Вы тут

Віктар Лісковіч: Сямейныя каштоўнасці — у прыярытэце


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ наведаў з рабочым візітам Лідчыну. Тут сенатар правёў сустрэчу з мясцовымі жыхарамі па планаваных змяненнях у Канстытуцыю і ўдзеле ў рэферэндуме, азнаёміўся з работай прадпрыемства «Бел-Пласт Інтэрнэшнл», завітаў у Лідскую цэнтральную раённую бальніцу і ветэрынарную клініку «Кот Бегемот».


Напярэдадні важнай палітычнай падзеі гэтага года — рэферэндуму па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — адбылася зацікаўлена гутарка на сустрэчы ў раённым Палацы культуры. Старшыня профільнай камісіі растлумачыў сутнасць і значэнне паправак, якія ўносяцца ў Асноўны Закон, падрабязнасці змяненняў і чаму неабходнасць у гэтым наспела менавіта цяпер.

У якасці экспертаў на дыялогавай пляцоўцы таксама выступілі прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб'яднанняў раёна.

Размова атрымалася прадметнай, увага была акцэнтавана на ўзмацненні ролі народаўладдзя, замацаванні сямейных і маральна-этычных каштоўнасцяў у грамадстве, забеспячэнні захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Віктар Лісковіч зрабіў акцэнт на тым, што абноўленая Канстытуцыя — дакумент глыбока прадуманы. У ім замацаваны і пашыраны пазіцыі, якія дазволяць развівацца грамадству і эканоміцы.

— У прыярытэце застаюцца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, падтрымка мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, асаблівы клопат пра людзей сталага ўзросту і інвалідаў, — паясніў сенатар. — Усе новаўвядзенні, унесеныя ў праект Асноўнага Закона, дазволяць захаваць і прымножыць дасягненні незалежнай беларускай дзяржавы, а грамадзянам адчуваць сябе яшчэ больш упэўненымі і абароненымі.

У рамках рабочага візіту сенатар наведаў СТАА «Бел-Пласт Інтэрнэшнл». Парламентарый пагутарыў з калектывам, а таксама азнаёміўся з умовамі працы, поспехамі, дасягненнямі і перспектывамі развіцця сумеснага таварыства, асаблівую ўвагу ўдзяліў тэхналогіі вытворчасці і бяспечнасці прадукцыі.

— Прадпрыемства сёння з'яўляецца лідарам у вытворчасці пластмасавай упакоўкі на тэрыторыі нашай краіны. Аднак выпускаючы высакаякасную прадукцыю, важна не забываць аб стварэнні бяспечных і спрыяльных для здароўя ўмоў працы, захаванні патрабаванняў аховы працы і экалагічнага заканадаўства, — падкрэсліў Віктар Лісковіч.

У рамках рабочага візіту старшыня профільнай камісіі наведаў хірургічны корпус Лідскай ЦРБ пасля маштабнай мадэрнізацыі, якая завяршылася ў снежні мінулага года.

У адрамантаваным корпусе размясціліся прыёмнае аддзяленне, аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, аперацыйны блок, хірургічныя аддзяленні і іншыя.

— Сістэма аховы здароўя — адзін з ключавых кірункаў развіцця нашай краіны. Асаблівая ўвага аддаецца паляпшэнню даступнасці, якасці медыцынскай дапамогі, стварэнню камфортных умоў знаходжання пацыентаў. Цяпер і персаналу тут працаваць вельмі прыемна. Бо для ўрача выратаванне людзей — штодзённая праца. Нягледзячы ні на якія катаклізмы, медработнікі самааддана робяць тое, пра што гаворыцца ў клятве Гіпакрата: лечаць і ратуюць. У перыяд пандэміі гэта было наглядна прадэманстравана. Тут была аказана ўся неабходная дапамога жыхарам і Лідскага раёна, і суседніх рэгіёнаў, — адзначыў сенатар.

У ветэрынарным цэнтры старшыня профільнай камісіі азнаёміўся з яго дзейнасцю і пагутарыў з працоўным калектывам.

Трэба сказаць, што клініка аказвае шырокі спектр медыцынскіх паслуг — пачынаючы ад кансультацый і прышчэпак і заканчваючы складанымі хірургічнымі ўмяшаннямі. Гэта першы і пакуль адзіны цэнтр не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і Беларусі, які займаецца пратэзаваннем канечнасцяў для хатніх гадаванцаў. У распараджэнні супрацоўнікаў — абсталяваная рэанімацыйная палата, лабараторыя, апарат УГД экспертнага класа, аддзялення рэабілітацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.

— У любой сферы важна, каб спецыяліст быў не толькі дасведчаным і меў пэўныя веды для ажыццяўлення сваёй дзейнасці, але і любіў справу, якой займаецца. Ветэрынар — адна з самых высакародных і гуманных прафесій. Выпадковых людзей у ёй не бывае. Для неабыякавых спецыялістаў клінікі пратэзаванне — не камерцыйны праект, а магчымасць вывучыць нешта новае і памяняць стаўленне да траўміраваных гадаванцаў. Бо стаўленне да жывёлін з'яўляецца важнай часткай жыццядзейнасці чалавека. Характар гэтых адносін адлюстроўваецца на маральным, сацыяльным, экалагічным і эканамічным баках жыцця грамадства, — адзначыў Віктар Лісковіч.

Расказ будзе няпоўны, калі не згадаць аб адной нечаканай сустрэчы, якая здарылася пры наведванні Лідскай ЦРБ. Як расказаў сенатар у адной з сацсетак, там яго сустрэла медыцынская сястра аддзялення дзіцячай хірургіі Лілія Мацкевіч. Як высветлілася, 15 жніўня 1985 года ў яе маці Віктар Лісковіч прымаў роды. Тады ён працаваў у Астраўцы. У выніку на свет з'явілася дзяўчынка Лілія вагой 4 кг 750 грамаў, якая вырасла і ў далейшым абрала прафесію медыцынскага работніка.

— Вось такая прыемная сустрэча праз 36 гадоў, — кажа ён і адзначае, што за сваю медыцынскую практыку асабіста прыняў больш за 6500 родаў.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».