Вы тут

Водгулле баёў і перамог


У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны шмат значных дат. І адна з іх — 2 лютага 1943 года, калі адбыўся разгром фашысцкага войска ў Сталінградскай бітве. Каб ушанаваць падзеі, сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» прапаноўвае для прагляду фільмы з расійскага дакументальнага цыкла «Вялікія бітвы». А вось у эфіры тэлеканала «НТБ-Беларусь» аўдыторыя зможа паглядзець фільм рэжысёра Дзмітрыя Зайцава «Паміж жыццём і смерцю», які быў зняты на «Беларусьфільме» 20 гадоў таму.


Пачнём з карціны айчыннай вытворчасці. Кінастужка «Паміж жыццём і смерцю», якая ўбачыла свет у 2002 годзе, не надта зацікавіла гледача, але сюжэт яе варты ўвагі. Як адзначаў сам рэжысёр, сцэнарый быў напісаны яшчэ ў 1999 годзе, і ў аснову яго легла рэальная гісторыя. Дзеянне адбываецца ў 50-я гады мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі. Пасля вайны галоўны герой фільма прафесійны разведчык Ян вяртаецца дадому і трапляе ў засаду «лясных братоў», дзе завадатар — яго знаёмы з мінулага. Сітуацыя складваецца практычна безвыходная. Яна падстаўляе пад удар аднакурснік, які разам з ім у 1943 годзе працаваў па спецзаданні ў разведшколе абвера. Ён фабрыкуе доказы, па якіх колішні таварыш атрымлівае «вышку». У выніку развіцця падзей Яна робяць «лялькай» для адпрацоўкі курсантамі НКУС баявых навыкаў. У рэшце рэшт нашаму герою ўдаецца ўцячы, бо падчас вайны ў будынку гэтай спецшколы знаходзілася школа нямецкай разведкі, куды герой быў закінуты. Гэта і дапамагае яму выстаяць у няроўных супрацьстаяннях і выратавацца, каб убачыць жонку і дачку, а таксама каб аднавіць справядлівасць...

Варта звярнуць увагу на акцёрскі састаў фільма, дзе адзначаны імёны Яўгена Сідзіхіна, Анатоля Кацянёва, Генадзя Аўсяннікава, Анатоля Гур'ева, Аляксандра Кашперава, Ганны Маланкінай і іншых. Наколькі ўдалося майстрам экрана ўвасобіць сваіх персанажаў — пра гэта кожны, хто паглядзіць, падумае сам, але варта адзначыць цікавыя факты. Напрыклад, Яўген Сідзіхін (Ян) для таго каб зняцца ў фільме, адмовіўся ад прапановы здымацца ў Эльдара Разанава, а пасля работа акцёра была адзначана прызам на кінафестывалі «Залаты Віцязь» у катэгорыі «Найлепшая мужчынская роля». Для Анатоля Кацянёва згаданая кінаработа стала магчымасцю паказаць сябе ў вобразе адмоўнага героя. Герой жа Генаддзя Аўсянікава — гэта вельмі распаўсюджаны тып свайго часу, калі чалавеку даводзілася быць сваім і сярод сваіх, і сярод чужых. Як той казаў, у кожнага ёсць права на сваю праўду, таму глядзіце і ацэньвайце.

Прыхільнікам дакументальных фільмаў на «Беларусь 3» з 1 да 4 лютага прапануюць чатыры серыі дакументальнага серыяла «Вялікія бітвы». У прыватнасці, «Сталінградская бітва. Ні кроку назад!» раскажа пра карэнны пералом Вялікай Айчыннай вайны... Мала хто ведае, што ўжо ў канцы ліпеня 1942 года войскі верхмата практычна поўнасцю захапілі ўвесь поўдзень савецкай краіны, і шостая нямецкая армія працягвала рухацца да Сталінграда. Савецкія войскі апанавала паніка, і на некаторых участках фронту яны пачалі адступаць ужо пры набліжэнні разведвальных груп праціўніка... Пра тое, як вялося контрнаступленне Чырвонай арміі, даведаемся з часткі «Сталінградская бітва. Удар «Урана»... Пасля разгрому адборных войскаў верхмата пад Сталінградам рэйхсканцлер Германіі жадаў рэваншу. І Курская дуга здавалася яму самым спрыяльным месцам для разгрому Чырвонай Арміі. Падрабязнасці даведаемся ў фільме «Курская дуга. Курскі выступ. «Цытадэль».

Пра падзеі, калі ў сярэдзіне ліпеня 1943 года распачалася другая фаза буйной бітвы пад Курскам, распавядае серыя «Вогненная дуга». ...Перайшлі ў наступленне Бранскі, Цэнтральны і Заходнія франты, а 3-га жніўня, пасля таго як войскі Варонежскага і Стэпавага франтоў адкінулі праціўніка на зыходныя пазіцыі на паўднёвым крыле Курскага выступа, пачалася аперацыя пад кодавай назвай «Румянцаў»... Больш пра гэта — у эфіры сацыякультурнага тэлеканала ў наступную пятніцу.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».