Вы тут

Сапёры рызыкуюць не толькі падчас баявых дзеянняў, але і ў штодзённай службе


Рызыкуючы сабой, ваеннаслужачыя беларускай арміі рэгулярна выконваюць задачы па пошуку і абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў. Каб даведацца, хто яны — сённяшнія сапёры, напярэдадні Дня інжынерных войскаў карэспандэнты «Звязды» наведалі Супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл.


Свет не стаіць на месцы

Нягледзячы на спецыяльнае падраздзяленне, прызначанае для пошуку выбуховых рэчываў і іх размініравання, у кожным рэгіёне Беларусі ёсць сапраўдныя прафесіяналы, якія
ў лічаныя хвіліны могуць выехаць на месца і зрабіць усё неабходнае, каб не здарылася бяды. У апошнія гады вайскоўцы з усёй краіны, а таксама прадстаўнікі іншых воінскіх фарміраванняў, вучацца гэтаму майстэрству, удасканальваюць свае навыкі ў Супрацьмінным цэнтры Узброеных Сіл.

Тут для гэтага створана ўсё: высакакласныя настаўнікі, за плячамі якіх — сотні а, можа, і тысячы абясшкоджаных боепрыпасаў, вучэбна-трэнажорныя комплексы, дзе ў максімальна набліжаных да рэальных умовах можна патрэніраваць сапёрныя здольнасці. Дзіцячы садок, школа, склад, кухня — у кожным класе трэнажорнага комплексу ёсць магчымасць змадэляваць любую сітуацыю для работы групы па пошуку і абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў. Тым, для каго разлічаны гэты «квэст», трэба быць надзвычай асцярожнымі: «падрыў» можа адбыцца пры адкрыцці дзвярэй, шафы, уключэнні святла... Сапёры-навучэнцы ў гэты час «узброеныя» спецыяльным абсталяваннем, з якім давядзецца працаваць і ў рэальным жыцці.

Акрамя таго, ваеннаслужачыя павышаюць сваю кваліфікацыю ў Міжнародным супрацьмінным цэнтры Расійскай Федэрацыі. Калегі з Расіі, у тым ліку выкладчыкі цэнтра, маюць баявы вопыт, якім ахвотна дзеляцца са сваімі стратэгічнымі партнёрамі.

— Свет удасканальваецца, адпаведна ўскладняюцца і выбуховыя сродкі, — адзначае начальнік штаба — першы намеснік начальніка Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл падпалкоўнік Павел Талашка. — З боепрыпасамі часоў Вялікай Айчыннай вайны ўсё зразумела: як яны выглядаюць, як іх абясшкодзіць. Цяпер вельмі шмат самых розных самаробных выбуховых прылад. Яны спрацоўваюць на рух, свет, часам дастаткова перавысіць узровень шуму. І ўсяму гэтаму трэба вучыць асабовы склад.

Начальнік штаба — першы намеснік начальніка Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл падпалкоўнік Павел Талашка.

Небяспечныя знаходкі

Работа сапёра цяжкая.

І гэта звязана не толькі з рызыкай, якая гэтых спецыялістаў суправаджае падчас выканання прафесійных абавязкаў. Сапёры павінны дакладна ўмець выявіць месца знаходжання выбухованебяспечнага прадмета. Затым правільна і, галоўнае, без наступстваў яго дастаць, пасля вызначыць: патрабуе боепрыпас размініравання ці не. Калі патрабуе, удакладніць, падлягае ён транспарціроўцы ці яго трэба размініраваць на месцы. І непасрэдна размініраванне, якое прадугледжвае дакладныя, прадуманыя дзеянні.

Адна з задач сапёраў — размініраванне палігонаў. Ваеннаслужачыя інжынерных войскаў абавязкова даследуюць месцы правядзення стрэльбаў і іншых манеўраў пасля іх завяршэння. Неразарваныя боепрыпасы (а бывае і такое) падлягаюць знішчэнню ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.

Нярэдка групы размініравання выязджаюць і на мірныя палеткі. Напэўна, яшчэ не было пасля вайны такога года, каб падчас правядзення сельскагаспадарчых або будаўнічых работ не выявілі хоць адзін выбухованебяспечны прадмет. Знаходзяць іх у лесе і грыбнікі.

— Як правіла, аб падобных знаходках грамадзянскі чалавек паведамляе ў міліцыю, — расказвае Павел Талашка. — Інфармацыя перадаецца ў ваенкамат, які ведае, якая група размініравання замацаваная за гэтым раёнам. Прадстаўнікі ваенкамата з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў выязджаюць на месца. Спецыялісты ідэнтыфікуюць выбухованебяспечны прадмет, выстаўляецца ахова МУС. Афармляецца заяўка на абясшкоджванне выбухованебяспечных прадметаў, яна перадаецца ў вайсковую часць, дзе ўказваецца месца знаходжвання, тып і калібр боепрыпаса. Затым прыбывае група размініравання. Камандзір групы ідэнтыфікуе аб'ект: вызначае яго катэгорыю, магчымасць транспарціроўкі і ажыццяўляе разведку на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў у радыусе 50 метраў. У залежнасці ад катэгорыі, боепрыпас або знішчаецца на месцы выяўлення, або перавозіцца на спецыяльным аўтамабілі да месца ліквідацыі.

