Вы тут

Яе «Ручнікі» спявалі «Песняры», пяе народ. Да 80-годдзя Веры Вярбы


Вера Вярба — гэта найперш знакамітыя «Ручнікі». Таму, калі пачынаць гаворку пра яе, то, канешне, зыходнай кропкай павінна стаць песня, якую паклаў на музыку Мікалай Пятрэнка. Не сумняваюся, што многія, асабліва прадстаўнікі старэйшага, ды і сярэдняга, пакаленняў праспяваюць, не напружваючы памяць. Вельмі ж часта яе выконвалі. І за святочным сталом, а гэта ж — заручыны, хрэсьбіны, вяселлі, провады ў войска ці вяртанне з яго. Ці мала якая нагода знойдзецца, калі душы раздольна, а сэрцу свабодна. Як жа ў такім разе не заспяваць:


Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.

У суботу Янка ехаў ля ракi,

Пад вярбой Алёна мыла ручнiкi.

«Пакажы, Алёна, броды земляку,

дзе тут пераехаць на канi раку?»

 

«Адчапiся, хлопец, едзь абы-куды,

не муцi мне толькi чыстае вады!»

У маркоце Янка галавой панiк,

упусцiла дзеўка беленькi ручнiк.

 

«Янка, мой саколiк, памажы хутчэй!

Бо плыве, знiкае ручнiчок з вачэй!»

«Любая Алёна, я ж вады баюсь!

Пацалуй спачатку — што як утаплюсь!»

 

Супынiўся гнеды пад вярбой густой.

Цалавала Янку Лена над ракой.

Стала цiха-цiха на усёй зямлi,

па рацэ далёка ручнiкi плылi...

Песня даўно стала па-сапраўднаму народнай. Аднак вядомасць саслужыла Веры Вярбе і благую паслугу. Не, спачатку пачыналася ўсё як нельга лепш.

Верш «Ручнікі» так спадабаўся Мікалаю Пятрэнку, які працаваў выкладчыкам Полацкага педагагічнага вучылішча, што адразу вырашыў пакласці яго на музыку. А паколькі Мікалай Макаравіч, хоць і быў самадзейным кампазітарам, у песенным майстэрстве мог паспрачацца з многімі прафесіяналамі, лёгка падабраў неабходную мелодыю. Калі песня была гатова, пазнаёміў з ёю дуэт у складзе Тамары Дзядковай і Валянціны Альхоўскай з Лёзна. Яны ахвотна і з задавальненнем, бо ўжо спадабалася, уключылі кампазіцыю ў свой рэпертуар. І хутка «Ручнікі» паехалі на абласны агляд мастацкай самадзейнасці ў Віцебск, дзе знайшлі нямала прыхільнікаў. Пасля гэтага і заспявалі іх ці не па ўсёй Беларусі.

Аднак нярэдка вялікая папулярнасць і шкодзіць песням. Правільней, не самім ім, а іх аўтарам. Такі лёс напаткаў і «Ручнікі». Песня набывала ўсё большую вядомасць. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы яшчэ і таму, што гучала на розных аглядах, канцэртах, у тым ліку на святочных. А там часам забывалі назваць аўтараў. З-за гэтага многія слухачы ўспрымалі «Ручнікі» народнымі. З аднаго боку, гэта, як быццам, і прыемна. Аб такой папулярнасці многія толькі мараць, а з іншага...

Злева направа Алесь Адамовіч, Эдзі Агняцвет, Іван Мележ, Вера Вярба, Васіль Быкаў, Алег Сурскі. 1960-я гг.

Сваю лепту ў «безыменнасць» унеслі і знакамітыя «Песняры». Веры Вярбе, безумоўна, было прыемна, што, дзякуючы аранжыроўцы, зробленай Уладзімірам Мулявіным, «Ручнікі» ператварыліся ў шлягер. Але мала прыемнага, калі ў канцэртах вядучы аб’яўляў: «„Ручнікі“. Словы і музыка народныя». Так пазначалася і ў праграмках. Чаму такая несправядлівасць, вытлумачыць не магла. З Уладзімірам Георгіевічам яны не толькі працавалі, але і сябравалі. Балазе, усё стала на сваё месца. 

