Вы тут

Вёска Буразь: песні, вытокі, душа


Адразу пасля вайны ў невялікай палескай вёсцы, што ў прадмесці слаўнага горада Турава, утварыўся фальклорна-этнаграфічны гурт “Лянок”. І сёння там спяваюць родныя песні.


Гурту “Лянок” – 75! Колькі сябе памятаю – быў на слыху ў мясцінах нашых і гурт, і яго дзівосныя народныя песні. У Год гістарычнай памяці, на мой погляд, важна кожнаму з нас агледзець: што канкрэтна злучае нас з родам, народам, Бацькаўшчынай. Менавіта ж памяць пра паходжанне нашае і мінулае напаўняе жыццё сэнсам, дапамагае нам больш адэкватна і глыбока ўспрымаць сучаснасць, вызначаць абрысы будучыні. Дык вось, не пабаюся сказаць: дзякуючы фальклорна-этнаграфічнаму гурту “Лянок” з вёскі Буразь, створанаму пры мясцовым клубе 75 гадоў таму, якраз і ­зберагаюцца, выяўляюцца ў вялікі свет і транслююцца з мінулага ў будучыню ўнікальныя культурныя традыцыі палешукоў. А стварыў гэты гурт яшчэ ў 1946-м годзе энтузіяст Якаў Кірылавіч Дрынеўскі. Уявім сабе: пасля ваеннага ліхалецця прайшло так мала часу. Хаты спаленыя палешукі не ўсе адбудавалі, раны глыбокія не зажылі – а душы пацягнуліся, каб ацаліцца песнямі, ажывіцца пасля пакут хараством ім. Аддаем даніну глыбокай ўдзячнасці, павагі, памяці Якаву Кірылавічу, які, расказваюць тут, быў Артыстам з вялікай літары. І даў гэткі творчы зарад гурту, што “Лянок” праз гады стаў народным – у 1989-м – і ўвесь час ганаровае званне пацвярджае. Ён і сёння выступае, радуе не толькі мясцовых жыхароў – яго ведаюць дзякуючы прэсе, тэлебачанню, інтэрнэту ў розных кутках Беларусі ды і ў замежжы.

З 1993 года кіравала гуртом Кацярына Сцяпанаўна Блоцкая. “Дабрэйшай душы чалавек!” – згадваюць яе тыя, хто блізка ведаў. Невялічкі клуб у Буразі, адзначым, заўсёды збірае шмат прыхільнікаў “Лянка”. Спявачкі выходзяць на сцэну ў гожых народных строях: аўтэнтычных, імі зробленых-створаных. На сцэну самадзейныя артысты перанеслі, адаптавалі традыцыйныя для Палесся абрады, іх элементы, найперш песні. Працуючы ў калгасе, энтузіясткі заўсёды знаходзілі часу і на такую творчасць, на тое, што душу сагравае і павялічвае, што напаўняе жыццё сэнсам.

Ішлі гады, зменьваліся ­ўдзельнікі ў калектыве. “Лянок” увесь час расце, ідзе абнаўленне – і па ўдзельніках, і па рэпертуары. Гэта як жывы арганізм. З 2011 года ім кіруе таленавітая, душа-чалавек Валянціна Віктараўна Дарошка. Спяваюць у гурце сямёра жанчын, ім акампануе Сяргей Страх, усім – ад 48 да 73 гадоў. Песні ў рэпертуары: народныя, абрадавыя, аўтарскія. Так і ў добрай гаспадыні на стале ўсяго патрошку павінна быць для гасцей, на любы густ. ­Самадзейныя артысты знаюць шэраг народных абарадаў, якія здаўна суправаджаюцца песнямі. Тыя дзеі пераносяць і на сцэну. “Лянок” выступае як на вясковых святах, так і на фэстах, аглядах – прывёз у Буразь дзясяткі грамат і дыпломаў.

Згаданы Сяргей Страх сёння адзіны мужчына ў гурце, да таго ж самадзейны кампазітар. То “лянкоўцы” ўсе разам да 75-х угодкаў напісалі “Песню пра Буразь”. А вёска ж для ўсіх вельмі дарагая: кожная вуліца, хата ці дрэўца. Дарэчы, прыгожыя дрэвы пры клубе на суботніках пасадзілі самадзейныя артысты. Песня атрымалася і бадзёрая, і пяшчотная: нібы сама палеская душа. Дынамічныя рытмы, закладзеныя ў ёй, не падмінаюць, як часам бывае, сэнс і змест. Вось такі майстар Сяргей Кузьміч! Ягонае музычнае суправаджэнне толькі паўней выяўляе тое, пра што спявае гурт.

