Вы тут

Аляксандр Кадлубай: Паспяховы педагог — аб'ект для пераймання


Настаўнік — прафесія далёкага дзеяння. Пісьменнік жыве ў творах, мастак — у карцінах, а педагог — у думках і ўчынках сваіх вучняў. Ён знаходзіцца на прамой сувязі з кожным пакаленнем. У каго яшчэ ёсць магчымасць глядзець штодзённа вочы ў вочы сваёй будучыні, напаўняць жыццё дзіцяці сэнсам, спраўджваць яго чаканні?

Дык ці можа быць непрэстыжнай прафесія настаўніка? Хто і што робіць яе прэстыжнай? Што трэба зрабіць, каб у школу прыйшлі прафесіяналы? Аб усім гэтым мы гутарым з намеснікам міністра адукацыі нашай краіны Аляксандрам Кадлубаем.


Натхніць на выбар

— Аляксандр Уладзіміравіч, вось ужо некалькі гадоў запар у вядучай профільнай ВНУ краіны — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце — канстатуюць рост цікавасці з боку выпускнікоў да педагагічных спецыяльнасцяў. Растуць і прахадныя балы. З чым звязана гэтая тэндэнцыя? Як лічыце, хто найперш павінен клапаціцца пра тое, якія людзі прыйдуць заўтра працаваць у школу? Педагагічныя ўстановы вышэйшай адукацыі, бо ім патрэбны студэнты? Адміністрацыя школ разам з настаўнікамі, каб было каму перадаць сваю справу? Ці грамадства, бо школа без настаўніка існаваць не можа?

— Ключавым фактарам, які істотна змяніў сітуацыю з кантынгентам тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці, стала ўвядзенне ў 2015/2016 вучэбным годзе профільных педагагічных класаў на старшай ступені школы. Але работу па арыентацыі здольных ды паспяховых навучэнцаў на педагагічную прафесію, іх адбор у профільныя педагагічныя класы трэба распачынаць як мага раней. У адрозненне ад іншых прафесій агітацыя за прафесію педагога пачынаецца ўжо з першага класа і адбываецца кожны дзень на працягу адзінаццаці гадоў. Калі настаўнікі кажуць, што яны не могуць сфарміраваць педагагічны клас, бо да гэтага напрамку няма інтарэсу з боку навучэнцаў, няхай пашукаюць прычыны ў сабе. Ці бачылі іх вучні перад сабой упэўненага і самадастатковага чалавека? Між іншым, паспяховы педагог мае большы ўплыў на дзяцей і іх бацькоў, чым любыя сродкі масавай інфармацыі. Ён становіцца аб'ектам для пераймання. Чаму ўвогуле выпускнікі педагагічных ВНУ вяртаюцца ў школы, дзе навучаліся? Мяркую, што з прычыны атмасферы, якая там панавала, праз настаўнікаў, якія натхнілі іх на прафесійны выбар.

У рэаліях нашага часу вобраз настаўніка ў вачах бацькоў, а значыць, і грамадскасці, у большай ступені фарміруецца дзецьмі, з якімі ён штодня кантактуе. Настаўнік-няўдачнік, настаўнік-аўтсайдар, які ўвесь час скардзіцца на нізкі заробак і цяжкія ўмовы працы, адназначна ўспрымаецца дзецьмі як адмоўная мадэль жыцця, а прафесія настаўніка — як неперспектыўная.

На жаль, у кожнай прафесіі ёсць выпадковыя людзі, для якіх паняцце «прафесійны гонар» — пусты гук. Але менавіта яны ў многім фарміруюць негатыўны імідж. У пэўны прамежак часу педагагічныя спецыяльнасці станавіліся для некаторых абітурыентаў «запасным аэрадромам». Праца ў сістэме адукацыі іх мала цікавіла, таму многія пасля адпрацоўкі сышлі, але некаторыя ўсё ж такі засталіся. Лічу, што змены павінны адбыцца ў свядомасці саміх настаўнікаў, паколькі многія з іх, на жаль, лічаць, што займаюцца непрэстыжнай і малааплатнай працай. Таму не варта здзіўляцца, што калі такія педагогі прапануюць дзецям выбраць педагагічны клас, то энтузіязму з іх боку яны не назіраюць.

