Вы тут

Лукашэнка: Трэба быць патрыётам, ганарыцца роднай краінай і трансліраваць гэта людзям


У Мінску прайшоў святочны прыём ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на стары Новы год. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэты прыём традыцыйна завяршае зімовыя святы. «Але ўжо першыя дні новага года ўцягнулі нас у імклівы вір вельмі негатыўных знешнепалітычных падзей. Падзеяў, якія шакіравалі і прымусілі беларусаў у думках вярнуцца ў няшчасны 2020 год, яшчэ раз прааналізаваць і ацаніць, што мы маглі страціць, якую нацыянальную трагедыю прадухілілі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 


Паводле яго слоў, усе гады сваёй незалежнасці беларусы з трывогай сочаць за лёсам многіх народаў, зрынутых каляровымі рэвалюцыямі. Але больш за ўсё ўзрушае нежаданне людзей вучыцца на чужых памылках і вопыце. І ўражвае тое, якімі фатальнымі могуць стаць незасвоеныя ўрокі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў своечасовым рашэнне аб’явіць 2022-і Годам гістарычнай памяці. Па яго словах, каб не памыліцца ў будучыні, трэба аглядацца ў мінулае. Чым часцей, тым лепей. 

«Наша Беларусь займае крыху месца на карце, але геапалітычная цікавасць прыцягвае да сябе велізарную. Так было заўсёды ў гісторыі нашай зямлі, так адбываецца цяпер. Так, мы сёння іншыя, іншы свет, але сюжэт палітычных інтрыг вакол нас той жа. Паўтараецца зноў і зноў. Мы з вамі ўжо шмат зрабілі для таго, каб летапіс беларускай дзяржаўнасці працягнуўся. І зробім яшчэ больш, бо адзіныя ў сваіх мэтах», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Вы фронтам усталі на абарону інтарэсаў дзяржавы»

Прэзідэнт падзякаваў усім, хто любіць родную краіну, адданы нацыянальным інтарэсам і разумее цяжар адказнасці, які лёг на плечы сучаснага пакалення. Асобна ён звярнуўся да журналістаў. 

«Вы на вастрыі падзей. Прапускаеце праз сябе факты і меркаванні, адпрацоўваеце інфармацыйныя выпады, адбіваеце іх. У мінулым годзе я заклікаў вас працаваць больш жорстка. Вы мяне пачулі. І не падвялі, моцна ўзяўшы інфармацыйны парадак дня ў свае рукі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На прыёме таксама прысутнічалі лідары грамадскай аналітыкі — гісторыкі, палітолагі, сацыёлагі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што без перабольшання ва ўмовах інфармацыйнай вайны іх інтэлект — гэта наймагутнейшая зброя.

«У крытычны момант гісторыі вы адным фронтам усталі на абарону інтарэсаў дзяржавы, праявілі сябе як сапраўдныя патрыёты. Асобна хачу падзякаваць усім, хто працуе плячом да пляча з Прэзідэнтам у сферы дзяржаўнага кіравання. У адным з рэгіёнаў я сказаў, што ў ніводнага Прэзідэнта няма такіх людзей, як вы. Не таму што мы ідэальныя ці няма ў нас памылак. Але мы даўно пайшлі ўперад у якасці дзяржаўнай улады. Канешне, гэта адносіцца да ўсёй вертыкалі ўлады. Ды і ў прынцыпе — да ўсіх неабыякавых, якія хвалююцца за лёс краіны беларусаў. Можа быць, я рэдка кажу, але ўпэўнены, што вы ведаеце, як высока цаню ўклад кожнага ва ўмацаванне і развіццё нашай краіны», — падкрэсліў беларускі лідар.

Асобна Прэзідэнт падзякаваў прызёрам Алімпіяды. Па яго словах, у мінулым годзе ім прыйшлося адначасова адстойваць і спартыўны гонар краіны, і палітычную пазіцыю нацыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта новы трэнд часу. І падкрэсліў, што больш няма размоў, што спорт, адукацыя, культура, ахова здароўя па-за палітыкай.

«Сёння стала відавочна — мала перамагаць у спорце, мала захапляць людзей сваёй творчасцю і проста быць прафесіяналам. Трэба быць патрыётам, ганарыцца роднай краінай і трансліраваць гэта людзям. І так, адстойваць нацыянальныя інтарэсы і дзяржаўны курс публічна. Як шмат хто з вас рабіў гэта ў самы востры перыяд. Кожны на сваім месцы — мы ўсё служым нашай Беларусі» — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён назваў гэта абавязкам перад зямлёй, якая ўзрасціла, перад дзяржавай, якая дае магчымасць раскрываць свае таленты і рэалізаваць магчымасці. 

«На постасавецкай прасторы неспакойна»

«Разумею, што ўсім хацелася б вярнуцца да звыклага, больш спакойнага рытму жыцця. Але вы бачыце: на постсавецкай прасторы неспакойна. Выбрана чарговая геапалітычная мэта. Напэўна ўзяты курс на новую. І нам прыйшлося даць адэкватны адказ — гэтым разам калектыўны. Беларусь, Расія і іншыя краіны, некалі аб’яднаныя агульнай гісторыяй, сталі на абарону Рэспублікі Казахстан. А гэта кажа пра тое, што мы не растрацілі спадчыну савецкай эпохі — спадчыну непарушнага братэрства і моцных сувязяў паміж народамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што падзеі ў Казахстане вучаць беларусаў быць вельмі ўважлівымі і акуратнымі. 

Па словах беларускага лідара, сучасная гісторыя паказвае, што ідэя гэтага вечара — успомніць самыя светлыя, добрыя імгненні і традыцыі Савецкага Саюза, аб якім некаторыя ведаюць толькі па фільмах, песнях, фатаграфіях, — як ніколі актуальная.

«Яшчэ раз — з навагоднімі святамі! Будзьце здаровыя, шчаслівыя, паспяховыя! Жывіце добра і не перажывайце. Будзьце здаровыя і памятайце, што здароўе ў нас у галаве. Віншую ўсіх, хто па выніках года ўдастоены заслужаных высокіх узнагарод. Усе вы годныя самых высокіх узнагарод. Выпадковых людзей тут няма. Нам трэба захаваць сваю краіну і не аддаць яе на ганьбаванне тым, хто гэтага так жадае», — звярнуўся да гасцей Аляксандр Лукашэнка. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.