Вы тут

Праваахоўнікі затрымалі злачыную групу, якая займалася рэчавым кардынгам


Беларускія праваахоўнікі разам з замежнымі калегамі спынілі дзейнасць трансгранічнай злачыннай групы, якая займалася рэчавым кардынгам. Арганізатары былі затрыманы ў адзін дзень у Беларусі, а таксама ў Іспаніі. На працягу 10 гадоў яны нажываліся на тым, што, падманваючы людзей, завалодвалі іх грашыма, якія знаходзіліся на банкаўскіх рахунках. Колькасць пацярпелых сёння складана падлічыць. Па звестках праваахоўнікаў, гэта тысячы людзей па ўсім свеце. Дзеля ўстанаўлення асоб усіх злачынцаў, якія маюць дачыненне да незаконнай дзейнасці, Следчым камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў наладжана шчыльнае супрацоўніцтва з замежнымі сілавікамі.


Пазбегнуць адказнасці не атрымаецца

— Рэчавы кардынг — не новы від крадзяжу для нашай краіны, мы з ім неаднаразова сутыкаліся, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Андрэй Кавалёў. — Катэгорыя дадзеных злачынстваў раскрываецца ў шчыльным узаемадзеянні і пры міжнародным супрацоўніцтве.

Злачынная група трапіла ў поле зроку праваахоўнікаў некалькі гадоў таму. Пасля правядзення шэрагу аператыўна-тэхнічных мерапрыемстваў стала ясна: група прафесійная, зладжаная, фарміравалася на працягу некалькіх гадоў. У кожнага ўдзельніка былі свае задачы, за ажыццяўленне якіх ён атрымліваў грашовыя сродкі. Паступова да каманды, якая пачынала сваю незаконную дзейнасць у пачатку 2000-х у Азіі, падключалася нямала зацікаўленых людзей, якія хацелі вельмі хутка зарабіць.

— Арганізатар з Іспаніі мае беларускае грамадзянства, вышэйшую адукацыю, — удакладніла начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Наталля Сахарчук. — Большасць фігурантаў — дыпламаваныя эканамісты. Сярод удзельнікаў злачыннай групы ёсць і жанчына — настаўніца англійскай мовы. У яе маленькае дзіця, з гэтай прычыны пад варту яе не заключалі.

Як паведаміў Андрэй Кавалёў, каб даказаць злачынную дзейнасць групоўкі, супрацоўнікі міліцыі шчыльна працавалі з праваахоўнымі органамі ЗША. «У межах Нацыянальнага кантактнага пункта мы ўзаемадзейнічаем з 89 краінамі свету, Следчым камітэтам, працуем і па каналах Інтэрпола, — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС. — У выніку шматмесячнай перапіскі, абмену пэўнымі аператыўна-тэхнічнымі звесткамі нам удалося задакументаваць і даказаць дачыненне затрыманых менавіта да арганізацыі той дзейнасці, якую яны ажыццяўлялі. У даркнэце (ценявая сетка. — Заўв. аўт.) пэўныя асобы за крыптавалюту набывалі рэквізіты скампраметаваных банкаўскіх плацежных картак, потым ужо іншая група гэтымі рэквізітамі на анлайн-пляцоўках аплачвала неабходны тавар. Яшчэ адны фігуранты справы прадавалі яго на той ці іншай пляцоўцы са значна заніжаным коштам. Гэтым яны займаліся на працягу больш як 10 гадоў. Іх злачынная дзейнасць задакументаваная, даказана канкрэтнае дачыненне да яе пэўных асоб. Задзейнічана вельмі шмат людзей са шматлікіх краін свету».

У выніку на тэрыторыі Мінска ў адзін дзень было праведзена 12 ператрусаў, затрымана шэсць чалавек. Работа працягваецца.

Шчырае прызнанне — найлепшы выхад

— Грашовыя сродкі ў асноўным выкрадаліся ў грамадзян краін Заходняй Еўропы і ЗША, — прыадкрываючы дэталі следства, удакладніў намеснік начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Следчага камітэта Аляксандр Сямёнік. — Затрыманыя на тэрыторыі Беларусі саўдзельнікі — у асноўным людзі з вышэйшай эканамічнай адукацыяй, з ведамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, з прыстойных сем'яў, іх узрост — 30—36 гадоў. Прага нажывы лёгкіх грошай прывяла да таго, што яны арганізавалі на тэрыторыі Іспаніі і заходніх дзяржаў бізнес, звязаны з крадзяжом грашовых сродкаў.

Санкцыя артыкула, па якім узбуджана крымінальная справа, прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі са штрафам, канфіскацыяй маёмасці, пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю. Затрыманыя прызнаюць сваё дачыненне да злачынства. Іншыя фігуранты крымінальнай справы ўстанаўліваюцца.

Як заўважыў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, еўрапейскія калегі настроены на канструктыўную работу з нашымі праваахоўнымі структурамі, прычым не толькі па гэтай крымінальнай справе. «Транснацыянальная злачыннасць на тое і ёсць, каб мы, праваахоўнікі, таксама ў транснацыянальным фармаце працавалі па спыненні любога роду злачынных замахаў: будуць яны на тэрыторыі нашай краіны або на тэрыторыі любой іншай дзяржавы», — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта.

Супрацоўнікі сілавых структур рэкамендуюць астатнім удзельнікам арганізаванай злачыннай групы прыйсці ў праваахоўныя органы і расказаць аб сваім удзеле ў ёй. «У такім выпадку, магчыма, гэта будзе мець для іх іншыя прававыя наступствы, не звязаныя з мерай стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Сямёнік. — У выпадку супрацоўніцтва са следствам працэс прадугледжвае аб'ектыўную мінімізацыю пакарання».

Наталля Сахарчук падкрэсліла, што інтэрнэт дазваляе зламыснікам аб'ядноўвацца і весці злачынную дзейнасць, знаходзячыся ў розных краінах. Аднак, па яе словах, і паміж праваахоўнымі органамі сёння няма межаў: яны валодаюць усімі магчымасцямі сумесна супрацьстаяць парушэнню закона. Аперацыя, пра якую расказваецца ў публікацыі, акурат гэта пацвярджае.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».