Вы тут

Лукашэнка: Бяспека нашай дзяржавы пачынаецца з граніц


Прэзідэнт зацвердзіў рашэнне аб ахове Дзяржаўнай граніцы на 2022 год. Даклад старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо працягнуў шэраг сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі сілавога блока краіны. Дзяжурнае штогадовае мерапрыемства цягам гэтых месяцаў атрымала асаблівую важнасць. Міграцыйны крызіс, згортванне супрацоўніцтва па памежных пытаннях з краінамі Еўрапейскага саюза, нарошСванне ўкраінскіх ваенных побач з нашай граніцай і правядзенне ў хуткім часе сумесных вучэнняў Узброеных Сіл Беларусі і Расіі на заходніх і паўднёвых межах — усё гэта дае падставы для змястоўнай размовы ў Палацы Незалежнасці. 


Яе Прэзідэнт пачаў з заўвагі, што мінулы год для айчынных пагранічнікаў быў цяжкім, а леташнюю сітуацыю на мяжы прыйдзецца яшчэ сур’ёзна прааналізаваць.

«Па маіх адчуваннях (а яны мяне рэдка падманваюць) я павінен сказаць, што ўпершыню за чвэрць стагоддзя, колькі я працую Прэзідэнтам, пагранічныя войскі былі на вастрыі і ўпершыню былі правераны ў сапраўднай мужчынскай рабоце. Яны не падвялі», — падзякаваў Прэзідэнт пагранічнікам і іх кіраўніку.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абаронцы межаў заўсёды працавалі «як па трывозе», бо кожную хвіліну сітуацыя на граніцы магла змяніцца.

«Нашы пагранічнікі ў поўнай баявой гатоўнасці. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Малайцы, хлопцы. Пры ўсіх цяжкасцях, што абрынуліся на іх у мінулым годзе, яны з гэтымі праблемамі справіліся. Зразумела, бяспека нашай дзяржавы пачынаецца з граніц. У рамках гэтых граніц забяспечваецца наш суверэнітэт. І асноўны ўнёсак у забеспячэнне суверэнітэту ў мірны перыяд, дзейсныя мерапрыемствы і работа забяспечваецца пагранічнымі войскамі», — працягнуў кіраўнік краіны.

Па яго ўпэўненасці ў мінулым годзе ў сувязі з наплывам бежанцаў, канцэнтрацыяй замежных войскаў уздоўж заходніх і паўднёвых межаў, айчынным памежнікам прыйшлося павялічыць сваю пільнасць і сачыць разам з разведкай іншых сілавых структур за тым, што адбываецца на граніцах і што яшчэ можа здарыцца.

Прэзідэнт дадаў, што зараз ідзе шмат размоў пра сітуацыю на паўднёвых межах Беларусі. Таму Аляксандр Лукашэнка папрасіў Анатоля Лапо выказаць сваё меркаванне на згаданую тэму і прапанаваць далейшыя дзеянні ў гэтым кірунку.

«Многія вялікія рашэнні ўжо былі прынятыя. Тым не менш абстаноўка ўвесь час ускладняецца. Пераводзяць стрэлкі на нашы сумесныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй. Я ніколі не апускаўся да такога ўзроўню, каб палемізаваць са сваімі праціўнікамі. Сёння атрымаўшы агляд , я са здзіўленнем прачытаў, што ў нас адбылася акупацыя Беларусі. Я, як Галоўнакамандуючы, неяк не заўважыў. Можа, вы мяне не праінфармавалі, што ў нас ажыццяўлена акупацыя Беларусі? — звярнуўся Прэзідэнт з рытарычным пытаннем да суразмоўнікаў і працытаваў словы з агляду: «Уведзены войскі, працэс увядзення расійскіх войскаў на нашу тэрыторыю працягваецца, павінны прыехаць сюды 200 цягнікоў па 50 вагонаў. Гэта ў сярэднім будзе 80-100 тысяч жывой сілы, плюс уся тэхніка. Прапісаны ўвесь план акупацыі. Зянон Пазняк».

Кіраўнік краіны звярнуўся да асобы, словы якой ён працытаваў — Зянона Пазняка. Аляксандр Лукашэнка назваў дзеяча антыподам яго палітыкі і заважыў, што добра яго ведае. «Чалавек недурны, разумее ўсё. Яны ўсе, беглыя нашы, вельмі далёкія ад яго ў плане разумення», — зрабіў акцэнт Прэзідэнт.

Ён абвяргае выказванні апанентаў тэзісам, што ў 200 цягнікаў не могуць змясціць ні заяўленую колькасць вайскоўцаў, ні аб’ём тэхнікі.

«Дзвесце чыгуначных саставаў такога не змесцяць. Гэта элементарна палічыць, нават калі ты не ведаеш, што такое армія і не служыў там ніколі. Гэта простая школьная арыфметыка. Але справа не ў гэтым. Чаму я падкрэсліў гэта? Атрымоўваючы інфармацыю ад разведкі, КДБ, пагранічнікаў, ваш аналіз, я падумаю: дзе ж ты быў, барацьбіт за суверэнітэт і незалежнасць у 20-м годзе, калі нас вось-вось гатовы былі акупаваць? Чаму тады не абараняў суверэнітэт і незалежнасць?» — сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуўся да тых, хто з сур’ёзнасцю ўспрыняў выказванні палітычных апанентаў наконт «акупацыі».

