Вы тут

Сэлфі з драпежнікам... на ўдачу


Па кітайскім календары год Тыгра пачнецца 1 лютага. На Усходзе вераць, што, калі паласатага звера правільна папрасіць, ён абавязкова прынясе ўдачу. Таму карэспандэнт «Звязды», якая сама нарадзілася ў год Тыгра, накіравалася ў Мінскі заапарк. Пасля назірання за звычкамі драпежнікаў не ўтрымалася і сфатаграфавалася з жывым сімвалам года. А таксама даведалася, як задобрылі сваіх паласатых гадаванцаў работнікі заапарка.


Ка­рэс­пан­дэнт «Звяз­ды» зра­бі­ла сэл­фі з жы­вым сім­ва­лам го­да — тыг­ры­цай Яра­сла­вай. Ка­жуць, гэ­та пры­но­сіць уда­чу.

Бенгальская іскра пакуль не прабегла

Многія вераць: калі пагладзіць і патрымаць на руках жывы сімвал года, то ўсе 365 дзён будуць шчаслівыя. Гладзіць тыгра ў заапарку забаронена па зразумелых прычынах. Але сфатаграфавацца з ім ніхто не забараняе. На свае вочы пабачыла, што гаспадары года — вялікія кошкі — у цэнтры ўвагі наведвальнікаў. Сэлфі, фота — абавязковы рытуал. На ўдачу ў новым годзе.

У Мінскім заапарку жывуць тры паласацікі. Амурская тыгрыца Яраслава і два белыя бенгальскія тыгры — Сайман і яго сяброўка Тамуці.

Бачыла, як група школьнікаў стаяла каля клеткі з тыгрыцай і клікала Яраславу «кіс-кіс».

— На «кіс-кіс» гэтая кошка не адгукаецца, — усміхаецца вядучы заатэхнік заапарка Аляўціна ЦІМАШКОВА-КРАСОЎСКАЯ. — Выходзіць толькі, калі сама захоча зносін з людзьмі. У заапарк Яраслава прыехала з Пензы ў студзені 2019 года. Тады ёй было ўсяго сем месяцаў. Як толькі прывезлі, насцярожана ставілася да ўсіх. Практычна безвылазна сядзела ў дамку, хавалася. Зараз амаль заўсёды ідзе на кантакт. Яна любіць увагу, нават часам рэагуе на зварот, рыкае ў адказ.

У прыродзе амурскія тыгры — найбуйнейшыя сярод усіх прадстаўнікоў сямейства каціных
у свеце. Але паколькі самцы пераўзыходзяць па памерах самак, то ў сталічным заапарку самы вялікі кот — Сайман, з цёмнымі палоскамі на белым футры і блакітнымі вачыма. У дзікай прыродзе такому прыгажуну выжыць практычна нерэальна, бо ён вельмі прыкметны. Белы тыгр з'явіўся ў выніку генетычнай мутацыі. Гэта вельмі рэдкі від: частата з'яўлення — 1 асобіна на 10 тысяч з нармальнай афарбоўкай. Індыйцы верылі: таму, хто пабачыў белага паласаціка, будзе падаравана прасвятленне і поўнае шчасце.

— Сайману дзевяць гадоў. Ён спакойны і дабрадушны, любіць фатаграфавацца, дэфіліраваць уздоўж вальера як па подыуме, а таксама адпачываць у нішы штучнай скалы, радуючы наведвальнікаў сваім велічным выглядам, — распавядае Аляўціна Цімашкова-Красоўская. — Прыехаў у заапарк з Масквы вясной 2014-га. Праз чатыры з паловай года яму прывезлі сяброўку з Германіі.

Супрацоўнікі заапарка адказна паставіліся да падбору пары для свайго паласатага любімца. Дакладна праверылі радаслоўную прыгажуні, таму Сайману дасталася вельмі «радавітая» сяброўка. Тыгрыца Тамуці нарадзілася ў 2011 годзе, яе продкі — белыя бенгальскія тыгры з заапаркаў Германіі і Францыі. Нявеста для Саймана абышлася ў 10 тысяч еўра плюс дастаўка. А наогул кошт тыгра можа дасягаць і 30 тысяч еўра.

