Вы тут

Лукашэнка: Неабходна закладаць моцны фундамент пад наша супрацоўніцтва


Новыя далягляды супрацоўніцтва Беларусі і расійскіх рэгіёнаў абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі з кіраўніком Рэспублікі Тыва Уладзіславам Хавалыгам.


Тыва — рэгіён на поўдні Усходняй Сібіры вядомы як край качэўнікаў, шаманаў і будзістаў. Рэспубліка ў самым цэнтры Азіі мае агульную мяжу з Манголіяй і прасторы са стэпаў, снежных гор і тайгі. Гэта крыху іншая Расія, вядомая не кожнаму беларусу. Але з эканамічнага боку Тыва мае агульныя рысы з Беларуссю. Апошнія гады там актыўна развіваецца сельская гаспадарка, прамысловая вытворчасць. Але ў лічбах узаемадзеянне нашай краіны з азіяцкім рэгіёнам Расіі пакідае чакаць лепшага. З 2019 года тавараабарот з 430 тысяч долараў знізіўся ў 2020 да 275 тысяч, а за студзень-лістапад летась увогуле склаў 48 тысяч. Таму, верагодна, кіраўніку рэгіёна Уладзіславу Хавалыгу было аб чым пагутарыць з Прэзідэнтам Беларусі, да таго ж гэта першы візіт прадстаўнічай дэлегацыі Тывы пад кіраўніцтвам кіраўніка рэспублікі ў Мінск. Гэта напачатку сустрэчы і адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Перакананы, ваш візіт — знакавая падзея, якая дазволіць нам разам адкрыць новыя гарызонты супрацоўніцтва, а гэта трэба абавязкова зрабіць ў імя нашых брацкіх народаў. Я на гэта спадзяюся і перакананы, што так і будзе. Тады чаго было ляцець у такую далеч, у Беларусь? Так, пазнаёміцца, даведацца, як жывуць вашы браты беларусы. Але неабходна закладаць моцны фундамент пад наша супрацоўніцтва», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэслівае, што па розных прычынах паказчыкі знешняга гандлю Беларусі і Тывы досыць сціплыя, таму ёсць над чым працаваць.

«Я ўпэўнены, што гэты патэнцыял велізарны. Неабходна толькі жаданне рэалізаваць наша імкненне. Мы ў бліжэйшы час гатовы шматкроць павялічыць наш аб’ём гандлю. А для гэтага неабходна вызначыць прыярытэты. Для гэтага мы тут і сустракаемся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі запэўнівае суразмоўцаў — любыя рашэнні ў гэтым плане гатовы прыняць зараз, бо ў нашай краіны асаблівае стаўленне да Расіі. З улікам патрэб Тывы і прамысловага патэнцыялу Беларусі асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка прапануе надаць прадукцыі машынабудавання.

«Вы ведаеце ўзровень нашай машынабудаўнічай галіны. Ды і вы можаце пазнаёміцца з любым прадпрыемствам. Для вас адчыненыя дзверы любога прадпрыемства: і абароннага (ваенна-прамысловага комплексу), і сельгаспрадпрыемства, і прамысловага. Любога. У нас ад вас няма ніякіх сакрэтаў. Вы ведаеце, што мы можам стварыць: гэта і аўтамабілі, і будаўнічая тэхніка, і дарожна-будаўнічая, і сельскагаспадарчая тэхніка, і камунальная тэхніка. Паглядзіце на гэтыя заводы», — прапануе Прэзідэнт.

Імкнецца кіраўнік краіны падчас сустрэчы па даўняй дамоўленасці з расійскім калегам замацаваць кантакты ў прамысловай кааперацыі, трансферы тэхналогій, экспарце паслуг.

Гатовы беларусы пастаўляць і прадукты харчавання ў сібірскі рэгіён.

«Яны вельмі папулярныя ва ўсім свеце. У мінулым годзе мы на гэтым зарабілі крыху менш сямі мільярдаў долараў — на экспарце гатовых прадуктаў харчавання. Ды і не толькі гэта мы можам вам пастаўляць, нягледзячы на пяць тысяч кіламетраў паміж намі», — заяўляе кіраўнік краіны.