Увогуле, калі будзе добры настаўнік, то будзе і добры інжынер, і добры ўрач. Таму клапаціцца пра будучыню нашай школы павінны ўсе, не толькі вышэйшыя навучальныя ўстановы. А настаўнікі проста абавязаны думаць, хто прыйдзе ім на змену. Школы павінны «хварэць» за гэта душой! І педагогі, і адміністрацыя... Адкрыццё профільнага педагагічнага класа — справа адказная. Прычым адказнасць нясуць усе члены педагагічнага калектыву, бо толькі настаўніцкая згуртаванасць і ідэйнасць могуць натхніць вучняў на педагагічны шлях. У школе павінны быць адпаведны мікраклімат... Калі ў вас ёсць задума арганізаваць педагагічны клас, то пачынаць неабходна з сябе, са свайго стаўлення да гэтай прафесіі.

Быць педагогам — высокая місія і гатоўнасць вучыцца ўсё жыццё разам з дзецьмі і ў дзяцей. І добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару. Не канстатаваць на трэцім-чацвёртым курсе, што памыліўся, а пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, здзейсненых у школе. Педагогіка — не работа на канвееры, а штодзённы клопат пра людзей. Таму матывацыя да прафесіі, напэўна, — самае важнае. І педагагічныя класы — наш надзейны падмурак у прафарыентацыі.

Добра і тое, што ў педуніверсітэце педагагічная практыка цяпер пачынаецца літаральна з першага курса, што, несумненна, зменшыць колькасць выпадковых людзей у школе.

«Будзе цікава»

— Аляксандр Уладзіміравіч, а як вы трапілі ў педагогіку? У вашай сям'і два педагогі — вы і жонка. Ці супадаюць вашы погляды па ўсіх пытаннях?

— Педагогамі былі і мае бацькі. Яны знайшлі адно аднаго, калі працавалі ў сельскай школе, стварылі сям'ю. Па першай адукацыі бацька быў настаўнікам фізічнай культуры, а па другой — настаўнікам гісторыі, кіраваў сельскай школай. Дарэчы, яго матуля таксама была педагогам. Мая маці выкладала хімію і біялогію спачатку ў школе, а затым у прафесійна-тэхнічнай навучальнай установе. Таму я вырас, так бы мовіць, у лабаранцкай у маці, а бацька браў мяне з сабой у лагер працы і адпачынку, на ўсе школьныя мерапрыемствы… І я ведаў настаўніцкую працу абсалютна з усіх бакоў.

Калі напрыканцы 90-х гадоў вызначаўся з будучай прафесіяй, мае сябры выбіралі тады ВНУ сілавых ведамстваў. І я таксама вырашыў паступаць у цяперашнюю Акадэмію МУС. Аднак медкамісію па стане здароўя не прайшоў, таму пераарыентаваўся на гістарычны факультэт БДУ. Там і сустрэў сваю будучую жонку — мы вучыліся з ёй у адной групе. У адрозненне ад многіх нашых аднакурснікаў, якія прыкладалі ўсе намаганні, каб не трапіць у сістэму адукацыі, мы адразу былі настроены на работу ў школе. Такая перспектыва ніколькі не пужала, хоць пасля заканчэння БДУ былі прапановы займацца і навукай. Падчас размовы з кіраўніком раённага аддзела адукацыі ў мяне запыталіся: «У сельскую школу паедзеце?» Адказваю: «Паеду». — «А работы ў гімназіі не спужаецеся?» — «Не спужаюся».

У выніку мяне накіравалі і не ў сельскую школу, і не ў гімназію, а ў школу № 8 у Лідзе. Лічу, што мне вельмі пашанцавала: там быў выдатны калектыў і выдатны дырэктар. У школу прыйшло адразу больш як дзесяць маладых спецыялістаў, і ніхто не застаўся без увагі. Нас пастаянна збіралі, цікавіліся, якія ў нас ёсць праблемы, чым можна дапамагчы. За кожным замацавалі вопытнага педагога. Прычым гэта была зусім не фармальная апека маладых, так бы мовіць, для птушачкі.

