Вы тут

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў


Кітай займае выключнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі, гэта наш асноўны стратэгічны партнёр у азіяцкім рэгіёне. Мінулы год стаў на самай справе знакавым у прадукцыйным фармаце беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, якое дынамічна развіваецца на працягу трох дзесяцігоддзяў. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўлены 20 студзеня 1992-га. Напярэдадні адметнай даты на пытанні «Звязды» адказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР Юрый Сянько.


Фота: БелТА

— Юрый Аляксеевіч, у чым, на ваш погляд, унікальнасць гістарычнай даты — 30-й гадавіны ўсталявання дыпламатычных адносін Беларусі і Кітая?

— На мой погляд, унікальнасць адносін Беларусі і Кітая ў тым, што за невялікі па мерках гісторыі перыяд у 30 гадоў нашы краіны дасягнулі насмрэч выдатных вынікаў, а ў некаторых момантах — і немагчымых. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Узровень двухбаковага супрацоўніцтва вырас ад узаемадзеяння па ключавых пытаннях да «адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва». Больш за тое, сёння мы ўжо паслядоўна рухаемся да гістарычнага павышэння ўзроўню нашых адносін з Кітаем да «жалезнага братэрства» і «ўсёпагоднага партнёрства». Нараўне з пасольствамі ў дзвюх краінах у Кітаі дзейнічаюць ужо тры беларускія генеральныя консульствы ў Шанхаі, Гуанчжоу і Чунцыне, і літаральна напярэдадні Новага года падпісана пагадненне аб адкрыцці чацвёртага — у спецыяльным адміністрацыйным раёне Сянган (Ганконг).

Пачынаючы з 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў. Беларусь стала адным з ключавых удзельнікаў ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Актыўна развіваецца міжнародны праект Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», дзе ўжо 85 рэзідэнтаў з 15 краін свету, у тым ліку 43 кампаніі з кітайскім капіталам. Толькі за мінулы год у парку былі зарэгістраваны 20 новых рэзідэнтаў. Транзітам праз нашу краіну праходзіць больш за 80 працэнтаў усіх таварных цягнікоў па маршруце Кітай — Еўропа — Кітай. І гэта далёка не поўны спіс нашых агульных дасягненняў.

— Супрацоўніцтва нашых краін носіць стратэгічны характар, якое вызначаецца як «жалезнае братэрства» і «ўсёпагоднае партнёрства». Дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такога высокага ўзроўню ўзаемадзеяння? Якімі канкрэтнымі вынікамі гэта пацвярджаецца?

— Я глыбока перакананы, што бягучы ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін дасягнуты ў многім дзякуючы асабістай увазе нашых лідараў — Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Разам з тым такі ўзровень супрацоўніцтва, безумоўна, дасягнуты за кошт самаадданай, ініцыятыўнай работы беларускіх і кітайскіх спецыялістаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, якія на розных этапах уносілі і ўносяць свой бясцэнны ўклад ва ўмацаванне кантактаў паміж нашымі краінамі.

— Вы ахарактарызавалі Дырэктыву Прэзідэнта № 9 як комплексны дакумент, у якім сабраны прарыўныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння. Якія асноўныя пункты росту?

— Напярэдадні святкавання 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем Прэзідэнт нашай краіны падпісаў Дырэктыву № 9 аб развіцці адносін з КНР, тым самым падкрэсліўшы значэнне, якое сёння надаецца беларускім кіраўніцтвам супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Рэалізаваўшы яго, мы выведзем нашы адносіны на якасна новы гістарычны ўзровень.

На жаль, бягучая сусветная сітуацыя вельмі далёкая ад ідэальнай. Асобныя краіны свету развучыліся чуць адна адну, пагражаючы чалавецтву незваротнымі наступствамі. На гэтым фоне выгадна адрозніваецца ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая. За 30 гадоў дыпламатычных адносін Рэспубліка Беларусь ні на крок не адступіла ад узятых на сябе абавязацельстваў у адносінах да Кітайскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку ў пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці. Мы паслядоўна выбудоўваем адносіны са сваім стратэгічным партнёрам. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што наша супрацоўніцтва прайшло ўсе выпрабаванні часам і з'яўляецца сапраўды ўзорам узаемаадносін паміж дзяржавамі.

