Вы тут

Што сёлета зменіцца ў мерах сацыяльнай падтрымкі?


З першага студзеня ў Беларусі на 9,5 % вырас сямейны капітал для сем'яў, дзе нараджаецца трэцяе і наступныя дзеці, цяпер ён складае 25 995 рублёў. Павысіліся з пачатку гэтага года і мінімальная заработная плата, памер базавай стаўкі, а разам з ёй зарплата бюджэтнікаў, а таксама базавая велічыня, якая ўплывае на стыпендыі, дапамогі, падаткі, штрафы і іншыя выплаты, у прыватнасці, дапамогу беспрацоўным. З'явіцца ў 2022-м у сацыяльным блоку і такая навела, як добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі. Мы паглядзелі, як сёлета зменяцца пенсіі, заробкі, бюджэт пражытковага мінімуму, дзіцячыя дапамогі і як будзе выглядаць сацыяльная падтрымка.


Сямейны капітал павялічыўся, а мэты яго выкарыстання пашырыліся

У 2022 годзе на фарміраванне сямейнага капіталу будзе накіравана 379,7 мільёна рублёў, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. У Беларусі жыве 117,5 тысячы шматдзетных сем'яў.

З 1 студзеня пашыраны і магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу.

— Пры паляпшэнні жыллёвых умоў сродкі сямейнага капіталу можна датэрмінова выкарыстоўваць на набыццё доляў або долі жылога памяшкання, таксама на пагашэнне пазыкі, выдадзенай арганізацыяй па месцы работы на набыццё жылля, яго будаўніцтва або рэканструкцыю, — расказала начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш. — Датэрмінова можна выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных банкамі па дагаворах аб пераводзе доўгу і прыёме запазычанасці, калі такія крэдыты выдаваліся таксама на мэты будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця жылля. Важна разумець, што пры паляпшэнні жыллёвых умоў сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны толькі грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Пашыраны магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу і на атрыманне адукацыі. Нараўне з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі сродкі можна выкарыстоўваць датэрмінова ў вышэйшых навучальных установах, сярэдніх навучальных установах спажыўкааперацыі Беларусі, а таксама ў вышэйшых навучальных установах Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Пашыраны напрамкі для атрымання платных медыцынскіх паслуг. Цяпер сямейны капітал можна скарыстаць датэрмінова пры правядзенні высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі. Таксама з 1 студзеня 2022 года яго можна патраціць на набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі інвалідаў, дзяцей-інвалідаў, якія маюць парушэнне слыху або апорна-рухальнага апарату.

Разам з тым уведзены і некаторыя абмежаванні. Напрыклад, пры будаўніцтве, рэканструкцыі, куплі жылля з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу грамадзяне, члены іх сем'яў будуць здымацца з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Таксама ўведзена забарона на адчужэнне жылых памяшканняў, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, у тым ліку калі гэтае памяшканне набывалася ў крэдыт. Нельга набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу дом, які ўключаны ў рэестр старых і пустых дамоў. Усё гэта зроблена для таго, каб людзі больш узважана падыходзілі да распараджэння гэтымі сродкамі.

Як будзе праводзіцца індэксацыя?

Індэксацыя сямейнага капіталу праводзіцца штогод, пачынаючы з 1 студзеня 2021 года. Так, у перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2021 года сямейны капітал складаў 23 737,5 рубля. З 1 студзеня 2022 года ён праіндэксаваны і павялічыўся на 9,5 %. Такім чынам, на дзяцей, якія нарадзіліся і народзяцца ў перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2022 года, сямейны капітал будзе прызначацца ў памеры 25 995 беларускіх рублёў.

Дэпазітныя рахункі «Сямейны капітал» у краіне адкрылі 108,4 тысячы шматдзетных сем'яў. Рашэнне аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам прынялі 47 тысяч сем'яў. Як правіла, сродкі сямейнага капіталу накіроўваюцца на паляпшэнне жыллёвых умоў — 87 %, яшчэ 6 % трацяць сродкі на паслугі ў сферы адукацыі, 7 % — на медыцынскія мэты.

«Мінімалка» і зарплата бюджэтнікаў выраслі са студзеня

Цяпер мінімальная заработная плата складае 457 рублёў. Вырас і памер зарплаты ў бюджэтнікаў. З 1 студзеня 2022 года базавая стаўка павысілася да 207 рублёў (на 4,5 %). Прынятае рашэнне закранае каля 850 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы. Нагадаем, ад базавай стаўкі, якая з'яўляецца асноўным элементам тарыфнай сістэмы, залежыць аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.

