Вы тут

Табу на асабістае


На гэтыя радкі падштурхнулі нататкі пра актрысу Інгеборгу Дапкунайтэ, што прамільгнулі ўчора недзе на прасторах інтэрнэту з нагоды дня нараджэння жанчыны без узросту. У самым канцы, пасля агляду яе многіх паспяховых роляў, праектаў, узнагарод гаварылася, што ў 54 гады яна абзавялася першынцам.


Але ўсюдыісныя рэпарцёры не знайшлі падрабязнасцяў, якім чынам нарадзіўся сынок — працэдура ЭКА, сурагатная маці ці нешта іншае падарыла ёй шчасце мацярынства, — засталося нявысветленым. Інгеборга не дае інтэрв'ю з гэтай нагоды, не расказвае падрабязнасці. Не вельмі шмат звестак у адкрытым доступе пра яе шлюбы і прычыны іх скасавання. Падрабязнасці работы над фільмамі ў інтэрв'ю — калі ласка... Пра кожны з фільмаў яна можа згадаць нешта цікавае. Так, пра асаблівасці работы над карцінай «Інтэрдзяўчынка» расказвала шмат, у тым ліку згадала забаўна-кур'ёзны эпізод. Калі пасля даволі цяжкага напружанага дня здымак яны разам з калегамі Разанавай і Якаўлевай рашылі зайсці ў кафэ, каб перахапіць чаго і выпіць кавы, а сіл на пераадзяванне і змыванне грыму не было, то іх... не пусцілі.

Прынцыповая адміністратарка сказала, што ў іх прыстойная ўстанова, дзе жанчынам «няцяжкіх» паводзінаў зусім не рады, і паказала на дзверы. Гэта пра ролі, а калі ў Інгеборгі спыталі пра асабістае жыццё, яна адказала: «Пра сям'ю не хачу гаварыць ні з кім. Публічнае жыццё я выбрала сабе сама, а мае блізкія яго не выбіралі, і выстаўляць іх напаказ мне не хочацца». Вось так сказала — як адрэзала. І адразу хочацца паважаць такую жанчыну.

Хоць гэта, несумненна, справа густу. Іншыя на асабістых падрабязнасцях робяць імідж і, падаецца, знарок падаграваюць інтарэс публікі да сваёй асобы любым спосабам, уключаючы розныя скандалы. І ўжо іх творчасць выглядае нібы дапаўненне да бурнага асабістага жыцця. А родныя знакамітасцяў нават пасля смерці дарагіх людзей не саромеюцца атрымліваць пэўныя дывідэнды. Мяне, мякка кажучы, здзівіла, што ў дзень смерці Мікалая Карачанцава ў студыі на вячэрнім эфіры сядзелі самыя блізкія і разважалі пра жыццё і творчасць нябожчыка. Яно вядома, ХХІ стагоддзе на дварэ, ніхто не будзе сядзець ноч над целам, як гэта было раней спакон веку. А ў гэтым выпадку і пагатоў, бо яшчэ да смерці вядомага акцёра, карыстаючыся яго цяжкім станам, некаторыя не грэбавалі выкарыстоўваць імя хворага, скажам так, у асабістых інтарэсах.

Такое назіраем цяпер пастаянна: не паспее вядомы чалавек пайсці на той свет, як пачынаецца разбор спадчыны, дзяльба нажытага ім, аб'яўляюцца пабочныя жонкі і дзеці з прэтэнзіяй на свой кавалак. І дзяльба, што характэрна, вядзецца публічная, з прыцягненнем у студыі прэтэндэнтаў, сведак, хатніх работніц. Прывалаклі б, відаць, нават любімых сабачак, каб тыя маглі хоць нешта прамовіць. А што: для каналаў — рэйтынг, для публікі — спакуса парыцца ў чужой бялізне і зазірнуць у шчыліну спальных памяшканняў. Ахматава некалі казала, што няма нічога больш сумнага, чым чужыя сны і чужая распуста. О, як памылялася вялікая пісьменніца! Яе шчасце, што не дажыла да часу, калі чужыя інтымныя справы абмяркоўваюць ды смакуюць на вачах у мільённых аўдыторый. Часам робяць тое з прымяненнем высокіх тэхналогій, скажам, дэтэктара хлусні.

Выходзіць, устарэлі класікі з іх бачаннем свету і чалавека ў ім. Памятаеце, як Пушкін гаварыў: «Свае палітычныя і рэлігійныя перакананні лічу патрэбным трымаць пры сабе». Цяпер для дасягнення пастаўленай мэты нічога не трымаюць пры сабе, нават самага прыватнага. Але ці ўсе? Ёсць усё ж катэгорыя людзей, якія ўласную годнасць ставяць вышэй за прывідную славу і хвілінную выгаду. Пра Інгеборгу Дапкунайтэ згадвала спачатку. А яшчэ ўспомнілася цудоўная пара — Мая Плісецкая і Радзівон Шчадрын. Маі Міхайлаўны ўжо няма, а яе каханы чалавек жыве, яны абое загадзя паклапаціліся пра агульную маёмасць, напісалі агульнае завяшчанне. І хоць прамых нашчадкаў не маюць, відавочна, ніхто ніколі не будзе плявузгаць пра іх маёмасць, якую нажылі выключна талентам і працай. Прыгожа пражылі і пра такі ж зыход паклапаціліся. Мабыць, гэта і ёсць прыкмета інтэлігентнасці і сапраўднай чалавечнасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.