Вы тут

Прэзідэнт Беларусі амаль гадзіну адказваў на пытанні гасцей Паслання


Кіраўніку дзяржавы задалі больш за дзясятак надзённых пытанняў: пра ўнутраную палітыку, міжнародныя адносіны, грамадскія праблемы, а хтосьці звяртаўся з падзякамі і просьбамі. Так, дэпутат Алег Гайдукевіч перадаў падзяку ад сям'і за затрыманне злачынцаў, што спрабавалі спаліць яго дом. Урач-інтэрн Ганна Казлова папрасіла садзейнічаць наведванню Палаца Незалежнасці, а прадстаўнік прадпрымальніцкай супольнасці Андрэй Капыток — аб прэзідэнцкай нарадзе з кіраўнікамі бізнес-асацыяцый.


«Мы ніколі не будзем крыніцай вайны»

Галіна Бяляева, завуч школы № 34 горада Магілёва, запытала пра верагоднасць накіравання беларускіх салдат-тэрміновікаў на баявыя дзеянні на чужую тэрыторыю.

Фота: БелТА

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што Беларусь «ніколі не будзе крыніцай вайны». «Я ніколі нідзе не казаў і не скажу, што я пашлю на чужую тэрыторыю, супраць нейкага народа (упасі Гасподзь, Украіны) ваяваць. Я мірны чалавек і такіх загадаў не аддаю», — запэўніў кіраўнік краіны.

Ён перакананы: армія ў Беларусі існуе толькі для таго, каб абараняць сваю тэрыторыю і народ у выпадку нападзення.

«Справа не толькі ў грашах»

Генадзь Бычко, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама, пацікавіўся магчымасцю будаўніцтва ў краіне другой атамнай электрастанцыі.

Прэзідэнт пачаў з таго, што рашэнне будаваць першую станцыю было апраўданае: электраэнергія запатрабавана на знешнім і ўнутраным рынках.

«Калі б была другая атамная станцыя, было б увогуле выдатна. Нам вельмі мала неабходна было б прыроднага газу. Ядзернае паліва ў атамнай станцыі каштуе 150 мільёнаў долараў і загружаецца на 5-6 гадоў. Эканомім вялікія грошы. І справа не толькі ў грашах — гэта чыстая энергія», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, будаўніцтва АЭС — сусветны трэнд, і свае рэактары хочуць мець многія краіны. Дыялог аб будаўніцтве другой АЭС зараз вядуць з некалькімі партнёрамі, у тым ліку і з Расіяй.

«Хто прапануе больш выгадныя ўмовы, з тым і дамовімся. Гэта пытанне не знятае. Але казаць, што заўтра пачнём будаваць, рана. Я хацеў бы пабудаваць яшчэ адну АЭС на ўсходзе краіны, але танней, кажуць спецыялісты, будзе будаваць яшчэ два блокі каля Астравецкай станцыі», — расказаў Прэзідэнт.

«Іх ніхто не падтрымае»

Журналістка інфармацыйнага агенцтва «Мінская праўда» запытала пра стаўленне кіраўніка краіны да таго, што апаненты ўлады
прапанавалі свой варыянт Канстытуцыі Венецыянскай камісіі.

«Калі яны разумныя людзі, разумеюць, што не туды трэба несці праект альтэрнатывы. А ўчора трэба было пакласці на стол Прэзідэнту... Але яны гэтага не зрабілі — значыць, ім не трэба. Яны ведаюць, што іх ніхто не падтрымае», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, ён нагадаў пра платформу апазіцыі «Голас», якая займалася параўнаннем галасоў за кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

«У нас шмат спецыялістаў, якія могуць яе «паваліць» на працягу гадзіны, і яна не будзе працаваць. Я ім сказаў, каб не чапалі. Вы ім закіньце туды нашы даныя, што ж яны будуць рабіць? Калі мы далі, яны закрылі гэты «Голас», — нагадаў выпадак Прэзідэнт.

«Гэта ім толькі на карысць»

Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў папрасіў Прэзідэнта падтрымаць ініцыятыву аб'явіць будаўніцтва музея ў Хатыні ўсебеларускай маладзёжнай будоўляй.

«Без праблем, — заўважыў кіраўнік дзяржавы і папрасіў прэм'ер-міністра і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта разглядзець прапанову. — Калі мы яшчэ нешта ствараем, давайце перададзім нашым «камсамольцам» аб'ект, хай займаюцца. Гэта ім толькі на карысць».

«Не пры нашым жыцці»

Дэпутат Валянцін Семяняка запытаўся пра перспектывы змянення адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання краіны ў сувязі з рэфармаваннем Канстытуцыі.

