. «Вось дык неспадзяванка: печ жа толькі гадоў сем як нанова перароблівалі — павінна працаваць як мае быць», — падумалася мне тады. Кінулася шукаць паратунку ў спецыялістаў, якія адразу сказалі: справа найхутчэй у тым, што печ даўно не чысцілі. Аказалася, калі паліш яе толькі ліставымі дровамі, то комін можна не чысціць вельмі доўга, а вось калі дадаеш торф — варта чысціць раз на тры гады. Але самы бяспечны варыянт — рабіць гэта штогод на пачатку ацяпляльнага сезона.


Як сажа становіцца смалой

Бадай што самыя небяспечныя дровы для печы — хваёвыя. З-за іх смалістасці комін хутчэй забруджваецца, ды і рызыка ўзгарання сажы большая, а патушыць такое полымя вадой практычна немагчыма. А вось асіна, наадварот, мае «ачышчальны эфект» для коміну. Самы небяспечны варыянт — паліць толькі брыкетам, бо комін вельмі хутка «зарастае» сажай. А пры доўгай адсутнасці гаспадароў у ім могуць з'явіцца новыя жыхары: птушкі ці шэршні. Як правільна абыходзіцца з печчу, каб яна добра награвала хату, расказалі камінары, якія абслугоўваюць Гродзенскую, Мінскую і Брэсцкую вобласці.

Многія ўяўляюць, што камінар, каб пачысціць комін, абавязкова палезе на страху і адтуль будзе засоўваць у трубу ёршык. Аказалася, наадварот: прылада засоўваецца ў грубку і па каналам уздымаецца на самы верх так, што кончык ёршыка тырчыць з трубы. Пачысціць печ — справа даволі адмысловая, бо не існуе стандартнай схемы яе пабудовы, але ж прынцып адзін, таму, набіўшы руку, спраўляешся з любой. Вядома, калі печ не закінулі канчаткова, сцвярджаюць майстры.

— Калі канструкцыя печы простая і ў ёй няма мудрагелістых каналаў для дыму, то можна чысціць яе радзей. Аднак печ, якая «спажывае» брыкет, лепш чысціць рэгулярна. За летні час, калі печ не паліцца, яна становіцца крыху вільготнай, і сажа, што застаецца ў коміне ад спальвання торфу, робіцца як смала — крышталізуецца. Калі печ пасля падпальваеш, гэтая смала абпальваецца, і наслаенне павялічваецца. Здараецца, комін забруджваецца настолькі, што яго ўжо не пачысціць — застаецца толькі печ перарабляць. Смалістыя адкладанні моцныя, як бетон. Менавіта таму і не варта паліць толькі брыкетам, — кажа Ян. — Сажа назапашваецца нават на юшцы, і яе становіцца цяжка адкрываць і закрываць.

Акурат у гэты час менавіта юшку ён і чысціў, бо тая сапраўды ўжо амаль не рухалася з месца і закрыць яе было цяжка. На паверхні блішчэла тая самая чорная смала. Тут «дапамаглі» яшчэ і ападкі, якія трапляюць у трубу, таму майстры (іх прыехала трое) параілі зрабіць над ёй на страсе казырок.

— Бывае, прыходзіцца чысціць комін і звонку, бо дымаход робяць не па прамой ад печы, а выводзяць убок, ствараючы такім чынам дадатковы вузел, які нагадвае прыступку. І якраз у гэтым месцы дымаход часта забіваецца, — дадае Саша. — На наяўнасць птушыных гнёздаў на вока не праверыш. Трэба са страхі ёршык апускаць праз трубу.

Для людзей — цяпло, для шэршняў і птушак — жытло

У печах, якія будаваліся даўней, не заўжды ёсць нават ачышчальныя адтуліны — невялікія лючкі, праз якія можна выграбці сажу і рабіць якія варта на кутах печы, дзе пераходзяць каналы. Раней людзі на іх эканомілі. Каб пачысціць такую канструкцыю, даводзіцца вымаць кафліну ці цагліну проста з боку печы. Нават юшкі тады былі не ва ўсіх — закрывалі дымаход, хто чым мог. Цяпер кафляй печы абкладваюць рэдка, бо сучасныя цагліны і так прыгожа выглядаюць, а награецца такая печ хутчэй, тлумачаць камінары:

— Гаспадарам варта самім перад кожным ацяпляльным сезонам адчыняць гэтыя лючкі і выграбаць з іх попел, каб зменшыць колькасць сажы, асабліва калі ў печы вузкія каналы і вы паліце яе брыкетам. Увогуле, за станам печы трэба сачыць, а комін — абавязкова бяліць. Калі канструкцыя пачынае дыміць, на белым застаюцца цёмныя плямы, значыць, шчыліна ёсць — трэба ратаваць. Асабліва варта біць пільнымі, калі ў хаце дзве печы, аб'яднаныя ў адзін дымаход, — раіць Саша. — Калі цяга ў печы добрая, то ў комін могуць паляцець іскры, якія ў літаральным сэнсе вылецяць у трубу. Аднак па дарозе яны могуць запаліць сажу.

Камінары жартуюць, што часта выконваюць работу ратавальнікаў, калі прыязджаюць чысціць комін, а там — гняздо шэршняў у дымаходзе.