У эканоміцы драйверам беларускага экспарту ў Кітай на найбліжэйшы час выступіць, у першую чаргу, харчовая і сельгаспрадукцыя, якая прадаўжае прырастаць тэмпамі больш як 30 працэнтаў. Па кітайскіх стандартах ужо акрэдытавана больш за 120 беларускіх прадпрыемстваў. Апроч згаданага аграпрамысловага сектара, будзем нарошчваць экспарт прадукцыі калійнай галіны, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці. Мы стабільна ўваходзім у тройку галоўных пастаўшчыкоў у Кітай калійных угнаенняў. Таксама ў топавых пазіцыях нашага экспарту ў КНР знаходзяцца электронныя інтэгральныя схемы, цэлюлоза, лён, рапсавы алей.

Беларускі экспарт у Кітай стаў дыверсіфікаваным і ўжо не прывязаны да монапазіцый, як раней, калі калійныя ўгнаенні складалі больш за 2/3 у аб'ёмах. Цяпер на долю харчовай і сельгаспрадукцыі прыпадае больш за 40 працэнтаў таварнага экспарту, што перавышае адпаведную долю калійных угнаенняў пры стабільным росце абедзвюх таварных груп. Акрамя таго, мы ставім перад сабой задачу якаснага напаўнення экспарту і павышэння долі прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Тут перспектывы ёсць і ў кандытарскіх вырабаў, мясных, рыбных кансерваў, алкагольнай і безалкагольнай прадукцыі, бакалеі, снэкаў, лёгкай прамысловасці і г. д. Дырэктывай № 9 прадугледжана стварэнне новых суб'ектаў тавараправоднай сеткі і адпаведнай інфраструктуры, што, безумоўна, будзе садзейнічаць далейшаму нарошчванню паставак у Кітай.

Наш ключавы стратэгічны і самы маштабны сумесны праект — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». У найбліжэйшай будучыні разлічваем на прыход «якарных» інвестараў з КНР з высокатэхналагічнымі інавацыйнымі праектамі, для гэтага ў парку створаны максімальна спрыяльныя камфортныя ўмовы вядзення бізнесу. Згодна з Дырэктывай № 9, у 2025 годзе рэзідэнтаў павінна стаць не менш за 170. Праз ажыццяўленне прадугледжаных у дакуменце мер, уключаючы стварэнне рэгіянальнага цэнтра традыцыйнай і інавацыйнай кітайскай медыцыны, укараненне тэхналогій 5G, венчурнага фінансавання і падтрымку стартапаў, рэалізацыю міжнароднага лагістычнага праекта «Еўразійскі чыгуначны гейтвэй» і іншых ініцыятыў мы зможам атрымаць неабходны эфект ад «Вялікага каменя» ў выглядзе адпаведнага прыросту ВУП, нарошчвання аб'ёмаў знешняга гандлю, а таксама сацыяльных выгод для насельніцтва.

— Адзін з драйвераў — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Аб гэтым ідзе размова ў Дырэктыве № 9, аб'яўлены Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая. Чаму гэтаму напрамку адводзіцца стратэгічная роля?

— Міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву не ўпершыню адводзіцца важная роля ў развіцці ўсяго комплексу беларуска-кітайскіх адносін. Так, у маі 2015 года пры асабістым удзеле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Мінску адбыўся Беларуска-Кітайскі міжрэгіянальны бізнес-форум, які надаў значны імпульс развіццю сувязей паміж рэгіёнамі нашых краін. Па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў 2021—2022 гады былі аб'яўлены гадамі рэгіёнаў Беларусі і Кітая.

