Вы тут

«Цяжарнасць 40+ — не дыягназ. Гэта дар»


Падчас падрыхтоўкі матэрыялу я задала пытанні жанчынам, якія нарадзілі пасля 40. Іх гісторыі вельмі розныя. Але аб'ядноўвае усіх вялізнае жаданне стаць мамай. Другі, трэці, чацвёрты раз... А для кагосьці нават і ўпершыню. У гэтых гісторыях столькі светлай радасці і болю, што пасля размовы хацелася абняць кожную гераіню. Іх прыклады паказваюць, што ўсё магчыма. Галоўнае — верыць і ісці насустрач сваёй мэце. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ні адна з жанчын не шкадуе ні аб чым. І, калі б была магчымасць вярнуцца назад, яны, не раздумваючы, прайшлі б свой шлях яшчэ раз.


«Мая мама ў 42 гады стала бабуляй, а я яшчэ збіралася стаць мамай»

— Вы планавалі позняе дзіця?

Ала, нарадзіла трэцяе дзіця ў 42 гады: Свайго Ціму я ўжо хацела ў 35. Але муж сказаў: «Ведаеш, я яшчэ не выспаўся (у нас старэйшыя дзеці — пагодкі). Давай завядзём любую хатнюю жывёлу, якую хочаш. Я не стала настойваць. Муж у мяне кантралёр у гэтым плане, таму, калі нават і хацела б зацяжарыць, гэта было нерэальна. У 40 гадоў я для сябе тэму родаў закрыла. Падумала: куды ўжо мне нараджаць, дзеці дарослыя. І адпусціла гэту гісторыю. Калі муж вярнуўся дадому пасля працяглай камандзіроўкі, сказала яму: «Можаш не хвалявацца, з маім дыягназам (мне паставілі эндаметрыёз) не зацяжарыць». Тым самым прытупіла яго пільнасць. Напэўна, мой хлопчык чакаў гэтага моманту. Бо зацяжарыла я адразу.

Таццяна, нарадзіла другое дзіця ў 42 гады: Замуж я выйшла позна, таму першы сын з'явіўся толькі ў 35. Свядома нараджаць другое дзіця баялася. Думала, калі Бог пашле да 43 гадоў, дык нараджу. Так яно і здарылася. Са з'яўленнем другога дзіцяці з'явілася адчуванне поўнай сям'і. Да гэтага мне ўвесь час здавалася, што некага не хапае.

Алена, упершыню стала мамай у 43 гады: Я 22 гады прапрацавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Заўсёды праца, праца, праца. У раддоме ў мяне пыталіся: «А чаму так позна?» Таму што чакала... Не, не прынца, не нейкага мільянера (смяецца). А чалавека, якому змагу даверыцца, з якім мне лёгка і прыемна будзе ісці па жыцці. Мы пазнаёміліся ў Фэйсбуку, а пажаніліся літаральна праз 2 месяцы пасля першай сустрэчы. Муж з Ліды пераехаў жыць да мяне ў вёску, на Брэстчыну. І праз год у нас нарадзілася дачушка Агата, ёй днямі будзе тры месяцы. Мажліва, у вёсцы на мне ўжо даўно паставілі крыж. Маўляў, 40 гадоў, так і будзе ўвесь час выхоўваць чужых дзяцей. Але, што прыемна, людзі, калі даведваліся, шчыра радаваліся за мяне, цэлы год пасля таго, як выйшла замуж, прымала віншаванні.

Алёна, нарадзіла двайнят у 42 гады: Мы з мужам 10 гадоў не маглі зацяжарыць. Хадзілі па дактарах, лячыліся. На адным з даследаванняў высветлілі, што звычайна зацяжарыць не ўдасца. Сталі разглядаць метад ЭКА. У нас было тры безвыніковыя спробы. Вырашылі, што чацвёртая будзе апошняй. Бо гэта ўсё эмацыйна вельмі складана. Кожны раз спадзявацца, а потым расчароўвацца. Нягледзячы на няпростую цяжарнасць, мы вельмі рады, што ў нас нарадзіліся два цудоўныя хлопчыкі. Вельмі доўга пра сваё шчасце наогул нікому не казалі, бо самі не маглі паверыць, што атрымалася.

