Вы тут

Вольга Чупрыс: Людзі падтрымліваюць канстытуцыйныя пераўтварэнні


Форум аб'яднанай арганізацыі Беларускага саюза жанчын «За Беларусь» прайшоў учора ў Мінску. Работніцы лёгкай прамысловасці з розных куткоў краіны паўдзельнічалі ў насычанай праграме, адным з важных этапаў якой стаў дыялог па праекце новай Канстытуцыі. Спікерамі сталі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс, якая ўдзельнічала ў распрацоўцы праекта, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Марына Лянчэўская, дырэктар і мастацкі кіраўнік Нацыянальнай школы прыгажосці, член Канстытуцыйнай камісіі Бажэна Ярэміч.


— На апошняй нарадзе па Канстытуцыі Прэзідэнт адзначыў, што падобная работа па абмеркаванні праекта, як у Беларусі, не праводзілася нідзе, і гэта так і ёсць, — адзначыла Вольга Чупрыс. — Удзел у абмеркаванні ўзяла вялікая колькасць грамадзян. На папярэднім этапе Канстытуцыйная камісія адразу атрымала больш за тысячу прапаноў, яны ўсе ўважліва абмяркоўваліся. Затым на дыялогавых пляцоўках і іншых сустрэчах мы атрымалі яшчэ каля 15 тысяч прапаноў. Прэзідэнт прыняў рашэнне накіраваць праект на ўсенароднае абмеркаванне, і за тры з паловай тыдня было атрымана яшчэ каля васьмі тысяч водгукаў. Большасць з іх станоўчая, што сведчыць пра тое, што людзі ў асноўным падтрымліваюць тыя канстытуцыйныя пераўтварэнні, якія мы распачалі, прычым распачаў іх сам народ, які адчуваў неабходнасць перамен.

Пытанні ўдзельніц форуму датычыліся самых розных аспектаў, у тым ліку новага органа ўлады — Усебеларускага народнага сходу, што мусіць з'явіцца паводле праекта. Яго ролю, колькасць членаў і колькі гэта будзе каштаваць бюджэту краіны растлумачыла Вольга Чупрыс. Яна адзначыла, што сённяшні парламент выконвае заканадаўчую і прадстаўнічую функцыю, з-за чаго на яго работу часам узнікаюць нараканні. Парламент усё ж павінен займацца законатворчай дзейнасцю, а прадстаўнічую функцыю возьме на сябе УНС. Мяркуецца, што яго дэлегатамі будуць 1200 беларусаў — ад Прэзідэнта, суддзяў і дэпутатаў да кіраўнікоў прадпрыемтсваў і простых рабочых.

— Колькі гэта будзе каштаваць? Амаль нічога, бо ўсе члены УНС будуць працаваць на грамадскіх пачатках, — адзначыла Вольга Чупрыс.

Удзельніц хвалявала і знікненне з Канстытуцыі нормы пра нейтралітэт нашай дзяржавы. Ці не стане гэта нагодай накіроўваць нашых вайскоўцаў у гарачыя кропкі?

— Беларусь заўсёды была мірнай краінай, з гэтага нават пачынаецца наш гімн. І я, як матуля двух сыноў, магу сказаць, што нараджала іх для мірнага жыцця, — адказала Марына Лянчэўская. — Нашы міратворчыя сілы нядаўна былі накіраваны ў Казахстан, але не зрабілі там ніводнага выстралу, затое гэта псіхалагічны эфект.Таму мы ў выпадку неабходнасці гатовы абараняць граніцы нашай краіны, але Беларусь — мірная дзяржава.

Навошта ў Канстытуцыю дадаюць артыкул пра моладзь? На гэта адказала Бажэна Ярэміч:

— Для мяне і, думаю, для ўсіх маладых людзей вельмі важна і значна ўключэнне ў новую канстытуцыю артыкула, які замацоўвае норму, што дзяржава ўсебакова падтрымлівае моладзь, дапамагае яе развіццю, а мы, моладзь, мусім дзяліцца нашым патэнцыялам, крэатывам і рабіць усё магчымае для развіцця нашай дзяржавы.

Таццяна Лугіна падвяла вынік сустрэчы, адзначыўшы, што ўдзельніцы атрымалі адказы з першых вуснаў, у тым ліку ад распрацоўшчыкаў Канстытуцыі.

— Усе ўдзельніцы прыехалі з розных куткоў краіны, з абласных і раённых цэнтраў, і хочацца, каб гэтыя адказы яны данеслі да сваіх калектываў і дзесьці ў размовах за жыццё маглі аргументавана расказаць і абмеркаваць тэму новай канстытуцыі. Самае галоўнае — мы застанемся той дзяржавай, дзе першарадная роля адведзена чалавеку, і дзяржава клапоціцца пра яго. Наша сацыяльная арыентаванасць, магчыма, не ўсім зразумелая ў свеце, а мы гэтым ганарыліся і будзем ганарыцца, — рэзюмавала Таццяна Лугіна.

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.