Зараз усе 6 беларускіх абласцей і г. Мінск устанавілі пабрацімскія адносіны з дзвюма і больш правінцыямі Кітая і актыўна развіваюць двухбаковае ўзаемадзеянне па розных напрамках. Так, толькі за мінулы год нашымі абласцямі з кітайскімі пабрацімамі былі падпісаны 4 пагадненні аб комплексным паглыбленні і пашырэнні супрацоўніцтва.

У Дырэктыве № 9 прадугледжаны механізмы планамернага пераходу ад колькаснага напаўнення міжрэгіянальнага супрацоўніцтва да якаснага, у першую чаргу, у эканамічнай і гуманітарнай сферах. Перакананы, што такое ўзаемадзеянне забяспечыць стратэгічнае паглыбленне і пашырэнне гандлёва-эканамічных, інвестыцыйных, культурных, турыстычных і іншых сувязяў паміж нашымі краінамі.

Прывяду некалькі лічбаў. Магілёўская вобласць — пабрацім Цяньцзіня, правінцый Шэньсі, Цзянсу, Хунань і Хэнань — рэгіёнаў КНР з сукупным насельніцтвам больш як 230 млн чалавек і ВУП больш як 1,8 трлн долараў ЗША. У Брэсцкай вобласці ўстаноўлены партнёрскія адносіны з рэгіёнамі насельніцтвам больш як 200 млн чалавек і ВУП больш як 1,4 трлн долараў. Усё гэта патэнцыяльныя рынкі для нашага экспарту.

Па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў КНР у мінулым годзе ў Пекіне і правінцыях Кітая праведзена 17 прэзентацый прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «Камунарка», ТАА «Мінск Крышталь», ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», ААТ «Чырвоны Харчавік», ААТ «Крыніца», ААТ «Брэсцкае піва», ААТ «Лідахарчканцэнтраты», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ААТ «Радамір», ААТ «Рагачоўскі МКК», ААТ «Слодыч», ААТ «Спартак», ААТ «Слуцкі цукрарафінадны камбінат», ААТ «Віцьба» і інш. Адзначу, што мерапрыемствы па прэзентацыі беларускай прадукцыі наведала больш за 40 кітайскіх кампаній, у тым ліку найбуйнейшыя імпарцёры КНР — КОФКА, ГРЫНЛЭНД, ЧАЙНА МЕРЧАНТС ГРУП, СІТІК, Асацыяцыя бяспошлінных магазінаў КНР і інш.

Мы ўпэўнены, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — лакаматыў двухбаковых адносін Беларусі і Кітая, і ў нас ёсць вялікі патэнцыял для далейшай рэалізацыі сумесных праектаў і ініцыятыў.

— Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі аднаго з галоўных транснацыянальных праектаў сучаснасці, ініцыіраваных Кітаем, — «Адзін пояс, адзін шлях». Індустрыяльны парк «Вялікі камень» па праве называюць жамчужынай Шаўковага шляху. За кошт чаго, на ваш погляд, нашай краіне ўдалося стаць ключавым транспартным і лагістычным хабам на маршруце Кітай — Еўропа — Кітай?

— Беларусь першай з еўрапейскіх краін афіцыйна падтрымала і далучылася да ініцыятывы Кітая «Пояс і шлях». Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па асабістым запрашэнні Старшыні Кітая Сі Цзіньпіна браў удзел у абодвух міжнародных самітах, прысвечаных «Паясу і шляху», у Пекіне ў маі 2017-га і красавіку 2019-га, дзе выступіў з канструктыўнымі прапановамі па развіцці ініцыятывы.

