Вы тут

Хто каго? «Як не ўсе ў хлопцаў дома, не пужаюць пераломы»


Што было — было, напэўна, шмат дзе і не раз. Адзін вясковец у крамку пайшоў, на ганку сустрэў добрага прыяцеля: пасядзелі з ім у цяньку пад ліпамі, узялі па чарцы-другой, а потым дабавілі...

І ўсё, відаць, абышлося б: як той казаў, «дзве дзюркі ў носе, і сканчылося», калі б не лета, не вечар, не стома. Развезла вяскоўца: дзе сядзеў — там прылёг і так жа добра заснуў....

Прачнуўся ажно пад раніцу (мусіць, холадна стала?) і адразу б дамоў (жонка, нябось, вочы прагледзела!). А дзе той дом — не разабраць, бо туман вакол. Дзядзька ў адзін бок — ямы пад нагамі, дзядзька ў другі — як быццам пабудовы нейкія... І жанчына: карову доіць... Ён па-руску ёй (каб культурней было):

— Здравствуйте! Скажите, а какая это деревня?

Што ў адказ пачуў, уявіць няцяжка... Калі ведаць, што там яго жонка была.

Баялі, што яна вядром чалавека агрэла... Што вяроўкай яшчэ і дабавіла б, але не дагнала, бо ён такую хуткасць развіў... Прычым каля дома — уверх, на гарышча, без драбіны...


 

Зрэшты, з гэтым мужчынам усё зразумела. Ён, можна сказаць, ратаваўся — уцякаў ад «пабояў».

А вось што — канкрэтна — на кола заганала іншага (з верхняга здымка...) — пытанне было. Праўда, нескладанае (прынамсі для чытачоў «Звязды»). У іх дзясяткі адказаў (подпісаў да здымка) і, як правіла, у вершах. Прозай — хіба ўступ.

«Не сакрэт, што апошнім часам набірае папулярнасць прамысловы турызм, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Многім на свае вочы хочацца ўбачыць, як працуюць розныя прадпрыемствы, як нараджаюцца, сыходзяць з канвеера, напрыклад, тыя ж «БелАЗы». Недзе чытаў, што іх вытворчасць за пяць гадоў наведала звыш 150 тысяч турыстаў — з розных кантынентаў і, вядома ж, розных узростаў. На апошнім конкурсным здымку я «ўбачыў» ці не самых малодшых:

На пляцоўку, дзе «БелАЗ»,

Заявіўся пяты клас

І пачуў: усё, што бачаць,

Можна мацаць,

тузаць, кратаць!..

Дзеткі тут жа,

як мурашкі,

Урассыпную...

Згледзець цяжка...

Выдаваў хіба што гук...

Ледзь сабраў пасля фізрук!

Меў, згадзіцеся, клопат, бо шукаў тых «мурашак» не толькі на зямлі...

І, дарэчы, не толькі фізрук. Глянуўшы на здымак, спадар Эльяш Банель з Мінска ўспомніў, што

Неяк, летняю парою,

Звазіў унука на БелАЗ.

І там убачыў, што са мною

Расце сапраўдны верхалаз!

Яму што кола, што драбіна —

Уверх...

Да кожнага кутка!

У тую шчасную хвіліну

Аднекуль несла Клешчука...

І ўжо той, на думку спадара Банеля, не змог прайсці міма — зрабіў здымак: мала таго, што для «Звязды», і на добры ўспамін героям. На фота, паводле паэта-класіка і спадара Віктара Сабалеўскага з Узды, яшчэ і намёк — «добрым молодцам урок». Які? Чытайце:

На БелАЗ, было, прыслалі

Гурт турыстаў ды здзіўляк,

Ні мінуты не маўчалі

Цесля, кухар і мастак:

— Ну й кабіна ў машыны!

— А ўжо шыны...

— Што за мазь?

Жабкай хтось на верхавіну...

А Кандрат пісаў —

не лазь!