Кожны паэт быў на сёмым небе ад шчасця, калі такую вядомасць набыў яго верш. Ды яшчэ напісаны ў сямнаццацігадовым узросце! Хоць шчасце ў нечым падобна на нітачку. Там, дзе, здавалася б, павінна быць трывалай, нечакана рвецца. У іншым месцы — наадварот. Адкуль тая сіла бярэцца, каб вытрываць. Народ наконт гэтага сказаў праўдзіва: «Жыццё пражыць — не поле перайсці...»

Нарадзілася Вера Вярба 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна. Бацьку свайго ніколі не бачыла. У паэме «Белыя пісьмы» прызнавалася: «З маленства прывыкшы да страты, // Я слова не ведала тата».

Пётр Маркаў загінуў у сорак першым пад Смаленскам. Маркава — яе сапраўднае прозвішча, імя — Гертруда. Часам пішуць, што па прозвішчы Сакалова, але гэта па мужу. «Явар маленства шчаслівы» бачыла нядоўга. З маці, якой прапанавалі працу інжынера, пераехала ў Мінск.

Безумоўна, паэту многае дае маленства, праведзенае на ўлонні прыроды. Ці не таму пераважная большасць знакамітых творцаў родам з вёсак. Але ў горада для тых, хто мае якія-небудзь творчыя задаткі, іншая перавага. Пры наяўнасці таленту лягчэй заявіць аб сабе. Асабліва тым, хто паспеў назапасіць шмат уражанняў ад сузірання першародных краявідаў. Да такіх людзей адносілася Вера Вярба. Важна і тое, што яна была... Як бы сказаць... Хоць лепш, як гэта зрабіў Мікола Аўрамчык, наўрад ці магчыма. Мікола Якаўлевіч, як вядома, даў творчую пуцёўку ў жыццё не аднаму дзясятку паэтаў, якія сталі знакамітымі. Калі гаворка заходзіла пра Веру Вярбу, сцвярджаў, што нікога не можа з ёю параўнаць. Адзначаў своеасаблівай і як чалавека, і як творцу. А яшчэ падкрэсліваў, што была смелай, упэўненай. У гэтым пераканаўся і пры знаёмстве. Першыя вершы не па пошце прыслала, а сама завітала ў рэдакцыю часопіса «Маладосць», дзе ён кіраваў аддзелам паэзіі. А тады вучылася яшчэ ў восьмым класе...

Часопс «Маладосць» яна пакарыла крыху пазней, у 1959 годзе, калі ўжо мела сякі-такі творчы набытак. Годам раней дэбютавала ў часопісе «Вясёлка» вершам «Косця і коцік», следам былі «Чаромха» — у «Полымі» і «Зайка» — у «Работніцы і сялянцы», цяперашняй «Алесі». І гэта ў 16 гадоў! А «Ручнікі» былі змешчаны ў трэцім нумары часопіса «Полымя» за 1959 год разам з вершамі «***Я к вуснам...» і «Люстэрка». Верш «Ручнікі» ўразіў Мікалая Пятрэнку тым, што, як адзначыў пазней Алег Лойка ў сваёй кнізе «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «напісаны ў інтанацыях і рытмах народнай песні». Таму з’явілася па-сапраўднаму песня, як кажуць, на адным прысесце.

На дзіва прыхільна была сустрэта і першая кніга Веры Вярбы «Вочы вясны», якую выдала ў 22 гады. Водгукаў з’явілася куды больш, чым на дэбютны зборнік Яўгеніі Янішчыц «Снежныя грамніцы», што выйшаў у 1970 годзе. Але, што цікава, да Яўгеніі Янішчыц у рэцэнзіі «Праз першае лісце» прыхільна паставіўся Рыгор Бярозкін, якога тады ўспрымалі мэтрам беларускай крытычнай думкі аб паэзіі. А пра «Вочы вясны» прамаўчаў. Чаму? Як мне здаецца, прычына ў псеўданіме, які Вера Вярба сабе ўзяла. Ёсць меркаванні, што спачатку хацела стаць Бярозкінай. Зноў напрошваецца — чаму? Чаму адмовілася ад яго? Магчыма, нехта адгаварыў. Магла і сама ўпэўніцца, што Вярба гучыць лепш. А да Рыгора Бярозкіна гэта дайшло. Таму і не сказаў ні слова пра яе першую кнігу.

