Вы тут

Родныя карані, далёкія зоры


Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Дружбы народаў касманаўту Алегу Навіцкаму.


Прэзідэнт Беларусі напярэдадні Новага года сустрэўся ў Палацы Незалежнасці з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім і членамі яго сям’і. Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў гасцей і ўручыў ураджэнцу Беларусі, Герою Расіі ордэн Дружбы народаў. Такою высокай узнагародай касманаўт ушанаваны “за значныя дасягненні ў асваенні космасу і вялікі асабісты ўнёсак ва ўмацаванне міжнародных сувязяў”.

Тое, што Алег Навіцкі сваім лёсам, працай на зямлі ды ў космасе даўно паядноўвае Беларусь і Расію, жыве фактычна на дзве братнія краіны, спрыяе пашырэнню дружалюбных сувязяў – відавочна. Мы звыкліся ўжо і з тым, што нават з арбіты касманаўт дасылае землякам прывітанні, віншаванні з нагоды розных падзей. Так было, напрыклад, і сёлета, калі Беларусь упершыню адзначала 17 верасня Дзень народнага адзінства. Між тым не ўсе ведаюць, што вядомы ў свеце беларус уваходзіць у актыў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі. А чытачы “Голасу Радзімы” яшчэ ў красавіцкія дні 2016-га чыталі пра тое: да Дня касманаўтыкі мы падалі цікавае інтэрв’ю з ім (“Расійскі касманаўт з беларускага Чэрвеня” – ГР, 13.04.2016). Пагаварыць з Алегам Віктаравічам удалося восенню 2015-га ў Маскве: быў ён у ліку ганаровых гасцей на з’ездзе ФНКА Беларусаў Расіі. Якраз ён і даў “наводку” пра беларускія родавыя карані “зорнага брата” Алега Арцем’ева. І мы пісалі пра тое падрабязней – з Віцебска, пасля сустрэчы з яго бацькамі (“З Друі шлях на Байканур” – 16.04.2019).

Але вернемся ў Палац Незалежнасці. Прэзідэнт на пачатку сустрэчы падзякаваў Валянціне Эдуардаўне, маці Алега, за сына, цёпла размаўляў з іншымі членамі сям’і. Словы падзякі выказаў і лётчыку-касманаўту: “Я гляджу на вашага і нашага Алега і думаю, што ён знешне і ўнутрана сапраўдны славянін. Вось у ім беларускае, рускае (знешне нават) і збольшага нешта, пэўна, і ўкраінскае ёсць. І тое, што ён робіць для сваёй Радзімы, ён робіць правільна. Рана ці позна ты прыйдзеш на гэтую зямлю, таму не трэба губляць сваіх каранёў. І ён сапраўды той чалавек, які паядноўвае народы”. Вось таму і лагічна, што залаты ордэн кіраўнік дзяржавы ўручыў касманаўту і пры тым папрасіў аддаць яго на зберажэнне маці. Касманаўт пагадзіўся: “Няхай ён тут захоўваецца, на беларускай зямлі! Гэта сапраўды вельмі высокі гонар. Вельмі высокая ацэнка маёй працы. Я сапраўды вельмі люблю Беларусь. Гэта ж тая зямля, на якой я нарадзіўся, якая мяне выхавала – у асобе маіх бацькоў, маіх знаёмых, сярэдняй школы. І вось тая мая загартоўка, напэўна, і дапамагае па гэты час ісці па жыцці спакойна. Я заўсёды ведаю: тут мой дом, тут мяне заўсёды прымуць, тут мне заўсёды рады. І хочацца працаваць (нават калі ўжо здароўя не будзе на касманаўтыку) на карысць Беларусі ды Расіі. Я не магу падзяліць гэтыя дзве краіны ніяк. Гэты наш славянскі саюз, які мусіць быць заўсёды моцным. І мы павінны заўсёды падстаўляць плячо адно аднаму. Разам радавацца і разам гора гараваць, заступацца сябар за сябра і, калі трэба, разам ісці ў наступ. Дзякуй вам вялікі за высокі гонар!”

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Родныя карані, далёкія зоры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.