«Ніколі, пакуль я Прэзідэнт і вы генерал, мы не дапусцім акупацыі Беларусі. Гэтага не будзе ніколі ні з якога боку — ні злева, ні справа, ні з захаду, ні з усходу, поўначы ці поўня. Ніколі. Мы памром, але гэтага не дапусцім. Не трэба спекуляваць на гэтай тэме», — заявіў кіраўнік краіны.

Па яго словах, пра беларуска-расійскія вучэнні было аб’яўлена загадзя. Прэзідэнт нагадаў, што мерапрыемства важнае, бо на паўднёвай граніцы прыйдзецца разгарнуць цэлы кантынгент беларускай арміі.

«Падобным палітыкам неабходна звярнуць увагу на канцэнтрацыю войск не толькі на мяжы Латвіі, Літвы, Польшчы, але і Украіны. Не мы першымі пачалі звяртаць увагу на нашу паўднёвую граніцу. Украінцы пачалі сцягаць туды войскі, не разумею навошта», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна інфармацыйная нагода — пагражаючая пазіцыя Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў адносінах да Беларусі. Вось, што расказаў пра гэта Прэзідэнт.

«Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Йорку і пагражаюць: „Калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта і тое, то мы ўвядзём санкцыі, калі вы вернеце ядзерную зброю ў Беларусь, будзе тое і гэтае“. Гэты ментарскі тон ў адносінах да Беларусі», — дзеліцца кіраўнік краіны.

У адказ ён звяртае ўвагу на тое, што сказаў у Лунінцы падчас наведвання вайсковай часці, а менавіта: нам не трэба ніякай вайны. 

«Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне, нас цанілі за гэта. Навошта вы нас у 20-м годзе штурхаеце і робіце агрэсарамі? А зараз нам пагражаюць. Нам ужо горш не зробіш. Калі вы хочаце нас увогуле паставіць на мяжу прорвы, вы ведаеце, як мы будзем на гэта адказваць», — паведамляе Аляксандр Лукашэнка.

Ён кажа, што з нагоды развіцця сітуацыі вакол краіны, дзеянняў Вашынгтона лепей не будзе і прыйдзецца абараняць межы.

«Мы гэта ўмеем рабіць і гэта зробім. Я ў гэтым нават не сумняваюся. А тое, што нас тут пужаюць, папракаюць, хай вернуцца да сваіх дзеянняў. Навошта Еўрапейскі саюз згарнуў супрацоўніцтва па лініі пытанняў мяжы? Яны ж згарнулі гэта супрацоўніцтва. Не мы пайшлі на эскалацыю», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заслухаў прапановы Анатоля Лапо па абароне дзяржаўнай граніцы ў бягучым годзе і прыняў адмысловае рашэнне аб гэтым.


Каментарый у тэму

«Асноўныя намаганні ў ахове і абсталяванні граніцы будзем засяроджваць на ўкраінскім кірунку»

Анатоль Лапо, старшыня ДПК, расказаў журналістам, што 2021 год быў асаблівы па сваёй напружанасці для пагранічнікаў — ніколі каля нашых граніц не было такой канцэнтрацыі войскаў памежных дзяржаў.

«Вазьміце польскі кірунак. Зараз на граніцы стаіць 15 тысяч чалавек. На кожных 200 метрах па 7-8 чалавек плюс палатка. Навошта яна? Напружанасць... Вазьміце правакацыі: абстрэл нашых пагранічных слупоў, знішчэнне на польскім кірунку шчыткоў», — расказвае Анатоль Лапо.

Галоўны пагранічнік краіны заяўляе, што любы памежны канфлікт пачынаецца з дробязяў. І сёння Прэзідэнту ён паведаміў, як не дапускаць перарастання такіх дробязяў у паўнамаштабныя канфлікты.

«Сумежны бок нас да гэтага штурхае. Але мы, пагранічнікі, людзі адэкватныя, памяркоўныя, заўсёды ацэньвалі абстаноўку. Але адразу скажу: бяспека нашай дзяржаўнай граніцы будзе забяспечана любым спосабам. Сілы і сродкі ў нас для гэтага ёсць», — падкрэсліў старшыня ДПК.

Анатоль Лапо расказаў, што не чакалі такога абвастрэння адносін з Украінай. І нават сёння для годнай аховы граніцы сумесных сродкаў дастаткова пры ўзаемавыгодным супрацоўніцтве.

«Дзесьці мы засяроджвалі намаганні, дзесьці яны — мы граніцу ахоўвалі сумленна. Але да іх прыйшлі іншыя гаспадары, інструктары і паставілі іншыя задачы. Зразумела, абстаноўка змяняецца. Я Прэзідэнту далажыў, што ў гэтым годзе асноўныя намаганні ў ахове і абсталяванні граніцы мы будзем засяроджваць на ўкраінскім кірунку і на асобных кірунках, дзе мы лічым будуць пагрозы нашай бяспецы», — патлумачыў старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Узмацненне межаў будзе ісці на кошт рэзерваў і ўдасканальвання тэхнічных сродкаў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».