— Тамуці — поўная супрацьлегласць Саймана, — дзеліцца сваімі назіраннямі Святлана РЭУТ, рабочая па доглядзе жывёлаў заапарка. — Беласнежная арыстакратка не любіць увагі, больш за тое, усяляк яе пазбягае. Хаваецца ад чужых вачэй за каменем у вальеры. Сайман пару разоў спрабаваў прызнацца ёй у сваіх пачуццях. Але безвынікова. Пакуль, на жаль, бенгальская іскра не прабегла
паміж белымі тыграмі.

Работнікі заапарка мараць пра тое, каб у Саймана і Тамуці з'явілася патомства, таму не страчваюць надзею. Праўда, складанасць яшчэ і ў тым, што тыгрыцы здольныя зачаць усяго 4-5 дзён у годзе.

Ін­дый­цы ве­раць: ча­ла­ве­ка, які па­ба­чыў бе­ла­га па­ла­са­ці­ка,  ча­кае пра­свят­лен­не і поў­нае шчас­це. На здым­ку — пры­га­жун Сай­ман.

Крафтавая ёлка ў падарунак

Крэатыўна павіншавалі з годам Тыгра сваіх паласацікаў у Гродзенскім заапарку. Шархан і Тайга атрымалі ў падарунак крафтавую драўляную ёлку з мноствам «кашачых» забаўлялак. Шарыкі з шэрсці, заплечнікі, стары абутак, цацкі, пластыкавыя бутэлькі, мяса — на «дрэва» павесілі ўсё, што так любяць паласацікі. Тыгры — жывёлы надзвычай асцярожныя, таму знаёміліся з падарункамі паступова, адрываючы ад ёлачкі па адным сувеніры ў дзень.

Без паклону не падыдзеш

— Як тыгры ў заапарку пераносяць зіму? — пацікавілася я.

— Мы горш, — смяецца Алена СІВАЯ, рабочая па доглядзе жывёл заапарка. — У іх футры натуральныя. Акрамя таго, у тыграў, акрамя вулічных вальераў, ёсць асобныя трохпакаёвыя апартаменты. Там нават падлога цёплая зроблена, каб жывёлы маглі паляжаць і пагрэцца.

— Тыгры па натуры адзіночкі, яны і ў прыродзе жывуць паасобку, — дадае Аляўціна Цімашкова-Красоўская. — Аб'ядноўваюцца ў пары ў прыродзе толькі для ўтварэння патомства.

Дарэчы, у наведвальнікаў ёсць магчымасць паназіраць, як тыгры ядуць. Супрацоўнікі заапарка часта ладзяць паказальныя кармленні. Паласацікі абажаюць ялавічыну на костцы. У іх рацыёне — выключна мяса без тлушчу, бо ён шкодны драпежнікам. Раз на тыдзень тыграм ладзяць разгрузачны дзень для прафілактыкі атлусцення. У гэты дзень ім даюць малако і яйкі.

Каб тыгры больш рухаліся, заатэхнікі прыдумваюць для іх розныя цацкі. Напрыклад, хаваюць мяса ў каробку альбо падвешваюць ядомы сюрпрыз на канат. Так тыгры, гуляючы, як быццам палююць на ежу.

— Для Яраславы зрабілі драўляную пляцоўку, якая была падвешаная як арэлі. Тыгрыца любіла там ляжаць і грызці мяса, — распавядае Аляўціна Цімашкова-Красоўская. — У выніку яна яе згрызла. Робім для тыграў басейны, усталёўваем свежыя пянёчкі, аб якія паласацікі з задавальненнем точаць кіпцюры. Яшчэ тыгры вельмі любяць камячыць вялікія пластыкавыя ёмістасці з-пад вады, падабаецца ім гэтае шорганне.

