Вы тут

Тваражок ад знаёмай каровы


Днямі палуднавалі ў рэдакцыі разам з каляжанкай. «А ў мяне сёння тваражок ад знаёмай каровы, частуйцеся», — усміхнулася Валянціна Аркадзеўна і адклала мне ў талерку палову сваёй сабойкі. Пакуль яна пасыпала ласунак разынкамі, з цеплынёй распавядала пра людзей, якія — героі нашага часу — адны на ўсю вёску трымаюць рагулю. Казала, што ў таго, хто пакаштаваў хатняга тварагу, рука не падымаецца купіць крамавы.


І я яе цудоўна разумею. Бо таксама ўжо трэці год набываю малочку ў мясцовага «гаспадара». Калі пазнаёмілася з Кастусём, фермер так смачна расхвальваў свой клінковы сыр, што не купіць яго было проста немагчыма. Цяпер жа гэта мой любімы тварожны ласунак. Калі вязу яго дадому, не стрымліваю сябе: адломваю кавалачак ад гаспадарскага сыру, бы скарынку ад гарачага хлеба, і атрымліваю асалоду. Свежы, толькі з-пад прэсу, ён проста тае ў роце. І я цалкам згодная з Кастусём, што клінковы сыр па праве мусіць стаць беларускім брэндам.

Крамавыя сыры я таксама час ад часу набываю. Але гаспадарскі з імі не параўнаецца. Ён для мяне больш чым проста сыр, бо яго зрабіў знаёмы чалавек, з якім мяне звязвае свая гісторыя. Аднойчы давялося назіраць, як фермер кладзе клінок з будучым сырам пад прэс. У гаспадара ён сучасны, металічны. Даўней жа, згадвае, прыладу для адціскання сыру рабілі з дзвюх тоўстых ліпавых дошак. Сіла ціску рэгулявалася вінтамі. Або проста каменем, які клалі на верхнюю дошку.

І колькасць такіх людзей-гісторый з кожным годам вясковага жыцця павялічваецца. Летась, напрыклад, пазнаёміліся з пчаляром з суседняй вёскі Плоскае. Дарэчы, дзякуючы Анатолю я ўпершыню пакаштавала валошкавы мёд. Цяпер заўсёды ў нашай хаце ёсць салодкі пачастунак ад знаёмых пчол. Насупраць Анатоля жывуць два браты, якія ў сезон вырошчваюць экалагічна чыстую гародніну. Пасля таго, як пабылі на экскурсіі ў іх дагледжаных парніках і пакаштавалі агурОК, які сапраўды ОК, усім рэкамендуем гэтых фермераў.

Цаніць і падтрымліваць усё сваё мы пачалі не адразу. Памятаю, два гады таму да нас на ўлазіны збіраліся прыехаць сябры з Віцебска. Хацелася, каб ім у нас было не толькі цёпла і смачна, але і цікава. Таму запланавалі паездку ў Мірскі ды Нясвіжкі замкі. Суседка Алеся параіла з'ездзіць яшчэ і ў Станькава: напярэдадні яна вазіла туды ў заапарк сваіх дзетак і засталася задаволеная. Гэтую размову выпадкова пачула яе бабуля. «У Станькава яшчэ паспееце. Пакажыце спярша сваё. Нашу Малую Вусу, якую падчас вайны на Мядовы Спас спалілі немцы. Адзіную хату, якая ўцалела, бо стаяла адасоблена, — як зараз памятаю словы Галіны Фёдараўны, якую ў 43-м годзе разам з астатнімі вуслянамі пагналі ў Германію. — Звазіце сяброў у наш лес, пакажыце мемарыял у памяць аб спаленай фашыстамі вёсцы Літавец...»

Сапраўды, часта мы думаем, што дзесьці там — цікавей. І пры гэтым не заўважаем незвычайнае перад уласным носам. З гэтымі думкамі мы з мужам і сынам селі ў машыну і паехалі шукаць лясную вёску, якая была спалена разам з жыхарамі (196 чалавек, у тым ліку 58 дзяцей) падчас карнай аперацыі «Якаб». Месца, дзе калісьці быў Літавец, уразіла да глыбіні душы: некранутая часам прырода, празрыстая цішыня, магутныя векавыя дрэвы, кранальны верш-прысвячэнне Рыгора Барадуліна на барэльефе, лаўкі-пліты каля спаленых хат, на якіх няма каму сядзець, размаўляць, спяваць вечарамі пад гармонік...

