Вы тут

Беларускі след маршала Жукава і адданы працы кіроўца аўтобуса


«Моцнай волі. Рашучы… У ваенных адносінах падрыхтаваны добра»

Напрыканцы мінулага года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Георгія Канстанцінавіча Жукава, Маршала Перамогі, чатыры разы Героя Савецкага Саюза. З больш чым сарака гадоў армейскай службы 17 ён правёў на нашай зямлі. «Я ведаў і любіў Беларусь, за час работы вывучыў характар яе мясцовасці, — прызнаваўся палкаводзец у кнізе «Успаміны і роздумы». — Як мне гэта потым спатрэбілася! А самае галоўнае — у Беларускай ваеннай акрузе меў шмат сяброў».


Знаёмства маршала з нашай краінай (найбольш поўна беларускі след у біяграфіі Жукава даследаваў ваенны пісьменнік, генерал-маёр авіяцыі Анатоль Сульянаў у кнізе «Жукаў. Слава. Забыццё. Неўміручасць») пачалося ў далёкім 1922-м, калі ён, актыўны ўдзельнік Грамадзянскай вайны, ардэнаносец, праходзіў службу камандзірам эскадрона 38-га кавалерыйскага палка 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі ў вёсцы Сырад Калінкавіцкага раёна. Тут ён наладзіў добрыя адносіны з мясцовым насельніцтвам, дапамагаў сялянам чым мог, але ж галоўнае — умела арганізаваў навучанне і выхаванне асабістага саставу, дзякуючы чаму шабельны эскадрон заняў першае месца ў дывізіі, пасля чаго Жукаў быў прызначаны памочнікам камандзіра кавалерыйскага палка, а ў маі 1923-га, ва ўзросце 27 гадоў, узначаліў 39-ы Бузулуцкі полк 7-й кавалерыйскай дывізіі, размешчанай пад Гомелем.

Восенню 1924 года Жукава накіравалі на камандныя курсы ў Ленінград. Цікава, што адтуль камандзіры палкоў Беларускай ваеннай акругі Жукаў, Савельеў і Рыбалкін вярталіся ў Мінск на месца службы не цягніком, а на конях: 963 кіламетры грунтавых дарог праз Віцебск, Оршу, Барысаў... На сёмы дзень коннікаў урачыста сустракалі аднапалчане, кіраўнікі сталіцы, мясцовыя жыхары.

У другой палове 20-х гадоў Жукаў выкладаў у Белдзяржуніверсітэце, у 1930-м быў вылучаны на пасаду камандзіра 2-й брыгады 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі са штабам у Мінску. У атэстацыі Жукава, падпісанай камдывам Ракасоўскім, адзначалася: «Моцнай волі. Рашучы. Валодае вялікай ініцыятывай і ўмела выкарыстоўвае яе на справе. У ваенных адносінах падрыхтаваны добра»...

На гэтай новай пасадзе Жукаў праслужыў некалькі месяцаў, пасля чаго атрымаў новае прызначэнне. Аднак расставанне з Беларуссю было нядоўгім: у 1933–1937 гадах ён камандаваў 4-й кавалерыйскай дывізіяй, якая дыслацыравалася ў Слуцку, стала найлепшай і была ўдастоена ордэна Леніна. Гэткую ж узнагароду атрымаў Жукаў.

У ліпені 1937-га ён быў прызначаны камандзірам 3-га кавалерыйскага корпуса, потым — 6-га казацкага, пасля чаго стаў намеснікам камандуючага Беларускай ваеннай акругі па кавалерыі. З Асіповічаў яго сям'я пераехала ў Смаленск, дзе тады размяшчаўся штаб БВА.

...Імя Г. К. Жукава цесна звязана і з канчатковым вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падчас якога палкаводзец каардынаваў дзеянні 1-га і 2-га Беларускіх франтоў. Тагачасную сталіцу, як пісаў ва ўспамінах маршал, было не пазнаць. «Сем гадоў я камандаваў палком у Мінску, добра ведаў кожную вуліцу, усе найважнейшыя пабудовы, масты, паркі, стадыёны і тэатры. Цяпер усё ляжала ў руінах, на месцы жылых кварталаў засталіся пусткі, пакрытыя кучамі бітай цэглы і абломкаў».

У апошні раз ужо міністр абароны СССР Г. К. Жукаў наведаў Мінск у 1955 годзе падчас буйнога тактычнага вучэння.