«Гэта на будучыню. Калі нехта захоча павялічыць колькасць абласцей, аб'яднаць ці раз'яднаць, то гэта будзе вызначацца законам. Ні Прэзідэнт, ні губернатар не прымуць аднаасобнае рашэнне. Гэта працэдура ідзе праз парламент і подпіс кіраўніка краіны. Сёння нам няма ніякай неабходнасці гэтым займацца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не пры нашым жыцці. Калі нехта вырашыць, мы ў Канстытуцыі гэта абазначылі, як неабходна рабіць».

Фота: БелТА

«Гэта пытанне адкрытае»

Аляксей Аўдонін, аналітык БІСД, заклапочаны месцам грамадзянскай супольнасці пры фарміраванні складу Усебеларускага народнага сходу.

Адным з першых законапраектаў, які будзе прыняты ў выпадку падтрымання праекта Канстытуцыі, стане закон аб грамадзянскай супольнасці, акцэнтаваў Прэзідэнт, адказваючы на пытанне.

«Там (у УНС. — рэд.) будуць дэлегаты ад грамадзянскай супольнасці. Потым вызначымся, як і колькі іх будзе. Пакуль мы не прымем закон аб грамадзянскай супольнасці, пра гэта і казаць не трэба. Таму адразу, калі народ падтрымае на рэферэндуме змяненні, мы адным з першых законапраектаў прымаем закон аб грамадзянскай супольнасці», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

І грамадзянская супольнасць будзе складацца, на думку Прэзідэнта, з актывістаў, якія праявілі сябе на працягу апошніх гадоў. Пытанне, хто з іх увойдзе ў УНС, яшчэ мае быць абмеркаванае.

«Мы потым вызначымся, з каго будзе складацца грамадзянская супольнасць і як з яго па колькасці, тэрытарыяльна фарміраваць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. То-бок, гэта пытанне адкрытае», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

«Дэмакратыя — правы людзей»

Прадстаўнік «МІТСО» пацікавіўся ў Прэзідэнта, што ўяўляе сабой «дэмакратыя па-беларуску»?

Па словах кіраўніка краіны, ніхто яшчэ не выпрацаваў адзіных стандартаў дэмакратыі ў свеце, але дэмакратыя — гэта ўлада народа.

«Рэферэндум — элемент дэмакратыі. Дэмакратыя — гэта перадусім правы людзей. І я разумею, што правы ідуць разам з абавязкамі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Справа не ў тэрмінах»

Сенатар Алег Раманаў запытаў, якую колькасць тэрмінаў на пасадзе Прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка лічыць аптымальнай для аднаго чалавека.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён прыхільнік двух тэрмінаў прэзідэнцтва. «Гэта вельмі цяжкая ноша. Калі працаваць па-сапраўднаму, за два тэрміны выпрацуецца так, што далей няма куды. Запомніце, што ў 38 гадоў вы больш Прэзідэнта не выбераце. Гэта будзе чалавек за 50. Таму калі ён да 70 яшчэ папрацуе Прэзідэнтам, гэта будзе нармальна», — растлумачыў ён.

«Многія спытаюць: «А ты?» Ведаеце, сітуацыя так складвалася. І дзякуй Богу, што тады мною былі прыняты адпаведныя рашэнні. Тады мне давялося дзейнічаць таму, што мяне не адпускала сітуацыя», — сказаў Прэзідэнт. Беларускі лідар растлумачыў, што ў прынцыпе «справа не ў тэрмінах». «Цяпер не сярэдзіна 1990-х, калі на прылаўках нічога не было, бандытызм захліснуў краіну. Мы выйшлі на рэферэндум. Я ўзгрузіў на сябе тую Канстытуцыю, якая і сёння са зменамі і дапаўненнямі дзейнічае. Сітуацыя зараз іншая. Двух тэрмінаў дастаткова», — рэзюмаваў ён.

«Чулліва рэагую на забойства жывёлы»

Дэпутат Марыя Васілевіч запытала меркаванне Прэзідэнта пра неабходнасць удасканальвання заканадаўства ў сферы аховы жывёл.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што для яго непрымальныя тры рэчы — плач дзіцяці, згвалтаванне жанчын і забойства жывёлы.

«Я вельмі чулліва рэагую на забойства жывёлы. Таму, калі вы і дэпутаты побач з вамі распрацуеце адпаведны законапраект, які збярэ ўсё найлепшае ў свеце і расійскі вопыт, гатовы падключыцца да прыняцця гэтага законапраекта па-за плана, што мною зацверджаны, гэта будзе правільны ход», — дадаў кіраўнік краіны.

