Вы тут

Кніжны агляд. Залатыя ключы ад сэрцаў


Scrіpta manent. Іван Шамякін. Сэрца на далоні. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021

Хочаце кніжны падарунак на зімовы вечар? Добры выбар — вядомы класічны раман у новай стыльнай серыі. Магчыма, гэта будзе першая ваша пакупка з серыі Scrіpta manent, якая прадстаўляе найлепшае з беларускай літаратурнай класікі. Упэўнена, захочацца паставіць на паліцы ўсе тамы. Перад Новым годам выдавецтва выпусціла ў серыі раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Час дзеяння там, вядома, савецкі — партыйныя сходы, таварыскія суды за амаральнасць... Але жарсці чалавечыя застаюцца ўсё тымі ж — каханне, рэўнасць, зайздрасць, подласць... Вас захопіць гісторыя кардыяхірурга Яраша і яго выратавальніка, мужнага доктара Савіча, які ў вайну ратаваў людзей, загінуў нескароны, але фашысты выдалі яго за свайго паслугача. І толькі доктар Яраш з сябрамі можа заступіцца за яго добрае імя, за ягоную дачку Зосю... А ў Яраша хваравіта раўнівая жонка, якая нават да няшчаснай хворай Зосі раўнуе. А тут і закаханая ў кардыёхірурга медсястра Маша, у якой свае два Рамэа... Будзе нясумна. Ну і бонус — многія падзеі адбываюцца на фоне навагодніх свят. Вось як разбэшчаны маладзён Славік купляе ёлачку:

«— Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? — закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавін і смачна ела свежую булку. — Думаеш, гарадскія — дурні, любую дрэнь праглынуць? Ці, можа, ім грошай няма куды дзяваць?

— А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, — хораша ўсміхнулася яна. — Елкі як елкі. Хто гэта будзе добры ельнік рубіць? У цябе елка два дні пастаяла, ды і на сметнік. А з добрай ялінкі якое дрэва вырасце!

Яе мудрая разважлівасць, спакой і здаровы апетыт неяк дзіўна супакоілі Славіка, нават развесялілі, настроілі па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлічыўся».

Але не суджана было той ёлачцы ўпрыгожыць свята хлопца, бо па дарозе сустрэў ён любую Машу і даведаўся, што яна выбрала не яго...

Красамоўны і фінал рамана. З аднаго боку, Яраш у святочную ноч прыміраецца з жонкай, да ягонага навагодняга тосту нельга не далучыцца:

«— Вып'ем за добрых дзяцей. І за добрых людзей!

Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такі час?»

Радавацца простым, шчырым, чалавечым рэчам і не забывацца на тых, каму патрэбныя наша спачуванне і дапамога — гэтаму варта павучыцца ў Івана Шамякіна. Важна і тое, што ў герояў ёсць рэальныя прататыпы, героі вайны — найперш доктар Клумаў, і тут гучыць тэма неабходнасці змагання за праўду аб падзеях трагічнага ваеннага часу.


Аляксей Талстой. Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна. Мінск, выдавецтва «Беларусь», 2021

Калі хочаце зрабіць добры падарунак дзецям, купіце гэтую кніжку. Па-першае, няхай дзіця засвойвае беларускую мову па захапляльным, добра вядомым творы ў перакладзе Настассі Галкоўскай. Калі па-беларуску з юным чытачом загавораць Бураціна, ліса Аліса і Карабас-Барабас, гэта куды лепш запомніцца, чым практыкаванні з падручнікаў. Па-другое, выданне ўнікальнае: паўтарае выдадзенае ў 1975 годзе, аформленае акварэльнымі малюнкамі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Мастак, дарэчы, тлумачыў, што выбіраў для ілюстравання менавіта тыя моманты, дзе героі эмацыянальна перажываюць, а Бураціна ўвогуле для яго стаў настолькі жывым персанажам, што майстар з ім размаўляў. Так што маеце ў адным «флаконе» і захапляльны тэкст, і дапаможнік па вывучэнні беларускай мовы, і мастацкі альбом. Для дарослых цікава паглядзець, як змянілася ўспрыманне гэтай казкі — бо сучасны дзіцёнак ведае і хрысціянскую казку Калодзі пра Пінокіа, якая паслужыла асновай для савецкай інтэрпрэтацыі Аляксея Талстога, і мульцікаў наглядзеўся пра лялек-монстраў і штучны інтэлект... Сучасным прачытаннем казкі пра Бураціна займаюцца многія з рознай ступенню «сцёбу», напрыклад, запісваючы П'еро ў эма, Дурэмара — у дробныя прадпрымальнікі, а Карабаса — у «эфектыўныя менеджары». Бураціна часам трактуецца як «наша ўнутранае «Я», неспакойнае, трывожнае, што працінае носам намаляваны агмень. Часам казку разглядаюць як мадэль грамадства: Карабас-Барабас — капітал, чарапаха Тарціла — рэлігія, Дурэмар — навука... Ніхто не забараняе і вам знайсці ўласныя падтэксты і паралелі. А знаўцам мовы можна яшчэ і параўнаць розныя варыянты перакладу, якія існуюць, напрыклад, як лепш гучыць — «Прыгоды Бураціны» ці «Прыгоды Бураціна»?

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежасці, 72

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».