...У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны матэрыялаў, звязаных з дзейнасцю Маршала Перамогі, шмат. Гэта і фотаздымкі, і скульптурны партрэт работы народнага мастака СССР Заіра Азгура, і карціна мастака Яўгена Ціхановіча «Падпісанне Акта аб капітуляцыі Германіі»...

Імя Г. К. Жукава ўвекавечана ў Зале Перамогі.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск


...Няхай прыходзіць газета

Два гады таму, зусім нядаўна яшчэ, мы хадзілі без масак, не баяліся падчапіць ковід: смела выходзілі з дому, сустракаліся з людзьмі, раднёй, сябрамі, чакалі гасцей.

Сёння з такіх вось, самых чаканых, у нас застаўся адзін — газета «Звязда».

Калісьці, працуючы паштальёнам, я дастаўляла яе іншым падпісчыкам і толькі потым пасябравала сама. Помню, колькі задавальнення было ад таго, што чытаю на мове сваіх бацькоў, сваёй роднай вёскі! Помню, як хвалявалася, адправіўшы ў рэдакцыю свае першыя «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі». Гэта было ў 2011-м... А праз два гады, у 2013-м, я выйграла суперпрыз у «звяздоўскай» латарэі. Ніколі не забудуся, як прачытала ў газеце сваё прозвішча, як не паверыла сваім вачам, бо ніколі ў жыцці мне так не шанцавала! Усё сваёй працай, сваім мазалём, а тут раптам — халадзільнік «Атлант»...

Ён служыць нам і да сёння!.. Пошта працуе. «Звязда» прыходзіць. Атрымаўшы свежы нумар, заўсёды знаходзім і што пачытаць (пра наша жыццё, пра замежнае), і нават што выразаць-захаваць, каб потым яшчэ раз перагледзець — скарыстацца парадамі, нешта ўспомніць, а то і пасмяяцца. Словам, са «Звяздой», як з надзейнай сяброўкай, жыць цікавей і лягчэй. А таму (не ведаю, як іншыя) я згодная «не мець сто рублёў» — няхай лепш прыходзіць газета.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

в. Магільна

Уздзенскі раён


Хочаш не хочаш, а ногі намочыш...

Жыў-быў Арганізм, і ў ім дружна працавалі Страўнік, Сэрца, Печань, Лёгкія, Ныркі... Кожны займаўся сваёю справай, а кіравала ўсім Галава.

На заранку чалавецтва яна не была абцяжарана курсам валют, палітыкай, цэнамі... Усяго і ведала, што закінуць у Арганізм маманцяціны, шчаўя ды крынічнай вады. Аднак бурныя этапы эвалюцыі ўсё змянілі. Неяк вечарам, напрыклад, сядзела Галава на шыі і думала: «Чым бы парадаваць Арганізм?» А далей — пайшла да халадзільніка, узяла мяса, сыру, гарэлачкі...

Страўнік прыняў іх без энтузіязму. Ныркі таксама цяжка ўздыхнулі ды — нідзе ж не дзенешся — нехаця ўключыліся ў работу. «Другая вячэра, — толькі і выдалі Лёгкія. — Бедная Печань!» — «І сапраўды, — узнялася тая. — Колькі ж можна?! Хопіць мне фільтраваць лішняе! Хай Ныркі бяруцца, іх дзве». «А з чаго гэта мы? — абурыліся тыя. — Не будзем!» — «Бунтаваць, дык усім, — пачуўся з-пад Страўніка голас Залозы».

Нечакана з'явілася Задышка. «А ты адкуль?» — здзівіліся Лёгкія. «Адтуль... Ад мяса, сала, булак, каўбас, — цяжка сапучы, вымавіла госця. — Ды яшчэ ад ног лянівых, якія хадзіць не хочуць, у канапу ўраслі».

Не дзіва, што ад гэтага павялічваўся ў памерах жывот. «Хоць бы не трэснуць», — часцяком думаў ён і ратаваўся хіба рамянямі, якія час ад часу мяняла Галава, ледзь паспяваючы пры гэтым прымаць трывожныя сігналы: «Печань вялая», «Ціск высокі», «У Нырках — недастатковасць»...

«З гэтым нельга мірыцца: трэба нешта рабіць», — зразумела ўрэшце Галава і, шукаючы паратунку (хочаш не хочаш, а ногі намочыш), пакіравала ў бальніцу.