Прэзідэнт заўважае прыгажосць тувінскага краю, яго туды запрашаў і Уладзімір Пуцін. «Хочацца зірнуць на гэты казачны край», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, ведаць магчымасці гэтай зямлі неабходна і для сумеснага вырабу сельскагаспадарчай прадукцыі. «Мы гатовы ў гэтым плане з вамі працаваць»,— кажа Прэзідэнт. 

У прыклад ён прыводзіць праекты з Сахалінам. Кантакты з гэтым рэгіёнам развіліся пасля атрымання пасады кіраўніка даўняга сябра Беларусі Алегам Кажамякам. «Грошай, кажа, мора, а есці няма чаго. Для мяне Сахалін — гэта каменны востраў, там нічога не расце. Ён запэўніў: «Усё ёсць». Вывучылі, пабудавалі там сяльгаскааператыў на тысячы гектараў зямлі, малочнатаварны комплекс. І пачалося развіццё. І мне Пуцін пры сустрэчы кажа: «Мы на Сахаліне...». Я кажу: «Не „мы“ на Сахаліне, а мы пабудавалі гэтае прадпрыемства.»

Ён кажа: «Так-так. Мы ж разам будавалі», — расказвае Аляксандр Лукашэнка. Таму і з Тывай ён імкнецца падзяліцца напрацоўкамі, якія ёсць у сельскай гаспадарцы.
Трансфер тэхналогій, заяўляе Прэзідэнт, актуальны не толькі ў сферы АПК, але і ў навукаёмістай прамысловасці. Усё, што спадабаецца гасцям, беларусы гатовы прапанаваць.

Асабліва звяртае ўвагу кіраўнік краіны на перавагі беларускай мадэлі ў будаўнічай сферы.

«Каб вы ведалі, нашы перавагі ў тым, што мы не пайшлі на абвальную прыватызацыю. У нас захаваліся буйныя вытворчыя трэсты, як у савецкія часы, калі з нуля маглі пабудаваць любое прамысловае прадпрыемства, жылы дом, дарогі. І гэтыя дзяржаўныя буйныя арганізацыі, кампаніі, трэсты сёння ажыццяўляюць будаўніцтва ад дарог да прамысловых аб’ектаў. У нас ёсць і прыватныя будаўнічыя кампаніі», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка. 

Так, працягвае ён тэму, беларусаў даўно прасілі падключыцца да ўзвядзення касмадрому «Усходні».

«Колькі там бязладдзя было ў будаўнічай галіне. Мы можам перакінуць трэст туды. Вывучаем варыянты. Алег Кажамяка з Сахаліна перайшоў ва Уладзівасток і просіць там нешта пабудаваць. Мы вывучаем там некалькі аб’ектаў. З Прэзідэнтам Пуціным яны ўзгодненыя, глядзім, ці зможам у тэрміны ажыццявіць будаўніцтва», — кажа Прэзідэнт.

Ён акцэнтуе, што магчымасці для працы ў Беларусі ёсць і ў прыватных кампаній, але асаблівасць айчыннай эканомікі — штучна не разбураць дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Гэта была наша палітыка. І мы бачым у гэтым немалую перавагу. Тая ліхаманка на прыватныя прайшла, працуюць і дзяржаўныя», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

Прапануе ён дапамогу беларускіх спецыялістаў у стварэнні транспартнай інфраструктуры да Ак-Сугскага горна-абагачальнага камбіната, што будуецца ў Тыве.

Прэзідэнт заўважае, што абавязаны развіваць і турыстычныя сувязі з краем.

«Перакананы, што вялікія магчымасці для ўмацавання нашага сяброўства і супрацоўніцтва таксама маюцца ў навуцы, адукацыі, культуры, інфармацыйнай сферы. Трэба больш казаць пра Тыву, каб у нас ведалі, што ёсць такая прыгажосць. Каб вы прысутнічалі ў Беларусі і Беларусь прысутнічала ў вашай інфармацыйнай прасторы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Карыстаючыся выпадкам ён павіншаваў тувінцаў з надыходзячым Новым годам па месяцовым календары. «Жадаю вам шчасця і дабрабыту. Мы вельмі зацікаўленыя, каб у вашым казачным, прыгожым, але няпростым краі жылі спакойна, не турбаваліся наконт рознага чыну пандэмій», — сказаў Прэзідэнт.

Такім чынам ён перайшоў і да тэмы пандэміі, выказаўшы думку аб яе хуткім заканчэнні. 

