Вы тут

Беларускі танец: І агонь, і лірыка, і тэмперамент


Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца «Крыжачок» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо не раз заваёўваў узнагароды на прэстыжных конкурсах і фестывалях, у тым ліку за межамі нашай краіны. Артысты выступалі ў дзясятках краін, нават у такіх далёкіх, як Аўстралія, Новая Зеландыя і Ангола, ім апладзіравалі гледачы ў Грэцыі і Арменіі, Вялікабрытаніі і Ізраілі, Аўстрыі і Францыі... А сёлета «Крыжачок» удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта за значны ўнёсак у захаванне харэаграфічнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны.


 БелТА

Гэта адзін з найстарэйшых харэаграфічных калектываў Беларусі. Ён створаны адразу пасля вайны, у 1945 годзе, з выкладчыкаў і студэнтаў Белдзяржуніверсітэта. У чым феномен ансамбля танца, які перарос з аматарскага ў заслужаны, прымае ўдзел у мерапрыемствах дзяржаўнага маштабу, выступае на прэстыжных канцэртных пляцоўках, дае сольныя канцэрты ў Белдзяржфілармоніі, што даволі часта праходзяць з аншлагамі, прыстаўнымі крэсламі?

Відаць, справа не толькі ў яго вялікім складзе (сёння «Крыжачок» аб'ядноўвае каля чатырох дзясяткаў танцораў).

У стылі «Крыжачка»

— Калі мы робім сур'ёзную справу, гаворым пра высокі ўзровень, павінны будаваць калектыў па пэўнай схеме. Ён не можа мяняцца кожныя 2—5 гадоў, — расказвае заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар «Крыжачка» Ігар Музалеўскі. — Няправільна было б, калі б танцоры, нечаму навучыўшыся, сыходзілі. Таму ў складзе калектыву не толькі студэнты БДУ і іншых навучальных устаноў, але і выпускнікі. Напрыклад, вядомы спартыўны каментатар Андрэй Казлоў прыйшоў да нас, калі вучыўся на журфаку, і да гэтагу часу тут працуе (у нас прынята так гаварыць, бо танец — сапраўды вельмі складаная праца). «Крыжачок» мае касцяк. Да яго далучаецца маладняк, гэта як прыгожае абрамленне. Першы год яны назіраюць, набіраюцца вопыту, прасякаюцца пэўным настроем. Толькі калі новыя людзі далучаюцца да касцяка, калектыў знаходзіцца ў добрым тонусе і працуе на прафесійным узроўні.

Ігара Юр'евіча Белдзяржуніверсітэт паклікаў кіраваць «Крыжачком» пятнаццаць гадоў таму, калі ён як артыст балета пайшоў на пенсію, але шмат працаваў як педагог. Сюды пацягнулася таленавітая моладзь, бо паляцелі чуткі, што закіпела жыццё, рыхтуецца цікавая праграма.

Тут даюць магчымасць кожнаму паспрабаваць сябе. Іншая справа, што не ўсе здолеюць пацягнуць рытмы, нагрузкі, танцавальную лексіку, стыль «Крыжачка». У Ігара Музалеўскага асаблівая падача матэрыялу. «Крыжачок» вылучаецца сваёй хуткасцю, шырынёй, маланкавасцю, яго акцёры манеўраныя, актыўныя на сцэне.

— Танец дапамагае дасягаць поспехаў і ў іншых галінах, мабілізуе, дазваляе расставіць прыярытэты. Такія людзі думаюць па-іншаму, рухаюцца, адчуваюць, раскрываюцца свету. «Крыжачок» стаў для хлопцаў і дзяўчат вялікай сям'ёй. Маладыя ідуць сюды па зносіны, разам бавяць вольны час. Можа, таму пасля заканчэння ВНУ, нягледзячы на загружанасць, сталую працу, не кідаюць ансамбль.

Асноўны рэпертуар «Крыжачка» — народныя танцы. І сёння гэта адзін з калектываў, які адкрывае свету беларускі танец, нацыянальную культуру, ментальнасць:

— Мы падарожнічаем, судакранаемся з рознымі традыцыямі. Бачым, як танцы розняцца, які ўплыў аказалі на нашу культуру суседзі. Якая багатая ў нас палітра па касцюмах, рухах! Усё залежыць ад рэгіёна, настрою, сітуацыі. Напрыклад, мы ведаем выдатны твор «Купалінка» і музыку да яго. Шыкоўныя касцюмы, задумлівыя дзяўчаты ў вяночках. А цяпер згадаем неверагодную «Віцебскую польку» — ужо іншы настрой. А паглядзіце на «Польку праз нагу», «Крутуху». Вы ўбачыце, наколькі беларусы энергічныя, завадныя. Завітайце ў Гродзенскую вобласць, у сядзібу ці замак, і зусім іншым атрымаецца нумар: шляхетны, стыльна апрануты мужчына падыходзіць да дамы. Памежжа дае багата магчымасцяў. Тут работы непачаты край. У беларускім танцы можна знайсці ўсё: і лірыку, і агонь. Іншая справа — з матэрыялам трэба працаваць. Часам яго не бяруць, таму што ён складаны, не ўсе калектывы яго пацягнуць. Наша задача — утрымаць гэтую разнастайнасць для сябе, для іншых пакаленняў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.