Школа, дзе я пачынаў свой прафесійны шлях, была вельмі буйной — недзе на 1,5 тысячы навучэнцаў. А затым мяне накіравалі дырэктарам у Мажэйкаўскую сярэднюю школу. Там было 220—250 вучняў. Пераканаўся, што ў сельскіх школ свая спецыфіка. Гэта датычыцца нават стаўлення да настаўніка. Затое цяпер я ведаю шмат нюансаў і сельскіх, і гарадскіх школ.

У Лідзе давёў сваіх вучняў да 9 класа, а потым на маё месца прыйшла жонка, якая выйшла з дэкрэту. Таму ў нас з ёй ёсць агульныя вучні, якія цяпер віншуюць нас удваіх са святамі. У нашай сям'і трое дзяцей — дзве дачкі ў выпускным класе, а малодшая яшчэ ў садку. Таму мы з'яўляемся не толькі часткай сістэмы адукацыі, але і яе спажыўцамі. Дарэчы, нашы дзеці гулялі ў садзіку ў «педсавет», бо дома пастаянна чулі, як іх бацькі абмяркоўваюць прафесійныя моманты.

Няважна, хто ты: просты настаўнік або кіраўнік — меркаванні па пэўных пытаннях могуць не супадаць. Гэта абсалютна нармальна. Але ў нашай сям'і не было такога, каб мы не маглі дамовіцца. Я заўсёды аргументую сваю пазіцыю, жонка — сваю, і мы прыходзім да кансэнсусу. Гэтага ж прынцыпу прытрымліваюся і ў прафесійнай дзейнасці.

Хачу запэўніць, што ніводнае важнае рашэнне не прымаецца на ўзроўні Міністэрства адукацыі без абмеркавання з педагагічнай грамадскасцю. Мы абавязкова прыцягваем да яго нашых настаўнікаў-метадыстаў, членаў клуба «Хрустальны журавель», выходзім у школы, цікавімся, што працуе, а што не працуе...

Дарэчы, калі мне — маладому яшчэ педагогу — прапанавалі класнае кіраўніцтва, я мог адмовіцца, таму пацікавіўся ў сваёй матулі яе меркаваннем. Яна падумала і сказала: «Бяры, будзе цікава»... Колькі разоў потым я прыгадваў яе словы, маючы ў класе амаль 30 вучняў (смяецца). Класнае кіраўніцтва — вялікая адказнасць, праца фактычна ў кругласутачным рэжыме, але разам з тым надзвычай важны прафесійны вопыт! Ролю класнага кіраўніка ў выхаваўчым працэсе цяжка пераацаніць, таму напрыканцы года было прынята рашэнне аб выплаце надбавак за класнае кіраўніцтва штомесяц. Надбаўку за сваю няпростую працу класныя кіраўнікі пачалі атрымліваць ужо са студзеня 2022 года...

Маладосць — перавага ці недахоп?

— Педагагічная дзейнасць — патэнцыяльна творчая прафесія. Але ці раскрые малады настаўнік свой патэнцыял, залежыць не толькі ад яго. Школа не заўсёды гатова прыняць маладога педагога пакалення «nехt». Для старэйшых калег і адміністрацыі малады настаўнік — часта такі ж дзіўны і незразумелы чалавек, як, скажам, сучасны старшакласнік. Малады спецыяліст здзяйсняе шмат прафесійных памылак, ён менш дасведчаны ў многіх пытаннях. Аднак замест слоў падтрымкі часта ў яго адрас гучыць абразлівае: «І чаму вас толькі ва ўніверсітэце вучылі?» ці «Вы нават ГЭТАГА не ведаеце?»...

— Наша рэчаіснасць вельмі дынамічная, і школа не павінна адставаць ад жыцця. Калі ў педагагічным калектыве з'яўляюцца прадстаўнікі зусім новага пакалення, калі новая парадыгма пракладвае сабе дарогу ў сістэме адукацыі, то і адміністрацыя школы, калегі павінны быць таксама «next», гэта значыць, гатовыя да змен, што адбываюцца. Маладосць — асаблівы час. Калі вы — маладыя, то не будзеце хадзіць пешшу, таму што можаце бегаць. Маладосць далёкая ад дасканаласці, але яна горача імкнецца да яе. Напэўна, нельга ва ўніверсітэце падрыхтаваць да ўсяго — настаўнік проста павінен быць гатовы да пастаяннага самаразвіцця і ўдасканалення. Сапраўднымі настаўнікамі становяцца толькі ў працэсе педагагічнай дзейнасці.