Так... Хоць і не зусім, бо, паводле Крапівы, тая Жабоцька была ў каляіне і лезла пад кола, а не на яго...

А, зрэшты, што пнём аб саву, што савой аб пень: небяспечна і так, і так. (Анекдот: маладыя альпіністы выпытваюць у старэйшага, як ён прымудрыўся выжыць пасля пакарэння столькіх вяршынь — і нават Эверэста?! Можа, ёсць сакрэт? Ёсць, — прызнаў ветэран. — У мяне хапіла розуму — я ніколі не звязваўся з дурнямі).

«Уключаць» іх, як паказвае жыццё, навучыліся вельмі многія, а вось выключаць...

Маю вопыт скалалаза —

Хоць па колах

ды палажу, —

піша пра «героя» спадар Мікола Кісель з Мінска.

І мае рацыю, бо хуткасць гуку  сапраўды вельмі дзіўная штука: гадоў 20 бацькі нешта кажуць табе, а даходзіць — пасля 40, у лепшым выпадку.

Значыць, размова далей пра тых, да каго не дайшло. Пачатак — ад спадара Віктара Сабалеўскага:

Наш Мікола — скалалаз:

Снедаў на Эльбрусе...

Факт, што трапіў на БелАЗ,

Дык і тут не струсіў:

Паказаў ён сябрукам,

Што хлапчына лоўкі —

Вышыню дай бог узяў!..

Нават без страхоўкі!

Што ж — хто на што вучыўся... Куды горш, як мяркуе спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, калі за справу бяруцца невукі:

Ў коле круціцца вавёрка,

А на коле — наш Ягорка.

Паспрачаўся небарака:

Уверх залез...

А злезе — ракам?

Цалкам магчыма. І дай бог жывым-здаровым, бо, на думку спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчы:

Розных гора-экстрэмалаў

Свет пабачыў...

І нямала:

Ім абы куды ўзбіцца,

Каб сабою пахваліцца!..

Як не ўсе ў хлопцаў дома,

Не пужаюць пераломы.

(Пытанне — адказ: «Чаму ў чарзе да доктара мы сядзім так доўга?» — «Таму што час — лечыць». З той жа нагоды заўвага бывалага: не важна, з якой нагі ты ўставаў, абы — не з бальнічнага ложка).

Што трэба, каб на яго не трапіць, ведае спадарыня Гудачкова:

Ціт ад лішняе вагі

Наразае, бач, кругі...

На ставок, бывае, ходзіць —

З клюшкай гойсае па лёдзе.

А сусед яго, Ігнат,

Тлушч зганяе праз канат.

...Калі фітнес-клуб далёка, —

Скарыстайма што пад бокам!

І тады будзе табе шчасце: згоніш лішнюю вагу, умацуеш імунітэт, станеш дужым і здаровым. (Анекдот: «Тата, а чаму пра адных людзей кажуць, што яны нечага дасягнулі, а іншыя — дамагліся?» — «Тлумачу на канкрэтным прыкладзе: калі ты, сынок, убачыўшы на дрэве яблык, палезеш і сарвеш яго, то ты сваёй мэты дасягнеш, а калі адбярэш у малодшага брата, то даможашся».)

Гэта быў адзін канкрэтны прыклад. Другі — прычым досыць нечаканы — ад спадара Сабалеўскага:

Вася — знатны бульбавод —

Зімкай

не лайдачыць:

Кожны дзень і кожны год

Гной падвозіць тачкай...

На БелАЗе пабываў, —

Ходзіць невясёлы:

Усё з «панчохі» бы аддаў

За такія «колы»!

Што, вядома ж, не дзіва, бо яны — сваімі памерамі, магутнасцю — і сапраўды ўражваюць, і сапраўды нагадваюць... Спадару Мікалаю Старых з Гомеля — стары анекдот. Асёл спыніўся побач з «Запарожцам», агледзеў яго з усіх бакоў, пытае: «Ты хто?». — «Я — машына!» — з форсам адказвае «гарбаты». — «Ну тады я конь».

