Вы тут

Ад Інбелкульта да навукова-вытворчай карпарацыі


Акадэмія навук з’яўляецца найбуйнейшым у краіне стваральнікам інтэлектуальнай уласнасці і лідарам па інавацыях. Такую думку выказаў падчас прэс-канферэнцыі з нагоды святкавання 100-годдзя беларускай навукі старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ.


Беларуская вакцына ад COVІD-19

— За стагоддзе свайго існавання акадэмічная навука перажывала розныя часы. Гістарычны адлік вядзецца ад стварэння сто гадоў таму ў Мінску Інстытута беларускай культуры. Самыя драматычныя перыяды — гэта гады Вялікай Айчыннай вайны, вымушаная дзейнасць беларускіх вучоных у эвакуацыі ў розных гарадах Расіі і Казахстана, і пачатак 90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пасля распаду СССР зніклі заказы па абароннай тэматыцы, спынілася фінансаванне распрацовак з саюзнага бюджэту, і вучоныя засталіся без сродкаў да існавання, — канстатаваў Уладзімір Гусакоў. — Да стагадовага юбілею ў Нацыянальнай акадэміі навук падрыхтавалі ўнікальнае выданне — сямітомнік «25 гадоў стварэнняў і здзяйсненняў».

Сёння НАН Беларусі — гэта буйная навукова-вытворчая карпарацыя, якая аб’ядноўвае больш як 110 арганізацый, з іх прыкладна 70 — навуковых. У акадэміі створана каля 150 вытворчасцяў, арыентаваных на выпуск інавацыйнай прадукцыі 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў. Візіткай акадэміі з’яўляюцца найноўшыя распрацоўкі па шырокім спектры актуальных навукова-тэхнічных трэндаў: гэта атамная і аднаўляльная энергетыка, аэракасмічная галіна, штучны інтэлект, лічбавізацыя і рабатызацыя, беспілотны і электратранспарт, новыя кампазіцыйныя матэрыялы і многае іншае. У краіне сфарміравана канкурэнтаздольная біятэхналагічная галіна.

Літаральна з першых дзён фіксацыі пандэміі каранавіруса Акадэмія навук актыўна ўключылася ў вырашэнне гэтай праблемы. «Мы стварылі Міжведамасны савет — каардынацыйны цэнтр па выпрацоўцы аператыўных рашэнняў, накіраваных на вывучэнне каранавіруса і прыняцце аператыўных мер барацьбы з ім, укамплектавалі некалькі лабараторый сваім абсталяваннем і сёння можам ужо смела заяўляць, што ў нас у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя створаны прататып вакцыны, які праходзіць зараз даклінічныя выпрабаванні. Затым будуць клінічныя выпрабаванні, і да канца года, як мы плануем, ужо перададзім сваю вакцыну для выкарыстання», — паведаміў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Прэзідыума НАН таксама расказаў, што паралельна ў акадэміі вядуцца работы і над іншымі вакцынамі, ствараецца першы ў краіне Цэнтр вірусалогіі. «У нас створана сваё фармацэўтычнае прадпрыемства „Акадэмфарм“. Мы вырабляем найноўшыя прэпараты на базе свайго сінтэзу і змаглі асвоіць выпуск лекаў, якія пастаўляліся па імпарце, у тым ліку і для лячэння каранавіруснай інфекцыі, гэта значыць, супрацьвірусныя прэпараты, якія каштавалі вельмі дорага і былі недаступныя для нашых спажыўцоў. Зараз яны на парадак таннейшыя і даступныя ўсім», — дадаў акадэмік.

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што арганізацыі НАН выконваюць работы не толькі для патрэб унутранага рынку, але і на экспарт: «Па папярэдніх даных, у 2021 годзе экспарт арганізацый НАН склаў 50 млн долараў. І, нягледзячы на складаныя ўмовы пандэміі і санкцыі, мы не знізілі гэты паказчык, па-ранейшаму актыўна працуем са сваімі замежнымі партнёрамі і калегамі».