Свет набывае новую якасць, нават блізкую будучыню сёння цяжка прадказаць. Таму адміністрацыі школы трэба ісці ў нагу з часам і нават напалову кроку апярэджваць яго, каб пры змене мэт, тэхналогій, рэсурсаў і г. д. не ўпусціць галоўнае — настаўніка, які стварае гэтую будучыню. Неабходна знайсці пэўны баланс паміж класікай і «next», інакш не зможам рушыць наперад. І маладым, і вопытным настаўнікам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Некаторыя настаўнікі сыходзяць са школы пасля размеркавання не толькі з прычыны невысокіх заробкаў, а таму, што не адчулі ў калектыве падтрымкі. У іх не паверылі. Таму ад адміністрацыі вельмі шмат залежыць...

Не медыйная прафесія?

— У педагогіцы сёння жаночае аблічча. Як можна затрымаць мужчын у нашых школах?

— Сярод мужчын, нажаль, распаўсюджаны стэрэатып аб тым, што выхаванне дзяцей — выключна жаночы занятак, а задача мужчын — забяспечваць сям'ю. Але такая сітуацыя характэрная не толькі для нашай краіны. У Еўропе і Паўночнай Амерыцы назіраецца падобная тэндэнцыя: доля жанчын-педагогаў у школах расце. Мяркую, што толькі матэрыяльным заахвочваннем праблему не вырашыць. Паспяховыя мужчыны-педагогі кажуць, што ў школе можна зарабляць, калі ёсць такое жаданне. І не ўсё вымяраецца грашыма: добры спецыяліст ведае сабе цану і заўсёды выклікае павагу як у сваіх вучняў, так і ў іх бацькоў.

А давайце прыгадаем, калі выйшаў апошні значны фільм, які найбольш ярка адлюстроўвае ролю настаўніка-мужчыны ў грамадстве? На памяць прыходзіць толькі стужка «Дажывём да панядзелка», створаная яшчэ ў 70-я гады ХХ стагоддзя. Так, ёсць выдатныя фільмы пра настаўнікаў, у тым ліку і сучасныя, але яны пра жанчын-настаўнікаў. Лічу, што нам патрэбны добрыя, пазітыўныя фільмы пра сучасную школу, п'есы і публікацыі, якія расказваюць пра мужчын, што прысвяцілі сваё жыццё высакароднай мэце выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Для таго, каб педагог стаў папулярным у грамадстве, ён павінен стаць медыйнай асобай. А медыйныя ў нас сёння іншыя прафесіі... Увогуле, павага да настаўніка — гэта элемент маралі сучаснага грамадства і яго сістэмы каштоўнасцяў.

— Новая школа патрабуе новага настаўніка, які стане рухавіком перамен. Якім мусіць быць сучасны настаўнік?

— Дакладна не звычайным урокадаўцам. Гэта цікавы, харызматычны, адукаваны чалавек, поўны творчай энергіі, які выхоўвае такіх жа актыўных, неабыякавых і разважлівых людзей. Сучасны педагог — гэта «лічбавы» настаўнік, прагрэсіўны карыстальнік інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, здольны апярэджваць сацыяльную сітуацыю развіцця сучасных «лічбавых» дзяцей.

Ён валодае тэхналогіямі медыяцыі, прадукцыйнай камунікацыі, знаёмы з камунікатыўнымі кодамі пакалення Z (сучасных падлеткаў), пакалення Y (іх бацькоў) і пакалення Х (дзядуль і бабуль). Яшчэ адна новая кампетэнцыя, якую дыктуе час, — гатоўнасць працаваць ва ўмовах інклюзіі. Сумеснае навучанне дзяцей з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — міжнародная тэндэнцыя. Не менш важная кампетэнцыя — уменне працаваць з сям'ёй. У пытаннях выхавання і сацыялізацыі дзяцей сям'я апошнім часам, на жаль, адышла на другі план, таму асноўны клопат лёг на школу. Сёння любы педагог, не толькі класны кіраўнік, але і настаўнікі-прадметнікі, павінны ўмець працаваць з бацькамі, ведаць асаблівасці сучасных сем'яў (няпоўных, неўладкаваных).