«У нашым выпадку, — як лічыць спадар Мікалай, — дыялог жывёліны і аўтамабіля можа выглядаць так:

На дарозе адным разам

Слон спыніўся

ля БелАЗа.

Вочы вылупіў:

«Ты хто?»

І адказ пачуў:

«Аўто...»

Слон падумаў:

«Калі так,

Я — не болей,

чым ішак».

Што праўда, тое праўда. Прычым тут чалавек на коле, спадар Хомчанка з Барысава можа хіба здагадвацца:

Ўсё правераць...

і не раз,

Перш чым купяць

наш БелАЗ!

А вось спадарыня Валянціна Гудачкова ведае дакладна:

Беларусы

(і ўдала ж!)

Робяць цуда-самазвалы...

Са сваёй часцінкай працы

Цяжка потым развітацца.

Вось нехта і абдымаецца з ёй, фатаграфуецца, а хто-ніхто, як лічыць спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, яшчэ і на кола лезе, бо

Трэба, трэба пастарацца

І ў кабіну як прабрацца —

Руль абняць, націснуць газ...

Адказаў яму «БелАЗ»:

«Шмат ахвотнікаў такіх

Толькі я — не для дурных».

Зрэшты, вось гэтага мог бы і не казаць, бо для таго, каб «прабрацца» ў кабіну (сесці за руль вось такога волата), трэба не на кола караскацца, а...

Зрэшты, гэта ўжо новая гісторыя. На завяршэнне старой — яшчэ некалькі згадак, прычым досыць нечаканых. Ад спадара Невяровіча з Гродна і спадарыні Іны Алісевіч:

Колю можна не карміць —

Дай хоць нешта палічыць:

Не дакладна, хоць бы груба

Дрэвы, зоркі, грошы, «зубы»...

Ён паўсюль падлік вядзе,

Можа, і тут не ўпадзе?

Бо

...Не праходзяць адгаворкі:

Для каханай —

толькі зоркі!

Па адну й палез Мікола:

Думаў — неба,

глянуў — кола.

А значыць...

З парад бывалых: «Калі ты ўпусціў свой шанц, не думай, што ён апошні — будуць новыя, іншыя, якія ты таксама... зможаш упусціць». І з дыялогаў: «У маладосці я падымаў штангу ў 300 кілаграмаў». — «Ды быць не можа! Столькі не падымалі і найдужэйшыя!» — «А вось я — падымаў... Праўда, не падняў»...

 

Такім чынам, невялікая бяда, што «зубы» на коле засталіся незлічонымі, а зорка для каханай па-ранейшаму ў нябёсах. Галоўнае, што гэтыя два Міколы «бралі вагу» — імкнуліся, а трэці — спадар Старых — пад іх намаганні, што называецца, рысу падвёў — ці не за кожнага з тутэйшых выдаў:

Нарадзіўся беларусам,

І заўсёды ганаруся:

Ганаруся мовай,

МАЗам,

Пушчай, Мірам

і «БелАЗам»...

Аднак

гонар мой галоўны —

За народ наш

памяркоўны,

Працавіты і гасцінны...

Ёсць такі.

І быць павінны!

...Вось на гэтай аптымістычнай ноце і завяршыць бы чарговы агляд, аднак трэба падвесці вынікі: нагадаць, што на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 24 лістапада 2021-а) быў мужчына ў абдымках русалкі (ці наадварот?), і найлепшыя радкі пра гэтую парачку склалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, спадары Эльяш Банель з Мінска, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка і Віктар Сабалеўскі...

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы, пагадзілася журы маленькае (рэдакцыйнае). А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал 2022 года накіроўваецца ў горад Узду.

Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску (можна з любога месяца), другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс, можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх (максімум — восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны… Пішыце і, як раіў Сенека малодшы, пакуль ёсць магчымасць, жывіце весела.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.