«Дзякуй Богу, што я не сышоў ад апошніх выбараў»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць слушным, што прыняў рашэнне ўдзельнічаць у мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

«Дзякуй Богу, што я не сышоў ад апошніх выбараў. Гэта не мая заслуга — Качанавай. Калі мы сабраліся, я сказаў: «Час і гонар ведаць. Колькі можна? Я проста хачу спакойна пажыць», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар нагадаў: «Я пайшоў на выбары, каб потым, як Качанава сказала, вы мяне не папракнулі. Я даслоўна сказаў: «Калі раптам потым краіна перакуліцца і нешта здарыцца не так, вы ж мне гэтага не даруеце, скажаце, што сышоў ад гэтых выбараў. І я пайшоў. Я ж не вёў перадвыбарную кампанію. Я сустрэўся з актывам, расказаў, што адбываецца. Сказаў: ідзіце, кажыце народу, як будзем жыць далей».

Разам з тым, паводле слоў Прэзідэнта, ён заклікаў падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. «Тады ж я сказаў, што калі за мяне не прагаласуюць, я не пакрыўджуся. Я гатовы быў, што вы вылучыце іншага Прэзідэнта. Нікога я не гнабіў, нікога не саджаў дзеля таго, каб ён не быў прэзідэнтам. Гэта былі жулікі. Я бачу, што адбываецца», — падкрэсліў ён.

Раней па ходзе Паслання кіраўнік дзяржавы адрасаваў беларускаму народу тры пытанні: «Ці гатовы вы, беларусы, плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву?», «Вы гатовы плаціць за гэту дарагую рэч, імя якой — суверэнітэт і незалежнасць?» і «Ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?». Чацвёртае пытанне прагучала ў дадатак папярэднім.

«А калі б Лукашэнкі не было ў жніўні 2020 года, што было б?

Прабачце за нясціпласць. Я ўжо адказваў на гэтае пытанне. Я тады з дзіцем па вуліцы з аўтаматам бегаў не таму, каб сябе паказаць. Гэта была небяспека. Я бегаў і абараняў сваё, таму што я гэта стварыў сваімі рукамі разам з вамі. Але я быў наперадзе, я прымаў рашэнні гэтыя. І вас абараняў як сваіх дзяцей. Я вас не мог кінуць. І маё жыццё тады нічога б не каштавала. Так рашуча я быў настроены. І не дай Бог, іншы быў бы Прэзідэнт», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксей Аўдонін, аналітык БІСД:

«Чаканні напярэдадні Паслання сёння не толькі спраўдзіліся, але і пашырыліся. Мы атрымалі ад кіраўніка краіны адказ на тэмы, якія дэлегаты абмяркоўвалі раней: эканоміка, сацыяльная сфера, бяспека. Трэба адзначыць, што выступленне было не фармальным, тут агучаны ключавыя пасылы да ўсіх органаў улады, сілавых структур, беларускага грамадства і знешніх партнёраў. Важна, што Прэзідэнт не пабаяўся закрануць вострыя пытанні: знешнепалітычныя сітуацыя, эканоміка. Было дакладна вызначана, што мы знаходзімся ў складанай знешнепалітычнай сітуацыі. Але разам з тым у нас ёсць усе рэсурсы для мабілізацыі, перабудовы, адаптацыі да гэтых пагроз».

Вольга Чамаданава, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама:

«Самае галоўнае, аб чым казаў кіраўнік дзяржавы на працягу свайго выступлення, што мы, беларусы, — адна нацыя. Сёння ў нас ёсць усе ўмовы для таго, каб наша дзяржава развівалася. Асаблівы акцэнт, які я адзначу з выступлення, — моладзь. Так, трэба шчыра казаць, што маладому пакаленню не варта нечага чакаць, неабходна працаваць дзеля жаданага. Ніколі нічога проста так у жыцці не даецца. Усяго трэба дабівацца самому. Я не сумняваюся, што словы Прэзідэнта прапусціў праз сябе кожны прысутны ў зале».

Сяргей Кавальчук, міністр спорту:

«Усё, што неабходна было сёння пачуць для нашай сферы, мы пачулі. Уся краіна пачула адказы на пытанні з разнастайных сфер. Гэта вельмі важна для нас. Беларусь — стабільная, квітнеючая краіна, якая будзе яшчэ лепшай. Самае галоўнае для спартсменаў — трэніравацца, працаваць і паказваць вынікі. Работа ўсёй галіны спорту мэтанакіравана на развіццё і вынік».

Аляксей Талай, параалімпіец:

«Я пачуў у выступленні, што мы гатовы да любых падзей. Гатовы да ўсяго і нашы Узброеныя Сілы, а галоўным знешнепалітычным саюзнікам у абароне граніц з'яўляецца Расія. Наша краіна гатова да любых нападаў з-за межаў: эканамічныя санкцыі, магчымыя ваяўнічыя пагрозы суседніх краін. Галоўнае, што народ разумее: мір на сур'ёзнай мяжы, адбываюцца значныя падзеі. Асноўная задача беларусаў — выстаяць, не наламаць дроў, але не аддаць сваё. Суверэнітэт, нашы нацыянальныя інтарэсы —
непарушныя».

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Пра дзяцей-беларусаў, АЭС і дэмакратыю па-беларуску.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?