Педагогам сёння патрабуецца веданне псіхалогіі, уменне арганізоўваць работу ў камандзе. Паколькі мы самі не ведаем, што нас чакае праз 10—15 гадоў, значыць, і нашых выхаванцаў трэба вучыць жыць ва ўмовах нявызначанасці, непрадказальнасці, праблемнасці, вучыць іх лёгкай адаптацыі, мабільнасці, гнуткасці ў розных сітуацыях...

Не староннія назіральнікі

— Не сакрэт, што пэўная частка бацькоў даволі нізка ацэньваюць дзейнасць педагогаў і школы і не заўсёды ім давяраюць. Але школа не можа быць эфектыўнай без партнёрства з бацькамі, калі тыя не з'яўляюцца часткай агульнай каманды і не падзяляюць адказнасць з педагогамі...

— На мой погляд, адна з прычын недаверу — нізкая інфармаванасць бацькоў аб справах школы. Што мы часта назіраем: бацькі тэлефануюць на гарачую лінію ў вышэйшыя інстанцыі, у міністэрства, хоць гэтыя пытанні і праблемы можна вырашыць на ўзроўні навучальнай установы. У бацькоў павінна прысутнічаць жаданне атрымліваць інфармацыю, аналізаваць яе і кантактаваць з педагогамі. І не варта крыўдзіцца, калі тыя недаступныя ў любы зручны для бацькоў вучня момант. Свой візіт у школу можна папярэдне ўзгадніць. У рэшце рэшт, ёсць школьныя суботы і бацькоўскія сходы. Трэба навучыцца выбудоўваць камунікацыю на ўзроўні класнага кіраўніка. Хоць мне здаецца, што такая форма, як бацькоўскія сходы, паступова адыходзіць на другі план, прынамсі ў буйных гарадах. Бацькоўскія чаты сёння значна больш аператыўныя і эфектыўныя. І педагогам абавязкова трэба там прысутнічаць, каб карэкціраваць паводзіны бацькоў, якія дапускаюць абразы ў адрас школы. Выхоўваць сёння трэба, на жаль, не толькі вучняў — трэба выхаваць новае пакаленне бацькоў... Увогуле, настаўнікам гавораць шмат добрага ў святочныя дні, а дома дазваляюць зняважліва казаць пра іх пры дзецях.

Трэба зразумець, што бацькі, бабулі і дзядулі — не староннія назіральнікі, а людзі, якія разам з прафесійнымі педагогамі ўдзельнічаюць у выхаванні і навучанні. І яны маюць права ведаць, што адбываецца ў сістэме адукацыі, як змяняюцца падручнікі, вучэбныя праграмы, якія інавацыі асвойваюцца, якія псіхолага-педагагічныя адкрыцці ўводзяцца ў практыку, а што ўжо аджыло свой век. Таму мы павінны ўсе важныя пытанні выносіць на грамадскае абмеркаванне, каб зрабіць бацькоў нашымі саюзнікамі, прычым саюзнікамі адказнымі.

Хачу дадаць, што, як правіла, досвед школ абмяжоўваецца ўзаемадзеяннем з паспяховымі сем'ямі і бацькамі, якія з цікавасцю прыходзяць у школу, разумеючы, што гэта карысна ў першую чаргу для іх дзяцей. Таму трэба імкнуцца прыцягнуць у школу ўсіх бацькоў, у тым ліку неактыўных і абыякавых. Большасць з іх лічаць, што яны ўмеюць выхоўваць сваіх дзяцей, а калі і ёсць памылкі і няўдачы, то вінаваты не яны. Трэба змяніць гэту сітуацыю і шукаць не вінаватых, а новыя шляхі ўзаемадзеяння школы і сям'і, каб бацькі сталі больш кампетэнтнымі, а дзеці — больш выхаванымі. У рэшце рэшт нездарма ж будучым педагогам выкладаецца ў ВНУ псіхалогія...

