Вы тут

"Самсон і Даліла" як падзея опернага форуму


ХІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, самы маштабны традыцыйны праект ­Вялікага тэатра Беларусі, адкрываўся знакамітай ­операй французкага кампазітара Каміля Сен-Санса. ­Пастановачную групу ўзначалілі дырыжор Алег ­Лясун і рэжысёр Аксана Волкава.


Напярэдадні

На прэс-канферэнцыі для журналістаў, зладжанай з нагоды набліжэння адкрыцця форуму, панавала ажыўленая сяброўская атмасфера. Што і зразумела: калегі па цэху даўно не бачыліся. Тым больш, усе знаходзіліся ў стане прадчування свята, якое ў сувязі з пандэміяй летась не ладзілася.

Сустрэчу адкрыў Валянцін Елізар'еў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра. Ён выказаў надзею, што чарговы форум пройдзе паспяхова, спасылаючыся на тое, што падрыхтавана цікавая праграма, а таксама выказаў падзяку спонсарам у асобе прадстаўніка генеральнага партнёра банка БелЗЭБ, начальніка ўпраўлення маркетынгавай службай Мікалая Дубаўца. І потым Елізар’еў, спасылаўшыся на нядужанне, пакінуў Камерную залу, дзе праходзіла сустрэча, перадаўшы права яе весці кіраўніцы службы маркетынгавых камунікацый Таццяне Аляксандравай. Яна ж, прывітаўшы ўсіх, паведаміла, што галоўнай падзеяй форуму стане прэм’ера оперы “Самсон і Даліла”, якой і адкрыецца ён 14 снежня. Прадставіла пастановачную групу, якую ўзначалілі рэжысёр Аксана Волкава, заслужаная артыстка Беларусі, і дырыжор Алег Лясун

Мастачкай-пастаноўшчыцай выступае на гэты раз лаўрэат расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” Этэль Іошпа, а за святло і відэакантэнт адказвае Стас Свістуновіч, яшчэ адзін лаўрэат "Залатой маскі". Раней яны працавалі з Аксанай Волкавай над яе дэбютным спектаклем "Вілісы. Фатум". Хармайстрам "Самсона і Далілы" стала народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. Балетмайстар – Сяргей Мікель.

Таццяна дала слова Аксане Волкавай. Мы ж пры тым усе заўважылі, у якім узбуджаным стане знаходзілася непараўнальная ўладальніца яркага меца-сапрана. І не дзіва: бо яна ж, як прызналася, толькі што з рэпетыцыі як рэжысёр. І вось што Аксана казала:

– Вельмі радая, што мы знаходзімся на стадыі ўвасаблення праекту. У мяне гэта ўсяго толькі другая пастаноўка, і таму перажываю новыя для сябе адчуванні. У оперы Сен-Санса гучыць музыка неверагоднай прыгажосці. Да таго ж біблейская гісторыя Самсона і Далілы шмат каму вядомая з дзяцінства. Мяркую, на сцэне нашага тэатра павінна быць такая опера. І яна, можна ўжо сказаць, пастаўлена ўпершыню! Дарэчы, сама я ўжо выходзіла на сцэну ў вобразе Далілы – у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне, дзе ў 2014-2015 гадах прайшла серыя спектакляў з маім удзелам. Што да канцэпцыі, інтэрпрэтацыі, бачання пастаноўкі, то мне б не хацелася загадзя казаць пра тое, раскрываць нейкія сакрэты. Важна, каб глядач прыйшоў у залу і сам пабачыў нашу працу – як гаворыцца, з чыстага ліста, без падрыхтоўкі. Але скажу вось што: калі параўноўваць з той біблейскай гісторыяй, якая добра вядомая, то будзьце гатовыя: некаторыя сэнсы мы зрушылі. Вельмі шмат і прыдумак розных – але я не буду цяпер анансаваць нашае сцэнічнае вырашэнне. Адзначу хіба, што ў нас узрушаючай прыгажосці касцюмы. Мне падаецца, такіх раскошных яшчэ не было! Дэкарацыі будуць маштабнымі. Наш спектакль не падобны да тых пастановак, якія ёсць у адкрытым доступе. Ён унікальны. Так, Самсон у нашым варыянце будзе маладым, хаця звычайна гэта дастаткова дарослы мужчына. Герою ўласцівая палкасць, страсць, неразважлівасць – усё, што характэрна для маладых людзей, таму ўсё будзе выглядаць арганічна.

