Вы тут

Загінуў на вызваленай зямлі: Гісторыя маёра Сарокі


На старых гарадскіх могілках ў Драгічыне, што на Брэстчыне, у брацкай магіле пахаваны салдаты, якія загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод напісаных на гранітнай пліце імёнаў значыцца і маёр Леанід Сарока. Аднак вайсковец не быў вызваліцелем раёна, як большасць тых, хто спачывае ў брацкай магіле. Архіўныя дакументы дапамаглі высветліць, як склаўся трагічны лёс камандзіра спецыяльнага разведатрада.


Леанід Сарока, 1939 год.

Прызямліўся… у тыл ворага

Аб жыццёвым шляху Леаніда Сарокі і іх сумеснай барацьбе з ворагам пакінуў успаміны яго сябар — былы камандзір атрада імя Калініна 2-й Мінскай партызанскай брыгады Анатоль Алейнік. Дзякуючы яму сёння мы ведаем, што Леанід Іосіфавіч Сарока нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Крывое Сяло былога Заслаўскага, а цяпер Мінскага раёна. У 1936 годзе яго сям? я пераехала ў вёску Перажыр даваеннага Рудзенскага раёна. Пасля заканчэння сямігадовай школы Леанід спачатку пайшоў працаваць у мясцовы калгас, а потым вучыўся ў Мінску ў школе ФЗВ (фабрычна-заводскага вучнёўства). Пасля вучобы ўладкаваўся на працу слесарам на чыгуначнай станцыі Мінск-Таварная, потым стаў вагонным майстрам. У кастрычніку 1939 года Леаніда прызвалі ў Чырвоную Армію, яшчэ да вайны ён скончыў ваеннае вучылішча і яму прысвоілі званне лейтэнанта. Ён удзельнічаў у абароне Ленінграда, а затым ваяваў на фронце пад Масквой.

З вясны 1942 года значна павялічылася колькасць спецгруп, якія пасылалі ў тыл ворага па заданні разведупраўлення штаба Заходняга фронту, — трэба было весці разведку ў Мінску. Паколькі Леанід Сарока добра ведаў горад, пасля кароткай падрыхтоўкі яго накіравалі за лінію фронту.

У канцы верасня 1942 года каля вёскі Распуцце даваеннага Рудзенскага раёна (цяпер Пухавіцкі) прызямліліся на парашутах капітан Леанід Сарока і радыстка Аляксандра Гаркова, якая мела аператыўнае імя Малютка. Яны самалётам былі закінуты ў лес на поўдзень ад Мінска. Парашут А. Гарковай апусціўся ў балота, яна шмат часу правяла ў халоднай балотнай вадзе, у выніку захварэла. Лячылі дзяўчыну ў сям'і ляснічага Васіля Макарэвіча, якога Сарока прыцягнуў да сваёй дзейнасці. Макарэвіч дапамагаў прадуктамі, займаўся разведкай і знаходзіў патрэбных для Сарокі людзей.

Праз некаторы час з ім сустрэліся партызаны атрада «Перамога» Пётр Сачок і Анатоль Алейнік. Падчас карнай аперацыі ў баі загінуў камандзір гэтага атрада Уладзімір Марэеў. Заняць яго месца прапанавалі Сароку. Ён пагадзіўся. Атрад пад новай назвай — імя Калініна — дзейнічаў на тэрыторыі Рудзенскага, Пухавіцкага і Мінскага раёнаў. Партызаны арганізоўвалі засады і дыверсіі на шашы і чыгунках, разграмілі некалькі ўмацаваных гарнізонаў ворага.

Добра адгукаўся пра свайго камандзіра начальнік асобага аддзела атрада імя Калініна Рыгор Лазабееў: «Сярэдняга росту, з шапкай чорных кучаравых валасоў, ён быў здатны на выдумку, вельмі дасціпны на жарт, дабрадушны, жыццярадасны. Усмешка, здаецца, ніколі не сыходзіла з яго твару...». За кароткі час камандзір здолеў арганізаваць баяздольны партызанскі атрад, а праз год гэта ўжо была брыгада імя Калініна.

