Вы тут

Малпы бываюць розныя...


Сын расказаў смешную гісторыю пра тое, як ён учора катаўся на веласіпедзе. Дакладней як веласіпед катаўся сам.


Справа вось у чым: выйшаўшы з кватэры, сын выклікаў ліфт, і калі той прыехаў да нас на 18-ы паверх, паставіў веласіпед на задняе кола ўнутры кабіны ліфта. Пасля чаго, убачыўшы, што не зачыніў дзверы ў тамбур, вырашыў хутка іх зачыніць.

У гэты час веласіпед, нядоўга думаючы, крыху з'ехаў па сценцы ліфта і націснуў, па ўсім відаць, рулём на кнопку аднаго з паверхаў. Карацей, дзверы ліфта зачыніліся проста перад носам у здзіўленага сына.

На шчасце, у нас у доме два ліфты, таму сын выклікаў другі і паехаў на ім наўздагон за веласіпедам-уцекачом. Прыехаўшы на першы паверх, ён убачыў, што ліфта, які «выкраў» веласіпед (або гэта веласіпед «скраў» ліфт?), на першым паверсе няма.

Затое індыкатар над дзвярыма ліфта паказваў, што той стаіць на другім паверсе, а груканне дзвярэй ліфта было чуваць нават на першым. У выніку сын паехаў на другі паверх і ўбачыў, што веласіпед напалову выехаў з ліфта, і ліфт лупцуе па ім сваімі дзвярыма (з чаго асабіста я зрабіў выснову, што веласіпед аказаўся больш свядомым, чым ліфт, і вырашыў усё ж дачакацца ўладальніка).

Вось так два механізмы, якія быццам бы залежаць ад чалавека, вырашылі крыху пазабавіцца. Але ў выніку больш за ўсіх павесяліўся сын, спрабуючы іх дагнаць. І калі б не другі ліфт, невядома чым бы ўвогуле ўсё гэта закончылася.

Таму мая вам парада: калі ў вас ёсць веласіпед і вы вырашылі на ім пакатацца, ідзіце лепш па лесвіцы далей ад граху. Таму што калі хоць бы аднойчы ліфт з веласіпедам уступілі ў злачынную змову, гэта інфармацыя аўтаматычна перадаецца ўсім ліфтам і веласіпедам. І наступны раз яны ўсё ж ад вас з'едуць.

* * *

У нас ёсць Міжнародны дзень абароны дзяцей, і гэта цудоўна. Але мне як бацьку шматлікага патомства хацелася б таксама мець і дзень абароны ад дзяцей. Таму што калі дзеці збіраюцца ў колькасці больш за два, гэта рэальна сур'ёзная сіла.

Вось сёння, напрыклад, узяў я ў халадзільніку банан. Абабраў, як належыць, ад шкуркі і пачаў, не спяшаючыся, есці. І тут малодшая дачка, гледзячы на мяне, раптам кажа: «Малпа адкусіла кавалак банана». Усе астатнія дзеці, зразумела, у рогат. Жонка і тая не стрымалася, хоць, здавалася б, дарослы чалавек.

Я, як таварыш вопытны, перанёс гэта параўнанне дастаткова стрымана, тым больш што, па вялікім рахунку, нічога не маю супраць малпаў. Потым дзеля інтарэсу паглядзеў на нас з бананам у люстэрка і прыйшоў да высновы, што ў прынцыпе, улічваючы маю трохдзённую няголенасць, пэўнае падабенства сапраўды ёсць.

З іншага боку, малпы таксама бываюць розныя. Напрыклад, шымпанзэ вельмі адрозніваюцца ад арангутанаў, а гарылы — ад макак. Таму, безумоўна, хацелася б якога-небудзь удакладнення.

Але ўвогуле гэта наш з дзецьмі звычайны спосаб зносін — мы адно аднаго пастаянна падколваем. Я абсалютна не перажываю наконт уласнай рэпутацыі ў іх вачах, і калі ім удаецца мяне трапна падкалоць, смяюся разам з імі.

Дзеці ўспрымаюць жыццё як гульню, і, кантактуючы з імі, замест таго, каб спрабаваць «узняць» іх на свой, дарослы ўзровень, я лічу за лепшае «спусціцца» на іх і рабіць глупствы разам з імі.

* * *

Сітуацыя: сын просіць тату купіць яму новы тэлефон. Нагода — заканчэнне школы. Тата, зразумела, адмаўляе, бо стары тэлефон добра яшчэ працуе, а лішніх грошай у таты нібыта няма.

Неўзабаве сын, па ўласцівай яму неасцярожнасці, упускае свой тэлефон на падлогу, прычым, мяркуючы па характары пашкоджанняў, робіць гэта не адзін раз. У выніку тэлефон урачыста памірае (а можа, проста прыкідваецца памерлым, каб яго зноў не кінулі на кафлю).

Але тата ўсё роўна ўпіраецца, спасылаючыся на цяжкі матэрыяльны стан і каранавірус.

Тады сын дзесьці знаходзіць даўно ператвораны ў дзіцячую цацку стары мамін тэлефон і спрабуе яго рэанімаваць. За гэтым працэсам з цікавасцю назірае яго трохгадовая сястра, якая пачала карыстацца старым маміным тэлефонам прыкладна з моманту адлучэння ад грудзей.

У рэшце рэшт змучаны тата здаецца і купляе любімаму сыну тэлефон. А літаральна на наступны дзень любімы сын радасна паведамляе тату аб тым, што ён, нарэшце, атрымаў доўгачаканую дзяржпрэмію за перамогу ў міжнароднай алімпіядзе па фізіцы, памеру якой хапіла б як мінімум на чатыры такія тэлефоны.

Увага, рытарычнае пытанне (дакладней, два): 1. Ці аддасць сын тату грошы за тэлефон? 2. Ці не мог ён атрымаць гэту прэмію за дзень да набыцця тэлефона, а не праз дзень пасля?

P. S. Тата, вядома, таксама мог бы не здавацца так хутка і тыдзень-другі пацягнуць з купляй тэлефона. Але ёсць меркаванне, што ў такім выпадку і краіна таксама пацягнула б тыдзень з выплатай прэміі юнаму вундэркінду...

Павел ХОЛАД

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».