Вы тут

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %


12 студзеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падпісала пагадненне з прадстаўнікамі найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі. Пагадненне датычыцца прадастаўлення зніжак найменш абароненым катэгорыям насельніцтва. Згодна з дакументам, з 17 студзеня, то-бок з гэтага панядзелка, шэраг прадуктовых магазінаў Беларусі дае зніжку ў памеры 10 % на сацыяльна значныя тавары.


Пагадненне, адзначаюць у МАРГ, будзе дзейнічаць на працягу паўгода. «Звязда» ўдакладніла, хто можа разлічваць на «сацыяльную зніжку» і што трэба зрабіць для яе атрымання.

Куды ідзём па зніжку

Пачнём з таго, што пагадненне падпісалі «Еўраопт», «Віталюр», «Суседзі», «Белмаркет», «Гіпа», «Санта», «Карона», Green, «Алмі», ProStore, «Дабраном», «ДарАРЗ», а таксама Белкаапсаюз.

На зніжку могуць разлічваць: пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і асобы, якія атрымліваюць штомесячную сацыяльную дапамогу. Зніжка, як ужо гаварылася, — гэта мінус 10 % ад цаны на сацыяльна значныя тавары. Але сума пакупак са зніжкай у месяц у крамах адной сеткі не можа быць вышэйшая за бюджэт пражытковага мінімуму (на сённяшні дзень БПМ складае 288,01 рубля) — адпаведна, сэканоміць атрымаецца ў сярэднім крыху менш за 30 рублёў.

На сайтах гандлёвых сетак адзначаецца, што зніжка з іншымі зніжкамі не падсумоўваецца і на тавары «па акцыі» не распаўсюджваецца. А таксама тое, што калі памер зніжкі па картцы лаяльнасці вышэйшы, чым гандлёвыя надбаўкі на канкрэтны тавар, то «скінуць» вам толькі памер гандлёвай надбаўкі — зразумела, крама не можа гандляваць са стратай, прадаючы прадукты танней за сабекошт.

Дарэчы, з 17 студзеня, з пачаткам дзеяння «сацыяльнай зніжкі», у большасці гандлёвых сетак-удзельнікаў пагаднення спынілі дзеянне папярэднія сацыяльныя праграмы.

Якія тавары можна набыць з «сацыяльнай зніжкай»? Поўны пералік размешчаны на сайтах крам, што падпісалі пагадненне. Мы ж назавём толькі некаторыя пазіцыі. Гэта, у прыватнасці, пшанічная мука без дабавак, аўсяныя шматкі без дабавак, хлеб аржаны і аржана-пшанічны таксама без розных дабавак, макарона (не з цвёрдых сартоў пшаніцы і не хуткага гатавання), ялавічына і свініна (але не бескасцёвая), курынае мяса (як ахалоджанае, так і замарожанае), малако (за выключэннем адтопленага), кефір, смятана (без раслінных тлушчаў), тварог без смака-араматычных дабавак (але не зярнёны, і не тварожныя сыркі), сыры пэўных відаў, масла сметанковае (не дэсертнае і без дабавак), алей сланечнікавы і рапсавы (за выключэннем змяшанага), свежыя яблыкі, капуста, цыбуля, морква, буракі, бульба, цукар, а таксама дзіцячае харчаванне — фруктовыя, мясныя кансервы і кашы.

Як атрымаць зніжку 10 %, калі вы маеце на яе права? Вельмі проста: у краме трэба аформіць адпаведную «сацыяльную» бонусную картку. Агульны парадак яе афармлення наступны. Пакупнік прадстаўляе дакумент (копію дакумента) аб тым, што адносіцца да катэгорыі, якая мае права на зніжку, запаўняе анкету і атрымлівае картку. Альбо ўжо наяўную картку пераводзіць у разрад «сацыяльнай». На гэта можа спатрэбіцца час — ад трох дзён у сетцы «Еўраопт» да 21 дня ў некаторых іншых гандлёвых сетках. Дакументам можа быць пенсійнае пасведчанне, пасведчанне шматдзетнай сям'і, пасведчанне інваліда (або дзіцяці-інваліда для бацькоў, плюс дакумент аб тым, што вы — яго законны прадстаўнік) ці даведка аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе. Адпраўляючыся афармляць «сацыяльную» бонусную картку, вазьміце з сабой пашпарт.