Алеся, нарадзіла другога сына ў 40 гадоў: Калі мы разышліся з першым мужам, я спрабавала ўладкаваць сваё асабістае жыццё. Хадзіла да варажбіткі. Яна сказала, што ў мяне будзе позняе дзіця (на той момант у мяне ўжо быў адзін сын). Я ёй тады не паверыла. У маладосці ў мяне была пазаматачная цяжарнасць, і я даўно закрыла для сябе гэтую тэму. Тым больш дырэктар прапанаваў мне высокааплатную пасаду, і ў сферу маіх інтарэсаў яшчэ адно дзіця не ўваходзіла. І вось праз нейкі час на рабоце я пазнаёмілася з калегам, малодшым за мяне на 9 гадоў. Мы з ім пачалі сустракацца. Калі зразумела, што зацяжарыла, прыняла рашэнне нараджаць, незалежна ад таго, пагодзіцца мой малады чалавек вытрымкі ці не.

Ірына Яблонская, урач-дыетолаг, нарадзіла другое дзіця за тры месяцы да свайго 40-годдзя: Я трэці раз выйшла замуж. За свайго былога аднакурсніка. Праўда, блізка пазнаёмілася з ім толькі пры падрыхтоўцы да вечара сустрэч выпускнікоў. Мы хацелі сумеснае дзіця. Таму абследаваліся і прымалі па схеме ўсе неабходныя нутрыцэўтыкі для падрыхтоўкі да цяжарнасці. Мы абое медыкі, таму разумеем, наколькі гэта важна. І ў нас усё вельмі хутка атрымалася.

Вольга Пякун, псіхолаг, дырэктар сямейнага цэнтра «Маміна школа», нарадзіла чацвёртае дзіця ў 41 год: «У мяне было 13 цяжарнасцяў. І толькі чацвёра родаў. Я прайшла многае, у тым ліку і журботнае, але заўсёды ведала, што ў мяне будзе шмат дзяцей. І не факт, што чацвёртае дзіця апошняе. Нашы дзеці — узнагарода для нас з мужам. Такія, ведаеце, цяжкадасягальныя медалі. Сёння мы дзякуем Богу, дактарам, бацькам, сябрам за падтрымку, дапамогу і за тое, што ў нас усё атрымалася».

Ірына ЯБЛОНСКАЯ, урач-дыетолаг: «Правядзіце поўны чэк-ап свайго арганізма» — Рэкамендую рыхтавацца да зачацця ў любым узросце, а ў 40-гадовым — тым больш, бо здароўе будучага дзіцяці мы закладваем менавіта падчас падрыхтоўкі да цяжарнасці. Перш чым ісці на гэты крок, неабходна правесці поўны чэк-ап (комплекснае абследаванне) свайго арганізма, здаць аналізы абодвум партнёрам. Акрамя таго, каб цяжарнасць працякала спрыяльна, трэба пралячыць хранічныя захворванні. Таму што іх абвастрэнне можа прывесці да нядобрых на ступстваў. З узростам і рызыкі ўзрастаюць, гэта праўда, таму пажадана «ісці ў цяжарнасць», мінімізаваўшы іх.

«У дырэктара быў шок, калі я сказала, што чакаю дзіця»

— Што адчулі, калі даведаліся, што зацяжарылі? Як адрэагавалі блізкія, калегі? Што пра познюю цяжарнасць гаварылі ўрачы?

Ала: «Было радасна і страшна адначасова. Але зараз магу сказаць: прымаўка «Бог дае дзіця — дае і на дзіця» працуе. І спаць мне не хацелася, і памочнікаў не хацелася. Многія былі супраць, каб я нараджала. 14 гадоў таму познія роды былі не так распаўсюджаны, як цяпер. Людзі на вуліцы глядзелі коса. Я ўдзячна свайму старэйшаму сыну (яму на той момант было 18), які сказаў: «Мама, гэта так крута!» Муж быў у камандзіроўцы. Пазваніла яму, кажу: «Валодзя, я цяжарная». Доўгае маўчанне. А потым: «Прыеду — паразмаўляем». Яго аргументы, што мы старыя, хворыя і не вырасцім гэтае дзіця, на мяне не дзейнічалі. Ведала, што ніколі не пайду на аборт. Зараз муж з малодшым сынам — найлепшыя сябры».

Таццяна: «Мая мама ў 42 гады стала бабуляй, а я яшчэ збіралася стаць мамай. Вядома, адразу спалохалася. Пра ўзрост думала. Пра тое, што, калі сын скончыць школу, мне будзе 60...»

Вольга: «Асабіста я не адчуваю свой пашпартны ўзрост. Нашай сям'і 23 гады, і ўвесь гэты час мы вядзём актыўны лад жыцця, вандруем, займаемся спортам. Дзеці — гэта насамрэч рэсурс: калі правільна імі карыстацца (гэта ў нас такі жарт). Яны не толькі працягваюць маладосць сваім бацькам, але і для бабуль і дзядуль цудоўны антыдэпрэсант, пры якім ты не можаш быць хворым і старым. Калі дзеці збіраюцца ў госці да маіх бацькоў, заўсёды кажу: унукі едуць аздараўляць бабулю і дзядулю».