«Жулікі ад гэтай пандэміі кішэні набілі, пачысцілі нас добра, некаторыя дзяржавы на калені паставілі. Думаю, хутка аб’весцяць аб заканчэнні. Калі сур’ёзна, то мы заўважаем, што амікрон у вас ганаровым маршам ходзіць, але ён абсалютна іншы вірус, калі ўвогуле вірус. Я падазраю, што мы скаціліся да звычайнага грыпу, ён не дае пнеўманій. Кажу як чалавек, які перахварэў», — падзяліўся думкамі Аляксандр Лукашэнка.

Працоўны візіт дэлегацыі Рэспублікі Тыва ў Беларусь працягнецца да 23 студзеня. Кіраўнік рэгіёна Уладзіслаў Хавалыг таксама сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, наведае «Мінскі гарадскі тэхнапарк», ПВТ, МТЗ, Аршанскі льнокамбінат, малочнатаварны комплекс «Усценскі», тэхнічны кластар «Усце», комплекс «Брэміна-Орша».


Каментарый у тэму

Кіраўнік Рэспублікі Тыва Уладзіслаў Хавалыг расказаў, што па выніках размовы бакі дамовіліся пабудаваць у рэгіёне з дапамогай беларусаў малочнатаварную ферму на 200 галоў жывёлы на працягу года.

«Мы хацелі б закрыць патрэбу ў малацэ за кошт стварэння сваёй базы. У гэтым у вас вялікі вопыт. На працягу года будзе пабудаваны такі комплекс. А далей будзем тыражыраваць. У нас аграрная рэспубліка, таму мы хацелі б прыярытэтам свайго развіцця зрабіць сельскую гаспадарку», — сказаў кіраўнік дэлегацыі.

Другі аспект для развіцця рэгіёна, па яго словах, — мінеральная сыравіна. Таму плануюць тувінцы прыцягнуць беларускую тэхніку да будаўніцтва здабываючых прадпрыемстваў і дарог. Магчыма, беларускія кампаніі будуць далучаны і да стварэння горна-абагачальнай фабрыкі. З’явіліся па выніках перамоваў праекты па сумесным узвядзенні мэблевай фабрыкі ў Тыве, прадукцыя якой можа экспартавацца на рынкі Манголіі і Кітая.

«У нас будаўнічы бум. Але не хапае рук будаўнікоў, кампетэнцый. Мы б хацелі разглядзець пытанне аб прыцягненні беларускіх будаўнікоў да ўзвядзення розных аб’ектаў. Таксама ў гэтым кірунку важна абмеркаваць накіраванне беларускіх будаўнічых атрадаў на некаторыя нашы аб’екты», — заўважае Уладзіслаў Хавалыг.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падзяліўся пасля сустрэчы, што кантакты з Рэспублікай Тыва маюць перспектву. «Пунктаў судакранання ў нас, як вядома, вельмі шмат. І зараз асноўная задача — асноўны патэнцыял ператварыць у канкрэтныя праекты на дабрабыт нашых дзвюх краін», — заўважае ён.

Па словах губернатара, тувінцы настроены актыўна ўключацца ў работу. «Ужо абмеркавалі развіццё селькай гаспадаркі. Яны плануюць патроіць яе ролю ў ВРП сваёй рэспублікі. Таму ім вельмі цікавы наш вопыт. Плануюць развіваць інфраструктуру пад будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната. Планаў у іх шмат. Я бачу, што каманда гатовая без раскачкі пачаць іх рэалізацыю», — патлумачыў Уладзімір Каранік.

Першы намеснік міністра селькай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло заўважыў, што сярод суменых планаў на сустрэчы актыўна гучала тэма павелічэння тавараабароту. Плануюць гэта рабіць за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Сібірскай фэдэральнай акрузе. Часткай якой з’яўляецца Рэспубліка Тыва.

«Яны вельмі зацікаўлены і ў будаўніцтве невялікіх малочнатаварных ферм на 200 галоў. У нас ёсць гатовая праектная дакументацыя, ёсць такія праекты. Мы гатовы даўкамплектаваць ферму беларускім даільным абсталяваннем, беларускім халадзільным абсталяваннем і нашай жывёлай», — расказаў Ігар Брыло.

Дапамагаць айчынныя аграраі хочуць і ў павышэнні кваліфікацыі кадраў АПК, да таго ж напрацоўкі з расіянамі ў гэтым плане ўжо ёсць.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».