Вы тут

«Сацыяльная перадышка». Хто ёй карыстаецца?


Мая сваячка Надзея выхоўвае дзяўчынку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Нядаўна малой споўнілася восем гадоў. Яе з'яўлення на свет з радасцю чакалі ўсе — бацькі, дзядулі з бабулямі. Але, на жаль, дзіця нарадзілася інвалідам. У першы час даглядаць унучку дапамагалі бацькі Надзеі, ды праз колькі гадоў адзін за адным пайшлі з жыцця. Муж спачатку дапамагаў, але, відаць, не вытрымаў штодзённых клопатаў, знайшоў сабе кабету, стварыў новую сям'ю, дзе нарадзіліся яму двое здаровых дзетак. Удзел у жыцці свайго першынца ён абмяжоўвае пералічваннем час ад часу на картку «былой» невялікіх грошай.


Фота: pixabay.com

— Догляд хворай дачкі — вялікая, цяжкая праца ўсе 24 гадзіны ў суткі. Я не скарджуся, але гэта менавіта так, — прызнаецца плямянніца. — Канешне, матэрыяльна падтрымлівае дзяржава, выплачвае дапамогу па доглядзе, дае няньку. Але асноўная нагрузка кладзецца на мяне. Таму практычна няма вольнага часу, назапашваецца стомленасць, часам з'яўляецца раздражняльнасць. А пастаяннае напружанне ўплывае на стан здароўя. Ды я не магу сабе дазволіць расслабіцца, захварэць. Не ведаю, што рабіла б, калі б не паслуга «сацыяльнай перадышкі», якую даюць сацыяльныя службы. Магу часова дзіця аддаць у спецыялізаваны дом-інтэрнат, дзе ім займаюцца спецыялісты. Я спакойная за яго, ведаю, што там не пакрыўдзяць. Такіх дзетак, як мая дачушка, там вучаць у адпаведнасці з адукацыйнай праграмай, яны атрымліваюць медыцынскую дапамогу, рэабілітацыйныя паслугі, удзельнічаюць у розных пазнавальных і культурных мерапрыемствах. Дзякуючы гэтай паслузе, я магу адпачыць, заняцца сваім здароўем, прывесці сябе ў парадак, зрабіць у кватэры касметычны рамонт, заняцца генеральнай прыборкай. Проста выспацца і набрацца сіл.

Сяброўка Надзеі, з якой яе звяло агульнае няшчасце, выхоўвае 12-гадовага сына, хворага на цэрэбральны параліч.

— Мой муж працуе, але ў вольны ад работы час дапамагае даглядаць хлопчыка, бярэ на сябе частку хатніх клопатаў. Моцна стамляемся абое, як фізічна, так і эмацыянальна. Таму маем патрэбу ў невялікім перапынку. На выручку прыходзіць «сацыяльная перадышка». Мы даўно карыстаемся гэтай паслугай, — кажа Таццяна Іванаўна. — Два разы на год аддаём сына ў профільны дом-інтэрнат. Гэта дазваляе мне перарабіць хатнія справы, падцягнуць старэйшых дзяцей-школьнікаў, аднавіць нервовую сістэму.

Што ж сабой уяўляе «сацыяльная перадышка»? Гэта кароткі адпачынак для бацькоў або асоб, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, што маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе або дапамозе, бытавым абслугоўванні і медыцынскай дапамозе. Адпачынак даецца на перыяд да 56 каляндарных дзён на год, але не больш як 28 сутак запар.

За гэты час бацькі могуць адпачыць, вырашыць бытавыя праблемы, аздаравіцца ў санаторыі, з'ездзіць на мора. Іх выхаванцы будуць знаходзіцца пад апекай кваліфікаваных работнікаў спецыялізаванага дома-інтэрната. Падчас «перадышкі» захоўваюцца ўсе сацыяльныя гарантыі для бацькоў: выплата пенсій, грашовая дапамога.

Для атрымання такой паслугі бацькам або законным прадстаўнікам дзіцяці неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Менавіта там падбяруць дом-інтэрнат адпаведнага профілю ў сувязі з дыягназам дзіцяці-інваліда. Прычым спецыялісты накіроўваюць пацыентаў у найбліжэйшую ад дома ўстанову, каб бацькам было зручна.

Для накіравання ў спецыялізаваную ўстанову неабходны пакет дакументаў. Як расказалі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, гэта пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы законнага прадстаўніка — пашпарт або пасведчанне апекуна, дакументы, што пацвярджаюць права на льготы (пасведчанне інваліда, пенсійнае пасведчанне). Спатрэбіцца таксама выпіска з медыцынскіх дакументаў, медыцынская даведка аб стане здароўя з інфармацыяй аб хваробах, адсутнасці кантактаў з інфекцыйнымі хворымі, вынікамі аналізаў, заключэннем дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. На аснове гэтых дакументаў Камітэт афармляе пуцёўку для накіравання ў дом-інтэрнат.

Думаецца, каб сабраць гэтыя дакументы, варта патраціць шмат часу. Але толькі на першы погляд. Практычна ўсё гэта ёсць на руках у бацькоў дзяцей-інвалідаў. Як правіла, неабходны толькі аналізы і даведкі аб стане здароўя.

Дадам, што раней паслуга не карысталася шырокім попытам. Магчыма, па фінансавай прычыне. Паколькі неабходна было аплачваць усе працэдуры. Цяпер трэба плаціць толькі за харчаванне ад 4 да 6 рублёў у суткі або прыкладна 280 рублёў за 56 дзён.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.