Роз­ні­ца па­між ста­рэй­шай і ма­лод­шай дач­ка­мі Іры­ны Яб­лон­скай — 20 га­доў.

Ала: «Памятаю, мы гулялі сям'ёй па горадзе. Я заскочыла ў краму. А муж каляску качаў, бо Цімафей, відаць, заплакаў. Побач стаялі старэйшыя дзеці. Міма праходзіў калега мужа і кажа: «Слухай, аддай ты дзіця бацькам». А муж смяецца: «Я ж і ёсць бацька».

Алеся: «Самае складанае для мяне было паведаміць навіну дырэктару. Бо ён браў мяне з улікам таго, што мне пад 40 і кар'ера ў прыярытэце. Калі на навагоднім карпаратыве я яму сказала: «Прабачце, я вас так падвяла», ён быў у шоку. Праўда, у дэкрэтным адпачынку я не была ніводнага дня!»

Наталля, нарадзіла чацвёртае дзіця ў 43 гады: «Калі я прыйшла да гінеколага і сказала, што думаю пра чацвёртае дзіця, мяне адгаворвалі. Казалі, што цяжарыць у такім узросце — вялікая рызыка. Не сакрэт, што пасля 40 большая верагоднасць нарадзіць хворае дзіця, чым у 20 ці 30 гадоў. Таму мне прапанавалі зрабіць амнеацэнтэз (аналіз для «старанараджаючых», які дазваляе выявіць генетычныя паталогіі плода). Я адмовілася, бо не бачыла ў гэтым сэнсу. Навошта рабіць пракол жывата, калі ўсе аналізы і УГД добрыя. Мне сказалі: «Жанчына, чым вы думаеце? У вашым узросце верагоднасць 1:20, што ў вас народзіцца даўн». На што я адказала: «Нават калі так, я не збіраюся рабіць аборт». Разумею, што медыкі перастрахоўваюцца. Але, калі шчыра, не вельмі прыемна, калі з табой размаўляюць такім тонам, тым больш у такім уразлівым стане».

Вольга ПЯКУН, псіхолаг: «Зараджайцеся станоўчым досведам іншых і працуйце са сваімі страхамі» — Падчас цяжарнасці павышаецца пачуццё адказнасці, а з імпрыходзяць страхі, якія перашкаджаюць нам радавацца свайму чароўнаму стану. Працуйце са страхамі. Калі баіцеся, што народзіцца хворае дзіця, прапрацаваць гэта можна альбо са спецыялістам, альбо самастойна, заручыўшыся падтрымкай дактароў, абследаваннямі. Чы тайце станоў чыя водгукі і кантактуйце з тымі, у каго быў пазітыўны досвед. Цяжарная жанчына вельмі ўразлівая. Калі мы ўпускаем у сябе негатыў, хваляванні ўзмацняюцца, і не выключана, што думкі могуць матэрыялізавацца. Райцеся з тымі, у каго ўсё атрымалася. А яшчэ важна знайсці доктара, які будзе пад трымліваць, а не пужаць.

«Пасля нараджэння дачкі мы з мужам практычна не спалі 3 гады»

— Ёсць розніца паміж цяжарнасцю і родамі ў 20 і ў 40 гадоў?

Наталля: «Так атрымалася, што чацвёртая цяжарнасць была самай лёгкай. Дачушка нарадзілася здаровенькая, нават вышэй за ўсіх маіх дзяцей па шкале Апгар — 8/9 балаў».

Алена: «Усё прайшло спакойна, роўна, без ніякіх праблем. Можа, з-за таго, што я жыву на прыродзе, на свежым паветры».

Алеся: «Усю цяжарнасць адхадзіла нармальна. Цікавае становішча надавала мне маладжавасці, нават валасы «закаласіліся». За месяц да родаў сустрэліся з сябрамі ў піцэрыі. Мне чамусьці было вельмі весела: смяялася так, што не магла спыніцца. Скончылася ўсё тым, што ў мяне адышлі воды і я паехала ў раддом. На месяц раней. Гэта дадало праблем у плане здароўя дзіцяці. Мы з гіпаксіяй трапілі ў рэанімацыю. Было страшна. Дзякуй Богу, выкараскаліся, зараз дзіцяці 9 гадоў. Усё цудоўна. Мы з маім маладым чалавекам распісаліся. Пра другое дзіця не думаю, бо ўзрост ужо не дазваляе, хоць сын перыядычна просіць сястрычку».