Больш падрабязна пра «сацыяльную зніжку»

Пачнём з папулярнай сеткі «Еўраопт». На сайце «Еўраопта» пазначана, што «зніжка прадастаўляецца на касе ў момант здзяйснення пакупкі пры прад'яўленні карткі «Е-плюс. Сацыяльная». Каб памяняць дзеючую картку «Е-плюс» на «Е-плюс. Сацыяльная», неабходна звярнуцца ў інфацэнтр або да супрацоўніка крамы «Еўраопт», прад'явіць пенсійнае пасведчанне, пасведчанне шматдзетнай сям'і або даведку аб аказанні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі, а таксама пашпарт (або іншы дакумент, які сведчыць асобу), запоўніць заяву — і статус карткі будзе зменены. Калі ж бонуснай карткі ў вас няма, яе варта завесці — набыць картку «Е-плюс» або атрымаць бясплатна «Е-плюс. Пенсійная»/»Е-плюс. Добры працэнт». Картка атрымае тып «Сацыяльная» на працягу трох рабочых дзён. Дзеянне «сацыяльнай зніжкі» распаўсюджваецца на сэрвіс «Е-дастаўка» і на выязны гандаль (аўтакрамы). А вось на «Хіт» і «Грошык» — не, растлумачылі ў інфацэнтры аднаго з магазінаў «Еўраопт».

Для атрымання 10 %-най зніжкі ў сетцы «Гіпа» спатрэбіцца картка «Асоба». Калі яна ў вас ёсць, дастаткова запоўніць анкету (узяць яе можна ў супрацоўніка крамы), прыкласці да яе копію пасведчання, што пацвярджае права на зніжку, і перадаць супрацоўніку крамы. Калі ж карткі «Асоба» ў пакупніка няма, яе можна купіць за сімвалічную суму — 1 капейку. Са зніжкай можна будзе купляць пасля рэгістрацыі вашай анкеты ў праграме лаяльнасці. На сайце пазначана, што на гэта спатрэбіцца 21 дзень.

— Атрымаць зніжку 10 % можна толькі з карткай, — паясніла прадстаўнік «Гіпа». — Картку вам аддадуць адразу, але на тое, каб інфармацыя абнавілася, спатрэбіцца некаторы час. 21 дзень — гэта максімальны тэрмін, скарэй за ўсё, магчымасць скарыстацца зніжкай пакупнік атрымае значна хутчэй.

У «ДарАРЗ» прапануецца аформіць картку «ДАРАРЗ сацыяльная», і таксама паведамляецца, што пры выкарыстанні адначасова дысконтнай карткі ААТ «ДАРАРЗ сацыяльная» і карткі пакупніка ААТ «ДАРАРЗ» зніжкі не падсумоўваюцца.

На сайце гандлёвай сеткі «Суседзі» адзначаецца, што «сацыяльная зніжка» прадастаўляецца ўладальнікам карты «Купілка», якая мае статус «сацыяльнай».

— Калі, напрыклад, у пенсіянера ёсць бонусная картка «Купілка», пры яе афармленні ён прад'яўляў сваё пенсійнае пасведчанне. І картка зарэгістраваная на яго як на пенсіянера. Нават без гэтых 10 % па ёй у пенсіянераў у сетцы «Суседзі» ідзе 5 %-ны сацыяльны бонус пры куплі тавараў з 8 да 12 гадзін раніцы. Гэты бонус захоўваецца і пры 10 %-най «сацыяльнай зніжцы», якая дзейнічае з сённяшняга дня, — тлумачыць касір. — Зніжка 10 % з першага дня акцыі ў крамах «Суседзі» дзейнічае аўтаматычна, калі бонусная картка зарэгістраваная на чалавека, які мае пасведчанне (пенсійнае, шматдзетнай сям'і, інваліда і г. д.) і прад'яўляў яго пры афармленні карткі. Тады ад пакупніка ніякіх дадатковых дзеянняў не патрабуецца.

— А калі «Купілкі» няма?

— Тады яе трэба набыць. Каштуе яна 1 рубель. 1 капейку бонусная картка каштуе месяц (часам даўжэй) пры адкрыцці новай крамы сеткі. Можна паглядзець, дзе адкрываюцца новыя «Суседзі», і з'ездзіць за карткай туды.

