Вы тут

Вайна прайшла праз сэрца


Франтавік, журналіст, руплівец захавання памяці, ён аднавіў сотні імёнаў герояў, стварыў у Брэсце навукова-асветніцкі цэнтр «Халакост»


Ар­кадзь Бля­хер на су­стрэ­чы са школь­ні­ка­мі.

Аркадзь Бляхер працаваў ледзь не да апошняга свайго дня. Пісаў, запісваў, сістэматызаваў, складаў каталог уласных матэрыялаў. А лёс адвёў былому франтавіку 97 гадоў. Удзельнік Сталінградскай бітвы, ён лічыў сваім абавязкам вяртаць з небыцця імёны невядомых пакуль герояў — абаронцаў, вызваліцеляў — і ўвекавечваць іх. Пачынаючы з 1950-х гадоў на матацыкле аб'ездзіў ці не ўвесь Брэсцкі раён, дзе запісваў сведчанні жыхароў; звязваўся з архівамі. На пэўным адрэзку жыцця засяродзіў намаганні на тэме Халакосту. З задавальненнем сустракаўся з моладдзю, выступаў у школьных, студэнцкіх калектывах.

Аркадзь Майсеевіч быў чалавекам жвавым, лёгкім на пад'ём, вызначаўся пачуццём гумару. Напрыклад, падтрымліваў жарты наконт уласнага прозвішча. Расказваў, што яго дзед і прадзед былі патомнымі бляхарамі (па-руску «жестянщики»), адсюль і прозвішча. А вось на прапановы ад уласнага кіраўніцтва прозвішча змяніць адказваў цвёрда: «Я сваё прозвішча напісаў на рэйхстагу і ніколі не памяняю яго». Франтавікі яго разумелі.

Аркадзь Бляхер нарадзіўся ў студзені 1923 года ў Мінску. У 1941-м скончыў 10 клас, атэстаты ім уручалі 21 чэрвеня, а назаўтра была вайна. У тым жа годзе ўчарашні школьнік стаў курсантам Сталінградскага артылерыйскага вучылішча, якое скончыў за няпоўны год з адзнакай і адразу быў накіраваны на фронт. Сваё баявое хрышчэнне юны афіцэр атрымаў пад Сталінградам. Там жа быў паранены, лячыўся ў шпіталі горада Энгельса. У пачатку 1943-га зноў атрымаў цяжкае раненне. Ваяваў на Данскім, Паўднёвым, 3-м і 4-м Украінскіх, 1-м Беларускім франтах, удзельнічаў у вызваленні Варшавы, дайшоў да Берліна. Артылерыст-разведчык вайну скончыў начальнікам штаба дывізіёна ў званні капітана. Быў узнагароджаны трыма ордэнамі, медалямі.

Пасля вайны паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, а потым усё ж скончыў факультэт журналістыкі завочна. Бо яшчэ з ваенных гадоў супрацоўнічаў з франтавымі газетамі, пісаў і збіраў матэрыялы. Пасля атрымання дыплома прыйшоў на работу ў брэсцкую абласную газету «Заря», пазней перайшоў адказным сакратаром у раённую газету «Заря над Бугом». Вось там ён і ўзяўся за пошукавую работу. На рэдакцыйным матацыкле аб'ездзіў усе вялікія і малыя населеныя пункты раёна, пісаў найбольш аб героях-франтавіках. Збіраў матэрыялы пра загінулых, перапісваўся з іх роднымі, накіроўваў запыты ў архівы.

За гады работы Аркадзь Бляхер сабраў матэрыялы пра дзесяць Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі, астанкі якіх пахаваныя ў Брэсце. А мемарыяльная дошка на помніку ў гарадскім парку ўвекавечыла памяць аб героях. Ён знайшоў звесткі пра дзясяткі салдат і афіцэраў пагранічных застаў, якія загінулі ў першыя дні вайны і доўгі час лічылася, што прапалі без вестак.

Вялікую работу правёў Аркадзь Майсеевіч па пошуку сведчанняў гібелі ахвяр Халакосту, скрупулёзна ішоў па слядах подзвігу воінаў і партызанаў на тэрыторыі Беларусі, перш за ўсё на Брэстчыне. Дзякуючы яму ў шэрагу гарадоў з'явіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, дапоўніліся надпісы на помніках, вуліцам і прадпрыемствам надалі імёны герояў. Увекавечвалася памяць ахвяр з ліку мірнага насельніцтва. Менавіта яго клопатамі было даведзена да канца абсталяванне помніка 54-м тысячам чалавек, якіх расстралялі на Броннай Гары ў Бярозаўскім раёне. Быў створаны помнік-мемарыял ахвярам Брэсцкага гета.

У 1995 годзе Аркадзь Бляхер стварыў Брэсцкі навукова-асветніцкі цэнтр «Халакост» і доўгі час яго ўзначальваў. Прайшоў цэлы шэраг навуковых канферэнцый, круглых сталоў, быў апублікаваны зборнік дакументаў па трагедыі яўрэяў Беларусі падчас акупацыі. Аркадзь Бляхер усяляк спрыяў стварэнню дакументальнага фільма «Брэсцкае гета», пазней гэты фільм атрымаў Гран-пры на адным з еўрапейскіх фестываляў. Цэнтр «Халакост» з пачатку ўтварэння праводзіў вялікую асветніцкую работу. Пасля бацькі эстафету падхапіла дачка Бляхера Рэгіна Сіманенка.

Ён гаварыў, што вайна не адпускае яго, узнікае ў снах, раптоўных згадках эпізодаў, таварышаў, падзей. Вучні ўважліва слухалі. Некаторыя з іх, можа, упершыню дакрануліся да тэмы вайны не з дапамогай экранных баевікоў і камп'ютарных гульняў, а дзякуючы жывому ўдзельніку, які там быў, памятае, нясе ў сваім сэрцы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Культура

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

«Кожны чалавек — гэта космас!»

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.