Вы тут

Галоўная роля


Якраз сёння, калі думала над тэмай калонкі, пазваніла чытачка з Лагойска. Пані з прыемным голасам прадставілася Валянцінай і, як працяг тэмы пра «каўбасу і сумленне», на якую я разважала ў мінулую пятніцу, расказала пра падобную сітуацыю, з якой нядаўна сутыкнулася яна. Наша чытачка — пенсіянерка, мяркуючы па ўсім, маладая. Пенсія ў яе невялікая, таму «ну, вы разумееце, лічу кожную капейку, і ў чэкі з магазіна пачала заглядаць». Дык вось, нядаўна, прыйшоўшы з крамы, дзе купляла звычайныя прадукты — малако, хлеб, смятану, яна, разам з мужам вывучаючы чэк, убачыла, што купіла яшчэ... чакушку гарэлкі. «І дзіўна было, і прыкра, і галоўнае — перад мужам няёмка», — ці то жартам, ці то ўсур'ёз распавядала ў слухаўку Валянціна.


Яна аказалася чалавекам прынцыповым, узяла той чэк і пайшла ў краму разбірацца. Там, трэба аддаць належнае, паставіліся ўважліва, «паднялі» касу, выклікалі сістэмнага адміністратара, які прагледзеў запіс з камеры відэаназірання. Там і ўбачылі, што насамрэч адбылося: тая няшчасная чакушка была, але ў пакупніцы, якая стаяла ў чарзе перад Валянцінай. Дама тая была шумная і нервовая, і касір проста прабіла тавар не ёй, а наступнаму ў чарзе. «Вось такая выпадковасць недарэчная атрымалася. Ужо ж яны так выбачаліся, і грошы вярнулі, і чай-каву прапанавалі», — расказвала чытачка. Падалося мне, што радавалася яна не за тое, што сітуацыя на яе карысць вырашылася, а за тое, што тая ж самая касірка аказалася не злодзеем — проста няўважлівай (а гэтага з кім не бывае).

Мы пасля яшчэ хораша пагаварылі «на зададзеную тэму». Пра тое, што падобная аптымістычная развязка магла адбыцца ў невялікім гарадку, дзе амаль усе ведаюць адно аднаго калі не асабіста, дык у твар. Бо наўрад ці жыхар сталіцы пайшоў бы з-за трох рублёў разбірацца ў супермаркет на выездзе з горада, у якім ён «затарваўся» прадуктамі на тыдзень. Бо гэта ж трэба знайсці час, вярнуцца, звярнуцца да адміністратара, а той пачне ў іхняй шматлюднасці і тлуме «шукаць вытокі»... Адной гадзінай тут можаш і не абысціся, а ў каго яна, тая гадзіна, у мегаполіснай мітусні лішняя ёсць? Гэта, як вы разумееце, былі мае аргументы з разраду «выпрабавана на сабе». На што мая суразмоўніца ветліва, але настойліва пярэчыла, што разбірацца ўсё роўна трэба. Не толькі дзеля таго, каб не адчуваць сябе абдураным, а каб пераканацца, ці сапраўды чалавек, які вас аблічыў, насамрэч злодзей і махляр, ці ён проста памыліўся (як у яе выпадку з не купленай, але аплочанай чакушкай)... «Сумленных людзей нашмат больш», — пераканана казала Валянціна.

Я з ёй, канешне, пагадзілася, бо сама ў гэта шчыра веру. А яшчэ вось пра што падумала. З гэтым сваім «разбірацца трэба» наша чытачка мае абсалютную рацыю. І справа тут не толькі ў прынцыповасці. Справа ў шанцы, які мы іншаму чалавеку (ці людзям) дадзім, калі не палянуемся пайсці «разбірацца». Шанцы апраўдацца, калі памыліўся ці ўвогуле невінаваты. Урэшце, шанцы не стаць тым жа злодзеем ці махляром. Калі б на пачатку рэалізацыі апісанай ў мінулай калонцы «ювелірнай схемы» з каўбасой хтосьці з падманутых пакупнікоў не махнуў рукой на «дробязь», а прыйшоў у краму з чэкам ды спытаўся, адкуль у яго той зусім невялікі кавалак, якога не купляў, узяўся, ды быў настойлівы... Адматалі б відэазапіс, пераканаліся б, што сапраўды ён нічога падобнага не браў, выбачыліся б, вярнулі грошы. А прычыненыя да гэтага ўбачылі б, што не выйшла адзін раз, значыць, можа не выйсці і надалей, і кінулі б гэту дурную справу, засталіся б сумленнымі людзьмі... І наадварот: дзе гарантыя, што касірка, якая незнарок аблічыла Валянціну, зразумеўшы сваю памылку, але не атрымаўшы ніякай рэакцыі (калі б наша чытачка не пайшла з чэкам у краму), не паспрабавала б падобным чынам аблічыць яшчэ некага, але ўжо з карысцю для ўласнай кішэні? Чалавек — істота слабая, спакусам не заўсёды супраціўляцца можа...

Занадта па-філасофску пра насамрэч абсалютна простую жыццёвую сітуацыю напісалася? А вы вось самі (толькі шчыра) прааналізуйце: ці бывалі выпадкі, калі лянота, абыякавасць, нежаданне, асцярога не давалі вам «разбірацца»? З падлеткамі, якія мацюкаюцца і смецяць каля пад'езда (навошта з гэтымі хуліганамі звязвацца, лепш хутчэй прайсці міма, яшчэ і каўнер падняць для надзейнасці, праўда?). З мінаком, які злосна лупіць за нешта свайго сабаку папругай (жывёлу, канешне, шкада, але ж гэта яго ўласнасць, дый навошта на сваю галаву скандал нажываць?). З кіроўцам прыгараднага аўтобуса, які выдае вам білет да найбліжэйшага пункта, а грошы бярэ да патрэбнага вам, пакідаючы розніцу сабе («а што тут такога, які білет, я ж аплаціў як належыць»)... Пасля разумна і грунтоўна разважаем пра тое, якая ў нас нявыхаваная моладзь, роспачна плачам над сваім гадаванцам, які з'еў у двары атруту, абураемся і скардзімся ў розныя інстанцыі, калі нібыта з-за малога пасажырапатоку, які адсочваецца па прададзеных білетах, аўтобус перастае хадзіць да нашага лецішча. Вінавацім у гэтым грамадства, дзяржаву, асобна ўзятых людзей...

У спіс вінаватых і адказных не ўключаем (а калі і ўключаем— дык вельмі-вельмі рэдка) толькі саміх сябе. Хаця ў многіх выпадках гэта мы — лянівыя, абыякавыя, асцярожныя — і ёсць галоўныя дзеючыя асобы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».