Ірына: «Падчас цяжарнасці, асабліва ў сорак гадоў, могуць павылазіць рэчы, якіх наогул ніколі не было. У прыватнасці, у мяне з'явіўся аўтаімунны цірэаідыт. Я страціла шмат сіл, энергіі і сродкаў на навучанне, каб пазбавіць сябе ад гэтага захворвання, і цяпер з задавальненнем дапамагаю іншым жанчынам. Падчас абедзвюх цяжарнасцяў я моцна набірала вагу. Пасля першых родаў лішнія кілаграмы так хутка сышлі, што я нават не прыкмеціла. Цяпер жа ў мяне на аднаўленне сышоў не адзін год, вельмі цяжка пазбаўлялася ад 27 кілаграмаў, што набрала за другую цяжарнасць. Акрамя таго, пасля нараджэння Зосі мы з мужам практычна не спалі 3 гады. Бяссонныя ночы пасля 40 — гэта цяжка. Таму трэба не саромецца, прасіць дапамогі. Дзіцяці патрэбна здаровая мама. Значыць, важна збалансавана харчавацца. Часта мамы забываюцца пра гэта, бо засяроджаны на дзіцяці. У выніку ўзнікаюць яшчэ большыя праблемы са здароўем».

Вольга: «Кожная цяжарнасць была лягчэйшая за папярэднюю і больш уражвала сваёй рэалізацыяй. Пасля трэцяга кесарава я выпісалася на трэція суткі. Пасля чацвёртага таксама хутка аднавілася. Заўсёды на кансультацыях кажу сваім кліенткам: вялікая верагоднасць, што роды, як і ваша цяжарнасць, пройдуць па сцэнарыі, які вы намалюеце ў сваёй галаве. Першых дваіх дзяцей я нараджала пад агульным наркозам, і мне іх выдавалі. Чацвёртая ж дачка нарадзілася шляхам мяккага кесаравага сячэння: я тужылася, у нас быў кантакт скура да скуры, Аксінню прыклалі да маёй грудзі і толькі потым перарэзалі пупавіну. Я папрасіла максімальна наблізіць натуральныя роды, бо ў мяне іх ніколі не было. Пажартавала: буду хадзіць да вас нараджаць, пакуль не нараджу сама. Доктар мяне пачула і дапамагла пражыць гэты стан. Я была ў той момант неверагодна шчаслівая!»

— Як змянілася ваша жыццё пасля нараджэння дзіцяці?

Наталля: «Са з'яўленнем чацвёртай дачкі ў мяне адкрыліся новыя таленты. Я заўсёды хацела знайсці для сябе нейкае хобі, аддушыну. Але нічога надоўга не захоплівала. Калі дачушка нарадзілася, я завяла кніжны блог, дзе распавядаю пра дзіцячыя кнігі і настольныя гульні. Гэта месца, дзе адпачываю, знаёмлюся з цікавымі людзьмі-аднадумцамі».

Таццяна: «Мой муж як тата адназначна пасталеў. Калі адлучала першае дзіця ад грудзей, яго падтрымкі не адчувала. Як хочаш, так і змагайся з дзіцем усю ноч. Тут жа муж сам прапанаваў дапамогу. Застаўся з маленькім дома. А мы са старэйшым сынам пайшлі начаваць да маёй мамы».

Ірына: «Калі нарадзіла старэйшую дачку, я вучылася ў медуніверсітэце на 3 курсе. Да 3 гадоў Меліса расла з маёй мамай і бабуляй у Гомелі. А я давучвалася ў Мінску. Таму першыя 3 гады, можна сказаць, прайшлі міма мяне. Я, канешне, наведвала дачку па выхадных і на канікулы яе забірала. Але такога цеснага кантакту з маленькай, як зараз, не было. Зося ж на маіх вачах пайшла, на маіх вачах папаўзла, на маіх вачах загаварыла. Гэта вельмі каштоўны досвед. І я шчаслівая, што мне давялося ўсё гэта перажыць».

Вольга: «Я кармлю грудзямі да самаадлучэння, нашу ў слінгу і бясконца дзякую дзецям, што выбралі мяне сваёй мамай. Цяжарнасць 40 + — не дыягназ. Гэта дар».

Апошнім часам усё часцей жанчыны нараджаюць ва ўзросце ад 40 да 44 гадоў. І больш як 50 працэнтаў гэтых дзяцей — трэція і наступныя.

* Імёны некаторых гераінь зменены па іх просьбе.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Вольгі МІКУЛЬСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.