Вы тут

Агляды часопісаў: Надрукавана ў «Полымі»


Выйшаў у свет студзеньскі, першы ў 2022-м годзе, нумар грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя». 


У раздзеле «Паэзія і проза» — творы шасці добра вядомых сучаснаму чытачу пісьменнікаў. З ладнай падборкай вершаў «Каб квітнелі прасторы жыцця» («Жанчына ў метро», «Бацькоўская хата» і іншыя творы) выступае Міхась Пазнякоў. Друкуюцца раздзелы з рамана акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі вядомага літаратуразнаўца і празаіка Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне» — як працяг надрукаванага ў леташніх 5-7 нумарах «Полымя». Следам ідзе падборка вершаў «Вячэрняе святло» Навума Гальпяровіча: «Вячэрняе святло. / Наперадзе зіма./ І ўсё даўжэй на свет ужо кладуцца цені.../ А недзе ў вышыні выводзіць спеў сурма,/ Прабіўшыся да нас праз зорныя спляценні». Два апавяданні прапануе чытачу маскоўскі беларус Алесь Кажадуб: «Цягнік з Леселідзе» і «Шаман». Падборка вершаў Іны ФРАЛОВАЙ носіць назву «Пачатак неба». З маленькай аповесцю «Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або пандэмія ў Слупцах» выступае Яўген Хвалей.

Несумненна, падзеяй у навуковым гуманітарным, літаратуразнаўчым працэсе можна назваць публікацыю кандыдата філалагічных навук Міколы ТРУСА «Алгарытм забыцця і вяртання: Альфонс Петрашкевіч у гісторыі беларускай літаратуры і літаратуразнаўства XX — XXI стагоддзяў» у раздзеле «Навуковыя публікацыі». У ім жа — і артыкул доктара філалагічных навук Таццяны АРЛОВАЙ «Тэксты аб мастацтве ў кантэксце сучаснай культуры». 

На вялікі жаль, ужо пад рубрыкай «Спадчына» друкуюцца паэтычныя творы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы МЯТЛІЦКАГА. Напрыканцы мінулага года паэт пайшоў з жыцця. Падборка яго вершаў складаецца з васьмі твораў. «Пішу горкую споведзь спазнаных трывог./ Я, магчыма, наступнік, цябе засцярог

Усім болем душы ад разбою і зла...» — з развітальных словаў М. Мятліцкага, які доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Полымя». 

Відавочна, многіх чытачоў — не толькі саміх пісьменнікаў — зацікавіць публікацыя Вячаслава АДАМЧЫКА «Дзённікі. 1987 год. Зіма». Адкрытасць, шчырасць, з якой пісьменнік разважае сам-насам, ужо спрыяюць таму, што дзённікі гучаць як мастацкі дакумент часу. А яшчэ ў студзеньскім нумары — гутарка з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі культуролагам Алесем СУШАМ «Бязмежная пратсора краязнаўства...» і рэцэнзіі на кніжныя навінкі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.