Далей Аксана Волкава прадставіла сваю каманду:

- З гэтымі людзьмі я раблю ўжо другі спектакль. Гэта выдатная мастачка-сцэнограф Этэль Іошпа з Масквы і мастак па святле і відэакантэнце Стас Свістуновіч. Мы разам працавалі над маім дэбютным спектаклем "Вілісы. Фатум". Балетмайстар-пастаноўшчык Сяргей Мікель. З калектыву нашага тэатра: дырыжор-пастаноўшчык Алег Лясун і нязменны кіраўнік хору Ніна Ламановіч. Дарэчы, харавых сцэн у оперы вельмі шмат. Вялікая падзяка Ніне Іосіфаўна за яе працу. І наогул усёй камандзе, якая цяпер, у даволі складаных умовах збірае спектакль. Працэс абжывання сцэнічнай прасторы прадаўжаецца. Вядома ж, мы імкнемся паспець сабраць спектакль.

Аксана Волкава, бачна было, з задавальненнем знаёміла журналістаў з Іванам Гынгазавым, запрошаным салістам з Расіі: “ Ён – выдатны тэнар, спявае па ўсім свеце. Мы з ім сустрэліся ў оперы "Садко" Дзмітрыя Чарнякова ў кастрычніку. (Дзмітрый Чарнякоў – вядомы расійскі оперны рэжысёр, паставіў оперу ў Вялікім тэатры Расіі. Сёлета 8 і 10 кастрычніка Іван выконваў у оперы партыю Садко, Аксана – Любавы Буслаеўны. – Аўт. ) І я вельмі радая, што ён удзельнічае ў пастаноўцы. Да таго ж я не памятаю такога выпадку, каб запрошаны спявак ­уводзіўся ў яшчэ не існуючы спектакль. Я ўдзячная Івану за разуменне сітуацыі. Як аказалася, ён гнуткі акцёр. Хутка фіксуе пажаданні рэжысёра. Да таго ж ловіць усё, як кажуць, злёту. З задавальненнем скажу: працэнтаў 80 маіх рэжысёрскіх пажаданняў ён ужо рэалізаваў.

Дырыжор Алег Лясун выказаўся коратка пра тое, што “Самсон і Даліла” – гэта выдатная партытура, з ёй надзвычай цікава працаваць музыкантам. У оперы гучаць выдатныя галасы, і шмат розных складаў салістаў, ёсць нюансы ў настроях… Маэстра парадаваўся, што на рэпетыцыях пануе пазітыўная атмасфера. І тут рэмарка Таццяны Аляксандравай выклікала ажыўленне ў зале: “Прыемна і заўсёды хвалююча набліжацца да рысы, за якой – выхад спектакля на сцэну. Цяпер жа ўвесь наш тэатр жыве гэткім чаканнем. Вось нядаўна па ўнутранай сувязі прагучала такая аб'ява: “Запрашаем усіх на вакханалію!”. Хто не ў тэме – падумаюць: ого, як тут у Вялікім жывуць!.. А гэта ўсяго толькі адна з харэаграфічных сцэн спектакля, і была рэпетыцыя. Мы ўсе разам з Аксанай Волкавай, усёй пастановачнай камандай у чаканні хвалюючага моманту прэм’еры.

Мастачка-пастаноўшчыца з Масквы Этэль Іошпа адзначыла, што опера “Самсон і Даліла” – другі спектакль, у пастаноўцы якога яна ўдзельнічае ў Вялікім тэатры Беларусі:

– Праца на гэты раз у нас эпічная. Ды не хацелася, каб усё выглядала пафасна, таму з дапамогай мастацка-візуальных сродкаў мы стараліся не згубіць у эпічнасці гісторыю кахання Самсона і Даліды. У спектаклі ёсць два светы. Першы – гэта людзі, да якіх належыць Самсон. Там усё лаканічнае, натуральнае. Скажам, валасы не пакрытыя, голыя рукі, што працуе на ідэю спектакля ў адной звязцы з прыгожымі малітвамі. Другі свет – філістымляне, і свет гэта надзвычай стылізаваны, “эстэтызаваны”. Мы ведаем ад спецыялістаў, што той народ першым пачаў выплаўляць метал, таму будзе шмат вобразных адсылак да таго факту. Гэта залатыя і сярэбраныя дэталі на брані, у дэкарацыях, будуць і металічныя пласціны, арнаменты. Таксама ў філісцімлян і адпаведныя галаўныя ўборы. У оперы ўвогуле вялікі акцэнт зроблены на вобразе валасоў, але ўсе сакрэты раскрываць не будзем…

У працяг размовы пра адметнасці сцэнаграфіі ў спектаклі Стас Свістуновіч сказаў, што працуе ў ім са святлом і відэакантэнтам. Нехта з журналістаў заўважыў, нібыта былі скаргі ­прыезджых пастаноўшчыкаў на ­недастаткова сучаснае абсталяванне ў тэатры. На што госць адказаў: «Ну вы ж ведаеце, што дрэнным танцорам шмат чаго перашкаджае”… Дадаў: маўляў, так, некаторае абсталяванне састарэла – жыццё ляціць хутка, але гэта для яго як яшчэ адна нагода знайсці крэатыўны ход, вырашыць тую ці іншую пастановачную задачу – нестандартна, з выдумкай.