Наша краіна па праве вызначана апорнай пляцоўкай «Пояса і шляху» ў еўразійскім рэгіёне. Гэтаму садзейнічае выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі па маршруце Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, які даказаў сваю эфектыўнасць, падтрымліваючы работу ланцужкоў паставак падчас пандэміі. Беларускі ўчастак сухапутнага маршруту «Пояса і шляху» — вельмі важны элемент чыгуначнай транспартнай магістралі Кітай — Еўропа. Беларусі адводзіцца роля вузлавой платформы на шляху транспартнага калідора. Праз нашу краіну праходзіць асноўны паток сухапутнага кітайскага экспарту, тут абслугоўваюцца і фарміруюцца саставы, якія далей ідуць у краіны Еўрасаюза. Цяпер кантэйнерныя цягнікі звязваюць 60 гарадоў Кітая са 170 гарадамі 23 краін Еўропы. У сярэднім у суткі па Беларускай чыгунцы забяспечваюцца транзітныя зносіны і тэрмінальная апрацоўка каля 25 кантэйнерных цягнікоў маршруце Кітай — Еўропа — Кітай. Паводле ацэнак Беларускай чыгункі, аб'ём транзітных кантэйнерных перавозак у мінулым годзе павялічыўся на 29 % і склаў каля 930 тысяч кантэйнераў, у тым ліку ў паведамленні Кітай — Еўропа — Кітай ён узрос у 1,3 раза. З улікам вялікага патэнцыялу кітайскага рынку можна прагназаваць далейшы рост аб'ёмаў перавозак.

Асобнай увагі заслугоўвае пачатак рэалізацыі праекта міжнароднага лагістычнага тэрмінала «Еўразійскі чыгуначны гейтвэй» у парку «Вялікі камень». Гэта міжнародны праект, у ім ужо ўдзельнічаюць кампаніі з Кітая, Германіі, Беларусі і Швейцарыі. Разлічваем, што яго паспяховая рэалізацыя значна сэканоміць час у дарозе і павысіць хуткасць апрацоўкі грузаў, а значыць, павялічыць прапускную здольнасць вельмі папулярнага маршруту Кітай — Еўропа — Кітай.

— Пандэмія каранавіруса ўнесла кардынальныя карэктывы ў развіццё краін па ўсім свеце. Як адбіўся гэты фактар ??на беларуска-кітайскім супрацоўніцтве?

— Безумоўна, пандэмія аказала ўплыў на развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Інакш і быць не магло. Найбольш моцна пацярпела сфера турызму. У новых умовах нам было неабходна хутка знайсці новыя формы камунікацый і ўзаемадзеяння, падстроіцца пад новыя рэаліі. Што яшчэ важна — з новых бакоў адкрылася сяброўства беларусаў і кітайцаў. Калі пачалася пандэмія, мы абсалютна шчыра падтрымлівалі адзін аднаго ў гэтай бядзе, аказваючы не толькі медыцынскую гуманітарную дапамогу, але і простымі, але такімі патрэбнымі ў той час, ды і зараз словамі падтрымкі.

Сапраўды, пандэмія каранавіруса COVІD-19 аказала і працягвае аказваць істотны ўплыў на сусветную эканоміку і кожную краіну. Кітай першым сутыкнуўся з невядомай інфекцыяй, былі закрыты цэлыя гарады, каб пазбегнуць яе распаўсюджвання. Тое, як КНР удалося шляхам прыняцця беспрэцэдэнтных мер узяць пад кантроль успышку інфекцыі, заслугоўвае павагі.

У ходзе супрацьстаяння гэтым новым выклікам адносіны Беларусі і Кітая паказалі сябе як узорныя. Нягледзячы на ??цяжкасці і нязручнасці каранцінных абмежаванняў, у нас падтрымліваюцца кантакты на ўсіх узроўнях, і эфектыўнасць беларуска-кітайскага супрацоўніцтва застаецца высокай. Гэта пацвярджае і станоўчая дынаміка экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай, які па выніках 2020 года вырас на 9,4 працэнта, а за 11 месяцаў 2021-га — на 14,2 працэнта. Значна павялічваецца аб'ём чыгуначных перавозак па маршруце Кітай — Еўропа — Кітай, які праходзіць праз нашу краіну.

Такім чынам, пандэмія каранавіруса — гэта як праверка на трываласць адносін паміж нашымі краінамі. І мы з Кітаем яе паспяхова прайшлі.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.