На зваротнай дарозе знайшлі лясную крыніцу, набралі чысцюткай халоднай вады. Трапілі пад дождж і пабачылі сапраўднага дзіка. Прамоклыя, але напоўненыя вярталіся дадому.

Ужо потым выпадкова даведаліся, што за сем кіламетраў ад нашай вёскі, на уздзенскіх могілках, стаіць адзін з самых незвычайных помнікаў архітэктуры Беларусі — піраміда вышынёй каля дзесяці метраў. Пабудавана яна не так даўно, як егіпецкія, на пачатку ХІХ стагоддзя. Гэта, аказваецца, капліца-пахавальня старадаўняга беларускага роду Завішаў. Даследчыкі лічаць, што незвычайная форма з'явілася пад уплывам тагачаснай моды на егіпталогію. На жаль, пахаванні знакамітага роду разрабаваныя, але сам фамільны склеп стаіць і дагэтуль здзіўляе сваёй веліччу.

Ніколі не забудуся, як упершыню прыехала на лецішча да сяброўкі. У доме, які дастаўся ёй з мужам ад бацькоў, поўным ходам ішоў рамонт. Натхнёная гаспадыня вадзіла нас па пакоях, заваленых дошкамі ды будаўнічымі інструментамі, і з непадробным захапленнем расказвала, што і дзе будзе. «Вось тут, уздоўж лесвіцы, са сцен будуць падміргваць партрэты, як у Гары Потэры. А з другога на першы паверх можна будзе спусціцца па джутавым канаце. Прыедзеш наступны раз — адчуеш сябе сапраднай Пэпі Доўгая Панчоха». Алачка настолькі захаплялася сваім уяўным домам, што, як па ўзмаху чароўнай палачкі, гэта непадробнае захапленне перадалося і нам. Я і цяпер згадваю тую паездку з асаблівай цеплынёй.

Сёння і мы дзелімся са сваімі гасцямі тым, што нас натхняе. Едзем разам у лес збіраць ягады ды грыбы, сплаўляемся па нашай маляўнічай рацэ Усе на чаўне. І абавязкова частуем тварожным сырам ад знаёмай каровы. У нашых віцебскіх сяброў, дарэчы, з'явілася традыцыя. Штораз вязуць ад нас гаспадарскі сыр, смачнейшы за любыя цукеркі, у якасці гасцінца сваім бацькам. Каб і тыя, знаходзячыся за 300 кіламетраў, адчулі смак гасціннай Вусляндыі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Увага! Аб'яўляем конкурс на самы крэатыўны фотаздымак «Маё вясковае дзяцінства»!

Выбегчы ранкам з хаты басанож ды рваць ягады проста з куста. Гладзіць козачак ды гуляць у даганялкі з курачкамі. Дапамагаць маме садзіць агарод і назіраць, як з семечка вырастаюць смачная морква ці агурок. А потым есці вітаміны проста з градкі. Ляжаць з бабуляй на печы і чытаць цікавую кніжку. Шукаць на ўсыпаным зоркамі небе (у горадзе дакладна такога не пабачыш!) Вялікую і Малую Мядзведзіц. Збіраць у кошык, сплецены з лазы дзядулем, баравікі ды лісічкі. Ночыць усёй сям'ёй на беразе возера ў намёце. Раскласці з татам вогнішча і доўга глядзець на агонь... У кожнага свае асацыяцыі з дзяцінствам у вёсцы. Але ўсе іх аб'ядноўваюць нейкая непадробная цеплыня і шчырасць. Калі вы таксама лічыце, што вясковае дзяцінства — гэта ЦУДоўна, то наш новы конкурс для вас. Дасылайце здымкі вашых дзетак-кветак (з невялічкім аповедам пра фота) на электронны адрас hіadoxa@gmaіl.com або па пошце 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, рэдакцыя газеты «Звязда», з пазнакай «На конкурс». І, хто ведае, можа, кагосьці з нашых сталых чытачоў (якія таксама калісьці былі дзецьмі) конкурс натхніць пагартаць свае сямейныя альбомы? Арыгінальнасць і творчы падыход вітаюцца! Конкурс будзе праводзіцца на працягу года. Пераможцу чакае рэдакцыйны прыз.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.