І яшчэ цікавае відовішча. На свае вочы бачыла, як сарокі-нахлебніцы праз шырокую рашотку зверху залятаюць у вальер да тыгрыцы і... смела ласуюцца рэшткамі ялавічыны. Пакуль птушкі дзяўбуць мяса, Тамуці іх не чапае.

— Вы не думайце, тыгрыца надзвычай каварная, — кажа Алена Сівая. — Гэта яна толькі выгляд робіць, што не заўважае сарок.
А потым у адзін цудоўны дзень глядзіш — і кучка пер'яў у вальеры ляжыць.

Ёсць у заапарку і свая Марыяна (памятаеце папулярны фільм «Паласаты рэйс»?) — Наталля ВАСІЛЬЕВА, заатэхнік групы драпежных млекакормячых. Нягледзячы на сціпласць і стрыманасць, жанчына мае моцную волю. Таму нядзіўна, што тыгры яе слухаюцца. Наталля вучыць драпежнікаў, як правільна сябе паводзіць. Дзякуючы такім трэнінгам жывёла, напрыклад, разумее, калі трэба зайсці па камандзе ў кармавы адсек, каб яго можна было ізаляваць ад асноўнага вальера шыберам.

— Канкрэтнага часу заняткаў няма, каб жывёла не прывыкала, — кажа Наталля Васільева. — Складаней за ўсё мне было знайсці падыход да Тамуці. Тыгрыца прыехала з еўрапейскага заапарка, дарослая, палаваспелая, са сваімі звычкамі, устоямі. Дагэтуль яна ніколі не чула нашай мовы. У яе быў вельмі цяжкі перыяд адаптацыі, доўга прывыкала да ўсяго новага. Калі шчыра, мне з ільвамі прасцей дамовіцца. Яны жывёлы сацыяльныя, з людзьмі лягчэй ідуць на кантакт. А тыгр... Калі ў яго ёсць
настрой, прыйдзе і будзе працаваць, кантактаваць. Калі ж няма — без паклону не падыходзь. Недарэмна палоскі на лбе тыгра нагадваюць кітайскі іерогліф «кароль».

А вы ведалі, што...

...палосы ў тыграў ёсць не толькі на шэрсці, але і на скуры. Калі драпежніка цалкам пагаліць, новая шэрсць адрасце дакладна з тым жа ўзорам, што быў раней. Прычым паласаты малюнак у кожнага тыгра ўнікальны, як адбіткі пальца чалавека;

...усе без выключэння віды тыграў занесены ў Чырвоную кнігу, паляванне на іх забаронена ва ўсім свеце;

...тыгры ўмеюць імітаваць галасы некаторых іншых жывёл, у прыватнасці мядзведзяў і леапардаў. Гэтую здольнасць драпежнікі выкарыстоўваюць, каб завабіць ахвяру ў пастку. Роў тыгра можа на некалькі секунд паралізаваць здабычу;

...у некаторых раёнах Індыі людзі, ідучы ў лес, надзяваюць на патыліцу маску ў выглядзе твару чалавека. Лічыцца, што гэта дапамагае засцерагчыся ад нападзення тыгра, бо той робіць гэта толькі з засады і ззаду.

Дзе яшчэ можна сустрэцца з сімвалам года?

У станькаўскім Цэнтры экатурызму жывуць амурскія тыгры — Губерт і Хельга.

У кантактным заапарку ў аграсядзібе «Графская спадчына» (вёска Падгай) — амурскія тыгры Амурка і Цімур.

У гродзенскім заапарку — амурскія тыгры Шархан і Тайга.

Бенгальскіх тыграў можна пабачыць толькі ў сталічных заапарку і цырку. Праўда, дрэсіроўшчык Сяргей Несцераў са сваімі белымі паласацікамі (Піліпам, Заірам, Верай, Надзеяй і Любоўю) зараз знаходзіцца на гастролях у Маскве.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.