Далей Таццяна Аляксандрава абвясціла праграму форуму і выказала падзяку спонсарам, на што прадстаўнік банка БелЗЭБ Мікалай Дубавец заўважыў: “Мы ганарымся супрацоўніцтвам з Вялікім тэатрам Беларусі, а таксама тым, што дзякуючы форуму даем беларусам, аматарам добрай музыкі магчымасць дакрануцца да высокага мастацтва”. Мікалай падкрэсліў: банк укладвае грошы ў высакародную справу, дае добрую магчымасць для далейшага развіцця нацыянальнага інтэлекту.

Прэс-канферэнцыя прадаўжалася ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Журналісты сыпалі пытаннямі, яны былі адрасаваныя практычна ўсім прысутным. Коратка пададзім адказы на тыя, што падаліся нам найбольш важнымі, у якіх угадваюцца і пытанні:

Аксана Волкава: “З «Вілісамі» ўсё было прасцей (маецца на ўвазе яе папярэдняя пастаноўка оперы-балета ў 2-х дзеях Джакама Пучыні “Вілісы. Фатум”. – Аўт.). Тады шмат часу на пастаноўку было адведзена. Да таго ж опера кароткая, хору зусім мала. На гэты раз атрымалася сцэнаграфія надзвычай прыгожая – але вельмі цяжкая для абжывання. Доўга трэба салістам і хору асвойвацца ў канструкцыях, а часу на тое малавата. Да таго ж артысты балета ўвесь час у іншых праектах занятыя. А ў пастаноўцы ёсць такія значныя сцэны, як “Вакханалія”, “Танец Жрыцы з Далілай” і “Танец Агню”. Працэс працы над спектаклем прадаўжаецца і сёння… Салістаў шмат. Самсонаў – трое, плюс Іван Гынгазаў, госць наш дарагі. Наогул у оперным свеце вялікі дэфіцыт Самсонаў. А вось з Даліламі лепей, у нас іх ужо 4! І з усімі даводзіцца працаваць.

Пасля гэтага спектакля я зразумела, што па прынцыпе “сам сабе рэжысёр” я надалей працаваць не буду. Гэта вельмі складана і працаёмка. Вось часам лаўлю сябе на думцы: у мяне нават цела па-іншаму рухаецца, працуе на сцэне, чым самой мне тое бачыцца збоку. Мяне вельмі радуюць прыгожыя касцюмы. Мяркую, яны цяпер самыя прыгожыя ў нашым тэатры. Магу ўсіх запэўніць: наш спектакль – арыгінальны, ён ні на што, пастаўленае раней, не падобны.

Ніна Ламановіч: “Опера гучыць на французкай мове, мы не часта на ёй спяваем. Таму складана было харыстам вучыць тэксты. Шмат працавалі са знаўцамі мовы – з міжнароднага аддзела нашага тэатра. Але заўважу, што сама па сабе опера зручна для хору напісана. Галоўная цяжкасць для пастаноўкі: у ёй усё статычна. Спяваюцца розныя малітвы. Розныя і людзі. Наша задача – перадаць іх унутраную сутнасць. А гэта няпроста. Часам у партытуры прапісана, што трэба спяваць ціха, а па эмоцыях там – напал страсці. Але каманда падабралася добрая, мы разумеем адно аднаго.

Іван Гынгазаў: “Упершыню я тут, але я на гэтай зямлі не чужы. У мяне ёсць і беларускія родавыя карані: я на 25 працэнтаў беларус па крыві. Бабуля мая, Валянціна Борціч, была родам з вёскі Неманіца Барысаўскага раёна (Мінская вобласць, там цяпер аграгарадок, і туды ходзяць электрычкі. – Аўт.). У 18 гадоў, дзяўчынай, патрапіла яна ў Сібір, потым забрала туды братоў сваіх. Я нарадзіўся ў Новасібірску. А яшчэ ў мяне ў Светлагорску, на Гомельшчыне жывуць сваякі, якія збіраюцца прыехаць на прэм’еру. Раней я спяваў партыю Самсона ў Марыінскім тэатры (Дзяржаўны акадэмічны Марыінскі тэатра у Санкт-Пецярбурзе. – Аўт.).