Арлен Кашкурэвіч. Вера Вярба. Эскіз. 1967 г.

Ды і без яго водгукаў з’явілася больш, чым дастаткова. У захапленні былі Варлен Бечык, Аркадзь Куляшоў, Вячаслаў Рагойша, Алесь Яскевіч... Алег Лойка — таксама. Але ён «Вочы вясны» не рэцэнзаваў, затое да дэбютнага зборніка Веры Вярбы звярнуўся ва ўжо згаданай кнізе, назваўшы яе «паэтэсай свежага голасу, своеасаблівай маляўнічасці». Як паспяховы творчы кірунак адзначыў пошукі ёю «навейшых выяўленчых сродкаў — асацыятыўных вобразаў. Новых рытмаў і інтанацый». У якасці прыкладу прывёў верш «Сны»: 

Вочы вясны,

водар сасны,

голас лясны —

Вось мае сны.

Горад заснежаны

гасіць агеньчыкі,

Нібы хто ў рэчку

шпурляе каменьчыкі,

Тоне каменьчык —

гасне агеньчык,

Самкнуцца кругі —

гасне другі.

Зразумела, што лірычная гераіня, а яе пачуцці, перажыванні Вера Вярба «спісвала» з сябе, будучы такой юнай, не магла не закранаць тэму кахання. Часам пры гэтым была празмерна даверлівай і завельмі адкрытай. Але гэта можна было (і трэба) зразумець. Калі прагнецца споведзі, без яе не абысціся. Ды адзін з рэцэнзентаў Пётр Валкадаеў — сам неблагі рускамоўны паэт — не паклапаціўся глыбока пранікнуць у сэнс таго, пра што яна пісала. Ацэньваючы гэтую кніжку на старонках газеты «Знамя юности», ужо назвай свайго водгуку «Глаза весны: рецензия на одноименный сборник стихов Веры Вербы», па сутнасці, засведчыў, што размова будзе «сур’ёзная». Таму я і ўзяў гэтае слова ў двукоссе, бо яна атрымалася не сур’ёзная, а аглабельная. Папракнуў юную паэтэсу за «адарванасць ад вялікіх праблем сённяшняга дня», за адсутнасць у творах «грамадзянскай адказнасці за ўсё, што робіцца вакол». Асабліва абурыла Пятра Валкадаева тое, што «матывы адрынутага кахання становяцца рэфрэнам і пераходзяць у надакучлівае выццё».

А было ж не «выццё», а тое, што Вера Вярба хавала ў глыбіні душы. Некаторыя пра гэта і ведалі. Значна пазней яно вылілася і ў радкі аднаго з вершаў:

Было... І быў, калі прызнацца,

Скупы любові правіянт.

Была з вясны,

было мне дваццаць,

А ты — з вайны,

мой лейтэнант.

У сапраўднасці, калі прыйшло гэтае каханне, споўнілася ёй нават не дваццаць, а меней. Верш быў змешчаны ў кнізе «Сіняя бухта». Ёсць у ёй і аднайменная «паэма даўняга кахання». Кніга выйшла ў 1975 годзе і стала для Веры Вярбы пятай па ліку. А магла быць шостай. Калі б выйшаў зборнік «Снежань», падрыхтаваны ёю ў 1965 годзе. Аднак тыя, каму прапанавалі рукапіс на «ўнутраную рэцэнзію», далі яму адмоўныя водгукі. Гэта, безумоўна, радасці не прынесла і творчаму настрою не спрыяла. Тым больш што меліся і наскокі ў друку.