Аналізаваць і рабіць высновы

— Ключавыя кампетэнцыі ў ХХІ стагоддзі — крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыя і кааперацыя. Але каб развіць гэтыя кампетэнцыі ў сваіх вучняў, настаўнік сам павінен імі валодаць. Тым больш у школах прызвычаіліся правяраць тое, што правяраецца на ЦТ, падчас маніторынгу ці міністэрскай кантрольнай работы...

— Адна з задач, якая стаіць перад сістэмай адукацыі, — пераход на кампетэнтнасны змест агульнай сярэдняй адукацыі. Веды без кампетэнцый нічога не каштуюць, гэта як чамадан без ручкі. Калі я ведаю, як націскаць на педалі, гэта яшчэ не значыць, што я ўмею добра ездзіць. Сучасныя адукацыйныя трэнды задаюць арыенціры ў прафесійнай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў для сістэмы адукацыі. У сувязі з гэтым калектывам навукоўцаў БДПУ быў распрацаваны праект прафесійна-кваліфікацыйнага стандарту педагога. У ім знайшла адлюстраванне новая кампетэнтнасная мадэль, якая арыентуе на фарміраванне ў педагога шырокага спектра новых, запатрабаваных кампетэнцый: для работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі, для работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, для ўстойлівай прафесійнай самарэалізацыі, для жыцця ў полікультурным свеце, кампетэнцыі ў галіне ўстойлівага развіцця і іншых.

Сёння асабліва актуальная падрыхтоўка педагога да фарміравання ў школьнікаў функцыянальнай адукаванасці. Калі інфармацыі вельмі многа, то можна ў ёй патануць, а засвоіць яе складана нават самай геніяльнай галаве. Ды і навошта? Важна ўмець правільна з ёй працаваць, выбіраць патрэбнае для сябе, аналізаваць, рабіць высновы, фарміраваць сваё меркаванне. Крытычнае мысленне — вось што насамрэч важна.

Сёлета Беларусь другі раз будзе ўдзельнічаць у міжнародным даследаванні PІSA, дзе правяраюцца не столькі акадэмічныя дасягненні 15-гадовых падлеткаў, колькі іх здольнасць выкарыстоўваць набытыя веды і вопыт для вырашэння шырокага дыяпазону жыццёвых задач, здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне супастаўляць факты, аналізаваць, хутка прымаць рашэнні. Тэсты РІSА ўтрымліваюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўчанавуковую адукаванасць. У іх шмат тэкстаў, графікаў, табліц, малюнкаў, дыяграм, якія трэба ўважліва вывучыць, прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні, што ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.

Мэта РІSА — вызначыць агульныя рызыкі і кірункі для далейшага развіцця сістэмы адукацыі. Вымярэнні выкарыстоўваюцца для таго, каб удасканаліць школу, павысіць канкурэнтаздольнасць яе выхаванцаў. Вынікі даследавання паказалі: каб ствараць на ўроках умовы для фарміравання ў школьнікаў чытацкай, прыродазнаўчанавуковай і матэматычнай кампетэнтнасці, патрабуецца найперш гатоўнасць самога педагога. І цяпер навуковыя калектывы БДПУ ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы працуюць у гэтым кірунку: ствараюць навукова-метадычнае забеспячэнне, якое дазволіць падрыхтаваць будучых педагогаў да работы з вучнямі на аснове кампетэнтнаснага падыходу. Ужо падрыхтаваны шэраг дапаможнікаў з заданнямі на аснове кампетэнтнаснага падыходу, у прафесійнай прэсе друкуюцца артыкулы з парадамі, як педагогу самастойна скласці такія заданні. Мы моцна прасунуліся ў гэтым кірунку.

Кожны раз акцэнты ў даследаванні змяшчаюцца. У PІSA-2022 упор будзе зроблены на вывучэнні матэматычнай адукаванасці навучэнцаў. Таксама ўдзельнікам будуць прапанаваны заданні на вызначэнне ўзроўню фінансавай адукаванасці і ацэнку крэатыўнага мыслення. Цікава будзе потым пазнаёміцца бліжэй з такімі заданнямі.

Ліцэй ці профільны клас?