Раіса ХВІР

г. Нясвіж


«Каб найлепш абслужыць пасажыраў і самому атрымаць задавальненне ад сумленна зробленай работы»

З Зыгмундам Каліцкім, адным з найлепшых шафёраў аўтапарка № 13, «сустракаюся» амаль кожны раз, калі іду па горадзе. Прыемна глядзець, як Зыгмунд Іосіфавіч вядзе свой аўтобус, прыемна чуць ад пасажыраў і кіраўніка аўтапарка Віктара Аляксандравіча Скаскевіча пахвальныя словы ў яго адрас.

Лёс не песціў гэтага сялянскага хлопца. Нарадзіўся ў досыць вялікай вёсцы Каліты, ад назвы якой і пайшло, відаць, прозвішча Каліцкіх. Змалку гартаваў характар — прывыкаў да адказнасці, да работы. У сям'і на плячах двух сыноў — Зыгмунда і Барыса — быў клопат пра гаспадарку. Яны ж, гэтыя хлопцы, «пастаўлялі» ў сям'ю ўсе прыродныя багацці: насілі з лесу ягады і грыбы, лавілі рыбу.

Пачатковую школу браты скончылі ў сваёй жа вёсцы. У сярэднюю давялося хадзіць праз лес, у вёску Дуніловічы, што за сем вёрст ад хаты. Зыгмунд Іосіфавіч да сёння ўспамінае, як у суровыя зімовыя дні бацька падвозіў іх на аўтобусны прыпынак, як ва ўсім стараўся дапамагчы... Хіба што прафесіі браты выбіралі самі. Барыс скончыў Ленінградскую мараходку і стаў мараком, Зыгмунд падаўся ў шафёры. Спачатку кіраваў армейскім ЗіЛам, пасля дэмабілізацыі сеў за руль калгаснай грузавой машыны... А калі яго жонку Сафію Казіміраўну накіравалі працаваць у гарадскую школу, муж падаўся следам — уладкаваўся ў аўтапарк, дзе пасябраваў з Франкам Сарокам, Сяргеем Ягелам, Генадзем Якубяловічам... Ды што там — увесь калектыў з павагай ставіўся і ставіцца да Зыгмунда Каліцкага, бо заўсёды праўду ў вочы казаў на сходах, смела ўздымаў праблемныя пытанні.

Магчыма, яшчэ і за гэта ў канцы мінулага стагоддзя кіраўніцтва аўтапарка даверыла Каліцкаму новы аўтобус, даручыла працаваць на гарадскім маршруце.

Варта сказаць, што работа гэта вельмі адказная, бо трэба вытрымліваць графік руху, уважліва сачыць не толькі за дарогай і бяспекай пешаходаў, але і пасажыраў, якія знаходзяцца ў салоне. Як прызнаецца шафёр 1-га класа Зыгмунд Каліцкі, найцяжэй працаваць зімой, калі школьнікі, гуляючы, а пажылыя людзі ў галалёд могуць, барані бог, не ўтрымацца на нагах, трапіць пад колы транспарту.

...Час няўмольна ляціць наперад. Некалі новы аўтобус Зыгмунда Іосіфавіча цяпер ужо, мякка кажучы, «у гадах» — вымагае дадатковых увагі і клопату, але ж дзякуючы «гаспадарам» заўсёды знаходзіцца ў выдатным рабочым стане.

Працоўны дзень у кіроўцаў пачынаецца а шостай раніцы і заканчваецца часам а дзясятай вечара. Калі з'яўляецца неабходнасць некага падмяніць, Каліцкі ніколі не адмовіць.

Не забывае Зыгмунд Іосіфавіч і сваю малую радзіму — Пастаўскі раён. На выхадныя і ў кожны водпуск з жонкай і сынам едзе ў вёску, дзе дарэчы зімой на 35 хат — сем пажылых жыхароў, бо там магілы яго бацькоў, рэчка і лес — месца, дзе можна не толькі ад душы папрацаваць, але і пасядзець з вудай, схадзіць у грыбы... Каб потым, сеўшы за руль ды выехаўшы на лінію, як найлепш абслужыць пасажыраў і самому ў канцы працоўнага дня атрымаць задавальненне ад сумленна зробленай работы.

Мікалай БАЛЫШ

г. Ашмяны

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».