Буду справядлівым. Сяму-таму яна не падабалася як чалавек. З’яўлялася незалежнай, смелай у выказванні поглядаў. Рэзала праўду-матку ў вочы там і тым, дзе не тое што можна, а лепш прамаўчаць. А хтосьці проста зайздросціў яе папулярнасці. Толькі выбіць з каляіны было няпроста. Якая ёсць, такой і заставалася:

За што вы толькі не судзілі —

А я па-свойму ўсё раблю.

На зайздрасць вам мяне любілі,

І я на зайздрасць вам люблю.

 

Пакінулі свой след капытны

На маладой маёй душы,

Мой вобраз юны абабіты,

Як слуп аб’яўны ля шашы.

А што яна не такая, як іншыя, я ўпэўніўся, прыйшоўшы ў самым пачатку верасня 1972 года на працу ў «ЛіМ», у тагачасны аддзел літаратуры, які ўзначальваў Яўген Каршукоў. Супрацоўнікамі яго былі Вера Вярба, Алесь Мажэйка. Незадоўга да майго прыходу звольніўся Міхась Стральцоў. Галоўны рэдактар Хведар Жычка, які запрасіў мяне са Слуцка, змяніў на гэтай пасадзе Леаніда Прокшу. «Зверху», а гэта, як вядома, быў Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі, задумалі ў штотыднёвіку вялікую чыстку. Таму і прыйшлі ў «ЛіМ» супрацоўнікі як бы збоку. Хведар Дзмітрыевіч папярэдзіў мяне, каб паводзіў сябе асцярожна, быў далей ад розных кампаній. І — ніякіх выпівак у кабінеце!

Як у ваду глядзеў... Прайшло некалькі дзён, і Вера Вярба, калі не выйшаў на работу Яўген Каршукоў, прапаноўвае: 

— Па рублі...

Канешне, па логіцы я, як новы супрацоўнік, павінен быў адзначыць свой прыход. Але ж трэба трымаць слова, дадзенае галоўнаму рэдактару.

— З цябе першага, — працягвае Вера.

Вера Вярба. 1960-я гг. Фота Уладзіміра Крука.

З першага дык з першага. Ужо не памятаю, па колькі збіраліся. Купілі што трэба. Запрасілі, здаецца, і Святлану Клімковіч. Яна звольнілася ці збіралася звальняцца. Таксама запамятаў. Зачыніліся ў кабінеце. Першаму наліваюць мне, а я:

— Не буду.

Ва ўсіх на тварах здзіўленне:

— Непітушчы?!

Расказваю, у чым прычына.

— На першы раз даруем.

Так арыгінальна я і ўліўся ў калектыў «ЛіМа». І адразу стаў сваім. Зразумела, што хутка пачаў не стрымліваць слова, дадзенае Хведару Жычку.

Але пра творчасць Веры Вярбы... Другой кнігай сталі «Белыя пісьмы» (1967). Пад такой жа назвай праз 20 гадоў яна выпусціла і зборнік свайго выбранага. Другі па ліку, першы, што так і называўся — «Выбранае», выйшаў у 1976 годзе. Трэцяе выбранае — «Апошні верасень» (1995). Была прадстаўлена і ў «Бібліятэцы беларускай паэзіі» — «Мая маленькая планета» (1982). Назву гэтаму зборніку дала яе аднайменная нізка вершаў пра свайго сына.

Як лепш за ўсіх у беларускай паэзіі сказаў пра маці Рыгор Барадулін, так яна прамовіла пра сваю галоўную радасць і ўцеху. Увогуле, была пераканана: «У холадзе снежнай завеі // Сонечным промнем — дзеці». А што ўжо казаць пра родную крывінку. Прызнанне: «Я б сэрца пад тапор паклала // За першы дзень твайго быцця» — гэта не толькі яе любоў, а і кожнай маці. І катэгарычнае: «Што ты зрабіла для народа?.. // Я гадавала вам дзіця» — таксама не толькі сваё, а ўсіх матуль. У той час прамовіць падобнае трэба было мець яшчэ якую смеласць. Веры Вярбе, паўтаруся, смеласці было не займаць. І як не прамовіць гэта, калі яшчэ ў 18-гадовым узросце, марачы аб прадаўжэнні свайго роду, напісаны верш «Дачцэ, якой яшчэ няма»:

Як найшчаслівейшая жанчына,

Дзіця падносіш да грудзей.

