Вы тут

Дэпутаты: Мы знаходзімся на важным этапе рэфармавання дзяржавы


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звернецца да Нацыянальнага сходу і народа з Пасланнем. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказалі свае чаканні ад зместу штогадовага звароту.


Фота: pixabay.com

Сяргей Дзік, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў: «З-за ўмоў жорсткіх санкцый я чакаю, што будуць акрэслены рашэнні па развіцці эканамічных сувязяў з рэгіёнамі Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Цэнтральнай Азіі, Блізкім Усходам. Так мы зможам кампенсаваць страты ў выніку санкцый. Я ўпэўнены, што Прэзідэнт удзеліць увагу сацыяльным пытанняў. Узровень сацыяльнай абароны павінен быць годна забяспечаны, не горш, чым у мінулым годзе. У Год гістарычнай памяці Прэзідэнт абавязкова засяродзіць увагу на няпростым гістарычным шляху, што прайшоў наш народ перад набыццём незалежнасці і суверэнітэту».

Аляксандр Маркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў: «У нас людзі хочуць, каб мы развіваліся ўстойліва, эвалюцыйна, стваральна, засноўваючыся на вопыце мінулых пакаленняў, дасягненнях за дзесяцігоддзі свайго суверэнітэту. То-бок, пытанні стварэння выходзяць на першае месца. Безумоўна, у Пасланні гэта будзе закранута. І мы, дэпутаты, чакаем канкрэтных даручэнняў ад кіраўніка краіны па рэалізацыі навацый і змяненняў дапаўненняў, што закладзены ў Канстытуцыі. Я маю на ўвазе: якія законы неабходна прыняць, якія неабходна ўдасканаліць і якія кірункі будучага развіцця неабходна рэалізаваць».

Святлана Любецкая, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве: «Пасланне — гэта акт праграмнага характару, асноватворны, які мае стратэгічнае значэнне для вызначэння шляхоў далейшага развіцця як у палітычнай, так у сацыяльным і эканамічным жыцці. Унікальнасць Паслання гэтага года абумоўлена тым, што мы знаходзімся на важным этапе рэфармавання дзяржавы, размова ідзе аб этапе канстытуцыйнага будаўніцтва. Відавочна, што ў пасланні будуць адказы на пытанні, што ўзніклі ў ходзе маштабнага грамадскага абмеркавання вынесенага на рэферэндум праекта Асноўнага Закона».

Віктар Свіло, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце: «Нам вельмі важна пачуць ацэнку кіраўніка краіны аб стане спраў у дзяржаве, унутранай і знешняй палітыцы. Гэта Пасланне павінна кансалідаваць беларускі народ на паспяховае правядзенне рэферэндуму. У гэтым ёсць аснова паспяховага дасягнення мэтаў, што мы прапаноўваем прапісаць у прэамбуле новай Канстытуцыі. Гэта, перадусім, мір і грамадзянская згода, дабрабыт нашых грамадзян, незалежнасць і квітненне Рэспублікі Беларусь».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.