І гэта не адзінае ў 2022-м павышэнне базавай стаўкі. Згодна з прагнозам асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2022 год, яе павелічэнне плануецца ў два этапы. Запланавана і павышэнне памеру дадатковых галіновых надбавак у адукацыі, культуры, сацыяльным абслугоўванні, фізічнай культуры і спорце. На гэта дадаткова патрацяць 327,6 мільёна рублёў.

Так, са студзеня ўжо вырасла зарплата ў сацыяльных работнікаў. Памер павелічэння склаў ад 41 да 186 рублёў. У далейшым надбаўка будзе павялічвацца прапарцыянальна росту базавай стаўкі.

Акрамя таго, для работнікаў бюджэтнай сферы з пачатку года павялічваецца аднаразовая выплата на аздараўленне — з 0,5 да аднаго акладу. На гэтыя мэты запланавана патраціць 120 мільёнаў рублёў.

Як будзе мяняцца бюджэт пражытковага мінімуму?

У студзені памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) складае 288 рублёў. У бягучым годзе запланаваны штоквартальны яго пералік — з лютага, мая, жніўня і лістапада. З яго павелічэннем будуць мяняцца і тыя выплаты, якія залежаць ад памеру БПМ — дзяржаўныя дапамогі сем'ям, што выхоўваюць дзяцей; павышэнні да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў; даплаты і надбаўкі пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе інвалідаў першай групы ці асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту; сацыяльныя пенсіі.

Новае ў пенсійнай сістэме

На выплату пенсій у 2022 годзе плануецца накіраваць 16,1 мільярда рублёў. Як мы адзначалі вышэй, у сувязі з пералікам БПМ у лютым, маі, жніўні і лістападзе павысяцца пенсіі ў асобных катэгорый пенсіянераў, сацыяльныя пенсіі, вырастуць надбаўкі пенсіянерам з 75 гадоў і старэйшым, а таксама дапамогі па доглядзе інвалідаў першай групы і асоб, якія дасягнулі 80 гадоў.

З кастрычніка пачне працаваць дабраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі, або праграма «3+3». Яе сэнс у тым, што са свайго заробку работнік можа штомесяц адлічваць ад 1 да 10 % на накапляльны рахунак. Работадавец адпаведна накіроўвае туды ад 1 да 3 % (калі работнік — 1 %, то і работадавец столькі ж, калі 2 % — работадавец таксама 2, калі работнік адлічвае ад 3 да 10 % — работадавец адлічвае 3 %). Самай аптымальнай лічыцца схема «3+3». Пры гэтым работніку, які вырашыў удзельнічаць у дадзенай праграме, да выхаду на пенсію мусіць заставацца не менш чым тры гады. Назапашаныя на асабістым рахунку сродкі ён можа атрымліваць у якасці дадатку да сваёй асноўнай пенсіі на працягу пяці або дзесяці гадоў. Займацца добраахвотным страхаваннем дадатковай накапляльнай пенсіі будзе дзяржаўная кампанія «Стравіта».

Праграма дазволіць грамадзянам павялічыць узровень пенсіі ў старасці, павялічыць зберажэнні за кошт дзяржаўнай падтрымкі (бо адлічэнні абавязкова робіць і работадавец), атрымаць фінансавыя стымулы: ільготу па падаходным падатку, магчымасць наследавання пенсійных зберажэнняў.

Дзіцячыя дапамогі

На выплаты дзіцячых дапамог у бягучым годзе плануецца накіраваць 2,7 мільярда рублёў. Яны выплачваюцца на 440 тысяч маленькіх беларусаў.

Дапамога па доглядзе дзіцяці да трох гадоў у студзені складае 496 рублёў, на другога і наступнага дзяцей да трох гадоў — 567 рублёў, дапамога на дзіця-інваліда — 637 рублёў. Пераразлік дзіцячых дапамог адбудзецца ў лютым і жніўні.

Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае пакуль што 2 880 рублёў, другога — 4032 рублі. Яе пераразлік адбудзецца ў сувязі са змяненнем БПМ ў лютым, маі, жніўні і лістападзе.

Колькі дзяржава накіруе на сацыяльную падтрымку?

На арганізацыю даступнага асяроддзя ў 2022-м мяркуецца выдаткаваць 114,1 мільёна рублёў. Да Дня Перамогі на выплаты ветэранам Вялікай Айчыннай вайны накіруюць 11 мільёнаў рублёў. Дадатковая сацпадтрымка ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў абыдзецца ў 1,1 мільёна рублёў. На забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі запланавана патраціць 50 мільёнаў рублёў, аздараўленне пажылых грамадзян і інвалідаў у санаторыях Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — 13,2 мільёна рублёў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога абыдзецца бюджэту ў 126,5 мільёна рублёў.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Зарплаты, пенсіі, дапамогі...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.