На твары свецяцца маршчыны,

І вочы сталі маладзей.

«Сіняя бухта» — не адзіны яе твор у жанры паэмы. Напісала і «Белыя пісьмы», «Снежная горка», «Натхненне», дзе раскрыліся найлепшыя лірычныя якасці таленту. Як дакладна прыкмеціў Алесь Бельскі, «яе паэмы малафарматныя ці, інакш кажучы, невялікія, іх сэнсава-кампазіцыйнае ядро складаюць інтымна-спавядальныя матывы. Вызначальнай у гэтых творах з’яўляецца дынаміка аўтарскіх пачуццяў, іх суб’ектыўная заглыбленасць», а гэта і сведчыць на карысць лірычнасці. Напісала і дзве паэмы грамадзянскага гучання.

«Каліна» прысвечана Веры Харужай. Дарэчы, падрыхтавала і кінасцэнарый пра Веру Захараўну, але ён па розных прычынах так і не стаў мастацкім фільмам. Відаць, і літаратурнае імя сабе выбрала з прычыны захаплення жыццём і подзвігам гэтай выдатнай дзяячкі нацыянальнавызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатара падполля ў Віцебску ў Вялікую Айчынную вайну.

Ніна Мацяш і Вера Вярба.1970-я гг.

А ў паэме «Падаліст» — паэтычны роздум над гісторыяй Мінска, калі шырэй — лёсам беларускага народа. Магчыма, пэўныя высновы, зробленыя ёю, патрабуюць удакладнення, але не будзем забываць, што гэта не навуковае даследаванне, а мастацкі твор. У кожнага аўтара можа быць сваё ўспрыманне пэўных падзей. Ды і тое даўняе, да чаго звярталася паэтэса, узята, каб лепш асэнсаваць сённяшні дзень, а яшчэ, з’ядноўваючы ўчарашні і сённяшні, зірнуць і на сябе самую.

У апошнія гады жыла ў Крыжоўцы пад Мінскам. Вершаў не пісала — разводзіла кветкі, даглядала агародчык. За ўспаміны не бралася, як гэта любяць рабіць многія на схіле жыцця. Нават аўтабіяграфію не пакінула. Ці не таму, што напісанае і так шмат раскажа пра яе: «Дык будзьце ж у строгай важнасці // Да шчырасці ласкавей. // Чакайце, чытайце ўважліва, // Як пісьмы, вершы мае».

У творах Веры Вярбы кожны знойдзе для сябе штосьці сваё. Тое, што па-сапраўднаму ўсхвалюе. Прымусіць задумацца. І над вечнасцю жыцця, і над яго хуткацечнасцю. Над хвілінамі радаснымі і змрочнымі. Над спадзяваннямі, якія здзяйсняюцца, і над такімі, што застаюцца мройнымі. А яшчэ над тым, што Вера Вярба выказала проста і на дзіва вобразна: «Жыве між нас, як спадчына, юнацтва, // Як бусляня сярод касмічных зор». Гэта больш падыходзіць для тых, чый жыццёвы шлях хутчэй імкнецца ў завоблачную вышыню. Туды, куды накіравалася і яна пасля 15 ліпеня 2012 года, калі сэрца раптоўна спынілася.

У мяне ж пра яе не толькі добрыя згадкі засталіся, але і кніга «Сіняя бухта» з аўтографам:

«Алесю Марціновічу на светлы ўспамін аб нашай працы ў славутай газеце „ЛіМ“.

Подпіс 6/ V-76

Подпіс Мінск»

І, канешне, жыве ў памяці цудоўная песня «Ручнікі». Яе спявалі «Песняры» і паранейшаму спявае народ.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.