Стас Свістуновіч: “Святло і відэаэфекты – у гэтай частцы ў нас шмат розных задумак. Вось мы, напрыклад, пажадалі паказаць, як Самсон унутры быццам расце, калі яго асляпілі філісцімляне. Як дух ягоны распраўляецца, як тое зроблена – убачыце. Прычым гэты працэс мы назіраем нібы вачыма Самсона. Сродкамі святла і відэаэфектаў узмацняем вобразныя рашэнні ў свеце людзей і свеце золата – назавем іх так умоўна. А яшчэ мы нямала папрацавалі для таго, каб адразу два лазерныя праектары запрацавалі разам. І гэта будзе ўпершыню ў гісторыі тэатра. Вельмі няпростая тэхнічная задача была… Што да маёй сувязі з Беларуссю, то я часткова таксама беларус: родзічы мае былі палякі з Заходняй Беларусі. Жыву ў Санкт-Пецярбурзе. А жыў наш род у вёсцы Ятвезь, дзе нават царкву мае дзед і бабуля пабудавалі. Ёсць і фамільныя нашы могілкі там, і пяць пакаленняў нашага роду там пахаваныя. Мы з бацькам туды ездзілі некалькі разоў…

І пасля прэс-канферэнцыі нейкі час нашы калегі яшчэ не разыходзіліся, абменьваліся ўражаннямі. Вось такі своеасаблівы прэс-клуб склаўся дзякуючы сістэмнай, удумлівай працы тэатра з прадстаўнікамі СМІ. Што ж, опернае мастацтва патрабуе ўдумлівых гледачоў, крытыкаў, пісаць пра яго чалавеку “з вуліцы” ніяк не выпадае.

У праграме форуму

Адкрыццё форуму 14 снежня было грандыёзным: доўгачаканы спектакль "Самсон і Даліла" якраз упрыгожыў ягоную афішу. Стаў галоўнай падзеяй. З поўным аншлагам ішоў ён і 15 снежня, калі ў галоўных партыях на сцэне выступілі Іван Гынгазаў і Аксана Волкава. Але яркія тыя ўражанні, якія мы атрымалі, павінны яшчэ выстаяцца, як добрае віно. Мяркуем, сам спектакль варты вялікай асобнай пра яго размовы.

А 17 снежня ў сценах тэатра ўпершыню прайшоў сольны канцэрт зоркі сусветнай оперы, прымы Марыінскага тэатра Кацярыны Семянчук, у якой, дарэчы, таксама беларускія родавыя карані. Пра вядомую салістку можна падрабязней пачытаць на сайце Вялікага тэатра Беларусі (https://bolshoibelarus.by/). Кацярына і нарадзілася, і далучылася да опернага мастацтва ў Мінску, і вось ужо каля 25 гадоў жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Прыма Марыінскага тэатра даўно спявае на сцэнах найбуйнейшых оперных тэатраў свету. Фіналістка прэстыжных вакальных конкурсаў – Operalia ў Лос-Анджэлесе і BBC у Кардыфе, яна выступала ў міланскім "Ла скала", Каралеўскім тэатры ў Мадрыдзе, Парыжскай нацыянальнай оперы, "Метраполітэн-опера" ў Нью-Йорку, Вялікім тэатры Расіі, на знакамітых фестывалях у Зальцбургу і Эдынбурзе. Яе голас у беларускім Вялікім упершыню пачулі сем гадоў таму: на канцэрце да Дня Саюзнай дзяржавы. Мабыць, з таго часу прыхільнікі опернага мастацтва не выпускалі з-пад увагі ўладальніцу раскошнага меца-сапрана, чакалі магчымасці зноў пачуць спявачку ў родным Мінску. Тое адбылася сёлета 25 красавіка: беларусы Надзея Кучар, Кацярына Семянчук, Павел Пятроў і Аляксандр Раславец выканалі “Рэквіем” Джузэпе Вердзі на сцэне Вялікага. І вось Кацярына Семянчук зноў у Мінску! «Калі б з дзяцінства не было мары спяваць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, напэўна, я цяпер і не была б тут, – прызнаецца спявачка. – З самых ранніх гадоў наведвала я ўсе спектаклі нашага тэатра і ведала ўвесь яго рэпертуар: мае бабулі-дзядулі вельмі актыўна вадзілі мяне на оперу і балет. "Іаланта", "Кацярына Ізмайлава", "Кармэн", "Карміна Бурана", "Бахчысарайскі фантан"… Выдатна памятаю і нашы спектаклі, і нашых артыстаў. У тыя гады ставілася і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана. Гэта вельмі важна. На працягу ўсяго свайго жыцця, знаходзячыся ўдалечыні ад месца, дзе нарадзілася, вырасла і якое вельмі люблю, ніколі не губляла сувязі з маім горадам і краінай, беларускія карані трымаюць мяне вельмі моцна. Адчуваю беларускай сябе – заўсёды і ўсюды…»