— Падчас PІSA-2018 навучэнцы некаторых беларускіх гімназій і ліцэяў паказалі ўзровень ведаў, які не саступаў лідарам сусветнага рэйтынгу. Але далейшы лёс агульнаадукацыйных ліцэяў не зусім зразумелы. Напрыканцы года з'явілася інфармацыя, што некаторыя ліцэі не будуць ажыццяўляць новы набор. Правілы паступлення ў ліцэі таксама змяніліся...

— Нагадаю, што гісторыя стварэння агульнаадукацыйных ліцэяў пачынаецца з 90-х гадоў XX стагоддзя. Напрыклад, ліцэй БДУ быў створаны ў 1989 годзе. Ліцэйская адукацыя існуе толькі на старшай ступені школы. І яна была запатрабавана, бо ліцэі рабілі стаўку менавіта на профільнае навучанне. Але сёння профільныя класы могуць адкрывацца ў любой установе адукацыі, дзе ёсць для гэтага ўмовы і педагагічныя кадры. І паўстала заканамернае пытанне: а чым жа тады ліцэі адрозніваюцца ад старшай ступені школы? Быў праведзены аналіз іх дзейнасці. Мы даведаліся, што ў некаторыя ўстановы залічвалі навучэнцаў, якія атрымалі зусім нізкія балы на ўступных экзаменах. Ёсць ліцэі, куды могуць трапіць толькі гарадскія дзеці, бо там няма свайго інтэрната. Больш за тое, ліцэі арандуюць памяшканне ў школ. І некаторыя настаўнікі працуюць паралельна і ў ліцэі, і ў школе.

Таму мы прапанавалі мясцовым органам улады ўпарадкаваць работу ліцэяў. Адна з умоў — даць магчымасць навучацца ў іх дзецям з любога кутка краіны. Прыехаў, здаў паспяхова экзамены, прайшоў конкурсны адбор, цябе забяспечылі месцам у інтэрнаце — калі ласка, вучыся. Плюс мы ўстанавілі адзіныя для ўсіх ліцэяў тэрміны прыёму. Цяпер заявы ў 10-я класы будуць падавацца толькі на працягу чатырох дзён — з 12 да 15 чэрвеня. Гэта таксама датычыцца і Ліцэя БДУ, куды раней школьнікі маглі падаваць заяўкі з красавіка да мая. Уступныя іспыты пройдуць з 16 чэрвеня да 1 ліпеня.

Усе ўступныя іспыты ў ліцэях будуць праводзіць толькі пісьмова. Распрацоўваць заданні для будучых ліцэістаў, адказы і крытэрыі ацэньвання будзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які кожны год рыхтуе цэнтралізаванае і рэпетыцыйнае тэсціраванне для абітурыентаў, а таксама заданні для абласнога і рэспубліканскага тураў школьных алімпіяд. Заданні для будучых ліцэістаў будуць захоўвацца ў зашыфраваным выглядзе на электронным носьбіце і перадавацца ў дзень здачы прадметаў экзаменатару. Раней гэтым займаліся тэрытарыяльныя органы кіравання адукацыяй, а таксама аддзелы адукацыі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, толькі для Ліцэя БДУ заданні распрацоўваў БДУ.

Ёсць і іншыя змены. Усе яны размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі.

Хачу запэўніць, што пра ліквідацыю агульнаадукацыйных ліцэяў размовы не ідзе. Яны захаваліся і ў Кодэксе аб адукацыі. Больш за тое, аб адкрыцці свайго ліцэя ў наступным вучэбным годзе абвясціў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава. Адметна, што ліцэй будзе агульнай сярэдняй установай адукацыі, якая ўваходзіць у структуру ўніверсітэта. Навучанне арганізуюць там па трох профілях: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і гуманітарным. А выкладаць у ліцэістаў будуць найлепшыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі ВНУ, якія маюць вялікі досвед працы з таленавітай і адоранай моладдзю. Ліцэісты атрымаюць доступ у камп'ютарныя класы, навукова-даследчыя і спецыялізаваныя навучальныя лабараторыі, цэнтры замежных моў, найбуйнейшую навуковую бібліятэку. Ва ўніверсітэце спадзяюцца выхаваць моладзь, адданую сваёй альма-матар, і прыцягнуць у свой ліцэй дзяцей з усяго віцебскага рэгіёна.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА, Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.