На думку кіраўніцы ансамбля, ладзіць і развіваць мастацкую самадзейнасць сёння, як і раней, трэба чым найшырэй. “Працую з людзьмі ды сама бачу, як рэпетыцыі, выступленні ўзышаюць нас, абуджаюць і ўмацоўваюць у кожнай душы творчы пачатак, – адзначае Валянціна Віктараўна. – А такі энергазарад, творчы падыход у любой справы – вялікая каштоўнасць. Дзякуючы жыц-цю ў творчасці кожны з нас прыадкрывае велізарны свет, які ў душы ад нараджэння прыхаваны”.

Валянціну Дарошку з юбілеем “Лянка” ўдзельнікі гурта просяць павіншаваць асобна. Віншую, Валянціна Віктараўна! Вашыя шматгадовыя намаганні даюць добры плён: “Лянок” не старэе. Вашая ­разумная прыгажосць, узважаная ініцыятыўнасць надзвычай спрыяюць жыццядзейнасці гурта, яго ­развіццю. Паклон вам, Валянціна Віктараўна, за зберажэнне культурных традыцый продкаў, за тое, што разам з аднадумцамі перадаяце іх нашым наступнікам. Моцнага здароўя вам, новых здзяйсненяў. Няхай і надалей народная песня, музыка, танцы ўпрыгожваюць вашае ­жыццё.

Іван Матох, жыхар вёскі Заяцелле Жыткавіцкага раёна

Пасляслоўе. Папрасілі аўтара допісу даслаць спіс удзельнікаў гурта "Лянок": зберагчы для гісторыі, для памяці. Акрамя згаданых Валянціны Дарошкі (яна кіраўніца гурта) і Сяргея Страха (ён акампаніятар), у гурце спяваюць яшчэ чатыры артысткі з прозвішчам Дарошка: Ганна Ільінічна, Ганна Андрэеўна, Кацярына Пятроўна і Ніна Андрэеўна. А таксама Ганна Міхайлаўна Блоцкая ды Анастасія Рыгораўна Валюшчыцкая.

Удакладніў Іван Міхайлавіч: гэта ветэраны гурта папрасілі-даручылі напісаць яму пра “Лянок” і яго кіраўніцу. І як афіцэр запасу ён упэўнены, што народ павінен ведаць сваіх герояў. А сапраўды: 75 гадоў адстойваць роднае і дарагое, “трымаць абарону” пад націскам усялякага кічу і папсы – ці ж не подзвіг! Звязаны цяпер з “Лянком” і сам Іван Матох. Піша сціпла: “Таксама трошкі прымаю ўдзел у яго выступленнях”. Даслаў спасылку на відэа (ёсць у інтэрнэце), удакладняе: з бубнам – гэта я.

Ну як не падаць тут і глыбока сімвалічны здымак самога аўтара: на фоне агню ў каміне. Мінулай восенню зроблены ў бацькоўскай хаце, у вёсцы Заяцелле (бо за рэчкаю Яць…) – даўнім прадмесці тураўскім, мо кіламетр які ад горада, і Буразь далей па трасе, кіламетры за 4 ад Турава. Іван Матох – аграном па першай адукацыі, потым стаў ваенным-сувязістам, афіцэрам і “служыў шмат дзе”, у тым ліку і ў Генеральным штабе Узброеных сіл Расіі. А на пенсіі афіцэр запасу Маскву пакінуў ды вярнуўся на роднае Палессе, пад старажытны Тураў: “народную культуру абараняць”. Знаходзіць вялікую асалоду ў тым, што жыве ў родных мясцінах, з роднымі людзьмі зберагае і прадаўжае народныя традыцыі. Ну і агарод свой мае: агранамічныя веды прыйшліся дарэчы.

У свой час, ведаем, быў Іван Матох вучнем харэографа Міколы Котава, школьнікам у 73-76-я гады ў Тураве саліраваў нават у народным ансамблі танца “Прыпяць”. А яго Мікола Конанавіч стварыў там, нагадаем, у 1964 годзе. І любоў да народнага мастацтва, як бачым, узнесла таленавітага палешука Івана да маскоўскіх генштабаўскіх вышынь – ды зноў паклікала, калі прыйшла пара, да вытокаў. Нездарма ж кажуць у народзе: свайго не цурайся, добраму навучайся, а ў людзях пабудзеш – дадому вяртайся.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Вёска Буразь: песні, вытокі, душа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».