«Маладая акадэмія»

Як зазначыў Галоўны вучоны сакратар НАН, старшыня Савета маладых навукоўцаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэй ІВАНЕЦ, у Беларусі выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі, арыентаванай на навуковыя даследаванні.

Адной з найважнейшых мер стымулявання на дзяржаўным узроўні з’яўляюцца стыпендыі Прэзідэнта для таленавітай моладзі. Па выніках мінулага года кожны трэці з адзначаных такім чынам быў прадстаўніком Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З аспірантаў кожны чацвёрты навучаецца ці працуе ў акадэміі. У НАН рэалізоўваецца буйны сістэмны праект «Маладая акадэмія», распрацоўваецца канцэпцыя маладзёжнай палітыкі ў рамках акадэміі, якая таксама будзе ўключаць шэраг мер стымулявання і падтрымкі не толькі маладых вучоных, але і навучэнцаў, студэнтаў. Актыўна праводзіцца конкурс навуковых работ «100 маладых талентаў».

Не менш важна, што маладыя вучоныя атрымліваюць сур’ёзную падтрымку ў правядзенні даследаванняў — у выглядзе грантаў Фонду фундаментальных даследаванняў. Толькі ў 2021 годзе было прафінансавана 56 маладзёжных праектаў рэспубліканскага ўзроўню і больш як 50 праектаў, якія выконваюцца сумесна з маладымі расійскімі вучонымі. Было падтрымана і каля 20 сумесных праектаў акадэмічных і вузаўскіх маладых даследчыкаў. Такім чынам толькі за кошт беларускага Фонду падтрымкі фундаментальных даследаванняў прастымулявана каля 720 маладых беларускіх вучоных.

Уклад гуманітарыяў

Сёння ў краіне адбываецца рэнесанс беларускай мовы і гуманітарыстыкі. Так лічыць акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі акадэмік Аляксандр КАВАЛЕНЯ.

У якасці пацвярджэння таго, што дзяржава надае вялікае значэнне захаванню беларускай мовы, культуры, гісторыі, ён прывёў той факт, што ў краіне выдадзена 37 тамоў Гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Слоўнік максімальна поўна адлюстроўвае склад, стан і якасць беларускай лекcікі ХІV—ХVІІІ стагоддзяў. У ім змешчана больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у летапісах, статутах, хроніках, рыцарскіх раманах, мемуарных і публіцыстычных творах.

Нацыянальная акадэмія навук з’яўляецца вядучым цэнтрам вывучэння гуманітарных дысцыплін, тут ідзе фундаментальнае асэнсаванне культурна-моўных працэсаў, ажыццяўляецца вялікая выдавецкая дзейнасць. Толькі летась выйшлі 392 выданні, у тым ліку 113 манаграфій, 161 падручнік. Гэта трывалая аснова, на якой базіруецца вучэбна-выхаваўчы працэс у школах і ВНУ.

Акрамя таго, у Акадэміі навук выдадзены пяцітомнік Беларускай філасофскай думкі. Філосафы прапанавалі канцэптуаль-
ную мадэль развіцця беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Яны паказалі асаблівасць і ўнікальнасць айчыннай інтэлектуальнай культуры ва ўзаемасувязі з заходняй і ўсходняй традыцыямі. Вучонымі-гісторыкамі падрыхтавана і апублікавана ўнікальная пяцітомная фундаментальная праца «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Практычна ўся навуковая база ў галіне гуманітарных навук у краіне — гэта распрацоўкі навуковых арганізацый і вучоных НАН Беларусі.