— Уяўляеце, што будзе, калі такую печ запаліць? Як свечка зоймецца! Вось і даводзіцца нам ад іх пазбаўляцца, бо выселіць насякомых не можа нават участковы, — смяюцца яны. — Часам і птушкі гнёзды ў дымаходзе робяць, так што не сумна.

Хлопцы кажуць, што работа ім падабаецца.

— Ты паўсюдна ездзіш, сустракаешся з новымі людзьмі, бачыш, як яны жывуць, як паміж сабой камунікуюць. Штораз заўважаем нешта новае, — тлумачыць Ян.

Сёлета яны плануюць пашырыць фронт работ ужо на ўсю Беларусь. Яно і не дзіва: камінары — спецыялісты штучныя. На ўсю краіну хіба пару дзясяткаў набярэцца тых, хто і печ складзе, і пасля чысціць яе будзе. Печнікі найчасцей робяць толькі сваю справу, а абслугоўванне — не іх турбота, гавораць хлопцы.

Камінарамі яны сталі, лічы, выпадкова. Проста адзін з сяброў пазваніў па аб'яве ў пошуках работы, а пасля і астатнія падцягнуліся. Вучыліся справе літаральна на печках: глядзелі, слухалі, шукалі інфармацыю ў інтэрнэце. Ян па адукацыі, між іншым, аграном, а Саша — будаўнік, і паміж сабой яны браты.

«Зімнік», газета і кафля

Пакуль камінары чысцілі ды грукалі, з печы то кавалак цэглы выскокваў, то шкловаты шматок...

— Колькі ў вас «дабра» ўсякага тут, — прыгаворвалі майстры, з сілай прасоўваючы ёршык усё далей па ўнутраным лабірынце печы. — І гэта толькі ў каналах, а не ў самой печы.

Карацей, генеральную ўборку «сэрца дома» майстры зрабілі цалкам: пачысцілі і коміны, і абедзве печы. Хлопцы, дарэчы, прыехалі з прамысловым пыласосам, так што пасля работы ў хаце дым каромыслам не стаяў. Хаця бруду назбіралася паўтара вядра, але гэта, кажуць яны, зусім не шмат.

— Наш рэкорд па брудзе з адной печы — два мяхі з-пад цукру, — гаворыць Ян. — Там столькі ўсяго было, нават венік у дымаходзе!.. А самае крыўднае, што гэту печ налета гаспадары збіраліся перарабляць, і проста чысцілі перад зімой, бо бабулі было холадна ў хаце.

Чым таўсцейшы слой попелу, што асядае на сценках каналаў, тым сапраўды марудней награецца печ. А ў пачышчаным дымаходзе цяга большая, і, адпаведна, тэмпература, значыць, цагліны ў печы хутчэй награюцца і аддаюць цяпло ў памяшканне, тлумачаць майстры. Каб давесці адну печ да ладу, ім трэба гадзіна-паўтары.

А вось правяраюць вынік сваёй працы камінары... з дапамогай газеты. Аказваецца, у яе настолькі вялікія цеплавыя здольнасці, што яна імгненна награвае паветра ў грубцы. Калі спаліць у печы дзве-тры штукі, паветра ўнутры адразу стане такім гарачым, што руку не ўсунеш.

— Цягне добра — значыць, каналы чыстыя, прагрэліся. Толькі попел пазней дастанеце, як астыне, бо ён зараз як вуголле. А спалілі ж толькі некалькі газет, — канстатуе Павел, які прагравае такім чынам каналы ў печы і сочыць, як паводзіць сябе агонь. — Цяпер яшчэ праверым, як «зімнік» працуе.

«Зімнік» — гэта ляжанка, ад якой я не наважылася адмовіцца, калі перараблялі печ, робячы яе фактычна плітой на дровах. Затое кафля на ляжанцы награваецца, і на ёй цёпла ды ўтульна. Апошнія два месяцы мама падсушвае на ёй дровы, перад тым як падпальваць печ, бо заказанае ў лістападзе паліва аказалася проста «сыромляй», і каб прапаліць хату, дроў трэба ўтрая больш, чым звычайна. Так што на ўласным досведзе пераканаліся, што дровы трэба рыхтаваць усё ж летам.

У другой печы ў нас якраз не зроблены лючкі, таму камінарам прыйшлося вымаць кафліну і праз гэтую адтуліну чысціць каналы. На такія выпадкі майстры возяць з сабой і цэглу, і запасныя цагліны, і кафліны. Пасля чысткі не толькі ўсё назад вярнулі, але яшчэ і вакол дзвярэй грубкі швы цэглай прамазалі. Яны з часам трэскаюцца, бо праз высокую тэмпературу моцна награваецца і пашыраецца метал дзверцаў. З такіх расколін таксама можа ісці дым на хату, таму за станам вакол дзвярэй топкі варта сачыць. Можна, дарэчы, замазваць іх не глінай, а сучаснымі тэрмаўстойлівымі замазкамі, хаця гліна ўжо праверана часам.

Працу камінараў мама ўжо ацаніла. Печ цяпер награваецца хутчэй, і дымам не пахне.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.