Вы тут

Колькасць прыхільнікаў прышчэпкі расце ў Брэсце і Брэсцкай вобласці


Тое, што ўсё больш людзей прыходзіць у прышчэпачныя пункты — добра. Дрэнна, што даволі шмат суайчыннікаў супакоілася і пачала ігнараваць штодзённыя элементарныя меры перасцярогі. Днямі ў маршрутцы разыгралася характэрная сцэна. Адна пасажырка другой зрабіла заўвагу, што апошняя заходзіць у транспарт без маскі.


На ад­ным з пры­шчэ­пач­ных пунк­таў у Брэс­це.

Тая, што не пажадала хаваць пад маскай яркую памаду, стала ў позу: «А па тэлевізары сказалі, што маскі неабавязкова насіць». На што апанентка спакойна адказала: «Вось і глядзіце свой тэлевізар без маскі, а побач з намі, калі ласка, захоўвайце рэспіраторны этыкет» і не пасунулася, каб вызваліць ёй вольнае месца. Пасля гэтага спачатку ваяўніча настроенай кабеце нічога не заставалася, як знайсці ў кішэні маску ды начапіць. Відавочна, што людзі трошкі прывыклі да ковіду, супакоіліся і страцілі пільнасць: таўкуцца ў чарзе да касы, не лічаць патрэбным асцерагацца ў транспарце, у іншых грамадскіх месцах. І дарэмна.

Хварэюць не столькі, вядома, як раней, але хварэюць. Да таго ж медыкі папярэджваюць пра хуткую новую хвалю, якую прынясе каварны «Амікрон». І адзіным дзейсным папярэджаннем цяжкага ходу хваробы па-ранейшаму называецца вакцынацыя. Пра гэта не стамляецца нагадваць сваім падпісчыкам у тэлеграм-канале старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Паводле інфармацыі мэра, перад Новым годам быў пераадолены рубеж у 50 працэнтаў імунізацыі жыхароў горада супраць COVІD-19. Да пачатку лютага плануецца ахапіць прышчэпкамі 60 працэнтаў насельніцтва, у тым ліку прышчапіць 75 працэнтаў грамадзян з групы рызыкі.

Варта адзначыць, што ў абласным цэнтры ўжо прышчэплена 94 працэнты медыцынскіх работнікаў, 79 — работнікаў сістэмы ЖКГ, энерга- і водазабеспячэння, 71 — супрацоўнікаў устаноў адукацыі, 69 — сферы культуры і спорту.

Кіраўнік горада ўказвае на рэзервы, дзе, паводле яго меркавання, вакцынацыя ідзе даволі слаба. Гэта сфера бытавога абслугоўвання, транспарту, гандлю і грамадскага харчавання.

Як паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэста і Брэсцкага раёна Генадзь РАДЧАНКА, у Брэсце, як і ва ўсёй краіне, пачалася імунізацыя дзяцей і падлеткаў ад 12 да 17 гадоў. Для гэтага прымяняецца кітайская вакцына Vero Cell. Па стане на сярэдзіну месяца ў Брэсце і Брэсцкім раёне прышчэплена каля 470 падлеткаў. Пачынаецца работа выязных пунктаў вакцынацыі ў школах і гімназіях, дзе на базе школьных медпунктаў вучні змогуць прышчапіцца цэлымі класамі. Папярэдне праводзіцца вялікая асветніцкая работа з прыцягненнем педагогаў і бацькоў. На сходах даводзіцца інфармацыя аб прышчэпліванні падлеткаў як спосабе абараніць у тым ліку дарослае насельніцтва. Дзеці, як вядома, вызначаюцца павышанай камунікабельнасцю, таму нярэдка і выступаюць разносчыкамі інфекцыі, такім чынам падвяргаючы небяспецы многіх дарослых, у тым ліку сваіх пажылых сваякоў. Таму вельмі важна сфарміраваць імунітэт у дзяцей школьнага ўзросту.

Паводле інфармацыі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на Брэстчыне прышчэплена звыш 54,5 працэнта насельніцтва. Тэмпы не зніжаюцца, штодзень у рэгіёне вакцынацыю праходзіць каля 10 тысяч чалавек. Але ж для дасягнення калектыўнага імунітэту патрэбна не менш за 60 працэнтаў прышчэпленых, нагадваюць медыкі. Да гэтай лічбы важна наблізіцца да пачатку новай хвалі.

І хоць працэс паступова і настойліва прасоўваецца, у кожным горадзе, кожным раёне даводзіцца чуць пра катэгарычных праціўнікаў прышчэпкі. Вядома, кожны чалавек гэтае пытанне вырашае для сябе сам. Толькі ім, праціўнікам прышчэпак, я параіла б звярнуцца да статыстыкі па краінах і кантынентах. Усе даволі багатыя і развітыя краіны цяпер набліжаюцца да поўнай імунізацыі. Скажам, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты маюць 98 працэнтаў прышчэпленых жыхароў, Кітай — 87, ЗША — 74, Аўстралія — 80, Ізраіль — 71. Ёсць, вядома, і іншыя падыходы і лічбы. Ну, напрыклад, у Камеруне прышчэпку атрымалі 3 працэнты жыхароў, у Замбіі — 4, у Буркіна-Фасо — 5. Але ці варта на іх арыентавацца?

Нядаўна давялося прачытаць, што вядомы грып «іспанку» пераадолелі без усялякіх прышчэпак. Яно так, але ж не трэба забываць і пра мільёны ахвяр пандэміі стагадовай даўнасці. Да таго ж цалкам верагодна дапусціць, што людзі тады былі мацнейшыя за сучаснікаў, бо натуральны адбор у тыя часы працаваў з-за шэрагу прычын больш актыўна і жорстка. Але і сёння кожны з нас можа назваць сярод знаёмых, сваякоў, калег, суседзяў па доме тых, што сталі ахвярамі пандэміі. Таму варта хапацца за ўсе магчымыя сродкі аховы і прафілактыкі — і не ігнараваць элементарныя штодзённыя меры засцярогі.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Паспець да «Амікрона»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».