— Ёсць поўная падтрымка Прэзідэнта па ўсіх пытаннях, якія хвалююць вучоных у гуманітарнай сферы, — падкрэслівае Аляксандр Каваленя. — Характэрным стаў 2021 год, які прайшоў пад дэвізам народнага адзінства. У адпаведным конкурсе, аб’яўленым НАН, удзельнічала больш за 1500 беларусаў рознага ўзросту і статусу — ад школьнікаў да пенсіянераў, мы назіралі незвычайную актыўнасць. Аналагічны конкурс, прысвечаны гістарычнай памяці беларускага народа, адбудзецца сёлета. Пры акадэмічных інстытутах пры ўдзеле масцітых вучоных акадэміі дзейнічаюць школы юных гісторыкаў, археолагаў, 
мовазнаўцаў, літаратараў, філосафаў...

Пры падтрымцы НАН Беларусі выдадзена каля 100 тамоў твораў класікаў беларускай літаратуры. Уладзімір Гусакоў дадаў, што беларуская мова сёння вельмі добра сістэматызаваная і структураваная, і яе лёгка выкарыстоўваць у любой сферы навукі і дзейнасці, у тым ліку ў ІТ. Беларуская мова не адстае ад бурнага развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу.

У Год гістарычнай памяці ў Акадэміі навук запланавана да выдання цэлая серыя манаграфій, тэматычных зборнікаў навуковых артыкулаў, навукова-папулярных кніг і зборнікаў дакументаў па рэгіянальнай гісторыі, па Першай сусветнай вайне, Рыжскім мірным дагаворы, Вялікай Айчыннай вайне, аб укладзе ў развіццё Беларусі найбольш вядомых гістарычных персон.

Чалавечы капітал

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ) Сяргей ШЛЫЧКОЎ упэўнены, што перспектывы Беларусі напрамую залежаць ад рэалізацыі яе інтэлектуальнага патэнцыялу і ад эфектыўнай інавацыйнай дзейнасці. Ён адзначыў, што ў 2021 годзе ўмацаваліся пазіцыі Рэспублікі Беларусь у Глабальным індэксе інавацый. Наша краіна заняла 62-е месца са 132 дзяржаў, пры гэтым па шэрагу паказчыкаў, якія непасрэдна звязаны з інтэлектуальным патэнцыялам, пазіцыі краіны яшчэ вышэйшыя: па субіндэксе «чалавечы капітал і даследаванні» — 38-е месца ў свеце; па субіндэксе «веды і тэхналагічны выхад» — 37-е месца ў свеце; па паказчыку «падрыхтоўка спецыялістаў у галіне навукі і тэхнікі» Беларусь займае 11-е месца ў свеце.

Па словах Сяргея Шлычкова, у 2022 годзе плануецца паскорыць працэдуру ўзгаднення навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы: «Цяпер такія праграмы праходзяць двайны цыкл узгадненняў: спачатку на ўзроўні праекта канцэпцыі праграмы, затым — на ўзроўні распрацоўкі праекта праграмы. Таму Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства навукі і адукацыі Расійскай Федэрацыі сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы прапрацоўваюць механізмы скарачэння тэрмінаў узгаднення праектаў саюзных праграм. І адным з варыянтаў спрашчэння гэтай працэдуры можа стаць надзяленне Камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы паўнамоцтвамі па адабрэнні праектаў канцэпцый праграм і прыняцці рашэнняў аб распрацоўцы новых праграм», — растлумачыў старшыня ДКНТ.

Трэба адзначыць, што ў 2021 годзе беларускія і расійскія вучоныя выконвалі чатыры праграмы Саюзнай дзяржавы: «ДНК-ідэнтыфікацыя», «Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы», «Камбікорм-СД» і «Інтэграцыя-СД». Цяпер у распрацоўцы знаходзяцца новыя праграмы, у тым ліку ў галіне вытворчасці мабільных оптавалаконных лакатараў, сістэм сэнсараў для папярэджання прыродных і тэхнагенных катастроф, сістэм праектавання і вытворчасці мікрасхем, тэхналогій высокапрадукцыйнай сельскай гаспадаркі.

Усяго ў рамках Саюзнай дзяржавы пачынаючы з 2000 года рэалізавана каля 60 праграм па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі ў такіх напрамках, як касмічныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, медыцына і іншых.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.