Вы тут

Тры ролі вялікай Любові Арловай


Сёлета 11 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння вядомай артысткі Любові Арловай. І ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала адзначаць юбілейную дату паказамі фільмаў з яе ўдзелам, сярод якіх музычныя камедыі «Волга, Волга» (1938), «Вясна» (1947) і «Вясёлыя рабяты» (1934).


Усе тры кінакарціны зняты адным рэжысёрам — Рыгорам Аляксандравым, толькі ў розны час. У пятніцу 11 лютага на «Беларусь 3» убачым фільм «Волга, Волга». ...Начальнік саматужнай прамысловасці Іван Іванавіч Бывалаў атрымлівае распараджэнне падрыхтаваць да ўсесаюзнага агляду ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. І ён лічыць, быццам пасылаць у Маскву няма каго. Аднак у горадзе існуе хор народнай песні на чале з паштальёнам Дуняй і сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксея Трубышкіна. Таленавітая моладзь творчых калектываў, якія спаборнічаюць паміж сабой, дэманструе перад начальствам свае поспехі. Выбіраюць сімфанічны аркестр, і яго ўдзельнікі выпраўляюцца ў сталіцу на параходзе «Сяўруга». Аднак у хуткім часе іх абганяюць выканаўцы хора на парусніку «Лесаруб». Толькі вось непрыемнасць — нечаканы вецер разносіць па рэчцы лісткі з нотамі песні пра Волгу, напісанай Дуняй. А калі ўсе артысты прыплываюць у Маскву, то песня ўжо становіцца агульнавядомай, гучыць па радыё, і ўсе расшукваюць яе аўтара...

Пазней увазе тэлеаўдыторыі прапаноўваюць прагляд кінастужкі «Вясна», дзе, акрамя Любові Арловай, зняліся яшчэ і Фаіна Ранеўская, Мікалай Чаркасаў і шэраг іншых цікавых артыстаў. Прыма савецкага кіно Любоў Арлова, дарэчы, іграе там адразу дзве ролі: прафесара Нікіцінай і актрысы аперэты Шатровай. Трэба адзначыць і тое, што, акрамя любові аўдыторыі, кінастужка была адзначана прызам за арыгінальны сюжэт (Рыгор Аляксандраў) і спецыяльным прызам за выкананне найлепшай жаночай ролі (Арлова) у 1947 годзе на кінафестывалі ў Венецыі. А распавядаецца там, нагадаем, пра паважанага ў свеце навукі вучонага Нікіціну, пра якую кінарэжысёр Громаў задумаў зняць фільм. На галоўную ролю бяруць актрысу з аперэты Шатрову, што даўно марыць пра вялікую работу ў кіно. Але аказваецца, што жанчыны як дзве кроплі вады падобныя. І ў дадатак да ўсяго сітуацыя складваецца так, што яны «мяняюцца ролямі» ў рэальным жыцці...

У суботу 12 лютага нас чакае паказ камедыі «Вясёлыя рабяты». Гэты фільм лічаць першай савецкай музычнай камедыяй. Але з'явіўся ён як сацыяльны заказ свайго часу. Леаніда Уцёсава на ролю пастуха Косці Пацехіна ўзгаднілі адразу, бо ў той час на канцэрты джазавага калектыву артыста ўжо імкнуліся трапіць многія. А вось актрыса Арлова (Анюта) тады яшчэ не была вядомая шырокай аўдыторыі. Але калі адбылося знаёмства з рэжысёрам, яе зацвердзілі. Вынікам здымачнага працэсу «Вясёлых рабят» стала кінакамедыя, якая ўвайшла ў залаты фонд савецкага кінематографа. Фільм распавядае пра таленавітага пастуха-музыканта Косцю Пацехіна, які стаў дырыжорам джазавага аркестра, і хатнюю гаспадыню Анюту, што выбілася ў спявачкі. Гэта гісторыя жыццёвых супадзенняў, дзе чытаюцца самыя розныя сэнсы. Косцю аднойчы выпадкова прымаюць за знакамітага музыканта і дырыжора Косту Франскіні і запрашаюць на званы вечар. І хто б тады ведаў, што той выпадак абудзіць у простым юнаку зусім іншага чалавека...

А як ствараўся і чым быў творчы і сямейны саюз Любові Арловай і Рыгора Аляксандрава (іх узаемаадносіны якраз і пачаліся на здымках «Вясёлых рабят»), тэлеаўдыторыя зможа даведацца з дакументальнага фільма «Больш, чым каханне...» канала «Культура» 12 лютага. У ім стваральнікі імкнуцца аднавіць падзеі, якія аб'ядноўвалі двух творчых людзей.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».