У той вечар, 17 снежня, за дырыжорскім пультам працаваў сябар нашага тэатра маэстра Эйюб Куліеў, галоўны дырыжор Азербайджанскага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Запрошаны госць – бас-барытон Магерам Гусейнаў – таксама, як і Кацярына, з Марыінскага тэатра. Дарэчы, маэстра Эйюб Куліеў у 2016-м (разам з Андрэем Івановым) выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам балета «Каханне і Смерць» на музыку Палада Бюльбюль аглы (у харэаграфіі Вольгі Костэль). Заслужанаму артысту Азербайджана не раз апладзіравалі гледачы ў беларускім Вялікім: ён дырыжыраваў операй «Травіята» і «Аіда» Дж. Вердзі (у партыі Радамеса быў Ахмед Агадзі), «Кармэн» Жоржа Бізэ (у галоўнай партыі – Фідан Гаджыева) і «Іаланта» Пятра Чайкоўскага.

Куліеў і Семянчук упершыню сустрэліся на сцэне менавіта 17 снежня ў Мінску. А вось з Магерамам Гусейнавым, як прызнаўся сам дырыжор, яны сябруюць. «Гэта вельмі таленавіты спявак, у якога, не сумняваюся, наперадзе вялікая будучыня. Ганарымся, што ў Азербайджане вырас такі талент. Канешне ж, не заўважыць яго было немагчыма. Рады, што ён так сур’ёзна ставіцца да прафесіі, працуе над сабой. Мы некалькі разоў планавалі спектаклі з ягоным удзелам (на сцэне Бакінскай оперы), у тым ліку – у «Аідзе», галоўную ролю там выканала беларускае сапрана Таццяна Траццяк. Але ў нас ёсць прымаўка: усё атрымаецца з трох разоў. Так што ўсё будзе!», – кажа Эйюб. Будучы салістам Акадэміі «Ла Скала», Магерам выступаў на сцэнах розных тэатраў Італіі – у Рыме, Рыеці, Пезара... На сцэне міланскага тэатра «Ла Скала» выконваў партыі Урс-Хана («Алі-Баба і сорак разбойнікаў»), Дулькамары («Любоўны напой»), Пастара («Хаваншчына»), Паэта («Спачатку музыка, потым словы») і Мантэроне («Рыгалета»). 2021 год пачаўся для спевака вельмі паспяхова: Магерам Гусейнаў выступіў у трох пастаноўках Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) – гэта "Дон Жуан", "Багема" і "Тоска".

Спектакль-пераможца Нацыянальнай тэатральнай прэміі – оперу "Фаўст" Шарля Гуно ў пастаноўцы Ганны Маторнай – паказалі 18 снежня. Дырыжыраваў Андрэй Іваноў з Растоўскага музычнага тэатра. Ролю Валянціна ў спектаклі выканаў сусветна вядомы барытон Уладзіслаў Сулімскі (у якога таксама ёсць беларускія родавыя карані) з Марыінскага тэатра. І гэта быў ягоны дэбют у оперы Шарля Гуно.

У наступны вечар Каляднага форуму гледачы ўбачылі спектакль, з якім Аксана Волкава, паўторымся, дэбютавала ў Вялікім як рэжысёр: ішла магічная драма Джакама Пучыні "Вілісы. Фатум".

Быў на форуме паказаны і спектакль, які цяпер збірае аншлагі: 21 снежня прагучала опера Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха". Нагадаем, што другі раз у гісторыі тэатра за пастаноўку оперы паводле аднайменнай дэтэктыўнай аповесці Уладзіміра Караткевіча ўзялася Ганна Маторная.

Па традыцыі свята музыкі і оперы завяршылася ў Вялікім тэатры зорным гала-канцэрам. У закрыцці форуму 22 снежня бралі ўдзел Кацярына Семянчук, Магерам Гусейнаў, Уладзіслаў Сулімскі, а таксама салісты Вялікага тэатра Расіі Венера Гімадзіева і Гадэрдзі Джанелідзэ, салісты беларускай оперы. За пультам быў галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Magna Grecia (Італія) Джанлука Марчано. І зладжаны аркестр Вялікага тэатра гучаў, як і заўсёды, – выдатна.

Міхаліна Чаркашына, Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.