Р. Лазабееў піша, што Сарока ў сваім блакноце вёў часопіс баявых аперацый атрада, але зашыфроўваў інфармацыю ў выглядзе своеасаблівых іерогліфаў: замалёвак, якія былі зразумелыя толькі ўдзельнікам бою. Рабіў гэта на выпадак таго, калі блакнот трапіць у рукі ворага. А інфармацыя там сапраўды была каштоўная. Усяго некалькі вытрымак: «15 снежня 1942 года. Партызанская група (кіраваў сам) разграміла гітлераўскі гарнізон у Крупіцы Мінскага раёна. Знішчаны валасная ўправа, крухмальны завод, аўтамашына, склад са збожжам, забіта 15 акупантаў, узята ў палон 4...»; «У раёне вёсак Бардзілаўка-Дубовая ўзарваны гітлераўскі эшалон. Знішчана: 1 паравоз, 3 вагоны з жывой сілай, 10 вагонаў с прадуктамі...».

У верасні 1943 года за сваю дейнасць у тыле ворага Л. Сарока быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, яму прысвоена маёрскае званне.

Небяспечны шлях

У сакавіку 1944-га камбрыг атрымаў загад падрыхтавацца для пераходу на захад у Баранавіцкую вобласць. З брыгады стварылі атрад імя Калініна, які ўзначаліў А. Алейнік, і спецатрад Л. Сарокі. 14 красавіка 1944 года спецатрад у складзе 93 партызан пачаў свой доўгі і небяспечны шлях па тылах ворага. Задачы ставіліся ранейшыя: разведка і дыверсіі. У ноч на 27 красавіка атрад перайшоў чыгунку на ўчастку Стоўбцы — Стары Свержань. Чыгунку немцы вартавалі, таму партызаны былі вымушаны ўступіць у бой. Яшчэ адзін цяжкі бой адбыўся 18 мая каля вёскі Альхоўка Іўеўскага раёна. 26 мая атрад прыбыў у Ліпічанскую пушчу. Праз некалькі дзён супраць партызан пачалася карная аперацыя. Атрад пад умелым кіраўніцтвам маёра Сарокі здолеў без страт выйсці з блакады. 14 ліпеня партызаны злучыліся з наступальнымі часцямі Чырвонай Арміі. Спецатрад быў расфарміраваны, маёра Сароку выклікалі ў штаб фронту.

У дакладной запісцы ў штаб партызанскага руху, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве, камісар А. Ламаноўскі напісаў, што «камандзір атрада маёр Сарока пасля расфарміравання паехаў на справаздачу з дакументамі ў штаб фронту, але на дарозе Пінск — Кобрын наехаў на міннае поле і загінуў». Ужо пасля вайны лёсам свайго камандзіра зацікавіўся Анатоль Алейнік, які і даведаўся пра абставіны гібелі Л. Сарокі.

18 ліпеня 1944-га разведгрупа ў складзе 11 чалавек на чале з маёрам Л. Сарокам ужо далёка адышла ад Драгічына і рухалася ланцугом уздоўж меліярацыйнага канала. На няшчасце, на шляху іх чакала проціпяхотная міна. Разведчыкі, якія ішлі перад сваім камандзірам, нейкім цудам на яе не наступілі. Міна падарвалася пад нагой Сарокі. Камандзір спецгрупы атрымаў моцныя раненні. Праз некалькі дзён ён памёр у бальніцы. Усе гэтыя дні побач са сваім камандзірам знаходзіліся баявыя таварышы, яны і пахавалі Леаніда Сароку на гарадскіх могілках. Таксама быў паранены радыст Пеця Воўк, але яму пашчасціла выжыць.

Так распарадзілася лёс: Леанід Сарока перажыў цяжкія гады ў партызанскай вайне, а смерць яго напаткала на вызваленай ад ворага тэрыторыі. Яму было ўсяго 25 гадоў. За праяўленыя мужнасць і адвагу пры выкананні спецыяльнага задання ў тыле ворага партызанскі камандзір пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».