Вы тут

Наталля Качанава: Беларусы падтрымліваюць курс, які праводзіць дзяржава


Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з прадстаўнікамі банкаўскай сферы. Сустрэча прайшла ў адным з банкаў сталіцы ў фармаце дыялогавай пляцоўкі. Трэба сказаць, што да зацікаўленай гутаркі ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі мелі магчымасць далучыцца і рэгіянальныя прадстаўнікі банкаўскага сектару. Тэмай для такога шырокага абмеркавання сталі змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны.


Як адзначыла ў размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі, такія сустрэчы з прадстаўнікамі розных сфер дзейнасці працягваюцца, нягледзячы на тое, што абмеркаванне змен і навацый ужо афіцыйна завершана.

— Паступіла дастаткова шмат прапаноў, зваротаў і пытанняў ад нашых грамадзян, і мы рады, што нашы людзі ўцягнуты ў працэс, ім важна, якім будзе будучыня нашай краіны, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава.

Яна патлумачыла, з якой мэтай сустрэчы членаў Рэспублікі з працоўнымі калектывамі працягваюцца да гэтага часу:

— Важна пачуць і адчуць настроі людзей, магчыма, адказаць і вырашыць нейкія пытанні, таму што за час, які застаўся да важнай падзеі ў жыцці нашай краіны, — рэферэндуму — мы павінны даводзіць да людзей інфармацыю, якой валодаем, і пачуць пытанні, якія ў іх паўстаюць.

Спікер звяртае ўвагу на вынікі нядаўняга сацыялагічнага апытання, якое паказала высокі працэнт даверу Прэзідэнту краіны і Усебеларускаму народнаму сходу. Таму, кажа яна, такія сустрэчы будуць працягвацца. 

— Уласна кажучы, у нашай краіне гэта не піяр-кампанія ці проста кампанія па рабоце з насельніцтвам, — пераканана Старшыня Савета Рэспублікі і акцэнтуе ўвагу на тым, што ў краіне работа з людзьмі выбудавана такім чынам, каб яны мелі магчымасць данесці свае пытанні да дзяржслужачага любога ўзроўню і валодалі сапраўднымі фактамі. — Каб яны з першых вуснаў чулі актуальную і сапраўдную інфармацыю. Таму што, на жаль, фэйкі, хлусня і недакладная інфармацыя запаланілі інтэрнэт.

Менавіта таму важнасць такіх сустрэч складана пераацаніць, лічыць спікер.

Што датычыцца актыўнасці беларусаў у абмеркаванні праекта абноўленай Канстытуцыі, Наталля Качанава адзначыла вялікую зацікаўленасць суайчыннікаў і іх не раўнадушша да будучага сваёй краіны.

— Ведаеце, у апошнія гады нашы людзі сталі больш палітызаваныя, — кажа яна і разважае над прычынамі такой змены. — Можа, зыходзячы з таго, што адбываецца, наогул, у свеце, занепакоенасці навакольнай сітуацыяй.

Спікер упэўнена, што як любога чалавека не можа не хваляваць тое, што адбываецца вакол краіны і ўнутры яе.

— Калі мы пачыналі працаваць над законапраектам, я не бачыла такой актыўнасці, як цяпер, калі ўжо быў прадстаўлены праект Асноўнага Закона: людзі вельмі актыўна далучыліся да яго абмеркавання, — звяртае ўвагу Наталля Качанава і падкрэслівае. — Але самае галоўнае — ні ў каго не было думкі, каб змяніць асноўныя стратэгічныя кірункі дзяржавы: яе сацыяльную скіраванасць, моцную прэзідэнцкую ўладу.

Яна акцэнтуе: аб гэтым кажуць людзі на сустрэчах і не лічаць неабходным разбураць тое, чаго краіна дасягнула за гады сваёй незалежнасці. 

— Таму асноўныя тэндэнцыі і прыярытэты, якія былі ў нашай дзяржавы і ўлады, вызначаны, яны абсалютна падтрымліваюцца людзьмі, і мы ўдзячны за тое, што сёння ўсе ўключыліся ў гэты працэс, таму што гэта — будучае нашай краіны, будучае нашых дзяцей, — адзначыла спікер. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».