Вы тут

Зарплаты бюджэтнікаў да 2025 года вырастуць у 1,5—2 разы


Зарплаты бюджэтнікаў плануюць павышаць і далей — да 2025 года ў асобных катэгорый работнікаў яны мусяць вырасці ў 1,5—2 разы. Пенсіі таксама павялічваюцца і пакуль перавышаюць узровень інфляцыі. Якія павышэнні адбудуцца сёлета і колькі на гэта плануецца патраціць сродкаў, абмяркоўвалася на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Прыводзім асноўныя моманты.


Фота: pexels.com

Зарплаты бюджэтнікаў: будуць павышацца і далей

За 2021 год намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па краіне павялічылася на 14,3 працэнта і склала 1434,4 рубля (у снежні — 1675,3 рубля).

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны нагадалі, што адна з найважнейшых задач, прадугледжаных Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года, — павышэнне ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Так, да 2025 года плануецца павялічыць заработную плату асобным катэгорыям работнікаў бюджэтнай сферы ў 1,5-2 разы. Такім чынам, прыняты меры па павелічэнні заработнай платы выхавальнікам і памочнікам выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў, работнікам устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветніцкіх устаноў шляхам устанаўлення дадатковых стымуляцыйных выплат.

Акрамя таго, у 2021 выплачваліся дадатковыя штомесячныя надбаўкі работнікам сістэмы аховы здароўя, якія працуюць ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі. Працягвалася дзеянне рэжыму працы вахтавым метадам і выплата дадатковых надбавак для работнікаў асобных дзяржаўных устаноў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі.

З улікам прынятых мер намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый за 2021 год павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2020 года на 13,5 працэнта і склала 1142,2 рубля (за снежань — 1268,5 рубля).

Для забеспячэння далейшага росту заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы з 1 студзеня 2022 года памер базавай стаўкі павялічаны са 198 да 207 рублёў (тэмп росту — 104,5 %). На працягу года плануецца і другое павышэнне памеру базавай стаўкі. Акрамя таго, павялічаны памер аднаразовай выплаты на аздараўленне з 0,5 да 1 акладу за год.

Устаноўлены дадатковыя стымуляцыйныя выплаты асобным катэгорыям работнікаў:

  • настаўнікам і выкладчыкам, якія ажыццяўляюць функцыі класнага кіраўніцтва, куратарства вучэбнай групай — надбаўка за класнае кіраўніцтва (куратарства вучэбнай групай) у памеры 100 працэнтаў базавай стаўкі;
  • работнікам культуры — надбаўка за працу ў галіне ў памеры 16 працэнтаў ад акладу работніка;
  • работнікам сферы сацыяльнага абслугоўвання — надбаўка за працу ў сферы сацыяльнага абслугоўвання ў дыферэнцыраваных памерах ад 20 да 90 працэнтаў базавай стаўкі.

У 2022 годзе на выплату зарплат бюджэтнікам прадугледжана каля 12,6 мільярда рублёў.

Узровень пенсій павінен расці хутчэй за інфляцыю

Кожны чацвёрты жыхар Беларусі (каля 26 % насельніцтва) — пенсіянер. Асноўная задача ў галіне пенсіённага забеспячэння — падтрыманне рэальных памераў пенсій.

У 2022 годзе застаецца задача забеспячэння росту памераў пенсій вышэй за ўзровень інфляцыі. З 1 сакавіка 2022 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 31 студзеня 2022 г. № 24 «Аб павышэнні пенсій» працоўныя пенсіі (па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з прычыны страты карміцеля) будуць павышаны
на 7 працэнтаў.

У выніку павышэння сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацоўнага пенсіянера (уключаючы надбаўкі і даплаты) павялічыцца на 6,3 працэнта і ў сакавіку 2022 годзе складзе 580 рублёў. На гэтае павышэнне пенсій будзе накіравана 757 мільёнаў рублёў.

У цэлым на выплату пенсій у 2022 годзе запланавана каля 16,1 мільярда рублёў.

Як назапасіць на другую пенсію?

З 1 кастрычніка гэтага года ўводзіцца дадатковы від пенсіённага страхавання ў страхавой арганізацыі — добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы.

Працаваць гэты механізм будзе наступным чынам. Работнік заключае дагавор са страхавой кампаніяй «Стравіта», накіроўвае ў пенсіённыя назапашванні ад 1 да 10 % свайго заробку. Такі ж узнос, але не большы за 3 %, робіць яго работадавец. Пры гэтым для работадаўца суразмерна зніжаецца яго агульны ўзнос на пенсіённае страхаванне. Гэта значыць, дадатковай нагрузкі на прадпрыемства няма.

Як адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, увядзенне праграмы пашырыць для грамадзян магчымасці сфарміраваць дадатковыя зберажэнні на старасць. Акрамя таго, сродкі грамадзян, якія ўдзельнічаюць у новым страхаванні, будуць задзейнічаны ў развіцці эканомікі як крыніца «доўгіх грошай» і ўнутраны інвестыцыйны рэсурс.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.