Пры афармленні бонуснай карткі атрымаць сацыяльны статус па «Купілцы» можна, адправіўшы нумар карткі, а таксама фота або скан адпаведнага пасведчання на «Вайбер», у мабільным дадатку або запоўніўшы папяровую анкету. Статус будзе прысвоены на працягу 21 дня.

У сетцы «Віталюр» праграму назвалі прыгожа — «Добрыя 10 %». Каб скарыстацца праграмай, неабходная картка «Віталюр» і пасведчанне, якое пацвярджае вашу прыналежнасць да адной з катэгорый. Таксама супрацоўнікі сеткі адзначаюць, што з 17 да 31 студзеня «Добрыя 10 %» зніжкі прадастаўляюцца без абавязковага прымянення карткі «Віталюр», але ўжо з 1 лютага — толькі з ужываннем карткі. Набыць яе можна на касе за 1 капейку. Скарыстацца сацыяльнай праграмай у «Віталюр» могуць блізкія сваякі заяўленых катэгорый грамадзян, а таксама сацыяльныя работнікі пры прад'яўленні пацвярджальных дакументаў (для атрымання зніжкі ім трэба мець картку «Віталюр» удзельніка і паказаць пасведчанне/копію пасведчання).

Сетка Green з 17 студзеня таксама дае сацыяльную зніжку ў памеры 10 % ад рознічнай цаны без абавязковага прымянення бонуснай карткі. Праграма ў сетцы Green дзейнічае ў будні да 13.00. На касе трэба прад'явіць арыгінал дакумента, які пацвярджае статус пакупніка. Бонусная картка для атрымання «сацыяльнай зніжкі» спатрэбіцца ў Green з 16 лютага. Картку прапануецца выбраць. Ёсць варыянт «Сацыяльная 5», гэта пяціпрацэнтная зніжка на ўвесь чэк у будні да 13.00 пры прад'яўленні на касе «сацыяльнай» бонуснай карткі і пацвярджальных дакументаў. Або «Сацыяльная 10» — дзесяціпрацэнтная зніжка толькі на сацыяльна значныя тавары, таксама да 13.00 у будныя дні.

Рэгістрацыя дысконтнай карткі «САНТА сацыяльная» адбываецца на працягу 14 каляндарных дзён з дня запаўнення заявы і перадачы яе адміністрацыі магазіна. Пакуль картка рэгіструецца, пакупнікі могуць атрымаць сацыяльную зніжку пры прад'яўленні арыгінала дакумента, які пацвярджае прыналежнасць да адной з найменш сацыяльна абароненых катэгорый грамадзян, растлумачылі ў гандлёвай сетцы «Санта».


У тэму

Белкаапсаюз: у больш чым тысячы крам спажывецкай кааперацыі, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі праграмы лаяльнасці «Мой РОДНЫ КУТ», таксама можна скарыстацца сацыяльнай зніжкай у памеры да 10 % ад рознічнай цаны.

— Зніжка прадастаўляецца пенсіянерам, шматдзетным сем'ям, асобам, якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу (у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі), на 29 таварных груп, вызначаных Пагадненнем аб прадастаўленні зніжак на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва паміж Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і суб'ектамі гандлю, — адзначыла начальнік упраўлення гандлю Белкаапсаюза Вольга Кунцова.

«Сацыяльная зніжка» не падсумоўваецца з іншымі зніжкамі і не прадастаўляецца на сацыяльна значныя тавары, якія ўдзельнічаюць у іншых акцыях, што дзейнічаюць у краме на момант разліку за тавар. У выпадку, калі кошт тавару з улікам сацыяльнай зніжкі ніжэйшы за сабекошт, продаж ажыццяўляецца па сабекошце, падкрэсліла спецыяліст.

Каб атрымаць «сацыяльную зніжку», неабходна прад'явіць на касе ў момант здзяйснення куплі дысконтную картку «РОДНЫ КУТ сацыяльная». Яе рэгістрацыя ажыццяўляецца на працягу 15 каляндарных дзён з дня запаўнення заявы і перадачы яе адміністрацыі магазіна. У крамах, якія працуюць у фармаце «дыскаўнтар» («Мегаопт», «РгоЗапас»), зніжка не прадастаўляецца.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.