Дарэчы, вопытным сапёрам дастаткова адзін раз зірнуць на выбухованебяспечны прадмет, каб зразумець: уяўляе ён пагрозу ці не. Калі транспарціраваць яго нельга, каля месца знаходкі выстаўляецца ачапленне, праводзіцца разведка мясцовасці, і толькі потым пад кантролем спецыялістаў адбываецца выбух.

«Падарункі» вайны

Рэагуюць ваеннаслужачыя цэнтра і на паведамленні аб мініраванні. Група выбывае на месца і ажыццяўляе разведку на наяўнасць самаробных узрыўных прылад. Акрамя выканання тэрміновых заявак, спецыялісты праводзяць разведку пэўных участкаў мясцовасці на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў або ажыццяўляюць суцэльную
чыстку тэрыторыі, на якой яны знаходзяцца. У асноўным гэта адбываецца там, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ішлі баі.

— Летась нашымі спецыялістамі была праведзена суцэльная чыстка больш чым 10 гектараў зямлі ў Докшыцкім раёне, — заўважае начальнік штаба — першы намеснік начальніка Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл. — Паступіла інфармацыя, што на гэтым участку мясцовасці знаходзіцца вялікая колькасць выбухованебяпечных прадметаў. У ходзе разведкі гэта пацвердзілася. Па папярэдніх звестках, перад Вялікай Айчыннай вайной на гэтым месцы размяшчаліся савецкія ваенныя склады з боепрыпасамі. Не ўсё паспелі вывезці з пачаткам акупацыі. Потым свае боепрыпасы тут захоўвалі нямецкія вайскоўцы.

Атрыбуты, якія спатрэбяцца падчас зносу будынка, сапёры спачатку вывучаюць у тэорыі.

За мінулы год спецыялістамі цэнтра было абясшкоджана і знішчана звыш 24 тысяч выбухованебяспечных прадметаў. У асноўным гэта боепрыпасы перыяду Другой сусветнай вайны. Зрэдку, але даводзіцца вайскоўцам сутыкацца і з «падарункамі» Першай сусветнай вайны.

Калі Павел Талашка праходзіў службу ў 188-й інжынернай брыгадзе, дзе быў камандзірам няштатнай групы размініравання, яму запомніўся наступны выпадак. У Быхаўскім раёне, у тарфяніку на ўскрайку вёскі, ім асабіста была паднятая нямецкая 81-міліметровая мінамётная міна.

У Супрацьмінным цэнтры працуюць і такія рэдкія спецыялісты, як сапёры-вадалазы і сапёры-кінолагі.

— На ёй не толькі захавалася арыгінальная фарба, а і ўсе надпісы: завод-вырабляльнік, нумар партыі чыталіся, — узгадвае падпалкоўнік. — Усё дзякуючы ўмовам, у якіх на працягу многіх гадоў знаходзілася міна. Адсутнічаў доступ да кіслароду, таму боепрыпас так добра захаваўся. Па прычыне таго, што ўпаў у балота, не ўзарваўся. Гэта ўнікальны выпадак. Такое бывае рэдка: час, карозія вельмі моцна мяняюць выгляд боепрыпасаў.

Рэдкія спецыялісты

Ёсць у Супрацьмінным цэнтры і група падводнага размініравання. Вадалазы-сапёры — увогуле рэдкія спецыялісты. Акрамя валодання майстэрствам размініравання, яны павінны быць прафесійнымі вадалазамі, а гэта сур'ёзны медыцынскі і псіхалагічны адбор, які па сілах прайсці не кожнаму.

Начальнік вучэбнага аддзялення Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл капітан Міхаіл Кандрацьеў у вучэбным класе.

Яшчэ тут працуюць такія ўнікальныя спецыялісты, як сапёры-кінолагі. Яны праходзяць навучанне ў Кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл, таму добра ведаюць, як знайсці падыход да мінна-вышуковых сабак. Іх у цэнтры тры. Усе — нямецкія аўчаркі: Одзін, Хільда і Навальнічная хмара. Чатырохлапых бяруць з сабой на агляд аб'ектаў, па якіх паступіла інфармацыя, што яны замініраваныя. Нават суперсучаснае абсталяванне, прызнаюцца спецыялісты, не заменіць вышуковых здольнасцяў жывёл. Сабака, калі адчуў пах выбуховага рэчыва, кладзецца каля сумкі ці іншага прадмета, у якім яно ўтрымліваецца, — такім чынам падае каманду, што ў дадзеным месцы знаходзіцца нешта небяспечнае.

Звяртаюцца да сапёраў і з мэтай правядзення падрыўных работ. Звычайна гэта датычыцца старых будынкаў і пабудоў, якія не эксплуатуюцца. Як расказвае начальнік вучэбнага аддзялення Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл капітан Міхаіл Кандрацьеў, пры неабходнасці на месца выбывае група, праводзіць рэкагнасціроўку — вывучаецца канструкцыя (ад таўшчыні арматуры залежыць колькасць зараду, які неабходна закладваць), вызначаецца аб'ём работы, пасля чаго рыхтуецца тэхнічнае рашэнне на знішчэнне аб'екта. І калі хтосьці думае, што падарваць будынак — проста, то моцна памыляецца. Зносу папярэднічае сур'ёзная падрыхтоўка. Каб выканаць пастаўленую задачу якасна, сапёры пралічваюць усё да дробязяў, каб у першую чаргу гэта было бяспечна для навакольных.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.